«Усе мы страчаныя, нібы ў траве сьляды..» (біяграфія Аляксандра Ісачова)

0
297
Исачев, Ісачоў

Гэты жылкавы радок наўпрост мае дачыненьне да героя майго невялічкага артыкулу, ягонага жыцьця да свае сьмерці й пасьля яе, бо сьмерці для сапраўднага мастака не існуе. А вось забыцьцё — ёсьць. І страта — таксама ёсьць.

Аляксандар Ісачоў нарадзіўся 11-га студзеня 1955-га году ў вёсцы Азарычы Калінкавіцкага раёну Гомельскай вобласьці. Яму не было і трох гадоў, калі ён, страціўшы бацьку, разам з маці пераехаў у Рэчыцу. З гэтага часу ўсё далейшае жыцьцё Аляксандра пазначана ценем непрытульнасьці: навучаньне ў школе-інтэрнаце ў Мазыры, у Менскай рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы й выяўленчаму мастацтву, адкуль пасьля чатырох гадоў ён быў выключаны. Праз гэта сярэднюю адукацыю здабываў у рэчыцкай сярэдняй школе для працоўнай моладзі, адначасна працуючы ў рамонтна-будаўнічым упраўленьні. Але з 1973-га году ягонае жыцьцё мяняецца: ён едзе ў расейскі Ленінград, дзе трапляе ў асяродзьдзе мастакоў-нефармалаў. Там Аляксандар нарадзіўся другі раз — як творца.

Але абстракцыянісцкія пошукі былі для Ісачова кароткім перыядам. Узяўшы хрост у 19 гадоў, ён павяртаецца тварам да Бібліі, скуль прыходзяць ў ягоныя карціны тэмы Ісуса, Майсея, апосталаў. Адначасна А. Ісачоў займаецца росьпісам цэркваў, у прыватнасьці, Сьвята-Усьпенскай царквы ў Мазыры. Тады-ж і знаходзіць мастак свой унікальны стыль, які зробіць яго знакамітым.

500 карцінаў толькі алеем! Шалёны тэмп працы. Як адказ на прысуд, што прагучаў ад чынавенства Саюзу мастакоў Беларусі: «Працы выстаўляць нельга — неадпаведныя тэмы». Казалі й пра дылетантызм, пра адсутнасьць густу, але ціхенька, шэптам, бо свайго, уласнага супрацьставіць былі ня ў стане — гэтыя нішчымныя афарміцелі ад мастацтва. Ім толькі паштоўкі размаўлёўваць ды рэкляму прадукаваць!

Выставы Ісачова, аднак, былі толькі не афіцыйныя, падпольныя карціны за мізэр прадаваліся, а часьцей дарыліся ў калекцыі Галяндыі, ЗША, Францыі, Швэцыі..

Аляксандар Ісачоў памёр ва ўзросьце 32 гадоў, у 1987-м годзе праз два дні пасьля закрыцьця першай афіцыйнай выставы ў Рэчыцы. Пасьля была ашаламляльная выстава ў Менску, дакумэнтальны фільм «Ня плачце па мне», выставы ў Маскве. Ведамасьць. Слава. Мода.

І тут пачынаецца другая гісторыя мастака Ісачова, мо’ нават больш трагічная як прыжыцьцёвая, нягледзячы на ярлык «антысаветчыка» і «багамаза», на ігнараваньне калегамі й дзяржаваю, на прымусовае ўтрыманьне ў псыхічным шпіталі. За карцінамі Ісачова распачалося паляваньне. Спачатку была абрабаваная матчына хата ў Рэчыцы — на Радаўніцу, потым гвалтам улезьлі ў кватэру ўдавы. Скралі ня толькі арыгіналы, але і слайды, фатаздымкі, каталёгі. Пазьней абрабавалі прыватную калекцыю ў Ленінградзе, скралі пяць карцінаў з Рэчыцкага краязнаўчага музэю.

Сёньня мінаку няма куды пайсьці, каб самому пабачыць карціны геніяльнага мастака з Рэчыцы, няма як паказаць іх госьцю.

Я далёкая ад думкі параўноўваць Аляксандра Ісачова з Малевічам, Шагалам, Суіціным, Цадкіным. Занадта розныя мастакі, розныя таленты. Але нешта аб’ядноўвае іх. На наш сорам і тое, што яны незапатрабаваныя ў роднай Беларусі.

Исачев, ІсачоўКарціна А. Ісачова з прыватнай беларускай калекцыі (ЗША)

Аўтар: Аліна Стрыга

Крыніца:  belarus8.tripod.com/hazeta/sliady.htm