Успамін — салодкі, боль — несціханы

0
946

Прыязджаю да бацькоў і сэрца баліць, захлынаецца ад жалю. Вёска майго юнацтва Покаць Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці зусім не тая, якой была. У 1970-1980-я гады маёй вучобы ў Покацкай СШ яна месцілася ў прыгожым двухпавярховым каменным будынку. Былі ў вёсцы таксама дзве крамы (прадуктовая, прамтаварная), пошта, фельчарска-акушэрскі пункт (ФАП), лясніцтва, Дом культуры, бібліятэка. Покаць уваходзіла ў склад Залескага сельсавета і калгаса “Звязда”.

Цяпер жа, праз семнаццаць гадоў пасля аварыі на Чарнобыльскай АС, назіраецца зусім іншы малюнак. Родную школу ў 1991 годзе ў сувязі з вельмі малой колькасцю дзяцей закрылі, астатнія ездзяць на аўтобусе ці то ў Залескую васьмігодку, ці то ў нядаўна пабудаваную сучаснага тыпу Бабіцкую СШ.

Чорнымі дзіркамі павыбітых вокнаў глядзіць на наваколле былы хлебны магазін, закрылі ФАП, нягледзячы на нязгоду вяскоўцаў, а зусім нядаўна – пошту. Цэнтр лясніцтва перанеслі ў суседнія Бабічы.

Вёска Покаць паціху вымірае. Многія двары паікнутыя гаспадарамі, зарастаюць травой, муражэюць былыя падворкі, сцежкі і дарогі, нежылыя закінутыя хаты навяваюць сум.

Раней, у дачарнобыльскі час, у кожным двары была карова, цяпер малако лягчэй купіць у магазіне. Вельмі крыўдна, што здача малака дзяржаве становіцца для насельніцтва нізкапрыбытковай. Калі ў гарадах Беларусі ў магазіне літр малака каштуе 500–600 рублёў, то сяляне яго здаюць па 180 рублёў за літр. Мая маці кожнае лета вядзе барацьбу за тое, каб здадзенае ёю малако дакладна ацэньвалася. Калгас “Звязда” (зараз гэта прыватнае сельскае унітарнае прадрпыемства) не можа сабе дазволіць адзінку лабаранта, які б два разы на тыдзень правяраў тлустасць малака, прынятага ад насельніцтва, каб адпаведна паказчыкам налічваць грошы. На Рагачоўскім малаказаводзе, куды малако пастаўляецца, вымяраецца ўжо агульная тлустасць, што многія на здадзеным больш якасным малаку губляюць па 50–100 літраў.

Вельмі цяжкае становішча бывае ў калгасных статках вясной з кармамі. Жывёлы ледзь дажываюць да пашы. “Хутка малако будзе занесена ў Чырвоную кнігу”, – сумна жартуе мой зямляк, заатэхнік саўгаса “Асімкавічы” Міхаіл Канавалаў.

Больш заможныя вясцоўцы маюць каня ці мінітрактар, апрацоўваюць каля 1–2 гектараў зямлі, здаюць лішкі малака дзяржаве. Але такіх на вёску ўсяго двароў дзесяць.

Покаць знаходзіцца ў зоне радыяцыйнага забруджвання ад 5 да 15 кюры. Раней у Чачэрскім раёне даплачвалі за пражыванне ў гэтай зоне, а ў апошнія гады быццам тэрыторыя стала чыстай – даплата адменена. Цяпер ужо амаль ніхто з пражываючых там не звяртае ўвагі на радыяцыю: ловіцца і спажываецца рыба з рэчкі Покаць, збіраюцца ў лясах грыбы і ягады.

Між тым, у дзень святкавання незалежнасці рэспублікі, 3 ліпеня, падчас 59-й гадавіны вызвалення нашага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Чачэрску адкрыты мемарыяльны знак у памяць аб 43 населеных пунктах раёна, якія пасля катастрофы на ЧАЭС больш не існуюць.

Сумна.

Вёска Покаць упамінаецца ў штомесячніку “Наш край”, выдадзеным у 1930 годзе Акадэміяй навук Беларусі як прыгожае мястэчка з 3–4 кааператыўнымі крамамі, школай, крытымі жалезам каменнымі будынкамі, хатай-чытальняй, клубам, сельсаветам.

А ў гісторыка-дакументальнай хроніцы “Памяць” адзначана: “У 1770 годзе вёска Покаць – цэнтр маёнтка, прыватная ўласнасць пана Шалюты ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. У 1862 годзе Покаць – цэнтр Покацкай воласці Гомельскага павета Магілёўскай губерні. Меліся промыслы: кравецкі, адыходны, сталярны, бондарны.

У 1886 годзе ў вёсцы размяшчаліся валасное праўленне, стараверская капліца, царкоўна-прыходская школа, ветраны млын. За тры вярсты – сядзіба Фёдараўка, праваслаўная царква, вінакурны завод, 2 вадзяныя млыны”.

Найбольшы росквіт Покаць, відаць, мела ў 1906 годзе, калі ў вёсцы налічвалася 216 двароў, 1511 жыхароў. У 1910 годзе працавала народнае вучылішча, на базе якога ў 1927 годзе была створана школа 1-й ступені. Тут нарадзіўся Герой Савецкага Саюза Мікалай Байкоў, які праявіў гераізм у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Спакон вякоў мая вёска мае адну асаблівасць – падзяляецца на дзве часткі: беларускую і “стараверскую”, інакш яе называюць “маскалі”. У гэтай частцы людзі размаўляюць больш па-руску, чым па-беларуску, у іх будынках – больш акуратнасці, у веравызначэнні – рэлігійнасці.

На 1 студзеня 1999 года ў вёсцы пражывала толькі 224 жыхары, было 112 двароў.

Прыгожыя мясціны акаляюць вёску Покаць, сасновыя стромкія бары, балоты, палі, лугі. Яе эыхары шчыра, аддана працуюць на сваёй зямлі. На ўездзе ў вёску з боку Залесся на электрычным слупе ўжо колькі гадоў месціцца гняздо буслоў. Прылятаюць кожную вясну. Летась часта можна было ўбачыць чатырох высакародных птушак, якія задуменна сцішыліся ў сваёй хаціне і акідваюць позіркам наваколле.

Якая будучыня чакае маю вёсачку? Што тут будзе праз год, дзесяць, сто летаў і зім? Думаю, што на гэта адкажа не столькі суровы, колькі літасцівы час.

 

Аўтар: Святлана Раманава

Крыніца: “Краязнаўчая газета”, № 22 (2004 г.)