Ваўкалак у міфалагічнай традыцыі Гомельшчыны

0
342
Ваўкалак

Ваўкалакам называюць «чалавека, пераўтворанага ў ваўка, пярэваратня» [1, с. 70]. «Паводле ўяўленняў беларусаў, ператварэнне можа адбыцца як па ўласнай волі з пэўнымі эгаістычнымі мэтамі чалавека-чараўніка, так і па яго чарах, скіраваных на аднаго чалавека або групу людзей» [1, с. 71].

Міфалагема пераўтварэння чалавека ў ваўка мае ўстойлівы характар у славянскай міфалогіі. У запісаных сюжэтах знайшлі адлюстраванне дзве тэндэнцыі пераўтварэння чалавека ў ваўкалака: па-першае, чалавек сам, па ўласнай волі набываў воблік ваўкалака, па-другое, у гэтым працэсе ўдзельнічалі іншыя чараўнікі. Доказам гэтых дзвюх тэндэнцый з’яўляюцца прыклады, прыведзеныя ніжэй.

Вось, напрыклад, як звычайны чалавек мог пераўтварыцца ў ваўкалака: «Жыла ў нашай вёсцы ведзьма, а ў той была дачка. І была яна не вельмі прыгожай. Аднаго разу прыехаў у вёску прыгожы хлопец, у якога ведзьміна дачка закахалася. А той ёй сказаў, каб яна аб ім і думаць забыла, бо ў яго ўжо ёсць нявеста. Тая гэта як пачула, дык пайшла і ўтапілася. Маці яе, калі аб гэтым даведалася, паклялася, што раз гэты хлопец не хацеў кахаць яе дачку, то хай кахае ваўчыц. І пайшла затым, а на наступную раніцу казалі, што некаторыя бачылі, як той хлопец выйшаў з хаты і, пераступіўшы парог, адразу ператварыўся ў ваўкалака. Пасля гаварылі, што тая ведзьма нешта там падлажыла заварожанае» (в. Шэйка Веткаўскага раёна). А вось якім чынам па звестках, атрыманых ад інфарматараў, у ваўкалака пераўтвараліся чараўнікі: «Ваўкалак – гэта чараўнік, калдун, які ў поўнач прыходзіць у лес і ператвараецца ў ваўка. Для гэтага ён націрае ўсяго сябе сокам чараўнічай травы, сабранай пад Іванаў дзень на Лысай гарэ. Чараўнік павінен перапрыгнуць праз асінавы пень з ваткнутымі ў ім 12 нажамі. І толькі тады ён ператвараецца ў ваўка. У гэты час луна становіцца чорнай і вельмі небяспечна апынуцца ў гэту гадзіну дзе-небудзь у лесе» (г. п. Парычы Светлагорскага раёна); «Старыя людзі ў нас заўсёды казалі, што чараўнік мог ператварацца ў ваўкалака пры дапамозе трох нажоў. Гэтыя чараўнікі ўтыкалі нажы ў зямлю, а потым скакалі праз іх тры разы, пасля чаго ператвараліся ў ваўкалакаў. А потым, калі яны ў такім выглядзе пераробяць усе свае справы, вяртаюцца на тое самае месца і зноў скачуць праз тыя нажы» (в. Старыя Грамыкі Веткаўскага раёна). Паводле іншых звестак, «обаратнем любы можа стаць. А тады гэта будзя, калі обарацень укусіць чалавека. Ішчэ гавораць, што обаратнем можна стаць, када на луну доўга глядзець» (в. Рагінь Буда-Кашалёўскага раёна).

Калі ў ваўкалакаў ператвараліся чараўнікі, то людзі іх баяліся, а калі ваўкалакамі станавіліся звычайныя людзі, то іх шкадавалі.

У шматлікіх народных павер’ях пра ваўкалака сцвярджаецца, што «ёсць добрыя і злыя ваўкалакі. Адны ваўкалакі губяць людзей, здзекваюцца над імі. Другія вельмі добрыя. Яны нічога дрэннага людзям не робяць. Не ганяюць жывёлу і не палююць на яе. Харчуюцца раслінай. Так яны жывуць некалькі гадоў, а потым зноў становяцца людзьмі» (в. Кашалёў Буда-Кашалёўскага раёна); «Ваўкалак – страшны чалавек, ператвараецца ў звера, у ваўка. Па начам бегае і плахое дзелае, калдуе» (в. Дзімамеркі Лоеўскага раёна); «Тыя, што самі ператварылісь у ваўкалакаў, атносяцца да нячыстай сілы. Яны пахожыя на абыкнавенных ваўкоў, толькі злейшыя. Яны нападаюць на скаціну і на людзей. Выпіваюць у іх кроў і мозг. Мозг для таго, што яны думаюць, што паетаму стануць маладымі» (в. Бывалькі Лоеўскага раёна); «Можа нападаць на звяроў, на людзей. Калі яны нападуць на чалавека, то яны яго не з’ядзяць, а толькі кроў вып’юць і стануць яшчэ злейшымі» (в. Лапічы Буда-Кашалёўскага раёна).

У сістэме народных міфалагічных вераванняў важнае месца займаюць магічныя прыёмы засцярогі ад нячыстай сілы, у прыватнасці, ад ваўкалака. Паводле перакананняў беларусаў ад ваўкалака можна засцерагчыся з дапамогай малітвы і крэйды: «Нужно этим мелом нарисовать круг, стать в него и читать молитву. Оборотень испугается молитвы и убежит, только так можно спастись» (в. Пералёўка Веткаўскага раёна). Ці іншы варыянт: «обаратні менш нападаюць на хрышчоных людзей і таму абязацельна крэсцік пры сабе імець нада» (в. Рагінь Буда-Кашалёўскага раёна).

Устойлівым з’яўляецца народнае меркаванне адносна боязі з боку ваўкалака таго, каб хто-небудзь са старонніх не парушыў тыя прадметы (нажы), якія ён выкарыстоўвае ў сваім рытуале пераўтварэння: «Баіцца ён толькі аднаго: калі хто-небудзь выцягне з пня адзін з дванаццаці нажоў, тады ён ужо ніколі не зможа стаць зноў чалавекам, прыняць чалавечае аблічча» (г. п. Парычы Светлагорскага раёна). Калі дзейнічалі ведзьмакоўскія чары, то, каб вызваліцца ад іх, у гэтай мясцовасцовай традыцыі прапаноўвалася «пралезці ў хамут ілі ж перакуліцца цераз парог» (в. Пабядзіцель Лоеўскага раёна).

Такім чынам, да сённяшняга дня ў жывой фальклорна-міфалагічнай традыцыі Гомельшчыны дажылі амбівалентныя ўяўленні пра ваўкалакаў і спосабы засцярогі ад злога чараўніцтва.

Літаратура

  1. Беларуская міфалогія: энцыклапедычны слоўнік / С. Санько [і інш.]. – Мінск: Беларусь, 2004. – 592 с.
  2. Новак, В. С. Міфалогія беларусаў: вуч. дапаможнік для студэнтаў філалагіч. спец. ВНУ / В. С. Новак. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2005. – 251 с.
  3. Народная міфалогія Гомельшчыны: фальклорна-этнаграфічны зборнік. – ЛМФ «Нёман», 2003. – 320 с.
  4. Архіў фальклорнай лабараторыі «Вандроўнік».

 

Аўтар: А.Г. Чырыч
Крыніца: Фальклор і сучасная культура: матэрыялы міжнар. навук..практ. канф., 22-23 крас. 2008 г., г. Мінск: у 2 ч. / рэдкал.: I. С. Роўда [i інш.]. – Мінск : БДУ, 2008. Ч. 2 – 134 [2] с. Ст. 125-126.