Уладзімір Сцяпан. Стары Мінск

0
501
Уладзімір Сцяпан - Стары Мінск
Уладзімір Сцяпан - Стары Мінск

Шарая гадзіна — улюблёны час мастакоў. Свет ясны, амаль без ценяў, зразумелы, але ўсё адно з лёгкім прысмакам таемнасці.

Уладзімір Сцяпан… Гледзячы на гэтае палатно, згадваеш пра Марыса Утрыла з ягонымі імжыстымі куткамі вечаровага Манмартру. Французскі жывапісец адмыслова дэсакралізаваў міф пра вялікі горад. Блізка тут разумее сваю задачу i Сцяпан. Ён разбураў міф пра сталічны фанабэрысты горад-герой Мінск, напаўняючы кавалак ягонай прасторы таямніцамі. На сумежжы 1980-1990-х гг. Уладзімір Сцяпан аформіў некалькі кніг як графік. Але, перадусім, асаблівую папулярнасць мела кніга коміксаў “Дзікае паляванне”, паводле Караткевіча, у суаўтарстве з Адамам Глобусам. Яны адважна ўзяліся за пераасэнсаванне класічнага твору Уладзіміра Караткевіча і намалявалі сваё “Дзікае паляванне”. “Цёмныя хмары прыгнёту плылі па-над Беларуссю…” — сказ, з якога пачынаецца расповед, інакш як іранічным у кантэксце кнігі, прыгожай і арыгінальнай, што годна прадстаўляе наш беларускі светагляд, не назавеш. У гэтых зіхоткіх, нібы вітраж, жоўта-пунсовых малюнках, стылізаваных пад сапраўды народнае мастацтва, савецкі камертон пра прыгнёт, долю-нядолю некуды выпаў канчаткова. Гэта была зусім новая і паводле формы, i паводле зместу кніга. Абсалютна новым быў і “капіталістычны” жанр коміксу, каб папулярызаваць класічны твор сярод дзяцей [1, с. 186].

У сваім жывапісе Сцяпан, аднак, не імкнецца да навацыяў. Наадварот, ягоны жывапіс нясе на сабе адбітак канкрэтнага часу, свайго стагоддзя. I адбітак канкрэтнага месца. У выніку ствараецца поўнае ўражанне i пра век, i пра эпоху, i пра сам клімат эпохі. На ягонае творчае сталенне паўплывалі жывапісец Альгерд Малішэўскі і выкладчык архітэктурнай кампазіцыі Алег Хадыка, якія, бадай, і прышчапілі Уладзіміру Сцяпану нейкі своеасаблівы парыжскі шарм, рыхтык як у палотнах Утрыла. Хоць Сцяпану не бракавала і кубістычных, і фавісцкіх захапленняў. Але ўдумлівае, унурлівае сузіранне банальнай паўсядзённасці, у якой раптам адрываецца вірлівая бездань небяспечных паўтаноў і адчайных паўшэптаў, то гэта ад настаўнікаў.

На гэтым палатне, напісаным у сярэдзіне 1980-х гг., мы бачым той самы старасвецкі кавалак Ракаўскага прадмесця, задворкаў Нямігі i Замкавай, што цудам ацалеў без зменаў да нашых дзён. Зеўраюць нема вокны, за якімі мусіць адбывацца ці ўжо адбылося чыёсьці жыццё. Матыляюцца самотна нечыя прасціны. Пэўна, і яны кагосьці чакаюць. У кантрасце з белымі плямамі бялізны i нечакана мажорная сінь гаража-“ракаўкі”, абрысы, адыходзячы ў глыбіню пабудоў і рэдкіх дрэў, набываюць асаблівую вастрыню. Патанаюць, распускаюцца ў загуслым паветры шарай гадзінаю цені вялікіх старых дрэваў. Дрэвы, цвёрдыя, разлапістыя, сыходзяць жорсткім шурпатым галлём увышыню, па-над дахі. Увесь матыў жыцця застаецца ўнізе, у засені гэтых дрэваў. Кавалак вялікага жыцця, датклівасць якога падкрэслівае доўгі танкі слупок з нацягнутай вяроўкаю для бялізны і рыхтык павучыныя лапкі антэнаў на дахах. Пануе панурая ціша. Лепш за ўсё ў мастакоў на карцінах атрымліваецца цішыня, кажа сам мастак. Адсутнасць лю­дзей, нават антрапаморфнага стафажу, стварае алюзію на хуткацечнасць часу і немінучы ягоны канец. Людзей, разам з іхнімі здабыткамі і хлудам, перажывуць хіба дрэвы, якія былі і будуць. Кампазіцыйна палатно пабудаванае так, што яно нібы ўцягвае гледача, не скажаючы простыя перспектывы, наўпрост, у самае чэрава таго арганізму, што зваўся старым Мінскам. З-за чаго глядач міжволі ўспрымае выяўленыя дамы роўнымі сабе. Гэта туга па сумаштабнасці людскога існавання ў суладдзі з асяроддзем, дзе вышэй за ўсё адно дрэвы. Гэтая туга, што адчувалася ў вялікай, імкліва растучай сталіцы, незвычайнай для тае эпохі.

Збліжаныя, нюансаваныя каляровыя спалучэнні таксама незвычайныя. I для тагачаснага мастацтва, і для жывапісу Сцяпана наогул. Можна шукаць тут розных цытатаў, аднак, перадусім, гэта чыстая інтуіцыя. У выніку сярод удараў халодных, бялявых, нібы пастэльных таноў, сярод скасавураных дрыготкіх абрысаў аб’ектаў, што паўзуць, пагойдваючыся, па шматгранніках старых дамоў, ствараецца тое цяжкаўлоўнае адчуванне подыху. Мастак напоўніцу выкарыстаў эфект рассеянага, расцярушанага, аніякага святла. Тут чаргуюцца аб’ёмы з пустатою. У гэтым уздыхаючым па­латне вычуты той настрой, што і ствараўся ў тым колішнім горадзе. Горад і вуліца, што бачныя проста ў задворках. Горад і вуліца, што ацалелі цудам праз стагоддзі, нібы нічога не адбывалася наўкол.

Пры ўсёй паэтычнай штодзённасці стары Мінск у інтэрпрэтацыі Сцяпана выклікае пачуццё шчымлівай горычы самоты. Спусцелыя двары, людзі як быццам схаваліся ў няўтульных дамах з шчыльна зачыненымі дзвярыма i за непрагляднымі фіранкамі. На першым плане намаляваныя роўнядзі бетонных сцежак. Нават зямля тут закладзена, нібы надмагіллямі, бетоннымі плітамі… Глядач, нямы сведка тут, у няўтуліцы бязлюддзя, сярод гэтых абыякавых будынкаў, што шматкроць перажылі чалавечы век. Гаркавы смак пустэчы адзіноты, тужлівы непакой лунае ў гэтых ціхамірных, зусім несталічных закутках. Сцяпан напісаў гэтае палатно тэхнічна лёгка, амаль празрыста, стварыўшы вытанчаную, далікатную каляровую гаму. Спрошчаны рэальныя формы, ён зводзіць абрысы прадметаў да іх асновы, вольна абагульняючы абрысы. Жывапісныя вялікія роўнядзі чаргуюцца з рэзкімі графічнымі лініямі, гарызанталі з вертыкалямі. Кірункі прасценкаў і сцежак сыходзяць уверх, уніз, заварочваюць за кут, упіраюцца ў сходы, і погляд, нібы трымаючыся чыёйсьці чужой хады, то спыняецца раптоўна, то, пераадольваючы перашкоду, імкнецца выцерабіцца хутчэй адсюль, туды, дзе ёсць жыццё. Гэты вобраз просты, але міжволі выклікае трывожнае прадчуванне драматычнае развязкі сюжэту. Прытоеная трывога ёсць, але яна не ўдае дысанансам: пануе ўтаймаванасць, раўнавага кампазіцыі і колеравай гамы. Такі светлы і сумны вобраз. Як сляза адчайнай самоты…

***

Уладзімір Сцяпан (22.01.1958, мястэчка Касцюкоўка, Гомельшчына) — мастак-графік, манументаліст, літаратар, кінасцэ- нарыст. У 1977 скончыў Мінскую мастацкую вучэльню імя Глебава, у 1983 — Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Працаваў мастаком-афарміцелем, з 1987 па 2003 — у творчым аб’яднанні “Тэлефільм” Беларускага тэлебачання.

Крыніцы

  1. Баразна, М. Беларуская кніжная графіка 1960-1990-х гг. / М. Баразна. — Мінск: БелЭн, 2001.


Аўтар:
 Сяргей Харэўскі
Крыніца: Харэўскі С. Сто твораў XX стагоддзя: нарысы па гісторыі мастацтва і архітэктуры Беларусі найноўшага часу / аўт.-укл. С. В. Харэўскі, Рэд. Баразна М. — Вільня: ЕГУ, 2011. Ст. 349-351.