Вывучэнне рэгіянальна-лакальных парадыгмаў міфалагічнай прозы Гомельшчыны дае падставы вылучыць матывы апавяданняў, звязаных з персанажамі ніжэйшай міфалогіі, у прыватнасці, з ваўкалакам. Паходжанне ваўкалака, амбівалентнасць яго дзеянняў у народных павер’ях, розныя спосабы ператварэнняў і засцярогі чалавека ад звышнатуральнага ўздзеяння гэтай істоты — гэта тыя адметныя схематычныя моманты ў апісанні персанажа, што складаюць вытокі фарміравання асобных матываў і дазваляюць скласці пэўную карціну бытавання народных вераванняў. У адрозненне ад звестак па іншых персанажах, запісаных на тэрыторыі Гомельскай вобласці, аўтэнтычныя матэрыялы пра ваўкалака зафіксаваны ў невялікай колькасці варыянтаў. «Ваўкалак, ваўкалака, чалавек, ператвораны ў ваўка, пярэварацень. Паводле ўяўленняў беларусаў, ператварэнне можа адбыцца як па ўласнай волі з пэўнымі эгаістычнымі мэтамі чалавека-чараўніка, так і па яго чарах, скіраваных на аднаго чалавека або групу людзей» [1, с. 72]. Даследчыца А. Я. Леўкіеўская, характарызуючы вобраз ваўкалака ў палескай міфалагічнай традыцыі, вылучае тры групы матываў, у якіх раскрываецца здольнасць чалавека ператварацца ў ваўкалака: першы звязаны з наяўнасцю ў гэтай істоты ўласнага жадання нашкодзіць людзям, «агульнымі ўяўленнямі аб здольнасці чараўніка або ведзьмы да пярэваратніцтва — падобныя павер’і шырока вядомы ў славянскіх і неславянскіх культурах … Другое кола матываў звязана з прымусовым ператварэннем чалавека ў ваўкалака ведзьмай або чараўніком … Трэцяя група матываў грунтуецца на здольнасці чалавека ператварацца ў ваўка незалежна ад яго асабістай волі, паколькі яна закладзена ў яго скажонай чалавечай прыродзе ад нараджэння» [2, с. 479]. Найбольш распаўсюджанымі ў міфалагічнай прозе Гомельшчыны з яўляюцца першыя дзве групы матываў.
Засяродзім увагу на лакальных варыянтах асноўных матываў ператварэння ў ваўкалака: чараўніка — «колдуна» («Старыя людзі ў нас заўсёды казалі, што чараўнік мог ператварыцца ў ваўкалака…»1 — зап. ад Марыі Піліпаўны Грамыка, 1933 г. н., у в. Старыя Грамыкі Веткаўскага р-на); звычайнага чалавека («Ваўкалак — ета такі чалавек, які апынаецца ваўком» — зап. ад Ніны Міхайлаўны Гаўрыленка, 1934 г. н., у в. Кашалёў Буда-Кашалёўскага р-на); нячыстай сілы («Ваўкалак — нячыстая сіла, якая можа ператварыцца ў чалавека і назад» — зап. ад Вольгі Пятроўны Марозавай, 1929 г. н. у в. Пабядзіцель Лоеўскага р-на). На думку А. Я. Леўкіеўскай, «ператварэнне ў ваўкалака чалавека, які валодае дэманічнымі ўласцівасцямі, — адзін з цэнтральных матываў ва ўяўленнях пра гэты персанаж як ва ўсходнеславянскай і польскай традыцыях … так і ў заходнееўрапейскіх» [2, с. 485]. Што да матыву, выражанага ў спосабах ператварэння ў ваўкалака і вяртання папярэдняга аблічча, то зафіксаваны розныя варыянты, дзе прыгадваюцца важныя ў гэтай сітуацыі прадметныя атрыбуты і звязаныя з імі дзеянні: нажы і пераскокванне праз іх («Гэтыя чараўнікі ўтыкалі нажы ў зямлю, а потым скакалі праз іх тры разы, пасля чаго ператвараліся ў ваўкалакаў» — зап. ад М. П. Грамыка); хамут і пералазванне праз яго («І стала мне на сэрцы так нудна і моташна, смутна, і захацелася праз хамут абавязкова пралезці. Як я пралез, так і стаў ваўком і пабег» — зап. ад Серафімы Якаўлеўны Канапацкай, 1921 г. н., у в. Вільча Жыткавіцкага р-на); воўчая скура, накінутая на чалавека («У гэтага гада прыўрашчаюцца тады, калі надзяваюць воўчую шкуру» — зап. у в. Струмень Кармянскага р-на); стужка белага колеру, якой звязвалі два дрэвы і пераскоквалі праз яе («Трэба тое месца, дзе часта бывае ваўкалак, пасвяціць вадой з царквы і паміж дрэвамі завязаць ленту белага колеру. Дык вось, ваўкалак будзе бегчы і калі пераскочыць гэтую ленту, то на некалькі хвілін прыме чалавечы выгляд, а тая лентачка адразу стане чырвонай» — зап. у в. Шэйка Веткаўскага р-на); пояс, які трэба было працягнуть па зямлі («Калі сустрэнеш ваўкалака, трэба працягнуць па зямлі пояс, і калі ваўкалакі пераскочылі б праз яго, то й сталі б ізноў людзьмі» — зап. ад С. Я. Канапацкай). З прыведзеных прыкладаў выкарыстання тых ці іншых прадметных атрыбутаў у працэсе ператварэння чалавека ў ваўкалака (і наадварот) менавіта дзеянні з воўчай скурай асэнсоўваюцца як «асноўная прыкмета ператварэння чалавека ў ваўка … Матыў накідвання на чалавека звярынай скуры для ператварэння яго ў ваўка вядомы ў палескім рэгіёне толькі ў Гомельскай вобласці» [2, с. 480].
А. Я. Леўкіеўская, зыходзячы з прааналізаваных фактычных матэрыялаў, адзначыла два спосабы ператварэння чалавека ў ваўкалака, калі гэта адбываецца дабравольна і прымусова [2, с. 479]. Звычайна важная роля ў ператварэнні чалавека ў ваўкалака адводзілася чараўніку або ведзьме, пра што сведчаць і запісы звестак ад жыхароў Гомельшчыны: «Ваўкалак — гэта чараўнік, калдун, які ў поўнач прыходзіць у лес і ператвараецца ў ваўка» (зап. ад Зоі Іванаўны Шаўчэнка, 1928 г. н., у г. п. Парычы Светлагорскага р-на); «Ваўкалакі былі такія ж людзі, толькі іх нейкі чараўнік абавярнуў у ваўкоў» (зап. ад С. Я. Канапацкай). Заслугоўваюць ўвагі і наступныя сведчанні інфармантаў аб тым, што ведзьмакі і чараўнікі не толькі самі ператвараліся ў ваўкалакаў, але маглі ператвараць і іншых людзей: «Калдуны і ведзьмаркі маглі людзей закалдоўваць і самі ў іх прэўрашчацца» (зап. ад Вольгі Фёдараўны Караленка, 1933 г. н., у г. Гомель); «Чалавек мог стаць ваўкалакам, калі яго закалдаваў нейкі вядзьмак» (зап. ад Паліны Пятроўны Маханавай, 1908 г. н., у г. Гомель). Сустракаецца ў міфалагічных апавяданнях, запісаных на Гомельшчыне, і матыў ператварэння чалавека ў ваўкалака па ўласнай волі: «Некаторыя ведзьмары па ўласным жаданні рабіліся ваўкалакамі» (зап. ад Марыі Іванаўны Аляксеевай,1921 г. н., у в. Раманаўка Мазырскага р-на); «У ваўкалакаў людзі абарачваліся па сваёй волі. Адны хацелі сабе багацця, а другія — людзям шкоду зрабіць» (зап. ад Аляксандры Анатольеўны Азарушкінай, 1934 г. н., у в. Куты Веткаўскага р-на).
Матыў амбівалентнасці функцый ваўкалака знаходзіць пацвярджэнне ў многіх тэкстах міфалагічных апавяданняў, пры гэтым у адным з варыянтаў акцэнтуецца ўвага на тым факце, што існуюць «добрыя і злыя ваўкалакі. Адны ваўкалакі губяць людзей, здзекваюцца над імі. Другія вельмі добрыя» (зап. ад Н. М. Гаўрыленка), у іншых варыянтах сцвярджаецца, што «ваўкалак вельмі злы» (зап. ад З. І. Шаўчэнка). Звернемся да фактычных матэрыялаў, якія з’ўляюцца пацвярджэннем шкаданоснай функцыянальнасці ваўкалака, пры гэтым паспрабуем акрэсліць асноўныя матывы: 1) знішчэнне свойскіх жывёл («Ноччу ваўкалакі аб’ядноўваліся ў стаі і разам знішчалі жывёлу» — зап. ад Таццяны Іванаўны Белавус, 1924 г. н., у в. Будка Рэчыцкага р-на); 2) нападзенне на чалавека (ваўкалак «кусае і душыць усіх» — зап. ад Ганны Якаўлеўны Карпенкінай, 1941 г. н., у в. Залессе Чачэрскага р-на; «Ваўкалакі нападаюць на людзей, асабліва на малых дзетак» — зап. ад Т. М. Гаўрыленка; «Ваўкалакі нападаюць на малых дзяцей, выпіваюць іх кроў, каб амаладзіць сябе» — зап. ад Любові Ігнатаўны Гуд, 1932 г. н., у в. Дуброва Ельскага р-на).
Выклікае цікавасць і найбольш пашыраны ў міфалагічнай прозе адзін з тых рэдкіх лакальных матываў, што былі звязаны з засцярогай ад шкоднага ўздзеяння ваўкалака. Як адзначаюць жыхары, найбольш дзейсным сродкам засцярогі з’яўляецца малітва: «Іяшчэ, калі ўбачыў ваўкалака, так нічога ўжо не можа спасці, акрамя малітвы. Ваўкалак спужаецца малітвы і ўцячэ» (зап. ад Л. І. Гуд); «А ещё добавлю, что, если вы увидели оборотня, ничто вас не может спасти от смерти, кроме молитвы и мела. Нужно этим мелом нарисовать круг, стать в него и читать молитву. Оборотень испугается молитвы и убежит, только так можно спастись» (зап. ад Пятра Восіпавіча Сопата, 1932 г. н., у в. Пералёўка Веткаўскага р-на).
Прааналізаваныя міфалагічныя апавяданні, прысвечаныя ваўкалаку, раскрываюць архаіку мыслення нашых продкаў, ілюструюць рэгіянальна-лакальнае багацце міфалагічнай традыцыі, тэматычную разнастайнасць, абумоўленую зместавымі элементамі, пры дапамозе якіх можна сканструяваць характарыстыку міфалагічнага персанажа, у дадзеным выпадку ваўкалака, і вызначыць канкрэтнае кола тых ці іншых матываў.
1 У артыкуле выкарыстаны матэрыялы вучэбна-навуковай фальклорнай лабараторыі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны.
Літаратура
- Міфалогія беларусаў: энцыклапедычны слоўнік / склад. І. Клімковіч, В. Аўтушка; навук. рэд. Т. Валодзіна, С. Санько. — Мінск: Беларусь, 2011. — 607 с.
- Народная демонология Полесья: публикации текстов в записях 80-х — 90-х гг. ХХ века / сост. Л. Н. Виноградова, Е. Е. Левкиевская. — М.: Языки славянских культур, 2010. — Т. 1. Люди со сверхъстественными свойствами. — 648 с.
Аўтар: К.В. Паборцава
Крыніца: Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Вып. 24 / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А.І. Лакотка. — Мінск: Права і эканоміка, 2018. — 448 с. С. 321-324.