Відаць, не будзе вялікім адкрыццём думка аб тым, што кожны вялікі горад гістарычна складваецца з пасяленняў, якія размяшчаліся ў адпаведны перыяд на яго ўскраінах. Але тым не менш, калі апісваюць мінулае горада, даволі рэдка ўспамінаюць, што да пэўнага моманту многія з яго цяперашніх мікрараёнаў мелі свой самастойны гістарычны шлях. Гісторыя былых вёсак забываецца хутка, бо аб пераемнасці традыцый і гістарычнай памяці (што захоўваецца яшчэ ў звычайных вясковых пасяленнях, як правіла, людзьмі старэйшага ўзросту) у шматпавярховых мікрараёнах, якія насяляюцца “прышэльцамі” з розных мясцін, гаварыць не прыходзіцца. Добра яшчэ, калі за такім мікрараёнам замацоўваецца імя былой вёскі.
Здараецца і так, што вёска, якая ўвайшла ў гарадскую мяжу, доўгі час яшчэ жыве, захоўвае свой знешні выгляд і асноўны склад насельніцтва. У такіх “аазісах” і неабходна спяшацца запісваць тое, што не згубілася зусім і ўяўляе сабой параўнальна малую, але цікавую і важную вяху ў “вялікай” гісторыі горада.
…Слова Валатава добра вядома жыхарам сучаснага Гомеля. Так называецца мікрараён, які ўзнік і хутка расце ў паўночнаўсходняй частцы горада і на сённяшні дзень налічвае ўжо больш за 30 тысяч чалавек. Сваё найменне жылы масіў атрымаў ад вёсачкі, якая размешчана ад яго ў напрамку на поўдзень на адлегласці каля двух кіламетраў. Вёска Валатава афіцыяльна ўвайшла ў склад горада 1 жніўня 1974 года. Але дагэтуль яна фактычна з’яўляецца сапраўднай вёскай і па свайму знешняму выгляду і па размяшчэнню (Валатава “адрэзана” ад цэнтра горада вялізнай пясчанай нізінай — рачной абалонай).
Яшчэ ў даваенны час Валатава складалася з некалькіх дзесяткаў хацінак, якія ляпіліся на высокім правым беразе старога рэчышча ракі Сож. Многія з іх захаваліся і да нашых дзён, бо ваеннае ліхалецце па шчаслівай выпадковасці абыйшло вёсачку бокам. І хоць у ёй знаходзіўся нямецкі гарнізон, стаялі зеніткі, а з высокага стромкага берага асвятлялі зарэчныя далячыні і цёмнае начное неба магутныя пражэктары, баёў тут не было, і пры падыходзе савецкіх войскаў немцы спешна зняліся ноччу з месца, а раніцай ад іх не засталося і следу.
Хоць Валатава ўспамінаецца ўпершыню ў канцы XVI стагоддзя, а ўзнікла яна яшчэ раней — дзесьці ў старажытнарускі час, вядомая нам гісторыя вёскі налічвае ледзь два стагоддзі. У першыя гады XIX стагоддзя ўрочышча пад цікавым і дастаткова загадкавым найменнем Волатава (да разгадкі назвы мы звернемся ніжэй) прыцягвае ўвагу графа Мікалая Пятровіча Румянцава, тагачаснага ўладальніка Гомеля. Прычына — надзвычай маляўнічыя краявіды, дзіўнай прыгажосці, якія адкрываліся позірку з рачнога берага. Унізе цякла рака, прычым гэта было не “старое”, а асноўнае і адзінае тады рэчышча Сожа. Ля самага ў]эочышча рака рабіла прыгожы паварот. На нізкім левым беразе пахнула некранутая расліннасць і ў вялікай колькасці вадзіліся птушкі, на високім правым здавён-даўна раслі волаты-дубы.
Відаць, было чым палюбавацца ва ўрочышчы, калі граф Румянцаў у 1805 годзе распачаў тут будаўніцтва царквы, надта арыгінальнай архітэктуры, па праекце вядомага ў той час архітэктара Джона Кларка. Ідэя графа і архітэктара заключалася ў тым, каб Мікалаеўская царква (так яна была названа), якая ўзводзілася, была часткай архітэктурнага ансамбля княжацкага парку. Шлях па рацэ Сож ад парку да царквы і назад станавіўся першым турысцкім маршрутам дарэвалюцыйнага горада.
Яшчэ адной акцыяй графа М.П. Румянцава з’явілася пасяленне ў Волатава немцаў-каланістаў, якія займаліся рознымі рамёствамі. Немцы канчаткова абруселі і растварыліся сярод мясцовага насельніцтва ў пачатку XX стагоддзя.
У канцы XIX стагоддзя геаграфічна-статыстычнае выданне “Волости и важнейшие селения Европейской России. Вып. V, Губернии Литовской и Белорусской областей” упамінала ваколіцу Валатоўку з цагельным заводам у складзе прыгарада Гомеля.
Гісторыя Мікалаеўскай царквы непарыўна звязана з гісторыяй вёскі, паколькі храм з’яўляўся яе галоўнай славутасцю. Пазалоту купалоў і пералівы званоў дагэтуль памятаюць старажылы, зрэшты, як і “наезды” гомельскай знаці. У 30-ыя гады, калі храмы разглядаліся не як гісторыка-архітэктурнмя помнікі, а як цэнтры цемрашальства і рэакцыі, квітучаму стану Мікалаеўскай царквы, а разам з ёй і вёскі Валатава быў пакладзены канец. Царкву ператварылі спачатку ў клуб, потым у магазін. Затым пачаўся безгаспадарчы яе стан, які прывёў да канчатковага амаль спусташэння і разбурэння ў ваенны і пасляваенны перыяды.
І стаяць нямым дакорам на беразе старыцы Сожа “асколкі” некалі слаўнага будынка. Напамінаюць пра былое. А яго ўжо не вярнуць. Ніколі не быць тут больш турысцкаму маршруту, паколькі рэчышча ракі ператварылася ў зарослае пустазеллем балота.
Хто ведае, калі б не нарадзілася па графскай прыхамаці прынадная ідэя ператварыць маляўнічае ўрочышча ў загарадную зону для падехі знаці, магчыма, ніколі б не вырасла тут ваколіца Валатоўка і не адбыліся тыя падзеі, пра якія мы расказалі.
Калі мы смуткуєм аб лёсе сапраўды каштоўнага ў наш час архітэктурнага помніка, то амаль не здагадваемся аб існаванні запаведнага месца, якім з’яўляліся наваколлі Валатавы да вядомай графскай “волі”. Памяць аб гэтым сцерлася, а між тым да прыходу сюды графскіх людзей і да пабудовы царквы гэтае ўрочышча з невялікай колькасцю карэнных жыхароў на перасечанай, узгорыста-абрывістай мясцовасці з магутнымі векавымі дубамі і загадкавымі насыпамі-пагоркамі ўяўлялася гамяльчанам таямнічым і незвычайным. Тут здавён-даўна было памятнее месца, своеасаблівы гістарычны і прыродны запаведнік з унікальнай для тутэйшых мясцін назвай — Волатава. I ўражанне гэтае ўрочышча на навакольных жыхароў рабіла вялікае.
У запісках і матэрыялах нашага земляка, ураджэнца Новай Беліцы, выдатнага этнографа, археолага, мовазнаўца і фалькларыста Еўдакіма Раманавіча Раманава захаваўся наступны унікальны для нас запіс. Цытую: “На маёй радзіме, у Гомелі, я чуў у дзяцінстве невыразнае паданне аб тым, што ў Валатаве (пагост у 2 вярстах ад Гомеля) жылі ў старадаўнасці асілкі, што з переходам Гомеля да Румянцава асілкі зніклі, але час ад часу з’яўляліся выбраным шчасліўцам і пазней. Апошняе з’яўленне было мяшчанцы Васілісе Яфрэмавай у 1867-1869 гадах, там жа, у Валатавы, у садзе. Па яе апавяданню, якое я сам чуў, калі мне было 12-13 гадоў, асілак быў вельмі высокага росту, апрануты ў дарагое адзенне (шаўкі ды аксаміты) і ўразіў Васілісу незвычайнай прыгажосцю твару. Ён быў без зброі, з Васілісай не гаварыў, але і шкоды ёй не зрабіў. Яна бачыла ў гэтым для сябе прадвесце незвычайнага шчасця…”*.
Вось, значыць, як: Волатава (пазней Валатава) — гэта старадаўняя вёсачка, дзе жывуць волаты. Такія мясцовасці ў народзе звычайна лічыліся запаведнымі, прычым, у тым сэнсе, што яны не вельмі ахвотна наведваліся, паколькі былі звязаны з незразумелай для сучаснікаў таямніцай.
Мы не будзем аспрэчваць сведчанне мяшчанкі Васілісы Яфрэмавай. Довады “за” ці “супраць” яе дзівоснай праявы ўвялі б нас далёка ў бок ад асноўнага апавядання.
Куды больш важна паспрабаваць растлумачыць вытокі ўяўленняў аб волатах — жыхарах пэўных мясцовасцей. Ва ўсходнеславянскіх паданнях асілкі-волаты паўстаюць як першыя людзі, якія жылі да сучасных. У некаторых паданнях волаты з’яўляюцца заснавальнікамі адпаведных вёсак. Трэба было чакаць, што паказаныя ў такой ролі асілкі-волаты акажуцца разам з тым і продкамі-родапачынальнікамі карэнных жыхароў заснаваных імі вёсак. Аднак аб гэтым у паданнях нічога не апавядаецца. Мясцовыя жыхары, наадварот, адчужаюць сябе ад волатаў, нярэдка пры адначасовым іх шанаванні, блізкім да абогатварэння. Падставай для гэтага служаць разнастайныя археалагічныя старажытнасці, у прыватнасці, каменныя сякеры, камяні са слядамі апрацоўкі, каменныя наканечнікі стрэл, якія знаходзяць у месцах, прымеркаваных да старажытных збудаванняў, стаянак і пахаванняў. Беларускія казкі і паданні сведчаць аб выключнай развітасці культу валатоўскага молата ці булавы. Пад валатоўскай зброяй грамавержца, бога навальніцы Перуна, нібыта скінутай з нябёсаў, разумеліся выкапнёвыя каменныя сякеры. У Валатаве ж здаўна знаходзілі прылады каменнага веку і іншыя археалагічныя старажытнасці. Вось гэтыя абставіны і абумовілі ўзнікненне і развіццё ўяўленняў аб волатах, якія жылі ў старажытным урочышчы над Сожам у былыя часы, да “пераходу Гомеля да Румянцава”.
* Веселовский А. Н. Русские и вильтины в саге о Тидреке Бернском (Веронском) // Известия отделения русского языка и словесности императорской Академии Наук. Т. XI. Кн. 3. СПб., 1906. С. 16.
Аўтар: А.Ф. Рогалеў
Крыніца: Рогалеў А. Ф. Сцежкі ў даўніну: Геагр. назвы Беларус. Палесся. Мн.: Полымя, 1992. — 159 с. Ст. 139-142.