Вадзянік у міфалагічнай традыцыі Гомельшчыны

0
130
Вадзянік

Cутнасць традыцыйнага народнага светапогляду, на нашу думку, вельмі дакладна вызначае Т. І. Шамякіна: «Увесь навакольны свет народная фантазія насяляла добрымі і злымі духамі. Кожны з іх мае свае прыметы, свой характар і паводзіны, патрабуе пэўных ахвяраў. Мірыяды гэтых істотаў, што суправаджалі чалавека паўсюль, разам з тым выхоўвалі ў ім беражлівае стаўленне да прыроды, якая знаходзілася пад аховай духаў, да ўласнай гісторыі, бо частка гэтых духаў па паходжанні – ад душаў продкаў. Адухаўленне рэчак, азёраў, лясоў нараджае і любоўнае стаўленне да іх, а адчуванне сваёй еднасці з продкамі – Дзядамі – дае Традыцыю ў вышэйшым значэнні гэтага слова» [3, c. 50].

У навуцы прынята падзяляць міфалогію на вышэйшую і ніжэйшую. Да вышэйшай міфалогіі адносяцца істоты так званага «вышэйшага» міфалагічнага ўзроўню (Пярун, Дажджбог, Мокаш і г. д.), да ніжэйшай – істоты «ніжэйшага» ўзроўню (дамавік, лясун, вадзянік і г. д.). Найбольш устойліва захоўваюцца ў народнай памяці вобразы ніжэйшай міфалогіі.

Ахарактарызуем аднаго з яе прадстаўнікоў – вадзяніка, якога беларусы ўяўляюць у выглядзе старога дзеда з доўгімі валасамі і з барадой, меў ён хвост, як у рыбы. Звычайна вадзянік, зыходзячы з народных вераванняў, жыве на дне рэк і азёраў, мае сваё царства, а таксама «каня», у ролі якога выступае сом.

«Вадзянік, вадзяны, вадзяны дзед, міфічны ўладар вадаёмаў. Сярод вадзянікоў адрознівалі вірнікаў, што жылі ў рухомай вадзе, і ціхонь – жыхароў стаячай вады (азёраў, ставоў). Паводле народных уяўленняў, вадзянікі жывуць у вадзяных глыбінях, дзе вада ніколі не прамярзае ад іх дыхання. Вадзянік можа мець пад вадою і цудоўны палац. Найчасцей ён уяўляўся старым дзедам з доўгімі валасамі і барадою, са скурай, пакрытай водарасцямі і цінаю, з расплывістым тварам і лупатымі вачыма, з азызлым пузам, з перапонкамі між пальцамі ног. Часам малявалі вадзяніка з рагамі і хвастом, з кіпцюрастымі лапамі замест рук і ног. Згодна з народнымі перакананнямі, вадзянікі жывуць у заторах рэк, каля млыноў, пад шлюзамі» [1, с. 68-69].

У розных мясцовасцях Гомельшчыны ўяўляюць гэту істоту паарознаму. Разгледзім гэта на некаторых прыкладах фактычных запісаў, узятых з хрэстаматыі «Народная міфалогія Гомельшчыны» 2003 года.

Ахарактарызуем знешні выгляд вадзяніка ў розных лакальных традыцыях Гомельшчыны. Напрыклад, знешні выгляд вадзяніка ў в. Шырокае Буда-Кашалёўскага раёна: «Вадзянік такі страшны, касматы, з барадой зялёнай. Яна ўся цінай аблеплена. Цела ў яго ўсё слізкае, усё ў слізі. Хвост ён імее, як у рыбы і чышуёй пакрыты. А рукі, як у гуся лапы, штоб лучшэй плаваць. Увесь ён такі сіні, наверна, ад холаду, і ў пупурыжках» [2, с. 47]. З прыведенага апісання знешняга выгляду вадзяніка вынікае, што гэта істота сумяшчала ў сабе як антрапаморфныя, так і зааморфныя рысы. Заўважым, што ва ўяўленнях інфармантаў вадзянік мае сіні колер.

А вось як выглядае вадзянік у в. Бялёў Жыткавіцкага раёна: «Гэта стары чалавек, вялікага росту, з барадою з водараслей, а ўсё яго цела пакрыта цінай» [2, с. 48849]. Як бачым, у дадзенай мясцовасці, паводле ўяўленняў, вадзянік сумяшчае ў сабе больш антрапаморфныя рысы.

Паводле добрушскіх запісаў, таксама, вадзянік падобны да звычайнага чалавека: «Вадзянік меў від старога чалавека, укрытага водарасцямі і цінай, з зялёнай барадой, дліннымі валасамі» [2, с. 49].

Доказам арганічнай паяднанасці ў вобразе вадзяніка з’яўляюцца запісы звестак, зробленныя ў в. Міхалькі Гомельскага раёна: «Пахожы вадзянік на чалавека з дліннай барадой і дліннымі валасамі, толькі вместа ног у яго хвост, як у рыбіны» [2, с. 51–52].

Фактычны матэрыял, прадстаўлены ў розных лакальных традыцыях Гомельшчыны, дае падставы зрабіць наступныя вывады: істотных адрозненняў у апісанні знешняга выгляду вадзяніка амаль не назіраецца. У розных мясцінах яго ўяўлялі практычна аднолькава: у вобразе старога чалавека, з барадой, доўгімі валасамі, пакрытага цінай, аднак, у некаторых вёсках (Шырокае Буда-Кашалёўскага раёна, Міхалькі Гомельскага раёна) для вадзяніка характэрны як антрапаморфныя, так і зааморфныя рысы.

У лакальных традыцыях шырока вар’іруюць і факты месцазнаходжання вадзяніка: «У вадзе жыве такі дух, каторага завуць вадзяны» (в. Шырокае Буда-Кашалёўскага раёна) [2, с. 47]; «Вадзянік – злы дух, жыве ў вадзе… Вадзянікі могуць жыць і ў калодзежах» (в. Бялёў Жыткавіцкага раёна) [2, с. 48–49]; «Вадзянік жыве ў жывой вадзе. Кожны вір мае свайго вадзяніка. Яны абітаюць у крыніцах бяздонных, у глыбіні рэк і азёр, у такіх месцах, якія зімою не замярзаюць, бо лёд тае ад дыхання вадзяніка» (г. Добруш) [2, с. 49];

«Вадзяны жыве ў балоце. Людзі казалі, што былі добрыя і злыя вадзяныя. Добрага звалі ціхоня, і жыў ён у чыстай вадзе, а злога звалі ці баламут, ці вірун і жыў ён у гразнай вадзе» (в. Міхалькі Гомельскага раёна) [2, с. 51–52].

Як бачна з прыведеных прыкладаў, месцазнаходжанне вадзяніка – водная прастора, хоць у розных мясцовасцях яна і канкрэтызуецца: балота, калодзеж і г. д.

Вадзянік, як і іншыя міфалагічныя персанажы, выяўляе амбівалентны характар функцыянальнасці. Ён мог або шкодзіць чалавеку, а мог, наадварот, дапамагаць яму. Прааналізуем павер’і, звязаныя з функцыянальнасцю вадзяніка, абапіраючыся на ўзоры запісаў звестак у розных раёнах Гомельшчыны. Напрыклад, вадзянік шкодзіць: «Чула, што вадзяны інагда нечакана пападаецца ў сеці, і тада яго вытасківаюць умесце з рыбай. Но ён разрывае сеці ў клоч’я, уходзіць сам і выпускае ўсю рыбу… Вадзяны топіць кароў. Людзей ён тожа топіць» (в. Шырокае Буда-Кашалёўскага раёна) [2, с. 47]; «Вадзянікі часта таскалі людзей у вір» (г. Добруш) [2, с. 49]; «Помста вадзяніка заключаецца ў тым, што ён порціць вадзяныя мельніцы, разганяе рыбу і іншы раз пасягае на жыццё людзей» (п. Бальшавік Гомельскага раёна) [2, с. 53].

І як вынік, наконт функцыянальнасці вадзяніка, гэта то, што ў большасці выпадкаў (з прыведзеных прыкладаў) вадзянік мае адмоўную функцыю, ён шкодзіць чалавеку. Але ж гэта агульныя звесткі. У некаторых лакальных традыцыях бачна, напрыклад, у сувязі з амбівалентнасцю, вадзянік мог і дапамагаць людзям: «Вадзянік дапамагае рыбакам, заганяе рыбу ў сеці» (в. Бялёў Жыткавіцкага раёна) [2, с. 48–49]; «Ціхоня людзям не дзелаў, на то ён і ціхоня» (В. Міхалькі Гомельскага раёна) [2, с. 51–52].

Звернем увагу на спосабы засцярогі ад вадзяніка, якія маюць свой адметны характар у кожнай мясцовасці: «А када кароў к рэчке на вадапой прыводзяць, нада перад тым, як пусціць іх піць, здзелаць на вадзе крэст касой ілі нажом. Ёсць такія слава, каторыя гаварыць нада, як ідзеш купацца: «Чарток, чарток, не ламай мне касток! Ты з вады, а я ў ваду» (в. Шырокае Буда-Кашалёўскага раёна) [2, с. 47]; «Шкодзіў чалавеку: тапіў людзей, асабліва тых, хто заходзіў у ваду без крыжа, і тых, хто ўмешваўся, імкнучыся выратаваць тапельца. (Яго таксама магла чакаць смерць)» (в. Бялёў Жыткавіцкага раёна) [2, с. 48–49]; «Трэба было заткнуць галоўны істочнік возера. Тады вады станавілася меней, і вадзянік перасяляўся ў іншае месца» (г. Добруш) [2, с. 49]; «Калі чалавек плаваў на лодцы, ён як разгуляецца, завіруе вадой і абязацельна патопіць лодку з людзямі. Не любіў ён і п’яных людзей. Калі п’яны залезеш у ваду, ён цябе ніколі не прапусціць, тожа ўтопіць» (в. Міхалькі Гомельскага раёна) [2, с. 51–52].

Цікавы спосаб засцярогі можна ўбачыць у У.І. Коваля: «Згодна з беларускімі ўяўленнямі, шкоднае і згубнае ўздзеянне вадзяніка на людзей можа пераадолець знахарка з дапамогай «гарохвін» (г. зн., гарохавых сцяблоў)» [4, с. 29].

З вышэй сказанага вынікае тое, што, як і знешні выгляд, месцазнаходжанне, функцыянальнасць, спосабы засцярогі ад вадзяніка ў розных мясцовасцях адрозніваюцца, што дае права гаварыць пра розныя лакальныя асаблівасці. Нягледзячы на невялікія адрозненні вадзяніка, можна сказаць і агульнае:

1) вадзянік – стары дзед з доўгімі валасамі і барадою, са скурай, пакрытай

водарасцямі і цінай, з расплывістым тварам, з хвастом як у рыбы. Увогуу

ле вадзянік быў паўчалавекам-паўрыбай;

2) у абліччы вадзяніка нярэдка арганічна спалучаюцца антрапаморфныя і зааморфныя рысы;

3) згодна з народнымі перакананнямі, вадзянікі жывуць у глыбінях рэк, каля млыноў, пад шлюзамі;

4) вадзяніку прыпісвалі такія шкодныя дзеянні як разбурэнне млыноў, плацін, псаванне рыбалоўных прыладаў, паводку;

5) вадзянік – амбівалентная істота;

6) вадзянік мог як шкодзіць людзям, так і дапамагаць ім. 

Літаратура

  1. Народная культура Беларусі: энцылапедычны даведнік / пад аг. рэд. Доктара гіст. навук праф. В. С. Цітова. – Мінск, 2002.
  2. Народная міфалогія Гомельшчыны / уклад., сістэматызацыя, тэксталагічная праца, уступны арт., рэд. І. Ф. Штэйнер, В. С. Новак. – Мінск, 2003.
  3. Шамякіна, Т. І. Міфалогія і яе значэнне / Т. І. Шамякіна // Роднае слова. – 1993. – №7.
  4. Коваль, У. І. Народныя ўяўленні, павер’і і прыкметы: даведнік па ўсходнеславянскай міфалогіі / У. І. Коваль. – Гомель, 1995.

 

Аўтар: Н.А. Ісачанка
Крыніца: Фальклор і сучасная культура: матэрыялы міжнар. навук..практ. канф., 22-23 крас. 2008 г., г. Мінск: у 2 ч. / рэдкал.: I. С. Роўда [i інш.]. – Мінск : БДУ, 2008. Ч. 2 – 134 [2] с. Ст. 78-80.