Усходнепалескія абрады, звязаныя з пераходам у новае жыллё

0
553
Усходнепалескія абрады, звязаныя з пераходам у новае жыллё

У сістэме народных уяўленняў пра дом важнае месца займаюць абрады і рытуалы, звязаныя з пераходам ва ўжо пабудаванае, новае жыллё. Пры гэтым варта ўлічваць, што пабудаваны, але не заселены людзьмі дом не надзяляецца ў традыцыйнай народнай культуры нейкімі пэўнымі характарыстыкамі: гэты аб’ект усведамляецца пакуль што і не станоўча, і не негатыўна. А.К. Байбурын у сувязі з гэтым адзначае: “Вядомая амбівалентнасць дома, спалучэнне ў ім адзнак “культуры” і “прыроды”, вызначыла характар дзеянняў, накіраваных на выцясненне прыроднага пачатку і канчатковага інкарпарыравання дома ў галіну асвоенага” [1, с. 104].

У традыцыйнай духоўнай культуры беларусаў абрад пераходу ў новы дом атрымаў назву ўваходзты, або ўлазіны і заўсёды асэнсоўваўся як сітуацыя, цесна звязаная з лёсам чалавека. Як падкрэсліваюць А. Катовіч і Я. Крук, “народная культура заўсёды была зарыентавана на гармонію суадносінаў паміж людзьмі i наваколлем, а таксама паміж членамі вясковай абшчыны”. Менавіта таму “пошук вырашэння вызначальнай ідэі абапіраўся на некалькі формаў ці зместаўтваральных прынцыпаў, але галоўным сярод іх заставаўся прынцып падабенства. Таму каб у хаце “поўнілася” — павышаўся дабрабыт, пашырылася гаспадарка, павялічвалася колькасць дамачадцаў, улазіны прымяркоўвалі да растучай фазы Месяца — маладзіка і поўні. Кожны дзень тыдня меў сваю ўласную характарыстыку і суадносіўся з той ці іншай планетай нашай сонечнай сістэмы. Беларусы аддавалi перавагу так званым мужчынскім дням — аўторку i чацвяргу. Акрамя таго, вялікай пашанай карысталася нядзеля. Дзень таксама быў дакладна структурыраваны. Найбольш спрыяльным лічыўся час, калi сонца ўзыходзiла i заходзіла за лінію гарызонту. Разам з тым поўдзень лічыўся часам для провадаў у “той” свет памерлых” [4, с. 4].

Вучоныя называюць наступныя найбольш пашыраныя рытуальныя дзеянні, звязаныя з пераходам у новы дом:

— першымі ў хату ўпускалі або чорнага ката, або пеўня;

— сям’я гаспадара новай хаты засялялася на наступны дзень; гаспадар трымаў ручнік, за які браліся ўсе дамачадцы, і так адным цэлым яны заходзілі ў хату; пры гэтым маці несла хатні абраз;

— калі ў новую хату засялялася сям’я, якая не мела дзяцей, то прасілі першай (пасля рытуальных жывёл) зайсці цяжарную жанчыну, каб у новай хаце нараджаліся дзеці;

— дзень засялення ў новую хату абавязкова суадносілі са спісам “неспрыяльных дзён”. Адным з самых “шчаслівых” лічыўся Сямёнаў дзень — 14 верасня; спрыяльным лічыўся і дзень Увядзення Багародзіцы ў храм — 4 снежня;

— са старой хаты ў новую абавязкова пераносілі агонь; у старой хаце трэба было замясіць хлеб, затым перанесці дзяжу з цестам у новую, накрыўшы яе вывернутым кажухом; хлеб выпякалі ўжо ў новай хаце;

— каб Дамавік перайшоў у новую хату, са старой трэба было ўзяць чыгун з вугельчыкамі, стары лапаць, стары венік, памяло, дзяжу з цестам;

— у новую хату не прыносілі тую частку мэблі, посуд і іншыя рэчы, якія выкарыстоўваліся раней у пахавальным абрадзе; у той жа час лічылася: калі ў хату прынесці трохі старой мэблі, то ў ёй “паселіцца старое шчасце” [5, с. 4].

Шматлікія звесткі, звязаныя з абрадамі пераходу ў новае жыллё, да нашага часу захаваліся на тэрыторыі Веткаўскага раёна Г омельскай вобласці.

Жыхары Веткаўшчыны, як сведчаць сабраныя матэрыялы, у асноўным прытрымліваюцца традыцыйных уяўленняў, якія звязаны з уваходзінамі.

Так, на пытанне аб тым, як называецца ўрачысты пераезд у новы дом, інфарматары выкарыстоўвалі словы ўходзіны (рус. входины) або ўлазіны: Мы ўходзіны атмечалі. Прыглашалі родственікаў, кумаўёў. У каго была вазможнасць — атмечалі, але большую часць не было вазможнасці (Атрошкіна Н.П., 1929 г.н., в. Хальч, Веткаўскі р-н); Не отмечали входин, не было когда. С коморки переселились в прихожую, а зал был не достроен. Постепенно, не сразу построили (Пятрова М.Ц., 1927 г.н., г. Ветка); Улазіны атмячалі, у каго была вазможнасць. Радзіцеляў болей звалі, кумоў, сватоў (Барсукова Е.Л., 1944 г.н., в. Неглюбка, Веткаўскі р-н). У некаторых выпадках слова ўходзіны асэнсоўваецца як архаічны эквівалент сучаснага наймення наваселле: Мы сейчас называем новоселье, а раньше говорили уходины (Данцоў Л.І., 1960 г.н., г. Ветка).

Наступны адказ на азначанае вышэй пытанне сведчыць аб разуменні ўваходзінаў толькі як свята, пазбаўленага абрадавых дзеянняў: Наваселле назавалась. Усяляліся з песнями, з балалайкай, частушкамі. Гарэлку пад паху — наваселле значыць удалось! (Ульянава М.П., 1931 г.н., г. Ветка). З інфармацыі жыхаркі г. Ветка М.У. Падабедавай (1923 г.н.) вынікае, што звесткі аб адпаведных абрадах і рытуалах у часткі жыхароў увогуле не захаваліся: Я не знаю, как называлось, у нас таково не было. Переехали, и усё тут.

Добра вядома, што пры перасяленні гаспадароў у новы дом яго першымі жыхарамі з яўляюцца хатнія жывелы, найчасцей — кот ці кошка. На думку А. Катовіч і Я. Крука, гэты даволі пашыраны ў беларусаў звычай звязаны з уяўленнем аб тым, што “новае жытло павінна ўзяць сабе “ахвяру” — таго, хто першым у яго зойдзе. Каб пазбегнуць страт у коле дамачадцаў, народная мудрасць прыдумала вельмі тонкі абрадавы ход: першымі ў хату ўпускалі або чорнага ката, або пеўня [5, с. 4]. Разам з тым, нельга не ўлічваць і актуалізацыю ў гэтым выпадку “чартагонных” уласцівасцяў пеўня або ката, аб чым у свой час пісаў А.К. Сержпутоўскі: “Перад уваходзінамі ў новую хату туды заносяць і саджаюць нанач пеўня і ката. Вядома, што нячыстая сіла не любіць іх, а затым пакіне тую хату” [8, с. 91]. Акрамя таго, згодна з рускімі вераваннямі, “чорная кошка, як і чорны сабака, засцерагаюць дом ад маланкі”; на Берасцейшчыне вераць у тое, што кот з’яўляецца “гаспадаром хаты”, таму калі “кот пропадэ — то і хозяйство пропадэ” [2, с. 638].

На пытанне аб тым, што ім вядома пра названы звычай, жыхары Веткаўшчыны давалі розныя адказы. У большасці выпадкаў яны пацвярджаюць існаванне звычаю ўваходзінаў з удзелам ката (кошкі), але не тлумачаць пры гэтым, чаму менавіта гэтая хатняя жывёла становіцца першым “навасёлам”: Коціка пускалі, а хто яго знае нашто? Но ета дзелалі, штоб пераначаваў, еслі жывы і неўредзімы — ета харашо. Было, у адніх не выжыў (Атрошкіна Н.П., 1929 г.н., в. Хальч, Веткаўскі р-н); Як ужо пастроілі, так у хату кошку первую пускалі. Там яшчэ не жылі, а ката ўжо заносілі (Ульянава М.П., 1931 г.н., г. Ветка); Кошку, да и сейчас кошку у квартиру пускають (Падабедава М.У., 1923 г.н., г. Ветка); Ката пускалі, а зачым — не знаю, нашто (Прыходзька В.В., 1935 г.н., в. Слабада Веткаўскага р-на); Уносілі чорнага ката, а чаго — я етага не знаю. Штоб перяначаваў (Барсукова Е.Л., 1944 г.н., в. Неглюбка, Веткаўскі р-н).

У адказах дзвюх інфарматараў, якія жывуць у г. Ветка, робіцца спроба тлумачэння апатрапейнай ролі ката ці пеўня: У перваю очарадзь кот ішоў, ідзе хазяйка первая і несе ўперад ката. Кот — эта хазяін двара (Судзілоўская Н.В., 1941 г.н., г. Ветка); В новый дом на праздник переезжают. Первыми пускают кота и петуха. В новый дом хозяин идет первым с иконой, хозяйка несет петуха. Говорят: петух споет — Свят Дух проскочит. Так говорила моя мать (Данцоў Л.І., 1960 г.н., г. Ветка).

Павер’і, згодна з якімі спеў пеўня адганяе нячыстую сілу, з’яўляюцца даволі распаўсюджанымі і вядомымі розным славянским народам: “Крику петуха приписывается способность прогонять нечистую силу, болезни, устранять влияние смерти. С первым пением петуха исчезают оборотни, ведьмы, ходячие мертвецы и другие ходячие демоны, теряют силу их вредоносные чары” [3, с. 29]. Параўн. таксама выслоўе Меў чорт нарадзіцца, да пятух запеў [7, с. 163] і змест наступнай народнай легенды: “Д’ябал нёс камень здалёку, каб запрудзіць Дзвіну, але запяяў пятух, і д’ябал кінуў камень у балота, неданесшы да Дзвіны ўсяго некалькі вёрст” [6, с. 361].

Важнае значэнне надавалася тым прадметам, якія заносілі ў новую хату пры засяленні саміх жыхароў ужо пасля таго, як у доме — “неасвоенай прасторы” — нейкі час праводзяць хатнія жывёлы. Самая галоўная роля надаецца ў такім выпадку іконе: Перва ўносілі ікону, прасілі Бога, штоб ў новай хаце было добре. Ставілі яе на кут (Кірушкін І.І., 1940 г.н., г. Ветка); Унеслі ўперад себе ікону і паставілі на кут, у вугал дома (Судзілоўская Н.В., 1941 г.н., г. Ветка). Разам з іконай заносілі найбольш сакралізаваныя прадметы: хлеб — сімвал багацця, матэрыяльнага дабрабыту і здароўя; стол — увасабленне сям’і, паяднанай з продкамі. Параўн.: Ікону ўносілі, во як. Як толькі ў хату перяходзіць сталі, пад поўню, бярэш ікону і хлеба булку, кладзеш у хлеб соль і ложыш на вакно кала кута, стала ж яшчэ не было. Становіш на тое вакно, як на двор, не к пуні, а на вуліцу. З рушнічком, як і ўсягда (Барсукова Е.Л., 1944 г.н., в. Неглюбка, Веткаўскі р-н); Первым ікону занасілі, тады стол. Ставілі ікону на кут, вугал ва ўсіх адзін і той жа. Свяшчэннік асвяшчаў, малітву гаварыў (Атрошкіна Н.П., 1929 г.н., в. Хальч, Веткаўскі р-н); Заносілі ў хату ікону, стол, соль і хлеб. Соль і хлеб станавілі на стол, ікону — у кут, садзіліся і трапезнічалі першы раз у новым доме (Ульянава М.П., 1931 г.н., г. Ветка).

З наступных адказаў веткаўскіх інфарматараў вынікае, што адначасова з іконай важная роля ў абрадзе ўваходзінаў надавалася звычайным прадметам хатняга ўжытку. Такое “размеркаванне” сімвалічнай нагрузкі сведчыць аб непарыўным яднанні ў народнай свядомасці духоўнага і матэрыяльнага пачаткаў: Як заходзіш у дом, должна занесці вілкй, качаргу, ёмку, чыгунок. Ікону вешали на кут. А дзежку каля печкі куда-небудзь ставілі (Прыходзька В.В., 1935 г.н., в. Слабада Веткаўскага р-на); Икону вносили. Потом стол, стул и вилки. Надо было икону поставить в красный угол, а стол посреди комнаты (Данцоў Л.І., 1960 г.н., г. Ветка).

Такім чынам, сучасная народная духоўная культура Веткаўшчыны адлюстроўвае шматлікія архаічныя вераванні, звязаныя з важнай падзеяй у жыцці чалавека — пераходам у новае жыллё. Як сведчыць прыведзены матэрыял, у свядомасці мясцовых жыхароў традыцыйныя язычніцкія ўяўленні аб магічных уласцівасцях хатніх жывёл і прадметаў хатняга ўжытку арганічна спалучаюцца з хрысціянскім светапоглядам.

Спіс літаратуры

  1. Байбурин, А.К. Жилище в обрядах и представлениях восточных славян / А.К. Байбурин. — Л.: Наука, Ленингр. отд-ние, 1983. — 188 с.
  2. Гура, А.В. Кошка, кот / А.В. Гура // Славянские древности: Этнолингвистический словарь в 5-ти томах / Под общей ред. Н.И. Толстого. — Т. 2. — М.: Междунар. отношения, 1999. — С. 637-640.
  3. Гура, А.В. Петух / А.В. Гура, Е.С. Узенёва // Славянские древности: Этнолингвистический словарь в 5-ти томах / Под общей ред. Н.И. Толстого. — Т. 2. — М.: Междунар. отношения, 1999. — С. 28-35.
  4. Катовіч, А. “Стаіць святліца нова зрублена”, або Як увайсці ў новую кватэру / А. Катовіч, Я. Крук // “Звязда” 20. 10. 2007.
  5. Катовіч, А. Уваходзіны, уходзіны, улазіны / А. Катовіч, Я. Крук // Звязда 12.2010.
  6. Легенды i паданні / Склад. М.Я. Грынблат i А.І. Гурскі; Рэд. тома А.С. Фядосік. — Мінск: Навука і тэхніка, 1983. — 544 с.
  7. Прыказкі і прымаўкі у дзьвюх кнігах: Рэд. А.С. Фядосік. — Мінск: Навука і тэхніка, 1976. — Кн. 2. — 616 с.
  8. Сержпутоўскі, А.К. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў: Беларуская этнаграфія ў доследах і матэрыялах. Кн. VII / А.К. Сержпутоўскі. — Менск: Бел. АН, 1930. — 383 с.

Аўтар: У.І. Коваль
Крыніца: “Традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся: праблемы вывучэння і захавання ў постчарнобыльскі час”, IV міжнародная навук. канф. (2013; Гомель). IV Міжнародная навуковая канферэнцыя “Традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся: праблемы вывучэння і захавання ў постчарнобыльскі час”, 31 мая 2013 г. [Тэкст]: матэрыялы / рэдкал.: А. А. Станкевіч (гал. рэд.) [і інш.]. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2013. — С. 35-38.