Уваходжанне Гомельшчыны ў склад БССР

0
1491
Узбуйненне БССР і далучэнне Гомельшчыны

У 1920-я гг. першыя спробы паставіць пытанне аб неабходнасці пашырэння тэрыторыі БССР былі звязаны з праектамі эканамічнага раяніравання савецкіх рэспублік. У той час гэтыя праекты разглядаліся ў якасці асновы практычнай рэалізацыі вядомай ідэі “аўтанамізацыі”. Дзяржпланам РСФСР прадугледжвалася стварэнне ў еўрапейскай частцы на аснове савецкіх рэспублік 12 эканамічных вобласцей, у азіяцкай — 9. Смаленская, Гомельская, Віцебская губерні ССРБ, шэраг паветаў Пскоўскай i Калужскай губерняў павінны былі ўвайсці ў склад Заходняй вобласці з цэнтрам у Смаленску1.

Кіраўніцтва ССРБ спрабавала выкарыстаць ідэю эканамічнага раяніравання для пастаноўкі пытання аб узбуйненні рэспублікі за кошт этнічна-беларускіх тэрыторый, што заставаліся ў складзе РСФСР. У 1921 г. яно прапанавала свой варыянт Заходняй вобласці ў складзе ССРБ, Гомельскай, Віцебскай і 4 паветаў Смаленскай губерняў з цэнтрам у Мінску. Беларускі варыянт пераследваў не толькі і не столькі эканамічныя, як палітычныя і нацыянальныя мэты. У. Ігнатоўскі ў 1924 г. ацэньваў праект так: “Гэта былі першыя крокі на шляху ўтварэння пашыранай Беларусі, што заклікалася рэальнымі ўмовамі жыцця як эканамічнага, так і палітычнага. З гэтага часу пытанне аб межах Беларускай вобласці пачало апрацоўвацца і ставіцца як пытанне, якое павінна быць вырашана ў напрамку, вызначаным КПБ”2.

Аднак у Маскве быў прыняты “смаленскі варыянт”. Прадстаўнікі Беларусі ў гэтай рабоце ўдзельнічалі эпізадычна. Кіраўніцтва ж Гомельскай губерні да абодвух варыянтаў паставілася адмоўна. “Смаленскі” яно лічыла “кабінетным”, а “беларускі” — “анексіянісцкім” у адносінах да Гомельшчыны.

У чэрвені 1923 г. у сувязі з нацыянальнай нарадай у Маскве ЦК КП(б)Б накіравала ў ЦК РКП(б) дакладную запіску аб неабходнасці пашырэння БССР за кошт этнічна-беларускіх тэрыторый. Былі таксама пададзены ў ЦК запіскі Гомельскага i Віцебскага губкамаў, якія разглядалі пытанне аб пашырэнні Беларусі з пазіцый інтарэсаў гэтых губерняў. Для разгляду пытання была створана спецыяльная камісія з прадстаўнікоў РСФСР, БССР і УССР.

У снежні 1923 г. VII з’езд Саветаў Гомельскай губерні прыняў пастанову аб неабходнасці далучэння да БССР 5 паветаў (Гомельскага, Рэчыцкага, Рагачоўскага, Магілёўскага, Клімавіцкага), якія “ў эканамічных, этнагарафічных і нацыянальна-бытавых адносінах арганічна звязаны з Беларусіяй” і даручыў губвыканкаму “прыступіць да выканання дадзенай пастановы”. Былі абраны таксама 103 делегаты на Ўсебеларускі з’езд Саветаў3.

У параўнанні з іншымі губернямі заходняй часткі РСФСР Го­мельская была даволі развітай у прамысловым і сельскагаспадарчым плане. Пры адсутнасці цяжкай прамысловасці тут існавалі буйныя перапрацоўчыя прадпрыемствы. У 1922 г. губерня вырабіла ад агульнарасійскай вытворчасці 50 % запалак, 20 % паперы, 5 % тэкстылю. Па аб’ёму валавай прамысловай прадукцыі ў 1923-1924 гг. Гомельшчына не саступала тагачаснай БССР4.

Але прамысловы патэнцыял знаходзіўся не ў лепшым выглядзе. Той жа VII губернскі з’езд Саветаў зазначыў: “абсталяванне і цеплавая гаспадарка нашых прадпрыемстваў знаходзіцца ў стане значнай зношанасці, канструкцыя машын састарэла і прамысловасць патрабуе перабудовы”.

Апроч таго, гомельская прамысловасць значна залежала ад пастаўкі сыравіны. Ды 40 % агульных аб’ёмаў губернскай прамысловасці давалі прадпрыемствы, што былі звязаны з пастаўкай сыравіны з БССР. Напрыклад, у 1923 г. да 50% сыравіны для выканання праграм Гомлеса неабходна было ўзяць з БССР, запалкавай — да 70%. У верасні 1923 г. кіраўнікі гомельскай прамысловасці падкрэслівалі: “Мы непазбежна павінны штурхацца ў дзверы беларускага Наркамзема, каб нашы заводы не заставаліся без сыравіны. Пры такім становішчы атрымліваецца бязглуздзіца, якая ставіць пад пагрозу зрыву ўсю нашу вытворчую праграму”5.

Аднак рашэнне VII Гомельскага губернскага з’езда ў значнай ступені было пакінута па-за ўвагай. Прэзідыўм ЦВК РСФСР пастановай ад 4 лютага 1924 г. перадаў БССР з тэрыторыі Гомель­скай губерні паветы Магілёўскі, Рагачоўскі, Быхаўскі, Клімавіцкі, Чэрыкаўскі і Чавускі, частку Рэчыцкага, пакінуўшы ў складзе РСФСР 2 эканамічна мацнейшыя паветы — Гомельскі і Рэчыцкі. У выніку да БССР адышла тэрыторыя, якая складала 49 % тэрыторыі губерні, на якой пражывала 46 % насельніцтва, знаходзілася 28 % цэнзавых прамысловых прадпрыемстваў, 45 % сялянскіх гаспадарак. З прамысловых прадпрыемстваў найбольш значнымі былі толькі дрэвамасны завод “Друць” у Рагачове і шклоўская папяровая фабрыка “Спартак”6.

У гэты час кіраўніцтва Гомельшчыны не мела выразнай стратэгічнай лініі па пытанні далейшага лёсу губерні. Калі ў пачатку 1923 г. праекты БССР разглядаліся ім як “анексіянісцкія”, то ў канцы 1923 г. адносіны да гэтай ідэі змяніліся на адваротныя. У студзені-лютым 1924 г. гаварылася аб неабходнасці замацавання губерні за РСФСР, а летам таго ж года — аб большым прыцягненні да Беларусі. У значнай ступэні гэта вызначалася заблытанасцю пытання аб нацыянальным складзе насельніцтва Гомельскага i Рэчыцкага паветаў. Вынікі перапісаў 1897, 1917, 1920 гг. значна адрозніваліся: калі 2 першых паказалі пераважнасць беларусаў, то перапіс 1920 г. — рускіх. Акрамя таго, па перапісе 1920 г. рускамоўнага насельніцтва аказалася значна больш, чым рускіх па нацыянальнай прыналежнасці. Упэўненага адказу на пытанне аб нацыянальным складзе паветаў не атрымлівалася. Таму ў якасці выйсця беларускае кірауніцтва вылучыла тэзіс аб неабходнасці карэктыроўкі нацыянальнай прыкметы эканамічнай мэтазгоднасцю.

Супярэчлівымі аказаліся і вынікі гарадскога перапісу 1923 г. і агульнасаюзнага 1926 г. Яны паказалі значнае павялічэнне за гэтыя некалькі гадоў колькасці рускіх у горадзе (з 7 % да 29 %) і зніжэнне колькасці беларусаў (з 36% да 22 %)7.

Па-першае, такія вынікі магчыма растлумачыць ростам гарадскога насельніцтва за кошт рускіх мігрантаў (за 1923-1926 гг. рост насельніцтва Гомеля склаў 10%). Па-другое, пэўныя працэсы адбываліся ў выніку пашырэння сферы карыстання рускай мовы ў сувязі з уваходжаннем горада ў склад РСФСР. Па-трэцяе, культурна-асветніцкая работа сярод беларусаў знаходзілася ў зародкавым стане — у 1926 г. у Гомелі не было ніводнай беларускай асветніцкай установы.

У пачатку 1926 г. кіраўніцтва савецкай Беларусі паставіла пытанне аб далучэнні да рэспублікі Гомельскага і Рэчыцкага паветаў. У якасці абгрунтавання вылучаліся наступныя довады: прыродна-кліматычнае адзінства тэрыторыі, адзінства гаспадарчай дзейнасці з перавагай сельскагаспадарчай вытворчасці, неабход­насць узмацнення прамысловай базы Беларусі і вырашэння нацыянальнага пытання8.

Супраць уз’яднання гэтых паветаў з БССР выступіў Гомельскі губкам. У якасці аргументаў прыводзілася, па-першае, тое, што губерня ў эканамічных адносінах мае ўсе падставы для самастойнага існавання, і падзел яе тэрыторыі паміж РСФСР i БССР разбурыць губернскую прамысловасць; па-другое, што асноўную масу насельніцтва быццам бы складаюць небеларусы, таму яно будзе рэзка супраць далучэння.

Пытанне было перанесена на разгляд ЦК УКП(б), які стварыў камісію і накіраваў яе на Гомельшчыну. 18 лістапада 1926 г. Цэнтральнае Бюро ЦК УКП(б) прыняло рашэнне аб неабходнасці далучэння Гомельскага i Рэчыцкага паветаў да БССР, адзначыўшы, што “пры рашэнні такога пытання нельга зыходзіць з эканамічных меркаванняў, а неабходна ўлічваць толькі нацыянальны склад насельніцтва. Што ж датычыць гэтага пытання, то можна лічыць бясспрэчна ўстаноўленым, што пераважаючае насельніцтва двух паветаў беларускае, хаця апошняе i настроена супраць далучэн­ня”9.

Аналіз архіўных дакументаў дазваляе вылучыць асноўныя праблемы, што хвалявалі насельніцтва гэтых паветаў. Па-першае, гэга пытанне беларусізацыі, боязнь яе гвалтоўнага ажыццяўлення. Па-другое, занепакоенасць пагаршэннем матэрыяльнага становішча. Нарэшце, хваляваў характар вырашэння пытання. Меркаванне насельніцтва ўлічваліся мала, сходы грамадзян праводзіліся толькі пасля прыняцця рашэння цэнтральнымі ўладамі. Тыповы настрой на гэтых сходах быў такі: “Зараз спрачацца няма аб чым, галавой сцяну не праб’еш”. У сітуацыі, калі рашэнне было прынята на ўзроўні вышэйшага кіраўніцтва, Гомельскі губкам на сваім пленуме ў снежні 1926 г. падтрымаў яго. Пры гэтым у пастанове пленум падкрэсліў задаволеннасць указанням ЦК УКП(б), “патрабуючым безумоўнага зжыцця элементаў прымусовай беларусізацыі i поўнага забеспячэння нацменшасцяў”10.

Далучэнне Гомельшчыны да БССР і ў 20-я гг. было важным крокам на шляху аб’яднання этнічна-беларускіх тэрыторый у адзінай беларускай дзяржаве. Але гэта пытанне вырашалася звычайнымі для таго часу камандна-адміністрацыйнымі метадамі.

Літаратура

  1. ДАГВ. Ф.24. Воп. 1. Спр.309. Арк.60.
  2. Нарысы гісторыі, эканомікі, культуры І рэвалюцыйнага руху. Мн. 1924. С.234-235.
  3. ДАГВ. Ф.24. Воп. 1. Спр.344. Арк.94.
  4. НАРБ. Ф.6. Воп. 1. Спр.944. Арк. 115.
  5. ДАГВ. Ф.24. Воп.1. Спр.344. Арк. 130; Спр.64. Арк.68-69
  6. НАРБ. Ф.6. Воп.1. Спр.346. Арк.338.
  7. Там жа. Ф.30. Воп. 1. Спр.4302. Арк. 16-18.
  8. Там жа, Ф.6. Воп.1. Спр.944. Арк. 100-102.
  9. Філіял ДАГВ у Гомелі. Ф.З. Воп.1. Спр.8, Арк.31
  10. Там жа.

Аўтары: Г.У. Елізарава, С.А. Елізараў
Крыніца: Гомельшчына: старонкі мінулага. II выпуск. — Гомель, 1996. Ст. 134-138.