Узброеная барацьба партызан супраць германскіх акупантаў пры падрыхтоўцы і правядзенні чырвонай арміяй Гомельска-Рэчыцкай наступальнай аперацыі (10-30 лістапада 1943 г.)

0
1192
Узброеная барацьба партызан супраць германскіх акупантаў пры падрыхтоўцы і правядзенні чырвонай арміяй Гомельска-Рэчыцкай наступальнай аперацыі (10-30 лістапада 1943 г.)

Баявыя дзеянні партызан ва ўмовах нас­туплення савецкіх войск восенню-зімой 1943 г. на паўднёвым усходзе Беларусі знайшлі пэўнае адлюстраванне ў фундаменталь­ных, калектыўных і энцыклапедычных выданнях, працах гісторыкаў, кнігах «Памяць» гарадоў і раёнаў Гомельскай вобласці, мемуарнай літаратуры. Разам з тым, звяртае на сябе ўвагу той факт, што ў публікацыях толькі фрагмен­тарна паказана ўзброеная барацьба мясцовых партызан супраць гітлераўскіх захопнікаў падчас падрыхтоўкі і правядзення Чырвонай Арміяй Гомельска-Рэчыцкай аперацыі (10­30 лістапада 1943 г.). Да таго ж у айчыннай гістарыяграфіі пакуль адсутнічае абагульняльная праца аб баявым укладзе беларускіх партызан у справу вызвалення Гомельшчыны, у якой зга­даная аперацыя займае цэнтральнае месца [1-8; 31-33].

У артыкуле на аснове шырокага выкарыстання архіўных матэрыялаў і ўспамінаў арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху на тэрыторыі Гомельскай і Палескай абласцей разглядаюцца формы ўзброенай барацьбы народных мсціўцаў супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў падчас падрыхтоўкі і правядзення савецкімі войскамі Гомельска-Рэчыцкай наступальнай аперацыі, а таксама аналізуецца баявое ўзаемадзеянне Чырвонай Арміі з партызанскімі фарміраваннямі Гомельшчыны.

Пасля завяршэння Бранскай (1 верасня — 3 кастрычніка 1943 г.) і Чарнігаўска-Прыпяцкай (26 жніўня — 30 верасня 1943 г.) наступальных аперацый Чырвонай Арміі лінія савецка-германскага фронту ў межах Беларусі часова ўстанавілася па рэках Сож і Днепр. У выніку гэтага ў тыле гітлераўскіх войск на тэрыторыі Гомельшчыны засталіся дзейнічаць значныя партызанскія сілы. Гомельскае партызанскае злучэнне (камандзір І.П. Кожар) уключала 8 брыгад, некалькі атрадаў і дыверсійных груп агульнай колькасцю прыкладна 8 тыс. чал. Сілы партызанскага злучэння Палескай вобласці (камандзір І.Д. Ветраў) складалі 11 бры­гад і 10 асобных атрадаў і налічвалі прыкладна 8 тыс. 700 чал. [15, л. 25; 23, с. 341; 24, с. 229; 30, с. 371-399, 628-666; 32, с. 245].

Ва ўмовах адноснай стабілізацыі лініі фронту і ў сувязі з падрыхтоўкай савецкім ваенным камандаваннем новай наступальнай аперацыі на паўднёвым усходзе Беларусі ЦШПР, БШПР, кіраўніцтва Беларускага фронту (камандуючы генерал К.К. Ракасоўскі) арыентавалі партызанскія брыгады і атрады на нанясенне пастаянных удараў па камунікацыях ворага і яго тылавых аб’ектах, зрыў мерапрыемстваў ворага, звязаных з умацаваннем абароны на заходнім беразе Сожа і Дняпра, на рэгулярную перадачу армейскім часцям разведінфармацыі аб праціўніку, яго перамяшчэннях у прыфрантавой паласе і фактах канцэнтрацыі на камунікацыях.

На актывізацыю дыверсійнай дзейнасці народных мсціўцаў на камунікацыях праціўніка быў скіраваны загад па Палескім партызанскім злучэнні № 75 ад 2 кастрычніка 1943 г., падпісаны І.Д. Ветравым. У ведамасці, якая прыкладалася да загада, кожнай брыгадзе і асобнаму атраду ставілася задача па разбурэнні канкрэтных участкаў чыгункі, мастоў, інфраструктуры чыгуначных станцый, знішчэнні складоў, а таксама ўказваліся дарогі, на якіх неабходна было правесці мініраванне, узвесці завалы, усталяваць «воўчыя ямы», ірвы і канавы. Нягледзячы на дэфіцыт у брыгадах і атрадах выбуховых рэчываў партызаны Палескай вобласці за кастрычнік 1943 г. падарвалі 208 эшалонаў, у тым ліку 99 з жывой сілай, харчамі, палівам, тэхнікай і боепрыпасамі, знішчылі і пашкодзілі 892 вагоны, падарвалі 2 тыс. 115 рэек, 3 чыгуначныя масты на ўчастках Жыткавічы — Васілевічы, Мазыр — Оўруч. Пры крушэнні воінскіх эшалонаў страты праціўніка склалі 3 тыс. 669 чал. забітымі і 1 тыс. 415 чал. параненымі. Падчас іншых аперацый напярэдадні Гомельска-Рэчыцкай наступальнай аперацыі палескія партызаны ўзарвалі 25 мастоў на шашэйных і грунтавых дарогах, знішчылі 63 аўтамашыны, 26 танкаў, 5 самалётаў. Асабліва выніковымі былі баявыя дзеянні на камунікацыях ворага дыверсійных груп 125-й Капаткевіцкай брыгады (камандзір А.А. Жыгар) і 130-й Петрыкаўскай брыгады (камандзір І.В. Скалабан), якія падарвалі за кастрычнік 1943 г. адпаведна 82 і 60 эшалонаў, 260 і 210 вагонаў. На шашэйных і грунтавых дарогах значныя страты ворагу нанесла 2-я Калінкавіцкая брыгада (камандзір К.М. Марозаў). З 1 кастрычніка па 5 лістапада 1943 г. на дарогах Калінкавічы — Рэчыца, Хойнікі — Юравічы, Калінкавічы — Мазыр партызаны падарвалі 36 аўтамашын, танк і бронемашыну, 4 масты, знішчылі больш за 170 акупантаў. На баявую актыўнасць брыгады істотна паўплывала ўстанаўленне сувязі са штабам 61-й арміі (камандуючы генерал П.А. Бялоў) і Палескім абкамам КП(б)Б. Дзякуючы гэтаму з кастрычніка 1943 г. на партызанскі аэрадром армейская авіяцыя рэгулярна перакідвала боепрыпасы і ўзрыўчатку [15, л. 29, 39; 16, л. 50; 24, с. 203; 25, с. 292-294].

У зоне адказнасці Гомельскага пртызанскага злучэння пастаянна дзейнічалі, дзясяткі партызанскіх дыверсійных груп, якія пазбаўлялі германскіх акупантаў магчымасці свабодна перамяшчацца ў прыфрантавой паласе і аператыўна ўзводзіць абарончыя аб’екты на пра­вым беразе Сожа і Дняпра. Гомельскім партызанам удалося ў двух месцах перакрыць чыгунку Жлобін — Калінкавічы, часткова разбурыць масты і палатно на чыгунцы Васілевічы — Хойнікі. Па пррычыне актыўнасці народных мсціўцаў з перабоямі ажыццяўляўся рух праціўніка па шашы Гомель — Калінкавічы і Рэчыца — Хойнікі, па грунтавых дарогах Рэчыца — Краснае — Шацілкі і Рэчыца — Горваль — Шацілкі. За кастрычнік 1943 г. партызанскія фарміраванні ом ельскага злучэння падарвалі 59 эшалонаў і 55 паравозаў, 77 вагонаў з асабовым саставам, 15 — з танкамі, 48 — з аўтамашынамі, 78 — з боепрыпасамі, 43 — з палівам. Акрамя таго, за названы перыяд партызаны знішчылі 10 танкаў, 4 бронемашыны, 375 аўтамабіляў, 2 тыс. 307 акупантаў, падарвалі 2 тыс. 165 рэек, разбурылі 106 мастоў, з якіх 4 чыгуначныя. Эфектыўна дзейнічалі па транспартных камунікацыях ворага партызаны Рэчыцкай брыгады імя К.Я. Варашылава (камандзір М.П. Аніпка). Яны падарвалі за кастрычнік 1943 г. 22 эшалоны, 78 аўтамашын, 4 танкі, 12 мастоў на шашэйных і грунтавых дарогах. За такі самы перыяд на баявым рахунку дыверсійных груп брыгады «Бальшавік» (камандзір І.Ф. Гамарка) было 11 падарваных эшалонаў і 69 аўтамашын, адзін падбіты танк, 169 перабітых чыгуначных рэек. Неаднаразова праводзілі баявыя аперацыі на чыгунцы, шашэйных і грунтавых дарогах бры­гады імя В.І. Чапаева (камандзір М.Д. Стэфановіч), «Жалязняк» (камандзір В.І. Шаруда), імя М.А. Шчорса (камандзір А.П. Байкоў), імя П.К. Панамарэнкі (камандзір І.І. Бандарэнка), а таксама групы партызан 1-й Буда-Кашалёўскай брыгады, камандаванне і штаб якой злучыліся з часцямі Чырвонай Арміі на левым беразе Сожа яшчэ ў пачатку кастрычніка 1943 г. [9, л. 11; 14, л. 31-33; 31, с. 236, 281; 32, с. 246].

Баявая дзейнасць партызанскіх фарміраванняў Гомельскай і Палескай абласцей у кастрычніку — пачатку лістапада 1943 г. адбывалася ва ўмовах пастаянай барацьбы з карнымі акцыямі акупантаў. Гітлераўскае камандаванне для разблакіравання камунікацый і ліквідацыі партызан у тыле 2-й палявой арміі вермахта накіравала супраць брыгад і атрадаў некалькі карных экспедыцый, у тым ліку тры буйныя: «Бар­бара» (9-16.10.1943 г.), «Асвячэнне храма» (20-21.10.1943 г.), «Хубертус» (24-28.10.1943 г. і 3-9.11.1943 г.). Для наступлення на партызан былі прыцягнуты франтавыя часці, у тым ліку з 46-га армейскага корпуса, а таксама ахоўныя падраздзяленні і жандармерыя. Узброеная барацьба партызан супраць карнікаў адбывалася ў Калінкавіцкім, Васілевіцкім, Хойніцкім раёнах, уздоўж участка чыгункі Рэчыца — Калінкавічы і шашэйнай дарогі Рэчыца — Хойнікі. Асноўны ўдар гітлераўцаў прынялі на сябе бры­гады: 99-я Калінкавіцкая (камандзір В.А. Караткевіч), 101-я Даманавіцкая (камандзір В.М. Мінін), Лоеўская «За Радзіму» (камандзір Р.І. Снякоў) і «Мсціўца» (камандзір І.Р Баруноў). Падчас некалькіх абарончых баёў народным мсціўцам удалося нанесці карнікам адчувальныя страты. Аднак, улічваючы значную перавагу гітлераўцаў у жывой сіле, тэхніцы і боепрыпасах, партызанскія фарміраванні прымянялі тактыку ўдараў з засад і дзеянняў дыверсійнымі групамі на шашэйных і грунтавых дарогах, што дазваляла адцягнуць увагу карнікаў ад асноўных сіл народных мсціўцаў і лясных лагераў, у якіх знаходзілася шмат дзяцей.

Партызанскае камандаванне прымяняла тактыку хуткіх схаваных манеўраў з мэтай выхаду за межы блакіраваных акупантамі тэрыторый. Так, пры адбіцці карнай экспедыцыі «Хубертус-І», калі ў большасці партызанскіх фарміраванняў закончыліся боепрыпасы, асноўныя сілы Гомельскага партызанскага злу­чэння, блакіраваныя немцамі ў ноч на 26 кастрычніка 1943 г., па рашэнні Гомельскага падпольнага абкама КП(б)Б пераправіліся на левы бераг Беразіны па плавучым мосце, пабудаваным брыгадай «Жалязняк». Такім хуткім манеўрам народныя мсціўцы ўвялі ў зман акупантаў, якія яшчэ на працягу амаль сутак звужалі блакаду вакол ранейшага месца дыслакацыі партызан. На левым беразе Беразіны каля вёскі Гпушыца Стрэшынскага раёна на аэрадроме, аператыўна пабудаваным партызанамі, 27 і 29 кастрычніка 1943 г. прызямляліся самалёты Беларускага фронту з боепрыпасамі, а зваротнымі рэйсамі ў савецкі тыл адпраўляліся хворыя і параненыя.

Падчас карнай аперацыі «Хубертус-ІІ» у надзвычай цяжкую сітуацыю трапілі Лоеўская брыгада «За Радзіму» і брыгада «Мсціўца». Гэтыя партызанскія фарміраванні, трымаючы пад сваім кантролем шашу Рэчыца — Хойнікі, былі адрэзаны праціўнікам ад асноўных сіл Гомельскага партызанскага злучэння. З прычыны значнай канцэнтрацыі германскіх войск у франтавой паласе партызаны не змаглі ўстанавіць сувязь з перадавымі часцямі 48-й і 65-й армій Беларускага фронту, якія знаходзіліся на адлегласці 15-20 км. Нягледзячы на ўпартае супраціўленне партызан, брыгады і лагеры мясцовага насельніцтва былі ўзяты акупантамі ў шчыльную блакаду. Праз некалькі дзён пасля пачатку карнай экспедыцыі партызаны апынуліся ў крытычным становішчы: былі на зыходзе патроны, вычарпаны запасы прадуктаў, нельга было распальваць кастры з-за нспынных палётаў самалётаў ворага. Катастрафічных наступстваў для блакаваных партызан і мясцовага насельніцтва ўдалося пазбегнуць толькі дзякуючы пачатку Гомельска-Рэчыцкай наступальнай аперацыі Чырвонай Арміі [1, с. 44, 62, 616; 3, с. 45; 6, с. 70-71; 10, л. 43; 11, л. 22; 13, л. 15; 25, с. 293-294, 316; 26, с. 242­244; 27, с. 175; 28, с. 85; 31, с. 237, 255; 32, 248, 256-264].

Такім чынам, падчас адноснай стабілізацыі савецка-германскага фронту на паўднёвым усходзе Беларусі ў кастрычніку — першай дэкадзе лістапада да 1943 г. і ва ўмовах падрыхтоўкі наступлення Чырвонай Арміі ў рэгіёне гомельскія і палескія партызаны сваімі актыўнымі дзеяннямі на камунікацыях у аператыўным тыле 2-й арміі вермахта нанеслі сурьёзны ўрон гер­манскім войскам у жывой сіле і тэхніцы. Народнія мсціўцы значна ўскладнілі перамяшчэнне праціўніка ў прыфрантавой паласе і ўзвядзенне ім абарончых аб’ектаў на заходнім беразе Сожа і Дняпра. Пры адбіцці карных экспедыцый пар­тызаны шляхам удараў з засад, імклівых нападаў на калоны праціўніка, хуткіх манеўраў па выхадзе з блакіраваных тэрыторый вымотвалі нямецкія франтавыя падраздзяленні, якія прыцягваліся гітлераўскім камандаваннем для правядзення карных акцый, і значна зніжалі іх баяздольнасць.

Савецкае ваеннае кіраўніцтва, разгортваючы восенню 1943 г. наступленне на паўднёвым усходзе Беларусі, лічыла ўзброеную барацьбу мясцовых партызан супраць акупантаў важ­ным фактарам разгрому гітлераўскіх войск на тэрыторыі Гомельскай і Палескай абласцей. Так, напярэдадні Гомельска-Рэчыцкай аперацыі армейскае камандаванне сур’ёзна займа­лася арганізацыяй дапамогі партызанскім сілам боепрыпасамі, выбуховымі рэчывамі, меды­каментамі сродкамі сувязі. З мэтай падтрымання баяздольнасці партызанскіх фарміраванняў, якія дыслацыраваліся ў паласе дзеяння Беларускага фронту, ім кожны дзень накіроўваліся дзясяткі самалётаў. Толькі па лініі 61-й арміі напярэдадні фарсіравання Дняпра штодзённа на шасці-сямі самалётах перакідваліся грузы для палескіх партызан, у тым ліку адзіндва самалёты прыляталі ў раён базіравання 2-й Калінкавіцкай брыгады. Зваротнымі рэйсамі вывозіліся цяжка параненыя і хворыя пар­тызаны, члены іх сем’яў [2, с. 358; 11, л. 22; 22, л. 63; 23, с. 342].

З пачаткам Гомельска-Рэчыцкай аперацыі Чырвонай Арміі разгарнуўся другі перыяд вызвалення тэрыторыі Гомельскай і Палескай абласцей ад германскіх акупантаў, у якім актыўны ўдзел прынялі больш за 10 тыс. беларускіх партызан. Іх узброеная барацьба ахоплівала значную тэрыторыю, мела разнастайныя формы і была падпарадкавана задачам наступаючых армейскіх часцей. Баявыя дзеянні народных мсціўцаў падчас Гомельска-Рэчыцкай аперацыі праводзіліся ў два этапы: баі парты­зан з акупантамі да сустрэчы з перадавымі часцямі Чырвонай Арміі і непасрэднае баявое ўзаемадзеянне з савецкімі войскамі. У першы дзень аперацыі Гомельскі падпольны абкам КП(б)Б і штаб партызанскага злучэння атрымалі радыёграму ад начальніка ЦШПД П.К. Панамарэнкі з патрабаваннем тэрмінова вывесці са строю чыгуначыя ўчасткі Гомель — Жлобін — Магілёў, Гомель — Калінкавічы і шашу Гомель — Калінкавічы. У адпаведнасці з гэтымі ўказаннямі на нарадзе каманднага саставу брыгад і асобных атрадаў, скліканай І.П. Кожарам 11 лістапада 1943 г., былі пастаўлены баявыя задачы па дзеяннях на камунікацыях і вядзенні разведкі. Для нанясення больш выніковых удараў па пра ціўніку некаторыя брыгады і асобныя атрады былі аб’яднаны ў баявыя групы. Напрыклад, брыгады «Жалязняк», імя П.К. Памарэнкі і некалькі асобных атрадаў былі зведзены ў гру­пу пад камандаваннем В.І. Шаруды.

Выконваючы распараджэнні, атрыманыя на нарадзе, камандаванне партызанскіх фарміраванняў накіравала падрыўнікоу на замацаваныя ўчасткі чыгункі з мэтай разбурэння палатна і падрыву эшалонаў праціўніка, а таксама на грунтавыя дарогі Рэчыца — Хутар — Шацілкі і Рэчыца — Горваль — Шацілкі, па якіх меркавалася адступленне акупантаў. Партызаны бры­гады «Бальшавік» дзейнічалі на чыгунцы Жло­бін — Калінкавічы, на дарогах Рэчыца — Глуск, Рэчыца — Шацілкі ў межах Парычскага раёна, мініравалі дарогі, узводзілі супрацьтанкавыя рвы, надаўбені, рабілі лясныя завалы. Камандаванне Рэчыцкай брыгады імя К.Я. Варашылава для таго, каб не прапусціць праціўніка на захад ад Рэчыцы паміж Дняпром і чыгункай Рэчыца — Дзямехі, накіроўвала спецыяльныя групы для арганізацыі засад, мініравання і ўзвядзення завалаў на дарогах [2, с. 345; 10, л. 49; 13, л. 17; 32, л. 265-267].

У сувязі з наступленнем Чырвонай Арміі Палескі падпольны абкам КП(б)Б і падпольныя райкамы партыі атрымалі радыёграму ад аператыўнай групы Палескага абкама КП(б)Б пры штабе 61-й арміі з інфармацыяй аб фарсіраванні савецкімі войскамі Дняпра і заклікам аказваць ім усялякую дапамогу. Пры набліжэнні лініі фронту да месца дыслакацыі палескіх брыгад і атрадаў партызаны актывізавалі напады на калоны і пераправы ворага, з-за чаго акупанты неслі адчувальныя страты і не мелі магчымасці замацавацца на выгадных рубяжах. Так, пар­тызаны асобнага атрада пад камандаваннем К.Т. Сацуры ставілі міны і наладжвалі засады на дарогах Лоеў — Брагін — Хойнікі і Рэчыца — Хой­нікі. Асабліва выніковым быў удар па калоне праціўніка каля вёскі Лубенікі Брагінскага раё­на. Брагінскі асобны атрад імя Р.І. Катоўскага з 10 па 15 лістапада 1943 г. у выніку мініравання дарог Рэчыца — Новая Красніца — Шыпецічы, Лубенка — Старая Красніца падарваў 9 аўтамашын і знішчыў каля 30 акупантаў. Падраздзяленне 27-й Нараўлянскай брыгады 12 ліс­тапада 1943 г. знішчыла два масты праз раку Славечна, у выніку чаго было спынена перамяшчэнне праціўніка ў раён, дзе разгортвалася наступленне 8-й гвардзейскай стралковай дывізіі. Дзякуючы аператыўна перададзенай камандаваннем 2-й Калінкавіцкай брыгады ў штаб 61-й арміі інфармацыі аб канцэнтрацыі праціўніка блізка ад пантоннага маста каля вёскі Юравічы, савецкая авіяцыя ў сярэдзіне лістапада 1943 г. нанесла акупантам значныя страты пад­час іх пераправы праз раку Прыпяць [2, с. 358; 1., л. 48-49; 18, л. 89, 92-94; 22, л. 63-64; 28, с. 121; 29, с. 235-236; 31, с. 318].

З сярэдзіны лістапада 1943 г. сталі ўстанаўлівацца непасрэдныя баявыя сувязі партызанскіх фарміраванняў Гомельскай і Палескай абласцей з перадавымі часцямі Чырво­най Арміі, якія пасля фарсіравання Дняпра разгарнулі на яго заходнім беразе баявыя дзе­янні супраць германскіх акупантаў. Незадоўга да падыходу савецкіх войск да партызанскай зоны Гомельскага злучэння яго брыгады і атрады ачысцілі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў значную тэрыторыю ўздоўж рэк Шыбенка і Днепрык. Канкрэтны план сумесных баявых дзеянняў Гомельскага партызанскага злучэння і часцей Чырвонай Арміі быў узгоднены 17 ліс­тапада 1943 г. падчас сустрэчы І.П. Кожара і камандзіра 19-га стралковага корпуса гене­рала Д.І. Самарскага з улікам колькаснага саставу, дыслакацыі і баяздольнасці народных мсціўцаў, а таксама баявой абстаноўкі ў раёне Рэчыцы. Баявая задача гомельскіх парты­зан заключалася ў тым, каб дапамагчы армейскім часцям у вызваленні ад ворага берага Дняпра ад Рэчыцы і на поўнач да вёскі Берагавая Слабада, а таксама ў ажыццяўленні кантролю на камунікацыях Рэчыца — Старое Краснае — Шацілкі, Рэчыца — Горваль — Шацілкі. Для паспяховых дзеянняў часцей корпуса са складу партызанскіх брыгад была выдзелена неабходная колькасць праваднікоў, якія добра ведалі мясцовасць [2, с. 296; 10, л. 49-50; 31, с. 237; 32, с 269-270].

На працягу другой паловы лістапада 1943 г. да моманту свайго расфарміравання Гомельскае партызанскае злучэнне аказвала істотную падтрымку баявым дзеянням савецкіх войск на правым беразе Дняпра і Беразіны. Парты­заны надзейна прыкрылі левы фланг 65-й ар­міі, што дазволіла яе камандуючаму, генералу П.І. Батаву павярнуць 19-ы стралковы корпус з задачай — раптоўным ударам авалодаць горадам Рэчыца. Напярэдадні аперацыі па вызваленні Рэчыцы партызаны ўстанавілі кантроль над дарогай Азяршчына — Горваль — Шацілкі і тым самым перакрылі войскам праціўніка шлях да адступлення. Атрад імя М.В. Фрунзе (камандзір У.С. Ціхвінскі) у кароткія тэрміны расчысціў ад завалаў і размініраваў участкі дарогі Рэчыца — Старое Краснае — Баравікі — Шацілкі, якую ў далейшым планавалі выкарыстоўваць часці 19-га стралковага корпуса. Адной з самых значных аперацый на камунікацыях стаў раптоўны напад 17 лістапада 1943 г. баявой групы пад камандаваннем В.І. Шаруды на вялікую калону праціўніка з танкамі, аўтамашынамі з пяхотай і рознымі грузамі, якая адступала пад ударамі 48-й і 65-й савецкіх армій з боку Рэчыцы ў напрамку населеных пунктаў Гор­валь і Шацілкі. У выніку ўдару партызаны спалілі 45 аўтамашын і вызвалілі каля 300 савецкіх ваеннапалонных, перададзеных потым у 37-ю стралковую дывізію [2, с. 296, 346-347;6, с. 72;  10, л. 4950; 11, л. 2224; 27, с. 175; 31, с. 237; 32, с. 269-270, 272-273].

На гомельскіх партызан лёг асноўны цяжар баёў за пераправы на правабярэжжы Беразіны і Дняпра, што тлумачылася на знаходжаннем на супрацьлеглым беразе значных сіл нямецкафашысцкіх войск, якія неслі рэальную пагрозу для тылу 19-га стралковага корпуса. Па распараджэнні армейскага камандавання партызаны на працягу некалькіх дзён занялі пазіцыі па берагавой паласе ад вёскі Адрубы на Беразіне да населенага пункта Азяршчына на Дняпры і ўтрымлівалі іх да падыходу асноўных сіл Чыр­вонай Арміі. Брыгада «Жалязняк» кантралявала правы бераг Беразіны працягласцю ў 17 км і адбіла ўсе атакі ворага, які спрабаваў пераправіцца да вёсак Адрубы, Дабужа, Сведскае, Гагалі. Найбольш жорсткія баі разгарнуліся ў раёне населенага пункта Горваль, які быў узяты 18 лістапада 1943 г. брыгадай імя П.К. Панамарэнкі і атрадам імя В.П. Чкалава (камандзір М.П. Маракоў). Партызаны не дапусцілі пераправу нямецкай пяхоты на левы бераг Беразіны, знішчылі больш за 150 салдат і афіцэраў, шмат акупантаў скінулі ў раку, захапілі паром, 110 аўтамашын, дзясяткі павозак з прадуктамі, боепрыпасамі і амуніцыяй. На пра­цягу 18-19 лістапада 1943 г. народныя мсціўцы сумесна з артылерыстамі і мінамётчыкамі 19-га стралковага корпуса адбілі некалькі спроб груп нямецкіх аўтаматчыкаў пераправіцца на лодках з левага берага ракі і захапіць Горваль.

Абарончыя баі партызан працягваліся да моманту подыходу 20 лістапада 1943 г. часцей 48-й арміі (камандуючы генерал П.Л. Раманенка), якія разам з часцямі 19-га стралко­вага корпуса паспяхова пераправіліся на левы бераг Беразіны ў раёне Горваля і вёскі Адрубы. Па берагавой лініі Дняпра на поўнач ад Рэчыцы каля вёсак Унорыца і Берагавая Слабада дзейнічалі брыгады імя К.Я. Варашылава і імя В.І. Чапаева, выконваючы задачу па прыкрыцці левага фланга 37-й стралковай дывізіі. Так, атрад імя С.М. Будзённага (камандзір А.Ф. Яўтухоў) раптоўным ударам пасля дзесяцікіламетровага маршу разграміў гарнізон праціўніка ў вёсцы Берагавая Слабада і падарваў недабудаваны немцамі мост праз Днепр. У той самы дзень партызаны атрада імя С.Г. Лазо (камандзір П.П. Макаранка) і байцы 109-га гвардзейскага палка выбілі ворага з добра ўмацаванага апорнага пункта Азяршчына, а атрад імя К.Я. Варашылава (камандзір П.І. Васільеў) вызваліў ад акупантаў вёску Унорыцу. Падчас упартых баёў за пераправы атрады знішчылі 68 акупантаў, захапілі каля 100 павозак.

Ад пачатку Гомельска-Рэчыцкай аперацыі на левым беразе Дняпра ў межах Уваравіцкага раёна дыслацыравалася брыгада імя Н.А. Шчорса. Нягледзячы на значную канцэнтрацыю тут нямецкіх войск, партызаны рэгулярна нападалі на калоны праціўніка і наносілі яму ўрон у жывой сіле і тэхніцы. Становішча народных мсціўцаў, у якіх заканчваліся патроны, рэзка пагоршылася пасля прыбыцця ў населены пункт Чорнае падраздзялення гітлераўцаў. У такой сітуацыі камандаванне брыгады пад прыкрыццём аднаго з палкоў 37-й стралковай дывізіі арганізавала пераправу на правы бераг Дняпра ўсіх сваіх атрадаў (больш за 7 тыс. мірных жыхароў, а таксама часткі пар­тызан 1-й Буда-Кашалёўскай брыгады). Партызаны з левага берага Дняпра па просьбе камандзіра палка, асабовы састаў якога налічваў усяго 150 чал., занялі абарону на ўчастку Рэчыца — Азяршчына [1, с. 176; 2, с. 346-347; 4, с. 373; 6, с. 72; 10, л. 50; 11, л. 24, 50; 12, л. 43; 13, л. 19; 27, с. 175; 31, с. 237, 287; 32, с. 270-277].

Ва ўмовах падрыхтоўкі асноўных сіл Беларускага фронту да вызвалення Гомеля партызаны злучэння адыгралі важную ролю ва ўтрыманні пазіцый на паўночны захад ад Рэчыцы, куды праціўнік перакінуў рэзервы з-пад Бабруйска і пачаў спешна ўзводзіць абарончыя збудаванні. Для недапушчэння нямецкага контрудару і ўзмацнення нешматлікіх падраздзяленняў савецкіх войск штаб Гомельскага злучэння па просьбе камандзіра 19-га стралковага корпуса перакінуў у раён населенага пункта Баравікі брыгады «Бальшавік» і «Жалязняк», а да вёскі Селішча — брыгаду імя В.І. Чапаева. У раёне гэтых населеных пунктаў па беразе балоцістай рэчкі Снедзь праходзіла абарона немцаў, умацаваная дзотамі і апорнымі пунктамі. Парты­заны брыгад «Бальшавік» і «Жалязняк» разам з ротай чырвонаармейцаў адначасовым ударам з фронту і тылу выбілі акупантаў з вёскі Бара­вікі, а затым яшчэ на працягу двух сутак адбівалі контратакі ворага. Брыгада імя В.І. Чапа­ева вяла ўпартыя баі з гітлераўцамі ў раёне вёскі Селішча і 24 лістапада 1943 г. перадала свой рубеж абароны часцям Чырвонай Арміі [5, с. 56; 6, с. 72-73; 11, л. 24; 12, л. 43; 13, л. 16, 19; 31, с. 237-238; 32, с. 276-277].

Кампактная дыслакацыя партызанскіх фарміраванняў Гомельскай вобласці на паўночны захад ад Рэчыцы садзейнічала іх хуткаму злучэнню з асноўнымі сіламі Чырвонай Арміі. На момант злучэння з савецкімі войскамі партызанскія сілы вобласці налічвалі 7 тыс. 850 чал. Расфарміраванне было праведзена на працягу 23-25 лістапада 1943 г. у адпаведнасці з дырэктывай ЦК КП(б)Б. Пры расфарміраванні ў Чырвоную Армію было накіравана 5 тыс. 395 партызан прызыўнога ўзросту. Акрамя таго, у дзеючую армію і знішчальныя батальёны было перададзена 47 гармат, 273 кулямёты, 43 мінамёты, 735 аўтаматаў, 5 тыс. 814 вінтовак, 545 коней, 175 галоў буйнай рагатай жывёлы, 507 ц збожжа [6, с. 73; 9, л. 123; 30, с. 371, 378399; 31, с. 238].

Значны ўклад у паспяховае вырашэнне Чырвонай Арміяй задач Гомелька-Рэчыцкай аперацыі ўнеслі палескія партызаны. Сваімі актыўнымі баявымі дзеяннямі брыгадам і асобным атрадам Палескай вобласці ўдалося паралізаваць рух на чыгуначных участках Жыткавічы — Калінкавічы, Калінкавічы — Жлобін, Оўруч — Мазыр і не даць магчымасці гітлераўскаму камандаванню перакінуць рэзервы ў раён Гомель з Украіны. Сярод асноўных форм узброенай барацьбы палескіх партызан былі ўдары і па гарнізонах і апорных пунктах праціўніка, узвядзенне перапраў для наступаючых савецкіх войскаў, забеспячэнне армейскіх часцей разведінфармацыяй і выдзяленне ім неабходнай колькасці разведчыкаў і праваднікоў.

Падчас Гомельска-Рэчыцкай наступальнай аперацыі партызаны аказалі значную дапамогу часцям Чырвонай Арміі ў вызваленні населеных пунктаў, чыгуначных станцый, раённых цэнтраў, вёсак. Так, пры ўзяцці важнага чыгуначнага вузла і райцэнтра Васілевічы разам з часцямі Чырвонай Арміі ўдзельнічалі партызаны Васілевіцкай брыгады імя П.К. Панамарэнкі (камандзір С.А. Смерцін) і 101-й Даманавіцкай брыгады. Партызаны, па загадзе камандзіра 193-й стралковай дывізіі, зайшлі ў тыл праціўніка і перарэзалі шляхі яго адыходу на Калінкавічы і адначасова занялі абарону ў населеных пунктах Залатуха, Навінкі, Асавок, Лядава. Пры непасрэдным штурме райцэнтра партызаны дзейнічалі на правым флангу дывізіі, а пасля вызвалення Васілевіч разам з чырвонаармейцамі адбілі некалькі контратак праціўніка, якога падрымлівалі танкі і авіяцыя. Пры штурме добра ўмацаванага вузла абароны праціўніка райцэнтра Брагін часці 55-й і 356-й стралковых дывізій, падраздзяленні 68-й танкавай брыгады ўзаемадзейнічалі з асобным атрадам імя Р.І. Катоўскага (камандзір А.Я. Міхневіч). Напярэдадні штурму атрад, па плане камандавання, устанавіў кантроль над дарогай Брагін — Хойнікі. Партызаны таксама ўдзельнічалі ў вызваленні вёсак Вязок, Ясменцы, Дронькі, Пагоннае [17, л. 50; 18, л. 33-35; 9, л. 7, 20; 23, с. 177, 345346; 25, с. 312, 317].

Камандаванне 61-й арміі пры рэалізацыі сваіх наступальных планаў актыўна выкарыстоўвала баявыя магчымасці 2-й Калінкавіцкай брыгады. Пры падыходзе савецкіх часцей да зоны дзейнасці брыгады яе атрады па загадзе, перададзеным па рацыі з армейскага штаба, 18 лістада 1943 г. адбілі ў праціўніка чыгуначную станцыю Аўраменская. Яшчэ тры атрады брыгады ўзялі пад кантроль участак чыгункі Хой­нікі — Васілевічы і дарогу Каравацічы — Калінкавічы і наносілі пастаянныя ўдары па калонах ворага. Праведзеная партызанамі аперацыя па ўзяцці і ўтрыманні станцыі Аўраменская дапамагла 17-й гвардзейскай кавалерыйскай дывізіі моцным ударам разбіць на шашы Рэчыца — Хой­нікі механізаваную нямецкую калону. Акрамя таго, брыгада сумесна з армейскімі часцямі ўдзельнічала ў вызваленні ад акупантаў больш дзесяці населеных пунктаў, у тым ліку райцэнт­ра Хойнікі. За праяўлены гераізм пры штурме добра ўмацаваных апорных пунктаў ворага ў вёсках Маклішча і Агароднікі восем партызан былі ўзнагароджаны ордэнам «Чырвоная Зор­ка» і два — медалём «За адвагу» [2, с. 359-361; 22, л. 64, 75; 23, с. 175-176; 25, с. 282, 291, 293; 28, с. 85, 120-121, 123; 31, с. 318].

Пры вызваленні шэрагу населеных пунктаў Палескай вобласці мясцовыя партызанскія фарміраванні ўзаемадзейнічалі з войскамі 1-га Украінскага фронту. Істотнай была дапамога 27-й Нараўлянскай брыгады імя С.М. Кірава часцям 415-й стралковай дывізіі пры вызваленні райцэнтра Нароўля, гарнізон якога налічваў 500 ваеннаслужачых, меў 13 танкаў, з іх тры тыпу «тыгр» і дзве самаходныя ўстаноўкі «Фердынанд». У штурме гэтага апорнага пункта ў ноч з 29 на 30 лістапада 1943 г. прынялі ўдзел больш за 200 партызан. Нямецкі гарнізон у райцэнтры Ельск быў атакаваны 27 лістапада 1943 г. сіламі 37-й Ельскай брыгады (камандзір А.С. Мішчанка) колькасцю 575 чал. і 12-га гвардзейскага палка колькасцю 750 байцоў і часова вызвалены ад акупантаў. Гэты гарнізон разглядаўся акупантамі як падрыхтаваны рубеж для адступлення нямецкай арміі і таму на пра­цягу двух сутак вораг правёў некалькі контра­так з боку чыгуначнай станцыі. Ва ўмовах, калі праціўнік кінуў у бой групоўку, падмацаваную 54 танкамі і самаходнымі гарматамі, партызаны і чырвонаармейцы, у якіх заканчваліся боепрыпасы, былі вымушаны адступіць на зыходную пазіцыю ў вёску Вішанькі [16, с. 29-31; 21, л. 15, 30-31; 29, с. 236-237].

Нараўне з удзелам у вызваленні населе­ных пунктаў партызанскія фарміраванні на пра­цягу Гомельска-Рэчыцкай наступальнай аперацыі аказвалі армейскім часцям дапамогу ў арганізацыі разведкі і будаўніцтве перапраў на рэках і праз непраходныя балоты, чым садзейнічалі больш хуткаму перамяшчэнню савецкіх войск у заходнім напрамку. Напрыклад, камандаванне 101-й Даманавіцкай брыгады накіравала ў 193-ю стралковую дывізію некалькі груп праваднікоў, якім давялося весці баі з гітлераўцамі ў раёне вёсак Блудзім і Карма Васілевіцкага раёна. Праводзілі актыўную разведку для савец­кіх войск партызаны Васілевіцкай брыгады імя П.К. Панамарэнкі, 37-й Ельскай брыгады, асобнага атрада К.Т. Сацуры. Партызанскія брыгады і асобныя атрады Палескай вобласці пасля злу­чэння з авангарднымі часцямі Чырвонай Арміі на працягу некалькіх дзён удзельнічалі ў інжынерных работах. Партызаны асобнага Парычскага атрада (камандзір М.М. Какоўка) 21 лістапада 1943 г. дапамаглі сапёрам 37-й Чырвонасцяжнай дывізіі пабудаваць мост праз раку Снедзь. Пас­ля заняцця станцыі Васілевічы партызаны 101-й брыгады па ўказанні армейскага камандавання 24-25 лістапада 1943 г. узвялі пераправу праз непраходнае балота Падлукі — Гогалева, Гогалева — Хомічы. Два масты на шашы Пагоннае — Дронікі пабудавалі партызаны асобнага атрада імя РІ. Катоўскага, а партызаны-мінёры расчысцілі подступы да вёскі Дронькі [17, л. 51; 18, л. 33, 35; 19, л. 20, 20, л. 53; 23, с. 177; 25, с. 258, 312; 28, с. 122].

Расфарміраванне партызанскіх брыгад і атрадаў Палескай вобласці пасля іх злучэння з часцямі Чырвонай Арміі і выканання пастаўленых баявых задач адбывалася ў адпаведнасці з указаннямі сакратара Палескага абкама КП(б)Б П.А. Лявіцкага і Ваеннага Савета 61-й ар­міі Беларускага фронту. Большасць партызан была накіравана ў дзеючую армію. Так, са складу 2-й Калінкавіцкай брыгады, якая налічвала 924 чал., у Чырвоную Армію былі накіраваны 800 партызан. З брыгады імя П.К. Панамарэнкі ў армейскія часці пайшлі 132 парты­заны, а са 101-й Даманавіцкай — 385 з 569 спісачнага саставу [17, л. 52; 19, л. 22; 22, л. 2; 25, с. 282, 291,28, с. 120-121].

Такім чынам, у Гомельска-Рэчыцкай наступальнай аперацыі прынялі актыўны ўдзел больш за 10 тыс. партызан Гомельскай і Палес­кай абласцей. Вялікая заслуга мсціўцаў у тым, што яны змаглі ўстанавіць у месцах сваёй дыслакацыі надзейны кантроль на камунікацыях і ў значнай ступені пазбавілі праціўніка магчымасці свабодна перамяшчацца ў прыфрантавой паласе. Гомельскія партызаны аказалі знач­ную дапамогу авангардным часцям Чырво­най Арміі ў вызваленні Рэчыцы, сумесн. з чырвонаармейцамі ачысцілі ад праціўніка правы бераг Дняпра і Беразіны працягласцю на дзясяткі кіламетраў і забяспечылі ахову перапраў для наступаючых савецкіх войск. Палескія пар­тызаны прынялі ўдзел у вызваленні дзясяткаў населеных пунктаў, у тым ліку пяці раённых цэнтраў. Паспяховаму руху Чырвонай Арміі ва ўмовах лясіста-балоцістай мясцовасці Палес­кай вобласці ш.ат у чым садзейнічала дапамога партызанскіх сіл у будаўніцтве перапраў праз рэкі і цяжкапраходныя балоты. Тысячы народных мсціўцаў прызыўнога ўзросту, накіраваныя ў Чырвоную Армію з партызанскіх фарміраванняў, істотна ўмацавалі яе баявыя падраздзяленні.

Літаратура і крыніцы

  1. Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941-1945: энцыклапедыя, Беларус. сав. энцыкл.; рэдкал.: І.П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск: БелСЭ, 1990. — 680 с.
  2. В грозные годы: воспоминания участников борьбы против нем.-фашист. оккупантов на территории Гомел. и Полес. обл. / редкол. А.И. Залесский [и др.]. — Минск: Беларусь, 1973. — 398 с.
  3. Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашист­ских захватчиков в годы Великой Отечественной войны: в 3 т. Т. 3 / Л.В. Аржаева [и др.]; редкол.: А.Н. Мацко [и др.]. — 1985. — 531 с. — Минск: Беларусь, 1983-1985.
  4. Гісторыя Беларускай ССР: у 5 т. / гал. рэд. калегія.: І.М. Ігнаценка [і інш.]. — Мінск: Навука і тэхніка, 1972-1975. — Т. 4: Беларусь напярэдадні і ў гады Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза (1938-1945 гг.) / рэдкал.: І.С. Краўчанка (гал. рэд.) [і інш.]. — 1975. — 640 с.
  5. Долготович, БД. В едином строю — к единой цели / Б.Д. Долготович. — Минск: Наука и техника, 1996. — 248 с.
  6. Из истории партизанского движения в Белоруссии (1941­1944 гг.): сб. воспомин. / редкол.: чл.-кор. АН БССР И.С. Крав­ченко [и др.]. — Минск: Госиздат БССР, 1961. — 506 с.
  7. Лемяшонак, У.І. Вызваленне — без грыфа «Сакрэтна» / У.І. Лемяшонак. — Мінск: Полымя, 1996. — 151 с.
  8. Липило, П.П. КПБ — организатор и руководитель партизан­ского движения в Белоруссии в годы Великой Отечеств. войны / П.П. Липило. — Минск: Госиздат БССР, 1959. — 260 с.
  9. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей — НА РБ). — Фонд 1450. — Воп. 4. — Спр. 251.
  10. НА РБ — Фонд 1450. — Воп. 4. — Спр. 256.
  11. НА РБ — Фонд 1450. — Воп. 4. — Спр. 257.
  12. НА РБ — Фонд 1450. — Воп. 4. — Спр. 259.
  13. НА РБ — Фонд 1450. — Воп. 4. — Спр. 260.
  14. НА РБ — Фонд 1450. — Воп. 4. — Спр. 264.
  15. НА РБ — Фонд 1450. — Воп. 4. — Спр. 268.
  16. НА РБ — Фонд 1450. — Воп. 4. — Спр. 278.
  17. НА РБ — Фонд 1450. — Воп. 4. — Спр. 279.
  18. НА РБ — Фонд 1450. — Воп. 4. — Спр. 280.
  19. НА РБ — Фонд 1450. — Воп. 4. — Спр. 285.
  20. НА РБ — Фонд 1450. — Воп. 4. — Спр. 287.
  21. НА РБ — Фонд 1450. — Воп. 4. — Спр. 288.
  22. НА РБ — Фонд 1450. — Воп. 4. — Спр. 292.
  23. Непокоренная Белоруссия: воспоминания и статьи о всена­родном партизанском движении в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (1941-1945 гг.). — М.: Воениздат, 1963. — 376 с.
  24. Памяць: Брагінскі р-н: гіст.-дакум. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск: Маст. літ., 2003. — 750 с.
  25. Памяць: гіст.-дакум. хроніка Калінкавіцкага р-на. — Мінск: Ураджай, 1999.-798 с.
  26. Памяць: гіст.-дакум. хроніка Рэчыцкага р-на. У 2 кн. Кн. 1. — Мінск: Беларусь, 1998. — 503 с.
  27. Памяць: Жлобін. Жлоб. р-н: гіст.-дак. хронікі гарадоў і р-наў Беларусі. — Мінск: БелЭн., 2000. — 750 с.
  28. Памяць: гіст.-дакум. хроніка Хойніцкага р-на. — Мінск: БелЭн, 1993. — 383с.
  29. Памяць: Нараўлян. р-н: гіст.-дак. хронікі гарадоў і р-наў Бела­русі — Мінск: Белта, 1998. — 445 с.
  30. Партизанские формирования Белоруссии в годы Великой Оте­чественной войны (июнь 1941 — июль 1944): краткие сведе­ния об орг. структуре партиз. соединений, бригад (полков), отрядов (батальонов) и их личном составе / А.Л. Манаенков [и др.]. — Минск: Беларусь, 1983. — 765 с.
  31. Партийное падполье в Белоруссии, 1941-1944: Витеб., Моги­лев., Гомел., Полес. обл.: страницы воспоминаний: сборник / Ин-т истории АН БССР, Ин-т истории партии при ЦК КП Бело­руссии; фил. Ин-та марксизма-ленинизма при ЦК КПСС; сост. С.К. Грабовский. — Минск: Беларусь, 1985 — 415 с.
  32. Рудак, А.Д. Экзамен на зрелость / Д.А. Рудак. — Минск: Бела­русь, 1981. — 287 с.
  33. Тимохович, И.В. Битва за Белоруссию 1941-1944 / И.В. Тимохович. — Минск: Беларусь, 1994. — 254 с.


Аўтар:
А.А. Крыварот
Крыніца: Весцi БДПУ. Сер. 2. Гiсторыя, філасофія, паліталогія, сацыялогія, эканоміка, культуралогія. — 2014. — N 2. — С. 8-15.