Савецкім ваенна-палітычным кіраўніцтвам былі мабілізаваны ўсе наяўныя ў краіне рэсурсы для разгрому германскіх войск і іх сатэлітаў на Волзе і Паўночным Каўказе. У рэалізацыі сваіх стратэгічных планаў Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандавання важнае месца адводзіла партызанскаму фактару. У такі лёсавызначальны для савецкай дзяржавы момант прыкметную ролю ў актывізацыі дзейнасці партызан у тыле праціўніка адыграла нарада прадстаўнікоў партыйных органаў, камандзіраў і камісараў партызанскіх злучэнняў і атрадаў, скліканая ЦК ВКП(б) у канцы жніўня – пачатку верасня 1942 г. у Маскве. Паводле аднаго з рашэнняў нарады, у якой прымала ўдзел кіраўніцтва СССР, прадугледжавалася перабазіраванне з бранскіх лясоў праз беларускую тэрыторыю на Правабярэжную Украіну злучэнняў С.А. Каўпака і А.М. Сабурава. Партызанскія фарміраванні павінны былі разгарнуць дыверсійную работу ў вызначаных раёнах, каб перашкодзіць ворагу дастаўляць рэзервы да Волгі і Паўночнага Каўказа, дзе ў той час адбываліся вырашальныя баі. Асаблівасцю гэтых рэйдаў стала ўзаемадзеянне беларускіх і ўкраінскіх партызан у лістападзе 1942 – лютым 1943 г.
Праблема баявой садружнасці беларускіх і ўкраінскіх партызан у адзначаны перыяд фрагментарна адлюстравана ў калектыўных работах [1–3], манаграфіях [4; 5], разнастайных зборніках [6–9], навукова-папулярных працах [10].
Нягледзячы на наяўнасць у публікацыях розных жанраў даволі значнай колькасці невялікіх па аб’ёме звестак па праблеме, у гістарыяграфіі яшчэ адсутчнічае комплекснае даследаванне ўплыву ўзаемадзеяння партызан суседніх рэспублік на магчымасці гітлераўскага камандавання па выкарыстанні транспартных камунікацый і іншых тылавых аб’ектаў на тэрыторыі Гомельшчыны для патрэб войск вермахта і іх сатэлітаў на паўднёвым участку савецка-германскага фрон ту ў лістападзе 1942 – лютым 1943 г.
Мэта артыкула – на аснове аналіза апублікаваных прац, дакументаў Нацыянальнага архіва Рэс публікі Беларусь паказаць уклад сумесных баявых дзеянняў партызан Беларусі і Украіны на тэрыторыі Гомельшчыны ў перамогу войск Чырвонай арміі падчас іх контрнаступлення на Волзе.
З прыбыццём на Гомельшчыну ў пачатку лістапада 1942 г. украінскіх рэйдавых злучэнняў С.А. Каўпака і А.М. Сабурава пачаўся новы этап партызанскай барацьбы супраць гітлераўскіх акупантаў на тэрыторыі Беларускага Палесся. Напярэдадні правядзення рэйда ўкраінскія партызаны для эфектыўнага выканання задач па разбурэнні чыгуначных камунікацый і іншых аб’ектаў праціўніка атрымалі самалётамі з савецкага тылу аўтаматычную зброю, вялікі запас узрыўчаткі, гарматы, мінамёты, медыкаменты, радыёстанцыі, абмундзіраванне [4, с. 130; 5, с. 64; 11, с. 109].
Злучэнні С.А. Каўпака і А.М. Сабурава, якія налічвалі ў сваім складзе адпаведна 1 084 і 1 620 байцоў, былі добра ўзброены, мелі сувязь з Цэнтрам і значны вопыт узброенай барацьбы супраць германскіх акупантаў. Адразу пасля прыбыцця на беларускую тэрыторыю ўкраінскія партызаны ўстанавілі кантакты з мясцовымі партызанскімі падраздзяленнямі. У пачатку другой дэкады лістапада 1942 г. у вёсцы Міхалёўка Лоеўскага раёна сакратар Гомельскага падпольнага абкама І.П. Кожар, сакратары Гомельскага падпольнага гаркама КП(б)Б Е.І. Барыкін і С.Ф. Антонаў, сакратар Гомельскага падпольнага абкама камсамола Д.А. Рудак, камандзіры атрадаў А.М. Бяленчык і М.П. Аніпка сустрэліся з камандаваннем злучэнняў. Беларускім атрадам была аказана аператыўная дапамога ва ўстанаўленні сувязі з Цэнтрам. Для пастаяннага абмену разведінфармацыяй пры штабе ўкраінскага злучэння на пэўны час застаўся Д.А. Рудак. Ад мясцовых партызан і падпольшчыкаў украінскія партызаны атрымлівалі разведзвесткі, неабходныя для правядзення рэйда. У сваю чаргу гомельскім партызанам была перададзена невялікая колькасць зброі і боепрыпасаў: два ротныя мінамёты і 20 мін да іх, процітанкавае ружжо і патроны да яго, дзве скрыні патронаў для вінтовак, тры аўтаматы, 50 гранат і некалькі проціпяхотных мін.
Падчас яшчэ адной нарады ў штабе С.А. Каўпака 13 лістапада 1943 г. у пасёлку Лясное з удзелам камандзіраў беларускіх атрадаў А.М. Бяленчыка, М.Ф. Турчынскага, В.П. Палавінкі, І.С. Фядосенкі была абмеркавана падрыхтоўка сумеснага ўдару па чыгуначнай станцыі Дзямехі. Камандаванне беларускіх атрадаў таксама ўстанавіла сувязь са штабам злучэння А.М. Сабурава, які размяшчаўся ў вёсцы Амелькаўшчына [4, с. 136, 147; 6 с. 545; 8, с. 56, 367; 9, с. 363; 10, с. 52–53].
З моманту прыбыцця рэйдавых злучэнняў на беларускую тэрыторыю і да лютага 1943 г. асноўным відам іх узаемадзеяння з мясцовымі партызанамі былі сумесныя ўдары па гарнізонах праціўніка ў населеных пунктах і на чыгуначных станцыях, што давала магчымасць зрываць пастаўкі людскіх і матэрыяльных рэсурсаў ворага на фронт. Ужо праз некалькі дзён пасля фарсіравання Дняпра ў раёне Лоева ўкраінскія партызаны разам з мясцовымі падраздзяленнямі разграмілі апорныя пункты ворага ў Вялікіх Вайдовічах, Буйновічах, Рашаве, Гаршкове, Бывалках і Крупейках. Найбольш значнай сумеснай баявой аперацыяй быў напад на варожы гарнізон у райцэнтры Хойнікі, які налічваў да 350 акупантаў. У баявой аперацыі разам з дзвюма ротамі злучэння А.М. Сабурава прымалі ўдзел атрады: Лоеўскі «За Радзіму» (камандзір Р.І. Сінякоў) і Гомельскі «Бальшавік» (камандзір І.С. Фядосенка). Змаганне за апорны пункт пачалося ў ноч з 14 на 15 лістапада 1942 г. і працягвалася амаль 14 гадзін. У гэтым баі каманда падрыўнікоў узарвала вадакачку, два чыгуначныя масты, знішчыла ўсе стрэлачныя пераводы, ачысціла і падпаліла пакгаўзы. Падчас нападу партызаны ліквідавалі 218 акупантаў і 20 узялі ў палон. Цяжкія страты панеслі і партызаны: 16 чалавек забіты і 25 паранены. У выніку яшчэ адной сумеснай аперацыі з удзелам роты Рэчыцкага атрада і батальёна злучэння С.А. Каўпака ў ноч на 16 лістапада 1942 г. партызаны захапілі чыгуначную станцыю Дзямехі, узарвалі завод, вывелі з эксплуатацыі сувязь і станцыйнае абсталяванне. Разгром гарнізонаў у Хойніках і Дзямехах меў не толькі вялікае значэнне для ўздыму баявога духу партызан. Захоп вялікіх складоў з прадуктамі дазволіў істотна папоўніць свае харчовыя запасы мясцовым атрадам і ўкраінскім злучэнням, якія рыхтаваліся да выхаду на камунікацыі праціўніка ў Кіеўскай, Жытомірскай і Ровенскай абласцях. Частка захопленых прадуктаў, жывёлы і збожжа была перададзена жыхарам навакольных вёсак [2, с. 352; 3, с. 480; 5, с. 76; 10, с. 53, 56].
Рэйд злучэнняў С.А. Каўпака і А.М. Сабурава па тэрыторыі Гомельшчыны стаў моцным імпульсам для актывізацыі дзейнасці мясцовых партызанскіх атрадаў і груп, якія ў шэрагу выпадкаў часова далучаліся да ўкраінскіх фарміраванняў і сумесна змагаліся супраць германскіх акупантаў і іх памагатых. Ельскі атрад (камандзір А.С. Мішчанка) з канца лістапада 1942 г. на працягу двух месяцаў дзейнічаў разам са злучэннем С.А. Каўпака. Падраздзяленне захоўвала самастойнасць, але знаходзілася ў раёне базіравання рэйдавага злучэння. За гэты час атрад павялічыўся да 250 чалавек, умацаваўся арганізацыйна, узбагаціўся баявым вопытам. Першай сумеснай аперацыяй украінскіх партызан і Ельскага атрада быў разгром буйнога варожага гарнізона ў райцэнтры Лельчыцы. Для разбурэння інжынерных збудаванняў праціўніка ў Лельчыцах злучэнне С.А. Каўпака шырока прымяніла гарматы. Падчас бою з 25 на 26 лістапада 1942 г. партызаны вызвалілі з турмы больш за 100 савецкіх грамадзян, знішчылі сотні акупантаў, дзве бронемашыны, электрастанцыю, тры нямецкія прадпрыемствы, два масты праз раку Убарць. Акрамя таго, зімой 1942–1943 гг. каўпакаўцы і мясцовыя партызаны нападалі на тылавыя аб’екты ворага ў Тураўскім і Жыткавіцкім раёнах [2, с 352; 3, с. 480; 5, с. 76; 8, с. 157; 10, с. 53–54; 12, л. 6; 13, л. 11, 35; 14, л. 50 аб].
Асноўным раёнам дыслакацыі злучэння С.А. Каўпака і Ельскага атрада ў канцы лістапада 1942 г. сталі лясы паміж Лельчыцкім і Алеўскім раёнамі на мяжы Беларусі і Украіны непадалёку ад чыгункі Сарны – Корасцень. Адсюль партызаны ў ноч на 5 снежня 1942 г. нанеслі моцны ўдар па камунікацыях праціўніка. У выніку аперацыі, якая атрымала назву «Сарненскі крыж», групы падрыўнікоў узарвалі дзевяць чыгуначных мастоў на ўчастках Сарны – Лунінец, Сарны – Ковель, Сарны – Роўна, Сарны – Корасцень і такім чынам парушылі рух на ўсіх чыгуначных лініях, якія падыходзілі да станцыі Сарны. Партызаны змаглі паралізаваць работу чыгуначнага вузла амаль на паўтара месяцы, як раз у той час, калі Чырвоная армія разгарнула контрнаступленне супраць германскіх войск і іх сатэлітаў пад Сталінградам [2, с. 355; 10, с. 56].
Прыкметны ўплыў на разгортванне ўзброенага супраціўлення ворагу на паўднёвым захадзе Гомельшчыны ў канцы 1942 – пачатку 1943 г. аказала злучэнне А.М. Сабурава. Адразу пасля разгрому гарнізона ў Хойніках украінскія і беларускія партызаны фарсіравалі Прыпяць, а затым занялі вёску Барбараў і райцэнтр Нароўля. Беларуская тэрыторыя на правабярэжжы Прыпяці стала плацдармам, адкуль былі нанесены ўдары па камунікацыях праціўніка на поўначы Жытомірскай вобласці і населенаму пункту Славечна. Разам з актыўнымі ўдарамі па тылавых аб’ектах праціўніка ўкраінскае злучэнне аказвала пэўную арганізацыйную і баявую дапамогу мясцовым падраздзяленням. Напрыклад, некалькі месяцаў у склад украінскага злучэння ў якасці самастойнай адзінкі ўваходзіў Лельчыцкі атрад (камандзір І.А. Колас). Баявы вопыт беларускае падраздзяленне набірала ў сумесных баях з украінскімі партызанамі па разбурэнні камунікацый і разгроме апорных пунктаў захопнікаў у Лельчыцкім, Петрыкаўскім, Мазырскім раёнах. Пастаянны колькасны рост Лельчыцкага атрада дазволіў у будучым выдзеляць арганізатарскія групы для разгортвання партызанскага руху ў Петрыкаўскім, Жыткавіцкім і Тураўскім раёнах.
Асаблівасцю дыслакацыі ўкраінскіх рэйдавых злучэнняў зімой 1942–1943 г. на тэрыторыі беларускага Палесся было тое, што іх падраздзяленні пры выкананні баявых задач час ад часу дзейнічалі аўтаномна ў той ці іншай мясцовасці рэгіёна. Напрыклад, батальён под камандаваннем І.Д. Селівоненкі са злучэння А.М. Сабурава базіраваўся на тэрыторыі Нараўлянскага раёна і ўзаемадзейнічаў з мясцовым атрадам імя С.М. Кірава (камандзір У.П. Яромаў). Пачынаючы з другой дэкады снежня 1942 г. беларускія і ўкраінскія партызаны правялі шэраг выніковых аперацый на левябярэжжы ракі Славечна, у тым ліку разграмілі паліцэйскія ўчасткі ў вёсках Белабярэжская Рудня і Кірава [8, с. 482, 14, л. 51аб; 15, л. 3].
Баявая актыўнасць украінскіх рэйдавых злучэнняў на транспартных камунікацыях, выніковыя ўдары па гарнізонах, агульны ўздым руху супраціўлення акупантам на беларускім Палес сі выклікалі сурьёзную занепакоенасць у гітлераўскага камандавання. Для барацьбы з беларускімі і ўкраінскімі партызанамі ў рэгіёне акупанты на працягу некалькіх тыдняў сфармі равалі буйную групоўку з адборных часцей СС, жандармерыі і паліцыі. Нягледзячы на катастрафічнае становішча германскіх войск і іх сатэлітаў у другой палове снежня 1942 г. пад Сталінградам, для барацьбы з партызанамі прыцягваліся і франтавыя часці. Першы ўдар карнікаў сіламі дзвюх груповак у складзе пяці батальёнаў быў нанесены з раёна вёскі Хочын па месцы дыслакацыі злучэн ня С.А. Каўпака і Ельскага атрада. 22 снежня 1942 г. беларускія партызаны сумесна з дзвюма ротамі 3-га батальёна ўкраінскага злучэння на поўдзень ад населенага пункта Глушкевічы на працягу чатырох гадзін адбівалі наступленне акупантаў колькасцю больш за 700 чалавек. За гэты час на ўчастку Ельскага атрада былі знішчаны дзясяткі карнікаў, а страты партызан склалі 6 забітых і 7 параненых. Пасля двух сутак бесперапынных жорсткіх атак акупантаў беларускія і ўкраінскія партызаны ў сувязі з недахопам боепрыпасаў, значнай перавагай ворага ў асабовым складзе і ўзбраенні пакінулі раён баёў і сталі прабівацца ў паўночным напрамку. На сваім шляху злучэнне С.А. Каўпака і Ельскі атрад у 20-гадзінным кровапралітным баі прарваліся праз заслон варожага батальёна ў населеным пункце Букча Тураўскага раёна, разбілі зборны батальён акупантаў каля вёскі Тонеж, фарсіравалі Прыпяць і размясціліся каля возера Чырвонае ў Жыткавіцкім раёне [7, с. 548; 11, с. 131–134; 12, л. 5аб; 13, л. 21].
На новым месцы дыслакацыі з мэтай каардынацыі баявых дзеянняў 3 студзеня 1943 г. у вёсцы Ляхавічы па ініцыятыве С.А. Каўпака была праведзена нарада, у якой прынялі ўдзел камандзіры партызанскіх фарміраванняў Гомельшчыны, Брэстчыны і Міншчыны. Усяго ў студзені 1943 г. злучэнне С.А. Каўпака падтрымлівала сувязі больш чым з 50 беларускімі партызанскімі фарміраваннямі. Пры дапамозе беларускіх партызан і мясцовага насельніцтва злучэнне С.А. Каўпака на лёдзе Чырвонага возера абсталявала пасадачную пляцоўку, што дало магчымасць з 15 студзеня 1943 г. прымаць з Вялікай зямлі самалёты са зброяй, боепрыпасамі, узрыўчаткай, медыкаментамі, а таксама адпраўляць у савецкі тыл параненых і цяжка хворых.
Функцыянаванне аэрадрома на працягу двух тыдняў садзейнічала ўмацаванню баяздольнасці партызан регіёна і актывізацыі дыверсійнай дзейнасці на камунікацыях. У канцы студзеня 1943 г. базіраванне беларускіх і ўкраінскіх фарміраванняў у населеных пунктах каля Чырвонага возера стала немагчымым праз пастаянныя налёты нямецкай авіяцыі на партызанскія вёскі, разбурэнне акупантамі аэрадромнай паласы, а таксама ў сувязі з падрыхтоўкай у раёне буйной карнай экспедыцыі. Паводле рашэння, прынятага на нарадзе каманднага складу партызанскіх фарміраванняў 28 студзеня 1943 г., злучэнне С.А. Каўпака, каб адцягнуць на сябе сілы акупантаў, у пачатку лютага 1942 г. пакінула сваю базу і з баямі стала прабівацца ў напрамку Пінска. У новай баявой сітуацыі Ельскі атрад, які атрымаў з Вялікай зямлі радыёстанцыю і боепрыпасы, перайшоў да самастойных баявых дзеянняў на чыгунцы і шашы Мазыр – Оўруч [7, с. 401, 548; 11, с. 131–134; 12, л. 5 аб; 13, л. 35].
Яшчэ адным аб’ектам нападу карнікаў стала месца сумеснага базіравання беларускага атрада У.П. Яромава і ўкраінскага батальёна І.Д. Селівоненкі. У канцы снежня 1942 г. – пачатку студзеня 1943 г. партызаны былі блакіраваны паміж вёскамі Хільчыха і Дубень у Нараўлянскім раёне падраздзяленнямі СС і жандармерыі, батальёнам і артбатарэяй 2-й славацкай дывізіі, якія захапілі вёскі Антонаў, Грушаўка, Белабярэжская Рудня. З прычыны значнай колькаснай перавагі акупантаў і недахопу боепрыпасаў партызанскія падраздзяленні не сталі ўвязвацца у зацяжныя баі з ворагам і дзякуючы моцнаму ўзгодненаму ўдару вырваліся з блакады. Падчас маршу, які адбываўся ў цяжкіх умовах, беларускім і ўкраінскім партызанам удалося фарсіраваць Прыпяць і прабіцца праз заслон немцаў і паліцаяў у вёсцы Мухаеды. У выніку жорсткага бою партызаны знішчылі 18 акупантаў, а са свайго боку страцілі трох байцоў. У амель каўскіх лясах Хойніцкага раёна, куды перайшлі беларускія і ўкраінскія партызаны з На раў лян скага раёна, ужо знаходзіліся пяць атрадаў Гомельскага партызанскага злучэння [1, с. 311–312; 8, с. 482, 484; 15, л. 5–6].
Сітуацыю з канцэнтрацыяй у амелькаўскіх лясах значнай колькасці партызанскіх сіл вырашыла выкарыстаць гітлераўскае камандаванне, каб ліквідаваць падраздзяленні Гомельскага злучэння, Нараўлянскі атрад і ўкраінскі батальён І.Д. Селівоненкі. У пачатку трэцяй дэкады студзеня 1943 г. у раён базіравання партызан была сцягнута вялікая групоўка праціўніка колькасцю да 8 тыс. салдат і афіцэраў у складзе 2-й славацкай дывізіі, зборнага батальёна мадзяр, падраздзяленняў немцаў і паліцаяў, а таксама воінскай часці французаў, якая накіроўвалася на фронт. Для падтрымкі наступу карнікаў гітлераўскае камандаванне накіравала артылерыйскія, танкавыя і авіяцыйныя падраздзяленні. Беларускія і ўкраінскія партызаны 26 і 27 студзеня 1943 г. стрымлівалі навалу карнікаў шляхам правядзення засад і манеўраных баёў. Калі абстаноўка ў раёне баёў істотна пагоршылася, на нарадзе камандна-палітычнага складу было вырашана тэрмінова змяніць месца дыслакацыі. Падчас маршу ў новы раён з 30 студзеня да 4 лютага 1943 г. беларускія і ўкраінскія падрадзяленні прайшлі каля 100 кіламетраў, разграмілі восем паліцэйскіх участкаў, у тым ліку ў вёсках Карма, Пружынішчы, Гараховішчы, Чэрнін, Уюнішчы, Любань, здабылі звыш 80 вінтовак, шэсць кулямётаў, значную колькасць боепрыпасаў. Найбольш складаным быў пераход чыгункі Калінкавічы – Рэчыца, дзе ў сутычках з ворагам прымалі ўдзел амаль усе партызанскія сілы. Нягледзячы на тое, што па чыгуначнай лініі ўвесь час курсіраваў нямецкі бронецягнік, які з кулямётаў і гармат вёў моцны агонь, партызанам колькасцю 3 тыс. чалавек удалося паспяхова фарсіраваць чыгунку. На тэрыторыі Акцябрска-Любанскай зоны беларускія і ўкраінскія партызаны перагрупавалі свае сілы, папоўнілі запасы боепрыпасаў, адправілі параненых у савецкі тыл і ў канцы лютага 1943 г. накіраваліся ў Рэчыцкі раён, дзе разгарнулі баявыя дзеянні супраць акупантаў [1, с. 311–312; 8, с. 57–58, 482, 484; 15, л. 5–6].
Знаходжанне на акупіраванай тэрыторыі Беларусі рэйдавых злучэнняў С.А. Каўпака і А.М. Сабурава садзейнічала пашырэнню партызанскага руху і падвышэнню баяздольнасці мясцовых партызан у шэрагу раёнаў Палескай вобласці ў лістападзе 1942 г. – лютым 1943 г.
Асноўным відам узаемадзеяння беларускіх і ўкраінскіх партызан былі баявыя ўдары па фашысцскіх тылавых аб’ектах. У азначаны перыяд партызанскія фарміраванні сумесна падар ва лі 15 мастоў на чыгуначных лініях і сем на шашэйных дарогах, разграмілі дзве чыгуначныя станцыі з абсталяваннем і прадпрыемствамі, значным запасам паліва для патрэб фронту, ліквідавалі некалькі дзясяткаў апорных пунктаў ворага, забілі і паранілі больш за тысячу аку пан таў. Пры разгроме буйных гарнізонаў праціўніка ў райцэнтрах Хойнікі і Лельчыцы быў захоплены вялікі запас сельскагаспадарчай прадукцыі, нарабаванай акупантамі ў мясцовага насельніцтва і падрыхтаванай для адпраўкі на фронт.
Партызаны сваімі актыўнымі баявымі дзеяннямі вымушалі акупацыйны рэжым трымаць у рэгіёне значную групіроўку ахоўных войск, а таксама прыцягваць для правядзення карных аперацый франтавыя фарміраванні, уключаючы артылерыйскія, танкавыя і авіяцыйныя падраздзяленні.
Вышэй адзначанае дазваляе канстатаваць, што ў выніку сумесных аперацый беларускіх партызан і рэйдавых украінскіх злучэнняў на Гомельшчыне гітлераўскае камандаванне было пазбаўлена магчымасці бесперашкодна выкарыстоўваць транспартныя камунікацыі і іншыя тылавыя аб’екты рэгіёна для забеспячэння франтавых часцей вермахта неабходнай колькасцю матэрыяльных і людскіх рэсурсаў.
Баявыя дзеянні беларускіх і ўкраінскіх партызан на тэрыторыі Палескага рэгіёна можна разглядать у якасці рэальнай дапамогі Чырвонай арміі ў разгроме германскай вайсковай групоўкі у раёне Волгі ў канцы студзеня – пачатку лютага 1943 г.
Спіс выкарыстаных крыніц
- Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны: в 3 т. / редкол.: А.Т. Кузьмин [и др.]. – Минск: Беларусь, 1984. – Т. 2. – 551 с.
- Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны: в 3 т. / редкол.: А.Т. Кузьмин [и др.]. – Минск: Беларусь, 1985. – Т. 3. – 531 с.
- Гісторыя Беларускай ССР: у 5 т. / рэдкал.: І.М. Ігнаценка [і інш.]. – Мінск: Навука і тэхніка, 1972– 1975. – Т. 4: Беларусь напярэдадні і ў гады Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза (1938–1945 гг.) / рэдкал.: І.С. Краўчанка (гал. рэд.) [і інш.]. – 1975. – 640 с.
- Богатырь, З.А. Борьба в тылу врага / З.А. Богатырь. – М.: Мысль, 1969. – 470 с.
- Зенина, А.Н. Боевое содружество советских партизан в годы Великой Отечественной войны, 1941– 1944 / А.Н. Зенина. – Киев: Наук. думка, 1985. – 208 с.
- Всенародное партизанское движение в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 – июль 1944). Документы и материалы: в 3 т. – Минск: Беларусь, 1967. – Т. 1. – 744 с.
- Всенародное партизанское движение в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 – июль 1944). Документы и материалы: в 3 т. (ноябрь 1942 – июнь 1943). – Минск: Беларусь, 1973. – Т. 2, кн. 1. – 680 с.
- Из истории партизанского движения в Белоруссии (1941–1944 гг.): сборник воспоминаний / редкол.: чл.-кор. АН БССР И.С. Кравченко [и др.]. – Минск: Госиздат БССР, 1961. – 506 с.
- Советские партизаны: из истории партизанского движения в годы Великой Отечественной войны: сб. ст. / ред.-сост. В.Е. Быстров. – 2-е изд., испр. и доп. – М.: Гослитиздат, 1963. – 799 с.
- Филимонов, А.А. В едином боевом строю: о совместных действиях русских, белорусских, украинских, литовских, латышских, молдавских партизан / А.А. Филимонов, А.Д. Титов, Н.И. Эполетов // Нац. акад. наук Беларуси, Ин-т истории Беларуси; ред. А.М. Литвин. – Минск: Ин-т истории НАН Беларуси, 2005. – 126 с.
- Ковпак, С.А. От Путивля до Карпат / С.А. Ковпак. – Київ: Держлітвидав України, 1962. – 202 с.
- Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. – Ф. 1450. Воп. 4. Спр. 269.
- НА РБ. – Ф. 1450. Воп. 4. Спр. 278.
- НА РБ. – Ф. 1450. Воп. 4. Спр. 283.
- НА РБ. – Ф. 1450. Воп. 4. Спр. 288.
Аўтар: А.А. Крыварот
Крыніца: Вестник Академии МВД Республики Беларусь. 2019. № 2 (38). С. 227-232.