Варыянтнасць у каляндарна-абрадавай лексіцы Гомельшчыны

0
186
Лексіка беларусаў адносна каляндара
На святкаванні Пахавання стралы ў Неглюбцы

Каляндарна-абрадавыя традыцыі беларусаў маюць цікавы і разнастайны слоўнік. Варта звярнуць увагу на каляндарна-абрадавую лексіку Гомельшчыны. Лакалізацыя рэгіёна на памежжы беларускіх, рускіх і ўкраінскіх тэрыторый спрыяла міжмоўным кантактам. Лексічны склад гомельскіх гаворак выяўляе варыянтныя найменні свят і абрадавых традыцый, абумоўленыя і падмацаваныя наяўным у штодзённым маўленні жыхароў рэгіёна беларуска-рускага білінгвізмам.

Перш за ўсё неабходна адзначыць некаторую цяжкасць дыферэнцыяцыі варыянтаў каляндарна-абрадавых назваў і дублетаў. Дублетамі можна лічыць каляндарна-абрадавыя лексемы, што называюць адну рэалію і маюць рознае паходжанне.

У гаворках Гомельшчыны фіксуецца амаль раўнапраўнае ўжыванне лексем Каляды і Ражаство: Калісь калядавалі Каляды, хадзілі на Каляды (в. Старае Сяло, Ветк.)1; На Ражаство папамыеш усюды, напапавешаеш, штоб было чыста ўсё харашо было (г. Ветка). Лексема каляды паходзіць з лацінскай мовы: calendae ‘першы дзень месяца ў старажытных рымлян’. Трапіла лексема ў беларускія гаворкі праз польскую мову. Свята лічылася пачаткам язычніцкага святкавання ў гонар зімовага сонцазвароту, а ў сувязі з прыняццем хрысціянства супала з Нараджэннем Хрыстовым па новым стылі, якое, у сваю чаргу, мела за назву царкоўнаславянскую лексему Ражаство — спрадвечнае Рождество.

Вялікім святам для веруючых з’яўляецца Вялікдзень. Этымалагічна найменне — гэта словазлучэнне кароткага прыметніка великъ і назоўніка день. Для назвы свята Уваскрэсення Хрыста ў гаворках Гомельшчыны выкарыстоўваецца таксама лексема Пасха. Запазычаная са старажытнаяўрэйскай мовы лексема ўвайшла ў слоўнік многіх заходнееўрапейскіх, у прыватнасці, раманскіх, моў: іспанскае Pascua, французскае Paques, італьянскае Pasqua.

У гаворках Гомельскага рэгіёна адзначаецца фанетычны варыянт, даволі блізкі па гучанні да раманскіх моў: Паска — дзень у які уваскрэс Хрыстос. Яяк накрасім, паскі напячом (в. Церахоўка, Добр.); Хто как называет, патаму што нас в дзеревне уже людзі пріежают. Хто Пасха, Хто Паска называют (в. Івакі, Добр.).

У каляндарна-абрадавай лексіцы назіраецца існаванне варыянтных намінацый. Часцей тэта фанетычныя ці фанетычна-акцэнталагічныя варыянты, абумоўленымі асаблівасцямі мясцовага вымаўлення.

У гомельскіх гаворках сустракаюцца варыянты наймення Ражаство, абумоўленыя уплывам фанетычнымі асаблівасцямі гаворак, а таксама беларуска-рускім білінгвізмам: Раждество, Раждзество, Ражство, Раство: У нас усяка кажуць: Раждество, іншы раз — Раство ды і Ражаство тожа (г. Добруш).

Існаванне варыянтных найменняў Вадохрышча выклікана імкненнем ліквідаваць цяжкасці ў вымаўленні стараславянізма Крещение: Крэшчэнне, Крэшчэнье, Крашчэніе, Крешченіе, Крешченне, Крешченье, Крышчэнне, Храшчэнне, Хрышчэнне, Хряшченне, атаксама Вадохрышч, Вадохрышчанне, Водахрышчэнне, Водохрышча, Вадохрышч:

На Вадохрышча нада воду піць, умывацца ею, таму што вада этая ад балезней паможэт (в. Хальч, Ветк.); На Вадохрышч свецім ваду (в. Крукавічы, Калінк.);

На Вадохрышчанне несом ваду свеціць, затым п ’ём ее ад дурнога вока. (Крукавічы, Калінк.); Водахрышчэнне — людзі ў гэты дзень рабілі проруб на возеры ці рацэ і ныралі ў яе (в. Старае Сяло, Ветк.); На Вадохрышчэ ў цэркву ходзім (в. Казловічы, Калінк.); Крэсціцель буває пасля Водохрышча (в. Баравое, Лельч.); Украшу ёлку разнымі бумагамі і стаіць яна да Крашчэння (Азершчына, Рэч.).

У каляндарнай лексіцы гомельскіх гаворак адзначаюцца варыянты назвы Масленіцы: Масленая, Масляна, Масляніца, Масляная.

Назва свята Благавешчання — яшчэ адзін стараславянізм, для якога гомельскія гаворкі маюць варыянты Благавешчанне, Благавешчаніе, Благавешченье, Благавешченъя: Благавешченье — праваслаўнае свята, якое адзначаецца 7 красавіка (в. Івакі, Добр.); Да благавешчання землю трогаць нельзя (в. Буда-Люшаўская, Буда- Каш.).

Фанетычныя і фанетычна-словаўтваральныя адрозненні спрыялі ўзнікненню ў гаворках варыянтных найменняў назваў прысвяткаў:

Аўлас, Улас, Улассе: У святога Аўласа просім здороўя своёй жыўнасці (в. Прудок, Маз.); На Уласа нічагуські не рабілі, а токі даглядалі коровы і коні (в. Паселічы, Хойн.); Улассее сільно не гуляєм, а не робім, а то карова на вясне не ўстане на ногі (в. Казанск, Калінк.); Варвара, Варвары, Варка, Варуха, Вары, Ворвары, Варвара-мучэніца, Варварын дзень: Варвара ноч уварвала (в. Хутар, Светл.); матка, (в. М. Аўцюкі, Калінк.); Трэшчыць Варуха — берэжы нос і вухо (в. Завайць, Нар.); Вары ночы одорвалі (М. Аўцюкі, Калінк.); Ворвары правім ў цэркве (в. Града, Жытк.); Васілій, Васіль, Васілле, Васілей: Пасля Новага году атмячаўся Стары новы год, 14 январа, называўся Васілле (в. Стаўбун, Ветк.); Чатырнаццатага Васілле, зімовы празнік царкоўны (в. Неглюбка, Ветк.).

Іншыя каляндарна-абрадавыя лексемы маюць меншую колькасць варыянтаў:

Радуніца, Радаўніца: Перед радуніцай усё убіраем на магілках (в. Церахоўка, Добр.); На радаўніцу да абеда плачуць — после абеда скачаць (г. Добруш); варажба, варожба: Варажбу пачынаюцъ у святыя вечары (в. Баравікі, Светл.); На варожбу сабіраліся нескалька дзевушэк, посярэдзіне дома сыпалі пшано, кожная сваю кучку рабіла (в. Краснае, Гом.).

Фанетычным варыянтам наймення каляндарна-абрадавага свята летняга цыклу Троіца стала ўтварэнне з рэдукцыяй і — йпасля галоснага: Троицасвята, якое адзначаецца на 50-ты дзень пасля пасхі у нядзелю (в. Буда-Люшаўская, Буда-Каш.); На троицу березні прібівалі на кажды столб, любісцік занасілі (в. Церахоўка, Добр.).

Нараджэнне Прасвятой Багародзіцы ў беларускіх гаворках завецца Прачыстая. Найменне на Гомельшчыне мае фанетычныя (з мяккімі [р’] і [ч’]) і марфалагічныя варыянты: ужываецца ў форме субстантываванага прыметніка жаночага (больш распаўсюджаны варыянт) і ніякага роду: Прачыстае — праваслаўнае свята, якое адзначаецца два разы ў год (в. Хальч, Ветк.); Першая Прачыстая дваццацъ сёмага жніўня, другая Прачыстая — дваццацъ першага верасня (в. Хальч, Ветк.); Прячістая любя чістае (в. Хальч, Ветк.).

Для каляндарна-абрадавых найменняў характэрна лексічная варыянтнасць: варажыцъ, гадацъ (гаданне, гадаці) ‘прадказваць будучае’: Варажылі яшчэ так: грабяшок над падушку на ноч клалі, сужаны прасыпаўся (в. Хальч, Ветк.); Варылі на гаданне кашу ў глёку і стаўлялі на кут, лажылі сена на кут, а самі ішлі гадаць (в. Стаўбун, Ветк.).

Часам лексічны варыянт з’явіўся за кошт перакладу частак асноўнай назвы. Для стараславянскай назвы Благавешчанне ў гаворках існує назва Дабравешчанне. Па паходжанні кампазіт з’яўляецца ўтварэннем ад словазлучэння благая ‘добрая’ весть ‘вестка, навіна’.

Мядовы Спас у гаворках мае назву Матвей: Макавей — свята, якое адзначаецца 14 жніўня. На 14 аўгуста Медовы Спас гаворацъ, но чашчэ Макавей гаворацъ у нас (в. Буда-Люшаўская, Буда-Каш.).

Сярод каляндарна-абрадавых найменняў Гомельшчыны вылучаюцца камбінаваныя варыянты, якія маюць фанетычныя, словаўтваральныя, лексічныя і структурныя адрозненні.

Купалле называецца ў гомельскіх гаворках Купалле, Купала, Іван:

На Купала цветок шукалі (в. Прудоўка, Добр.); Гадацъ лучше ўсяго на коляды ці на Івана Купалу (в. Буда-Люшаўская, Буда-Каш.); На Купалле касцёр палят і дзевачку адзеваюцъ у нас (в. Івакі, Добр.).

Дні святых Пятра і Паўла называюцца Нятроўкі, Пятра, Пятро, Пятро і Павел: Пятра — рэлігійнае свята (в. Прудоўка, Добр.); Пятро і Павел будзе двенацатага іюля. Празнік будзе бальшы (в. Грушаўка, Добр.).

Адсячэнне (Усекнавенне) галавы Іана Хрысціцеля ў гаворках мае назвы Галавасек, Галаварэз, Іван Галавасек, Іван Прэдцечы: Галавасек — праваслаўнае свята, калі забараняецца рэзацъ і сячы, адзначаецца адзінаццатага верасня (в. Хальч, Ветк.); Галаварэз — свята, у якое заборонялася секчы. Па-іншаму свята называецца Усекнавенне галавы Іана Нрадцечы (в. Покаць, Чач.); Эта казалі Ірадава дачка пожелала атсек самому хорошему прыслугу галаву. Прыняслі галаву, вот і Іван Галавасек (в. Івакі Добр.); Ешчо этат празнік па цэркоўнаму Іван Прэдцечы называецца (в. Буда-Люшаўская, Буда-Каш.).

Лексічна-структурныя варыянты каляндарна-абрадавых найменняў узнікаюць за кошт дабаўлення лексем дзень, святы, мучанік (мучаніца), пакутнік (пакутніца) да імя Святога, у гонар якога адзначаецца пэўны дзень года: Варварын дзень, Варвара- мучэніца Варвара-мучэніца за тое так называецца, што Варвару бацько мучау, шоб вона одрэкласа ад веры Хрыстовай. Кажуцъ, што на Варвару-мучэніцу зажываюць усе раны за ноч (в. Маркоўскае, Лельч.); Над Новы год было святое Васілле. У гэты дзень пераапраналіся па-рознаму, кажухі пераварачвалі [2, с. 176].

Лексічна-структурныя варыянты ўзнікаюць і праз дабаўленне слова тыдзень, а таксама шляхам азначэння назвы: Маслены тыдзень, Шырокая Масленіца.

Для наймення Вялікадня функцыянуюць двухслоўнае — Уваскрэсенне Хрыстова і трохслоўнае — Светлое Уваскрэсенне Хрыстова. Існаванне словазлучэнняў мае крыніцай рэлігійныя царкоўнаславянскія тэксты, у якіх свята ўзгадваецца з традыцыйнымі эпітэтамі. У гаворках найменні функцыянуюць са стылістычнай афарбоўкай афіцыйнасці і ўрачыстасці.

Для восеньскага дня памінання Дзяды фіксуюцца назвы Дзмітраўскія і Змітраўскія дзяды, скарочанае найменне: Дзяды ён называўся. Второго ноябра помінаюць. Дзмітроўскія дзяды (в. Меркулавічы, Чач.); Змітраўскія дзяды, Змітрок — дзень памінання продкаў, які адзначаўся 8 лістапада (в. Меркулавічы, Чач.).

Падобныя найменні каляндарна-абрадавых традыцый можна лічыць і дублетамі, або дублетнымі варыянтамі, бо яны не выяўляюць семантычных адрозненняў:

калядоўшчык, каляднік, каледоўшчык: Хадзілі на Каляды калядоўшчыкі, песні пелі, шуцілі, у вокны стукаліся. А ім хазяева канфеты, грошы, булкі, калбасу давалі (г. Ветка); Мы называлі тых, хто каледуе, каляднікі. (г. Ветка); Калядоўшчыкі на Калядкі збіраліся і калядаваць хадзілі па хатах (в. Станкі, Ветк.) [2]; А тады каледоўшчыкі паюць ва ўвесь голас, ходзюцъ па хатам да шчадруюцъ. (в. Старае Сяло, Ветк.); На Стары новы год ходзяцъ калядоўшчыкі, пяюцъ шчадроўкі, жалаюцъ усім шчасця (в. Церуха, Гом.); шчадроўшчык, шчадроўнік, шчадравальнік, шчодрык, шчодрік,

Поздравляют шчадроўшчыкі людзей. Адзяваюцца па-рознаму, там і козлікамі і катамі (в. Насовічы, Добр.); Ой, шчадраваць любілі, то гэта шчодры станавіліся пад акно (в. Яланы, Светл.).

У лексіцы абрадавага календара выяўляецца аманімія, якая адрозніваецца ад звычайнай моўнай аманіміі. У мовазнаўстве амонімамі лічацца словы, аднолькавыя па фанетычна-арфаграфічным афармленні і адрозныя па семантычным напаўненні. Адметнасцю аманіміі каляндарна-абрадавай лексікі з’яўляецца падобнасць адзінкавых сем у семантыцы амонімаў.

Амонімамі ў каляндарна-абрадавай лексіцы можна лічыць:

  • найменні свята і абраду і яго ўдзельнікаў:

шчодрык, шчодрік, шчодры, шчадруха ‘людзі, якія хадзілі па дамах і віншавалі з Калядамі’ — шчодрыкі, шчодрікі, шчодр, шчодрык, шчадруха ‘хаджэнне па дамах з песнямі, каб атрымаць гасцінцы’ — шчодрыкі, шчадруха ‘песні, якія спяваюць падчас шчадравання’: Шчадроўкі адбываюцца кожны год пад Новы (Стары) год. Калі наступаў ранні вечар, ужо можна пачуць на вуліцах шчодрыкі (в. Івакі, Добр.); Маладзёж ходзіць шчадраваць і пяюць шчадрухі (в. Маркавічы, Добр.);

  • найменні ўдзельнікаў свята і яго атрыбутаў (прадметаў, што традыцыйна выкарыстоўваюцца падчас правядзення рытуалу): Казу дзелалі. Хадзілі ў каждую хату, пелі песні, і каза танцавала (г. Лоеў); Звязду не насілі, а калі насілі, дык песні пяюць. Перадзяваліся ў казла, штоб не ўгадвалі (в. Пералёўка, Рэч.); Добра, калі ў хаце каза скакала, гэта была к багатаму ўраджаю (в. Церахоўка, Добр.); Казу з карбону дзелалі (в. Шупейкі, Светл.);
  • найменні свята і страў, якія традыцыйна гатуюцца да свята і маюць розныя рэцэпты прыгатавання і адрозныя складнікі: Пасха (Паска) ‘Вялікдзень’ — Пасха ‘традыцыйная страва ў гэта свята’. На Гомельшчыне так называюцца абодва традыцыйныя пачастункі: і пірог, што робіцца з мукі і яек, які часта фіксуецца пад назвамі булка ці куліч, і выраб з тварагу, свежага ці запечанага, з дабаўленнем яек, масла, разынкаў, курагі, карыцы і іншай смакаты: Паска — булка, якую пякуць с суботы на пасхальную нядзелю. Пекць паску будзем, не кулічы (в. Церахоўка, Добр.); На Вялікдзень пасху пяклі (г. Добруш); Кулічы пяклі (г. Добруш); С творага пячэцца творожная паска. У печы запекаецца (в. Грушаўка, Добр.); ТворагПаска, страва на Вялікдзень (г. Добруш).

Такім чынам, варыянтнасць у каляндарна-абрадавай лексіцы гомельскіх гаворак абумоўлена асаблівасцямі мясцовага вымаўлення. На разнастайнасць варыянтных найменняў уплывае таксама імкненне ліквідаваць цяжкасці ў вымаўленні нехарактэрных для беларускай мовы царкоўнаславянскіх лексем.


[1]
Тут і далей прыводзіцца фактычны матэрыял картатэкі лінгвістычнай лабараторыі кафедры беларускай мовы У А “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны” з указанием лакалізацыі і захаваннем адметнасцей мясцовага вымаўлення.


Аўтар:
К.Л. Хазанава
Крыніца: Міжнародныя Шамякінскія чытанні «Пісьменнік — Асоба — Час»: матэрыялы III Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, Мазыр, 27 верасня 2013 г. / Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Установа адукацыі «Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І. П. Шамякіна»; [рэдкалегія: А. У. Сузько (адказны рэдактар) і інш.]. — Мазыр: МДПУ імя І. П. Шамякіна, 2013. — Ст. 259-264.