«Украінская» ўлада на беларускім Палессі. Гомельская гарадская Дырэкторыя (1918—1919 гг.)

0
1525
Дырэкторыя УНР і украінская ўлада на Гомельшчыне

Феномен Гомельскай гарадской Дырэкторыі варта разглядаць у кантэксце праблемы тэрытарыяльнага самавызначэння ўтвораных у выніку Першай сусветнай вайны і расійскіх рэвалюцыяў новых краін — Расійскай Савецкай Федэратыўнай Сацыялістычнай Рэспублікі, з аднаго боку, а таксама Украінскай і Беларускай Народных Рэспублік, з другога.

У 1918 г. Гомель разам з усім беларускім Палессем апынуўся ў эпіцэнтры гэтай праблемы. Фактарамі, якія вызначалі працэс, сталі надыянальна-дзяржаўныя арыентацыі насельніцтва, а таксама барацьба палітычных сілаў у памежных рэгіёнах.

Увага суб’ектаў дзяржаватворчага працэсу да гомельска-палескага рэгіёна вызначалася найперш яго эканамічна-камунікацыйным патэнцыялам. Традыцыйна Палессе вылучалася абмежаванымі магчымасцямі сельскай гаспадаркі, прычынай чаго былі густыя лясы, нешматлікасць і невысокая ўрадлівасць ворных земляў. Аднак з развіццём прамысловасці прыродна-сыравінныя рэсурсы рэгіёна былі актыўна запатрабаваныя, у выніку чаго на тэрыторыі ад Пінска да Гомеля ўзніклі дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы, якія мелі не толькі краёвае, але і агульнарасійскае значэнне. Не толькі эканамічную, але і вайскова-стратэгічную каштоўнасць рэгіёну надалі пабудаваныя ў 1880-я гг. Палескія чыгункі, найважнейшая частка якіх праходзіла якраз на лініі Брэст — Жабінка — Пінск — Лунінец — Калінкавічы — Рэчыца — Гомель і далей на Бранск.

Маладая ўкраінская дзяржава першай звярнула ўвагу на магчымасці, якія давалі Палескія чыгункі, а дрэваапрацоўчая вытворчасць рэгіёна стала для яе безумоўнаю каштоўнасцю пры дэфіцыце ўласных лясных рэсурсаў. Паводле падпісанай 9 лютага 1918 г. мірнай дамовы паміж Украінай, з аднаго боку, Германіяй, Турцыяй, Аўстра-Венгрыяй ды Балгарыяй — з другога, Украінскай Народнай Рэспубліцы была перададзена заходнепалеская частка «зоны старой акупацыі» з гарадамі Брэст, Кобрын, Столін, Пінск ды інш.

18 лютага, як вядома, перамовы ў Брэсце былі парушаныя, і пачаўся франтальны наступ германскіх войскаў, які пры вельмі слабых спробах чырвонаармейскага супраціву хутка дакаціўся да Гомеля.

Горад у той час меў павятовы статус у межах Магілёўскай іуберні. Пры гэтым ягоная эканамічная і транспартная ролі значна пераўзыходзілі губернскі цэнтр. З канца XIX ст. Гомель быў таксама месцам знаходжання аднаго з найстарэйшых сацыял-дэмакратычных камітэтаў РСДРП — Палескага, на чале якога да красавіка 1917 г. стаяў вядомы Якаў Агранаў — пазней прыкметная фігура ў савецкіх чэкісцкіх структурах 1930-х гг. (старшыня АДПУ і першы намеснік наркама ўнутраных спраў СССР). Увесну 1917 г. Я. Агранава змяніў на чале камітэта Мендэль Хатаевіч, таксама немалазначная персона ў бальшавіцкім кіраўніцтве. Ён прыклаў нямала намаганняў для «чысткі» камітэта ад меншавіцкіх элементаў, якія да канца 1917 г. у ім пераважалі. Бальшавізаваны Палескі камітэт стаў галоўнай уладнай структурай Гомеля, але не паспеў цалкам праявіць сваіх кіраўнічых здольнасцяў, бо 1 сакавіка пры набліжэнні фронту вымушаны быў эвакуявацца і саступіць Гомель аддзелам 41-га дывізійнага корпуса германский арміі.

Як прызнаваў крыху пазней М. Хатаевіч, эвакуацыя магілёўскіх губернскіх і павятовых уладаў прайшла «слишком поспешно». Сапраўды, імклівы выезд мяс­цовых «адказных работнікаў» выклікаў вострую крытыку ў іхным жа асяродку, не кажучы пра абурэнне насельніцтва. На пятым губернскім з’ездзе саветаў у красавіку 1918 г. кіраўнікоў губерні вінавацілі ў шматлікіх злоўжываннях падчас эвакуацыі, а таксама ў тым, што яны «зараз жа раз’ехаліся ў розныя бакі, зусім не думаючы пра лес пакінутых раёнаў губерні»1.

Неўзабаве пасля ўваходу ў Гомель нямецкіх войскаў фронт стабілізаваўся на ўсход ад Гомеля ў раёне вёскі ды станцыі Уза. У канцы сакавіка адбылася афіцыйная перадача Украінскай Народнай Рэспубліцы Мазырскага, Рэчыцкага і Гомельскага паветаў. Гомель увайшоў у наваствораную адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку ў складзе Украіны — Дрыгавіцкую зямлю, за цэнтр якой быў вызначаны Мазыр2.

Апошнія падзеі амаль што супалі з прыняццем Народным Сакратарыятам Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 г. Трэцяй Устаўной граматы, якая вызначыла тэрыторыяй незалежнай рэспублікі «ўсе землі, дзе жыве і мае лічбавую перавагу беларускі народ, а ласьне Магілёўшчыну, беларускія часьці Меншчыны, Віленшчыны, Горадзеншчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і сумежныя часткі суседніх губэрняў, заселеных беларусамі». Такім чынам, адпаведна з гэтай граматай беларускае Палессе стала неадлучнай часткай тэрыторыі незалежнай Беларусі.

У 20-я дні красавіка 1918 г. у Кіеве адбываліся беларуска-ўкраінскія перамовы, прадметам якіх стала тэрытарыяльна-межавое пытанне. Апеляцыя беларускага боку да прынятага ў міжнароднай практыцы этнічнага прынцыпу вызначэння межаў поспеху не мела. Украінскі бок прапанаваў лінію мяжы, якая праходзіла па наступных сучасных раёнах: Веткаўскім, поўначы Гомельскага, Рэчыцкага, Калінкавіцкага, Петрыкаўскага, поўдні Любанскага, Салігорскага ды Івацэвіцкага. За Украінай заставаліся басейн Прыпяці ды чыгунка Пінск — Гомель, што абгрунтоўвалася неабходнасцю бяспекі Украіны з поўначы на выпадак, калі незалежная беларуская дзяржаўнасць не ўтрымаецца і на яе тэрыторыі будуць панаваць Расія альбо Польшча.

Перамовы ў рэшце рэшт зайшлі ў тупік, а 30 красавіка 1918 г. ва Украіне адбылася змена ўлады: Цэнтральную Раду распусцілі, на яе месца прыйшоў урад гетмана Паўла Скарападскага, а замест Украінскай Народнай Рэспублікі была прынятая новая афіцыйная назва краіны — «Украінская Дзяржава».

Спробы беларускага боку працягнуць дыялог па тэрытарыяльна-памежным пытанні з новымі палітычнымі сіламі не мелі поспеху. Звароты дэлегацыі БНР про­ста ігнараваліся, а захады ў дачыненні да далучаных беларускіх паветаў сведчылі пра курс на глыбейшую іх інтэграцыю ва ўкраінскую дзяржаву. Гомель адчуў гэта першы: на пачатку чэрвеня замест Дрыгавіцкай зямлі тут была створана часовая Палеская губерня з уключэннем у яе Рэчыцкага, Пінскага і Мазырскага паветаў. Гомельскі павет пры гэтым далучаўся да Чарнігаўскай губерні. Адначасова быў падрыхтаваны «Законапраект аб адміністрацыйным дзяленні далучаных да Украіны паветаў паміж губернямі», згодна з якім беларускія паветы размяркоўваліся наступным чынам: Пінскі, Брэст-Літоўскі ды Кобрынскі далучаліся да Валынскай іуберні, Мазырскі ды Рэчыцкі — да Кіеўскай. Гомельскі павет заставаўся ў Чарнігаўскай губерні, да яго дадавалася таксама частка Рагачоўскага3.

Асаблівая ўвага зноў жа надавалася Палескім чыгункам: так, Міністэрства шляхоў зносін лістом ад 4 чэрвеня 1918 г. да начальніка Аддзела «кордонного догляду» нагадала, што «ў склад Палескай чыгункі ўваходзіць чыгуначная лінія ад ст. Брэст-Літоўскі да Гомеля і ў склад Падольскай чыгункі ўваходзіць чьпуначная лінія ад ст. Шапятоўка да Жлобіна»4.

На фоне гэтых падзеяў структура гомельскай гарадской улады ў перыяд 1918 — пачатку 1919 гг. была своеасаблівым кангламератам не толькі сацыяльна-палітычных, але і рознадзяржаўных суб’ектаў. Рэальныя паўнамоцтвы належалі нямецкім акупацыйным структурам, якія ўзялі на сябе жандарскія і гаспадарча-мабілізацыйныя функцыі ў прыфрантавой зоне. Германская камендатура пільнавала недапушчэнне антынямецкіх выступаў, а таксама рэжым працы чыгуначнага вузла і прадпрыемстваў. Яна, аднак, дэкларавала неўмяшанне ў цывільныя і грамадска-палітычныя справы горада, хоць захавала кантроль над імі дзеля забеспячэння стабільнасці ў тыле ўласных войскаў. У горадзе не былі забароненыя мясцовыя лева-сацыялістычныя арганізацыі, прафсаюзы, святкаванне Першамая, адбылося нават адкрытае і шматлюднае пахаванне чырвонаармейцаў, што загінулі ў сутычках з нямецкімі часткамі на падыходах да Гомеля.

Органам рэгулявання цывільнага жыцця акупацыйныя ўлады пакінулі Гомельскую гарадскую думу і земскія ўправы. Гэтыя структуры мясцовага самакіравання здолелі ацалець нават у перыяд існавання ў горадзе бальшавіцкага рэжыму, бо за іхнае захаванне пры падтрымцы насельніцтва выступілі ўсе небальшавіцкія палітычныя сілы, у тым ліку сацыялістычнага кірунку.

Дзяржаўная палітыка і функцыянаванне ўкраінскай адміністрацыі на далучаных беларускіх тэрыторыях, а таксама яе ўзаемадзеянне з мясцовымі палітычнымі сіламі ды адміністрацыйнымі структурамі застаюцца сёння маладаследаванымі праблемамі. Відавочна, аднак, што гэтая адміністрацыя была вымушаная прыняць рэчаіснасць і навязаць кантакт са структурамі гарадскога самакіравання.

Увогуле сам факт дзяржаўна-адміністрацыйнага далучэння рэгіёна да Украіны ў Гомелі быў успрыняты негатыўна. Нягледзячы на даўнія эканамічныя, куль­турный, міграцыйныя ды іншыя сувязі з украінскімі губернямі, праўкраінскія сілы ў горадзе практычна адсутнічалі. Вельмі слабым заставаўся тут і беларускі нацыянальны рух. У той жа час Гомель быў цэнтрам даволі высокай актыўнасці рознага кшталту агульнарасійскіх, найперш лева-сацыялістычных партыяў — эсэраў, Бунда, меншавікоў, Паалей-Цыёну і іншых. Усе яны, за выключэннем балынавікоў, арыентаваліся на захаванне агульнарасійскай дзяржаўнасці пры яе дэмакратычным рэфармаванні. У складзе дэмакратычнай Расіі яны бачылі таксама будучыню Гомельшчыны і ўсяго Палесся. Таму гарадская дума выка­зала афіцыйны пратэст супраць далучэння павета да Украіны і прызначэння камісара Цэнтральнай Рады. Дума запатрабавала рэалізаваць права насельніцтва на свабоднае самавызначэнне і правядзенне рэферэндума аб дзяржаўнай прыналежнасці, да вынікаў якога прасіла вызваліць Гомель ад улады ўсіх дзяржаваў5. Пратэст быў даведзены да Цэнтральнай Рады, але, натуральна, не быў задаволены. У той жа час можна меркаваць, што з прычыны вострай палітычнай барацьбы ў самой Украіне, а таксама ўнутры Цэнтральнай Рады інтэграцыя Гомеля ва ўкраінскую дзяржаўнасць мела намінальны характар.

Сітуацыя стала мяняцца з прыходам да ўлады П. Скарападскага. Для ўзмацнення ўладнай вертыкалі ў беларускія паветы былі прызначаныя «павятовыя камісары» і сфармаваныя аддзелы «дзяржаўнай варты». Звестак пра механізмы і крыніцы іх стварэння амаль не захавалася. Вядома, аднак, што паўнамоцтвы гарадскога самакіравання былі абмежаваныя. Украінскую ўладу ў горадзе прэзентаваў прысланы з Кіева «військовий комендант міста Гомеля» палкоўнік Шароўчанка. Цывільным камісарам быў прызначаны былы мясцовы маршалак дваранства Яўген Стош. Гарадская грамадскасць паставілася да гэтага прызначэння як да кансерватыўна-рэстаўрацыйнага кроку, што перакрэсліваў дэмакратычныя заваёвы рэвалюцыі.

Дакументы сведчаць, што аддзелы дзяржаўнай варты не был і прысланыя з Украіны, а іх фармаванне адбывалася на месцы, разам з прызначэннем малодшага каманднага складу. Напрыклад, начальнікам пятага ўчастка Гомельскай павятовай варты быў прызначаны мясцовы памешчык Павел Случаноўскі6. Вядома таксама, што на загад з Кіева была расфармаваная перакінутая ў Гомель з паўднёва-заходняга фронту 80-я брыгада расійскай арміі. Яе камандуючы, генерал-палкоўнік Тавянскі, як ураджэнец Украіны, прыняў у Гомелі ўкраінскае грамадзянства7. Магчыма, расфармаваныя часткі гэтай брыгады таксама прынялі ўдзел у стварэнні дзяржаўнай варты.

Гетманскі ўрад зрабіў першыя крокі па ўкраінізацыі далучаных тэрыторый: ва ўстановах, а таксама на чыгуначным вузле было ўведзена ўкраінскамоўнае справаводства. Дакументы Міністэрства асветы Украінскай Дзяржавы сведчаць пра падрыхтоўку ўкраінізацыі школы і фінансавага забеспячэння гэтага кроку. Напрыклад, згодна з законапраектам, зацверджаным Радай Міністраў на другое паўгоддзе 1918 г., толькі «Гомельскаму павету Чарнігаўскай губерні» на пазашкольную асвету было вьвдаткавана 36 750 карбованцаў. Такая ж самая сума патрабавалася ад гарадскога самакіравання8. Аб рэальнасці падпарадкавання сістэмы адукацыі Кіеву сведчыць актыўнае ліставанне навучальных устаноў Гомеля з Міністэрствам асветы, а таксама спроба земскай управы дамагчыся з ягонай дапамогай пераносу ў Гомель эвакуяванага з Магілёва настаўніцкага інстытута9. Гэтаму ж міністэрству, а таксама міністру яўрэйскіх спраў давялося разбіраць канфлікт паміж заснавальнікам прыватнай мужчынскай гімназіі А. Рэтнерам, яе бацькоўскім камітэтам і гарадскою ўладай. У Міністэрства асветы звярталіся таксама па пытаннях няправільнай аплаты і звальненняў настаўнікі гомельскіх школаў10.

Аднак згаданыя захады Кіева не забяспечылі яму поўнага контролю над палітычнай сітуацыяй у Гомелі ды павеце. Тут напаўлегальна, але даволі актыўна працягваў дзейнічаць, падтрымліваючы сувязі з цэнтрамі па-за дэмаркацыйнай лініяй, Палескі камітэт РКП (б). На загад Масквы ён быў афіцыйна падпарадкаваны ЦК Кампартыі Украіны, хоць будучыня Гомеля па-ранейшаму бачылася камітэтам у складзе Расійскай Савецкай Федэрацыі.

Украінская і нямецкая ўлады разглядаліся мясцовымі бальшавікамі як часовыя і варожыя, супраць якіх было неабходна змагацца ўсімі магчымымі сродкамі. У ліпені ў Гомелі выбухнуў арганізаваны левымі дзеячамі страйк рабочых і службоўцаў Палескай і Лібава-Роменскай чыгунак. У сярэдзіне жніўня гомельскія бальшавікі паспрабавалі далучыцца да запланаванага Усеўкраінскім бальшавіцкім рэўкамам антыгетманскага і антынямецкага паўстання. Уначы з 16 на 17 жніўня пад Гомелем быў узарваны цягнік, а малалікія партызанскія групы паспрабавалі ўзяць пад кантроль чыгуначныя камунікадыі вакол Гомеля, аднак былі хутка нейтралізаваныя нямецкімі войскамі. Паўстанцы атакавалі казармы дзяржаўнай варты і нямецкіх частак у Гомелі, арганізавалі выбух у гатэлі «Савой», у выніку якога загінулі 12 салдатаў. Адказам з боку акупацыйнай улады сталі карныя захады11.

У гэты момант палітычная сітуацыя пачала яшчэ больш абвастрацца. 27 жніўня 1918 г. быў падпісаны расійска-германскі пратакол аб эвакуацыі нямецкіх войскаў з тэрыторыі на ўсход ад Бярэзіны, а ў лістападзе выбухнула рэвалюцыя ў Германіі. Акупацыйны рэжым перажыў важныя перамены: на франтах і ў вайсковых фармаваннях уладу ўзялі выбарныя салдацкія рады, якія сталі кантраляваць дзейнасць афіцэраў і камандзіраў. У Гомелі ўлада перайшла да Вялікай рады салдацкіх дэпутатаў 41-га рэзервовага корпуса і яго выканкама. Апантаныя жаданнем скончыць ваенныя дзеянні, прасацыялістычна арыентаваныя нямецкія салдацкія рады лічылі сваёй мэтай забеспячэнне ўмоваў для арганізаванай эвакуацыі сваіх войскаў з зоны акупацыі. Пры гэтым германскі бок прызнаваў прыналежнасць Палескага рэгіёна да Украіны, а сітуацыю ў Гомелі звязваў з лёсам украінскай дзяржаўнасці.

Выкарыстоўваючы новую сітуацыю, у сярэдзіне лістапада 1918 г. урад РСФСР ануляваў Брэсцкі мір. Быў абвешчаны курс на ўзмацненне барацьбы за вызваленне Украіны, Беларусі і Прыбалтыкі ад нямецкіх войскаў ды мясцо­вых «буржуазных нацыяналістаў». Бальшавікі ж, як у цэнтры, так і на месцах адкрыта выказвалі тэзіс, што «Гомельшчына ёсць брамаю ўкраінскай жытніцы ў сталіцы Расійскай савецкай рэспублікі»12. Рыхтавалася вяртанне горада да рэўкамаўскай улады і пад расійскуто дзяржаўную прыналежнасць.

Кардынальныя змены адбываліся таксама і ў самой Украіне. Пазбаўлены нямецкай падтрымкі, гетман Скарападскі 14 лістапада 1918 г. абвясціў «акт федэрацыі» з будучай небальшавіцкай Расіяй. Гэта выклікала абурэнне і супраціў украінскіх нацыянальных сілаў. Партыі сацыялістычнага кірунку стварылі Дырэкторыю для падрыхтоўкі паўстання супрадь гетманскага рэжыму. Саракатысячнае войска Дырэкторыі пад камандаваннем Сымона Пятлюры рушыла з Белай Царквы на Кіеў, пасля чаго паўстанне пашырьшася па ўсёй Украіне. Гэта прымусіла Скарападскага 14 снежня 1918 г. адмовіцца ад улады. Войскі Дырэкторыі ўвайшлі ў Кіеў, аднавіўшы Украінскую Народную Рэспубліку. Дырэкторыя ўзяла ўладу і 24 снежня сфармавала новы ўрад — Раду Міністраў. У склад Украінскай Дырэкторыі ўвайшлі пяць чалавек: ад Украінскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі Уладзімір Вінічэнка, Сымон Пятлюра, Андрэй Макаранка, ад Украінскай партыі эсэраў — Фёдар Швец і ад Украінскай партыі сацыялістаў-незалежнікаў — Апанас Андрыеўскі. На чале Дырэкторыі стаў Уладзімір Вінічэнка.

Трагізм сітуацыі быў у тым, што менавіта ў дзень фармавання новага ўкраінскага ўрада, 24 снежня 1918 г., Наркамат замежных спраў РСФСР паведаміў у прэсе, што ў сувязі з ануляваннем Брэсцкага міру Савецкая Расія больш не прызнае Украіну суверэннай дзяржавай. У Курску быў створаны альтэрнатыўны Дырэкторыі Часовы рабоча-сялянскі ўрад Украіны, які фармальна ўзначаліў наступ Чырвонай Арміі ўглыб украінскай тэрыторыі.

На фоне абвастрэння палітычнай сітуацыі ў рэгіёне ўкраінскі фактар для дэмакратычных сілаў Гомеля не толькі не страціў значэння, але, наадварот, набыў ролю рэальнага саюзніка ў барацьбе за антыбальшавіцкую альтэрнатыву. Гэты матыў яшчэ болын актуалізаваўся пасля стварэння ў Кіеве сацыялістычнай Дырэкторыі. Перад рэальнаю небяспекай вяртання да ўлады бальшавіцкіх сілаў гомельскае гарадское самакіраванне паспрабавала ўмацаваць сваё становішча сувязямі з Кіевам, а таксама з нямецкімі акупацыйнымі структурамі, галоўнай з якіх на той момант была салдацкая рада 41-га корпуса.

Навіна пра падзенне рэжыму П. Скарападскага дайшла да Гомеля дастаткова аператыўна. 16 снежня, калі Украінская Дырэкторыя яшчэ не ўступіла ў Кіеў, у Гомелі гарадская рабочая канферэнцыя, скліканая мясцовымі сацыялістычнымі партыямі, пастанавіла стварыць Гомельскую гарадскую Дырэкторыю на шматпартыйнай аснове. Супраць выступілі толькі прадстаўнікі балынавікоў і Паалей-Цыёну. 3 243 дэлегатаў толькі 60 на чале з вядомым левым палітычным дзеячом Васілём Селіванавым (дэрэчы, удзельнікам арганізацыі і дэлегатам Усебеларускага з’езда ў снежні 1917 г.) выказаліся за бальшавіцкае патрабаванне перадаць уладу ў горадзе ваенна-рэвалюцыйнаму камітэту.

На наступны дзень, 17 снежня, стварэнне Дырэкторыі падтрымала таксама гарадская канферэнцыя сацыялістычных партый, якая вылучыла ў склад но­вага органа сваіх прадстаўнікоў: Гальдштэйна ад Гомельскага камітэта Бунда, Р. Павецкага ад РСДРП (меншавікоў), Кляшторнага ад Аб’яднанай яўрэйскай сацыялістычнай рабочай партыі, М. Кагана ад сацыял-сіяністаў.

На канферэнцыі канчаткова сфармаваўся склад Гомельскай Дырэкторыі. Колькасна яна ўдвая пераўзыходзіла «старэйшую сястру» і налічвала 10 ча­лавек, якія, акрамя партыйных структураў, прэзентавалі таксама гарадскую думу, гарадскі цэнтральны савет прафсаюзаў, рабочую канферэнцыю і камітэт чыгуначнікаў.

Адзначым, што партыйны склад Дырэкторыі толькі аддалена адпавядаў кіеўскаму. Адрозна ад партый, якія стварылі кіеўскую Дырэкторыю, ніводзін з заснавальнікаў гомельскай не дадаваў да сваёй назвы «ўкраінская» ці «беларуская». Наадварот, усе яны вызначаліся актыўным дыстанцыяваннем як ад балынавікоў, так і ад нацыянальных рухаў. Іхнай платформай быў паслядоўны «рэвалюцыйны інтэрнацыяналізм», увасабленнем якога на тым этапе гістарычнага развіцця бачылася мадэль прарасійскага дэмакратычнага федэралізму.

З гэтых прычынаў аб’яднанне ўкраінскіх і гомельскіх палітычных сілаў магло быць выклікана толькі знешнімі фактарамі ды не мела грунту для доўгатэрміновай перспектывы. Перад пагрозаю перамогі бальшавізму гомельскія «дэмакраты» шукалі саюзу з любымі сіламі, і акупацыйнымі ў тым ліку, а Украінскую Народную Рэспубліку разглядалі як часовага палітычнага саюзніка і прамежкавы варыянт дзяржаўнасці. Кампраміснасць саюзу вызначыла супярэчлівую дзейнасць Гомельскай Дырэкторыі. Пры гэтым яе лёс залежаў не ад разыходжанняў з Кіевам, а ўсё ад таго самага фактару барацьбы расійскіх бальшавікоў за ўладу.

У дакументах засведчаны факт наведвання гомельскай думскай дэлегацыяй кіраўніцтва ўкраінскай Дырэкторыі ў першыя дні яе існавання. Для высвятлення дачыненняў з Кіевам была высланая спецыяльная дэлегацыя, якая сустрэлася з Сымонам Пятлюрам. Пятлюра выказаўся за захаванне Гомеля ў складзе Украіны і стварэнне гарадской улады на ўзор кіеўскай13. Праўда, абставіны гэтага візіту, як і ягоныя дата, вынікі ды склад дэлегацыі, застаюцца невядомымі. Аднак далейшыя падзеі ў Гомелі даюць падставы меркаваць пра дасягненне бакамі згоды праграмна-тактычнага характару.

Дадатковай (юрыдычнай) падставай збліжэння стала ўхваленне Радай Міністраў УНР плана развіцця мясцовага самакіравання і даручэнне Міністерству ўнутраных спраў забяспечыць яго адпаведнасць усім дэмакратычным прынцыпам14. Гэты дакумент здымаў абмежаванні, накладзеныя на паўнамоцтвы гарадскіх думаў урадам П. Скарападскага, а таксама абяцаў пэўную аўтаномію дзейнасці гарадскога самакіравання на этнічна неўкраінскіх тэрыторыях, адной з якіх быў Гомель.

Гомельскую Дырэкторыю падтрымала салдацкая рада 41-га германскага корпу­са, якая абвясціла таксама, што бярэ на сябе абавязак аховы грамадскага парадку.

Аднак існаванне выбарнай улады ў Гомелі было пастаўлена пад пытанне амаль у момант яе ўзнікнення. Можна канстатаваць, што ў перыяд другой паловы снеж­ня 1918 — першай паловы студзеня 1919 г. у Гомелі захоўвалася своеасаблівае двоеўладдзе, калі побач з Дырэкторыяй амаль што легальна і адкрыта дзейнічаў бальшавіцкі рэўкам. Акрамя гэтага, паводле логікі разгортвання сітуацыі на савецка-германскім фронце і ўва Украіне, гэтай апошняй на тэрыторыі Беларусі структуры гарадскога самакіравання заставалася існаваць лічаныя дні.

У ноч напярэдадні 17 снежня — дня стварэння Гомельскай Дырэкторыі, у Мазьфы адбыліся перамовы паміж прадстаўнікамі нямецкага дывізійнага кор­пуса і адмыслова прызначанай савецкай дэлегацыяй на чале з упаўнаважаным СНК РСФСР Дзмітрыем Мануільскім. Прадметам перамоваў было вызначэнне дакладнага тэрміну эвакуацыі германскіх войскаў па лініі чыгункі Гомель — Пінск. Паводле дасягнутай дамоўленасці, участак чыгункі Калінкавічы — Ма­зыр — Лунінец меў быць вызвалены неадкладна — ужо 17 снежня, а эвакуацыя з Гомеля мусіла адбыцца 20 снежня. Пры гэтым для стварэння ўмоваў поўнага вываду нямецкіх фармаванняў на гэтых тэрыторыях было дамоўлена захаваць палітычна-ўладны status quo, пры якім былі забароненыя спробы гвалтоўнага захопу ўлады любымі сіламі15.

Натхнёныя блізкаю перамогай, бальшавіцкія і найбліжэйшыя да іх левыя сілы Гомеля, якія не пагадзіліся з рашэннямі рабочай і сацыялістычнай канферэнцый аб стварэнні Дырэкторыі, ужо на наступны дзень, 18 снежня, абралі новы склад рэўкама. Ягоным першым рашэннем было змаганне за ўладу любымі сродкамі, у тым ліку ўзброенымі. У той жа дзень пры вяртанні з Мазыра праз Гомель дэлегацыя Мануільскага сустрэлася з наваўтвораным рэўкамам. Разам імі было пастаноўлена рыхтаваць Гомель да займання яго часткамі Чырвонай Арміі, перадачы ўлады ў рукі рэўкама, а горада і павета — у склад РСФСР.

Вестка пра хуткае вяртанне бальшавіцкай улады выклікала ў горадзе паніку. Найбольш заможныя жыхары рушылі на вакзал, каб выехаць на захад. Аднак рэўкам ужо пачаў забіраць уладу ў горадзе ў свае рукі: узброеныя ім групы ўзялі пад кантроль чыгуначны вакзал, змаглі нават арыштаваць начальніка службы руху і не дапусціць выхад са станцыі любых цягнікоў, акрамя нямецкіх. 19 снежня ў гарадскім тэатры ў прысутнасці дэлегацыі Мануільскага быў зладжаны мітынг для вітання Чырвонай Арміі ды бальшавіцкай улады. Аднак у сітуацыю рашуча ўмяшалася салдацкая рада нямецкага 41-га корпуса, прадстаўнікі якой заявілі, што расцэньваюць дзеянні гомельскага рэўкама і дэлегацыі Мануільскага як парушэнне мазырскай дамоўленасці, а таму бяруць сітуацыю пад свой кантроль і афіцыйна пацвярджаюць уладу Дырэкторыі ў Гомелі. На патрабаванне немцаў савецкая дэлегацыя пакінула горад, камітэт чыгуначнікаў, створаны рэўкамам, апынуўся пад арыштам, а сам рэўкам быў вымушаны перайсці на нелегальнае становішча.

Ва ўзніклы момант стабілізацыі Дырэкторыя паспрабавала разгарнуць сваю дзейнасць. Рэканструяваць яе станаўленне і захады ў якасці ўладна-распарадчай структуры, а таксама характар узаемадачыненняў з Кіевам, у пэўнай ступені дазваляе важная крыніца — комплекс прынятых гэтьш органам улады афіцыйных дакументаў, зваротаў і загадаў, якія захаваліся ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь у выглядзе асобнай папкі без пазначэння фонду16.

Першым дакументам з гэтага комплексу ёсць адозва «Да грамадзян г. Гоме­ля», якая выйшла 18 снежня, г. зн. на наступны дзень утварэння Дырэкторыі. Выдала яе, праўда, не сама Дырэкторыя, а выканкам рады салдацкіх дэпутатаў 41-га корпуса за подпісам яго старшыні Кабеніуса. Гэтым дакументам акупацыйная ўлада фактычна легітымізавала як гомельскую, так і ўкраінскую Дырэкторыі. Увага гамельчукоў звярталася на тое, што ўтварэнне гомельскага ўладнага органа адбылося праз выбары гарадской думай і сацыялістычнымі партыямі. Падкрэслівалася добраахвотнасць перадачы вяршэнства ўлады Кіеву, з упэўненасцю ў народным характары ўрада С. Пятлюры17 і ягонай здольнасці забяспечыць вывад нямецкіх войскаў.

Адметна, што галоўнай палітычнай небяспекай Дырэкторыя называла не мясцовых бальшавікоў, а былую ўкраінскую ўладу. У снежаньскіх дакументах новай улады гомельскі рэўкам наагул не згадваецца, у той час як сур’ёзная ўвага звернутая на ліквідацыю рэшткаў гетманскага рэжьшу, які кваліфікаваўся як недэмакратычны і гвалтоўны. Адозва да насельніцтва ад 18 снежня папярэджвала пра гатоўнасць супрацьстаяць зброяй любым інсінуацыям з боку прадстаўнікоў былога гетманскага рэжыму — пры тым, што ім гарантавалася асабістая недатыкальнасць і магчымасць свабоднага выезду з горада. Аднак ужо два наступныя дакументы, што выйшлі неўзабаве і былі падпісаныя ўпаўнаважаным у справах Дырэкторыі Р. Павецкім, абвяшчалі, што «прадстаўнікі гетманскай улады, у выпадку з’яўлення іх у горадзе, мусяць быць тэрмінова арыштаваныя», і заклікалі насельніцтва паведамляць пра ўсе злоўжыванні ды выпадкі хабарніцтва з боку былых уладаў.

Акрамя зваротаў, найбольш змястоўную інфармацыю пра дзейнасць Гомель­скай Дырэкторыі даюць яе загады, адрасаваныя насельніцтву. Апошніх, што выйшлі з 22 снежня да 3 студзеня, захавалася адзінаццаць.

Загад № 1 цікавы тым, што раскрывав некаторыя праграмна-палітычныя ўстаноўкі новай улады. Ён абвяшчаў пераход усёй улады да Дырэкторыі ды аднаўленне гарадской «дэмакратычнай думы» як распарадчай структуры. Галоўнаю мэтай абвяшчалася «аднаўленне парадку і дэмакратычнага ладу». Заяўлялася, што «рабочы клас і дэмакратыя павінны разлічваць на адданасць сацыялістычнай Дырэкторыі іхньш інтарэсам». Для пацверджання сваіх дэмакратычных прынцыпаў Дырэкторыя абяцала, што, «як толькі будуць створаныя законный органы дзяржаўнай улады, а мясцовая будзе забяспечаная гарадскім дэмакратычным самакіраваннем, Дырэкторыя складзе свае паўнамоцтвы»18.

Характэрна, што пры дэклараванні падпарадкавання Украінскай Народнай Рэспубліцы заканадаўчая арыентацыя Гомельскай Дырэкторыі была скіравана не на ўкраінскую ўладу, а на спадчыну расійскай Лютаўскай рэвалюцыі. Прыкладам, загад № 1 адмяняў усе законы гетманскага часу, якія супярэчылі актам Часовага ўрада.

Наступны загад для захавання стабільнасці ды парадку ў горадзе абавязваў усіх службоўцаў дзяржаўных і гарадскіх устаноў заставацца на працоўных месцах і выконваць свае абавязкі. Папярэджвалася, што будуць строга карацца ўсе спробы рабаўніцтва, гвалту і незаконных арыштаў19.

З студзеня 1919 г., у дні, калі адбываўся арганізаваны рэўкамам страйк чыгуначнікаў і максімальна ўзрасла бальшавіцкая небяспека, Дырэкторыя вы­дала самы вялікі дакумент — «абавязковую пастанову». Дакумент патрабаваў, каб усе грамадзяне, а найперш домаўладальнікі, арандатары гатэляў, заезных і пастаялых двароў, начлежных прытулкаў, чайных, сталовак ды іншых устаноў, абавязкова рэгістравалі ўсіх сталых і часовых жыхароў, на працягу дванаццаді гадзін паведамляючы ў міліцэйскія часткі пра ўсіх, хто прыбывае і ад’язджае ў горад і з горада, і неадкладна — пра ўсіх падазроных асобаў. Усе грамадзяне горада і ваколіцаў мусілі мець пры сабе дакументы, інакш іх затрымлівалі для высвятлення асобы. Было абвешчана пра закрыццё ўсіх месцаў азартных гульняў. За парушэнне гэтых патрабаванняў вінаватых чакала турэмнае зняволенне тэрмінам да трох месяцаў20.

Звяртаем увагу на тое, што новы ўладны орган не ствараў уласных ваенізаваных структураў, разлічваючы, верагодна, на дапамогу нямецкай салдацкай рады. Адпаведна з рашэннем Украінскай Дырэкторыі аб скасаванні «дзяржаўнай варты» і рэарганізацыі яе ў міліцыю, у Гомелі абмежаваліся аналагічнай мерай. Было абвешчана пра роспуск толькі кіраўнічага складу варты, сама ж структура пад парад коўвалася калегіі камісараў Гомельскай Дырэкторыі, паміж якімі размяркоўваліся раёны горада. Дарэчы, актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці Дырэкторыі і нават меў пасаду камісара Навабеліцкай акругі Аляксандр Бадуноў — родны брат беларускай дзяячкі Палуты Бадуновай.

Разам з палітычнай найбольшую вастрыню для Дырэкторыі набыла гаспадарча-эканамічная праблема, што было абсалютна зразумела ў сітуацыі зацягнутай вайны, палітычнага і эканамічнага крызісаў, змены мясцовых і дзяржаўных уладаў. Змест некалькіх загадаў Гомельскай Дырэкторыі быў звязаны з такімі пытаннямі, як інфляцыя і цэны, спекуляцыя таварамі ды прадуктамі, харчовае забеспячэнне. Інструменты і захады для развязання гэтых праблемаў мелі адміністрацыйна-прымусовы і кантрольны характар, што апраўдвалася экстрэмальнай сітуацыяй.

У прыватнасці, з дакументаў вынікае, што нестабільнасць палітычнай сітуацыі ва Украіне адбілася і на кан’юнктуры гомельскага фінансавага рынку, традыцыйна зацікаўленага ў сувязях з паўднёвай суседкай. Украінскія грошы сталі страчваць сваю канкурэнтаздольнасць, у горадзе паўставалі стыхійныя «біржавыя вулічныя сходы», дзе ішла спекуляцыя «цвёрдаю валютай» — нямецкімі маркамі ды расійскімі рублямі. Рэакцыяй на сітуацыю стаў спецыяльны загад Дьфэкторыі аб захаванні раўнавартаснасці ўкраінскіх грошай у параўнанні з іншымі, якія выкарыстоўваліся ў горадзе. Уводзілася адказнасць за адмаўленне іх прымаць: асобаў, заўважаных у нелегальным абмене, мелі арыштоўваць, а грошы сканфіскоўваліся на карысць горада. Строгія захады, ажно да судовай адказнасці, ужываліся ў дачыненні да вінаватых у самачынным павышэнні цэнаў на харчы21.

Наагул развязанне найвастрэйшай праблемы — харчовай — прымусіла Дырэкторыю зрабіць захады, якія нагадвалі балылавіцкую харчовую дыктатуру. Найстражэйшым чынам забараняўся вываз харчоў з горада, на дарогі выстаўляліся спецыяльныя кардоны з правам рэквізаваць затрыманыя тавары і аддаваць пад суд іхных уладальнікаў. У той жа час здымаліся ўсялякія абмежаванні на ўвоз харчоў. Цяжка дакладна ацаніць эфектыўнасць гэтых захадаў Дырэкторыі, аднак варта прызнаць, што яны адыгралі ролю ў захаванні адносна стабільнай харчовай сітуацыі ў горадзе і прадухілілі абвальнае руйнаванне харчовага і фінансавага рынкаў. Пацверджаннем гэтага варта лічыць тое, што калі праз месяц горад і павет апынуліся пад бальшавіцкай уладай, то сюды проста рынуліся шматлікія цэнтральныя і губернскія дзяржаўныя, ведамасныя, вайскова-франтавыя харчовыя камісіі, якія вялі бясконцыя закупні і рэквізіцыі прадуктаў. У прыбылых жа ў Гомель чырвонаармейцаў мясцовыя крамы і кавярні выклікалі «класавую зайздрасць і абурэнне» сваім дарэвалюцыйным асартыментам.

З эканамічных захадаў Дырэкторыі адным з найбольш радыкальных была спроба стварыць уласны бюджэт для «забеспячэння гарадскіх устаноў [сродкамі. — В. Л.) на неадкладныя патрэбы барацьбы з нарастаючай злачыннасцю, у мэтах аховы бяспекі насельніцтва горада». Асноўнаю крыніцай збору сродкаў стаў надзвычайны прымусовы падатак на тры мільёны рублёў, які размяркоўваўся паводле «класавага прынцыпу» — на «маёмасныя элементы горада Гомеля». Пры гэтым прысутнічала імкненне захаваць дэмакратызм і справядлівасць, пазбегнуть злоўжыванняў, для чаго былі створаныя адразу дзве спецыяльныя камісіі: абкладання і збору падаткаў, а таксама для разгляду скаргаў і парушэнняў.

Прыцягнутыя да выплаты падатку грамадзяне абавязваліся ў трохдзённы тэрмін уносіць у касу гарадской управы запатрабаваную суму. Тых, хто не падпарадкоўваўся, чакалі «пазбаўленне права свабоднага перамяшчэння», арышт і продаж маёмасці, а прыналежныя ім прадпрыемствы гандлю і вытворчасці зачыняліся22.

Безумоўна, захады Дырэкторыі не маглі быць цалкам паспяховыя ва ўмовах панавання эканамічнай стыхіі, вострай унутры- і замежнапалітычнай барацьбы, фактычнага існавання ў Гомелі двоеўладдзя.

Гомельскі рэўкам тым часам не кідаў спробаў вярнуць уладу, фактычна аднавіўшы ад крытую дзейнасць. У 20-я дні снежня авангардныя чырвонаармейскія аддзелы Заходняга фронту ўжо ўзялі пад свой кантроль частку чыгункі ад Гомеля да Жлобіна, што дало рэўкаму новы стымул для штурму гарадскога кіравання. 24 снежня ён звярнуўся да нямецкай салдацкай рады з ультыматумам аб перадачы ўлады. У адказ прыйшло катэгарычнае пацверджанне паўнамоцтваў Дьфэкторыі. Для аховы чьпуначнага вузла і горада ў Гомель дадаткова была ўведзена 47-я нямецкая дывізія, а Кіеўская Дырэкторыя накіравала сюды браняваны цягнік.

У адказ рэўкам пры падтрымцы Магілёўскага губкама РКП(б) і камандавання Заходняга фронту з 26 снежня зладзіў агульнагарадскі страйк, у які актыўнай агітацыяй, а часам і наўпроставымі пагрозамі былі ўцягнутыя рабочыя найбуйнейшых прадпрыемстваў і чыгункі. У выніку была паралізавана праца чыгуначнага вузла і вытворчасці.

Натуральна, што ўдалыя дзеянні рэўкама і спроба ўзяць гарадскую сітуацыю пад кантроль не былі станоўча ацэненыя Дырэкторыяй. У выпушчаным у гэтыя дні звароце да грамадзян горада зазначалася, што расклееныя ў горадзе загады нейкага рэвалюцьійнага камітэта зыходзяцъ ад невядомых нам асобаў. Улада па-ранейшаму знаходзіцца цалкам у руках гарадской Дырэкторыі, якая здзяйсняе яе ў кантакце з Нямецкім Саветам салдацкіх дэпутатаў23.

Аднак ужо 30 снежня прадстаўнік Дырэкторыі А. Браўн вымушаны быў пачаць палеміку з прадстаўнікамі рэўкама і Гомельскага цэнтральнага бюро прафсаюзаў на гарадской рабочай канферэнцыі, дзе абмяркоўваліся страйк і яго перспектывы. А. Браўн даводзіў памылковасць страйку, які не толькі дэзарганізуе жыццё горада, але і зрывае эвакуацыю германскіх войскаў. У адказ праіучалі словы прадстаўніка Магілёўскага губрэўкама Гурэвіча пра тое, што страйк не можа быць спынены, бо Гомель неабходны для тэрміновай перапраўкі Чырвонай Арміі ва Украіну, дзе сканцэнтраваліся контррэвалюцыйныя белагвардзейскія сілы Дзянікіна і Краснова24.

Пашырэнне страйку вымусіла нямецкую раду пайсці на перамовы з рэўкамам, якія скончыліся кампрамісам: немцы абавязаліся пакінуць Гомель у дзесяцідзённы тэрмін і не замінаць падрыхтоўцы да ўвядзення ў горадзе савецкай улады, а рэўкам паабяцаў спыніць страйк і стварыць нармальныя ўмовы для эвакуацыі германскіх сілаў.

Гэтая дамоўленасць стала прысудам для Гомельскай гарадской Дырэкторыі. Трымаючыся прынцыпу негвалтоўнасці, яна вырашыла добраахвотна перадаць уладу і выклала сваю пазіцыю ў апошнім звароце да насельніцтва. Дакумент адзначыў, што згодна з рашэннем Германскага Савета салдацкіх дэпутатаў і Ваенна-Рэвалюцыйнага Камітэта Гарадскал Дырэкторыя і гомельское насельніцтва пастаўленыя перад фактам пераходу ўладьі ў рукі Рэвалюцыйнага Камітэта, таму Дырэкторыя складає свае паўнамоцтвы.

Падводзячы вынікі сваёй дзейнасці, Дырэкторыя ставіла сабе ў заслугу тое, што ў найцяжэйшы час яна ўзяла на сябе цяжар і адказнасць улады, паспрабавала захаваць у горадзе «парадак і дэмакратьгчны лад», здолела вярнуць заваёвы «Вялікай Расійскай Рэвалюцыі» і пайсці насустрач шырокім масам дэмакратычнага насельніцтва, зноў далучаючы іх да палітычнай чыннасці. Падкрэслівалася, што ў сваёй дзейнасці Дырэкторыя абапіралася выключна на давер і падтрымку насельніцтва, на разумение ім яе адміністрацыйных мерапрыемстваў, у той час як карна-рэпрэсіўныя захады выкарыстоўвала толькі ў выключных выпадках. Дырэкторыя прызнавала, што яна не рэалізавала цалкам уласных планаў дэмакратычных пераўтварэнняў, у якіх «абарона інтарэсаў рабочых і працоўных стаяла на першым месцы», і передавала плён сваёй дзейнасці на суд жыхароў горада25.

Гэтым дакументам быў таксама названы тэрмін знаходжання Гомельскай Дырэкторыі ва ўладзе — 25 дзён, што дазваляе прыблізна вызначыць крайнюю дату яе існавання — каля 10 студзеня 1919 г. 14 студзеня апошнія нямецкія часткі перадалі Гомель Чырвонай Арміі.

Украінская Дырэкторыя перажыла сваю «малодшую сястру» прыкладна на тры тыдні. 20 студзеня яна абвясціла ваеннае становішча на ўсёй тэрыторыі Украіны, а Чарнігаўская і Палтаўская губерні апынуліся ў стане аблогі26. 2 лю­тага 1919 г. уладныя структуры Дырэкторыі былі вымушаныя пакінуць Кіеў, саступіўшы яго бальшавікам. Пасля гэтага Украінская Дырэкторыя пачала доўгія вандроўкі па Украіне, спрабуючы аказваць супраціў Чырвонай Арміі ды польскаму наступу. У той жа час следу існавання Гомельскай Дырэкторыі ў выгнанні не захавалася. Хутчэй за ўсё, яе стваральнікі засталіся на месцы ды імкнуліся працягваць сваю грамадскую дзейнасць і пад саветамі. Іхныя біяграфіі ды лёсы пакуль не высветленыя. Апошнім часам былі знойдзеныя толькі дакументы пра датычнасць Р. Павецкага да стракапытаўскіх падзеяў, якія выбухнулі ў Гомелі ў сакавіку 1919 г. Вядома таксама, што заставаўся у Гомелі ды прытуліў сваю хворую сястру аж да ейнага арышту ў 1937 г. Аляксандр Бадуноў.

Не знойдзена пакуль щто і звестак, якая была рэакцыя Украінскай Дырэкторыі на ліквідацыю яе фармальнай гомельскай структуры. Гэтая праблема патрабуе далейшага даследавання.

  1. Гуревич. Материалы по истории Р.К.П. и революции в Гомельской губернии // Известия Го­мельского іубернского комитета Р. К. П. 1924. № 35.
  2. Українська Центральна Рада: документи і матеріали. В 2-х т. Т. 2. Київ, 1997. С. 181.
  3. Центральний державний архів вищих органів влади та управління України (ЦЦАВО України).Ф. 3766, оп. 1, спр. 186, арк. 39, 75—77.
  4. Тамсама. Спр. 187, арк. 6.
  5. ЦДАВО України. Ф. 3766, on. 1, спр. 186, арк. 1—2.
  6. Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці (ДАГВ). Ф. 100, воп. 1, спр. 3, арк. 66.
  7. Дзяржаўны архіў грамадскіх аб’яднанняў Гомельскай вобласці. Ф. 52, воп. 1, спр. ЗО, арк. 3—13.
  8. Тамсама. Ф. 2201, воп. 2, спр. 420, арк. 142.
  9. Тамсама. Спр. 184, арк. 17.
  10. Тамсама. Спр. 611, 968.
  11. Трудящиеся Гомельщины в борьбе за власть Советов (1917—1920): хроника событий. Гомель, 1958. С. 80—82.
  12. Фонды музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Ф. 5, спр. 3, арк. 90.
  13. Фонды музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Ф. 5, спр. 3, арк. 17.
  14. Директорія, Рада Народних Міністрів Української Народної Республики, листопад 1918 — листопад 1919 рр.: Документи і матеріали. Т. 1. Київ, 2006. С. 134.
  15. ДАГВ. Ф. 52, воп. 1, спр. 61, арк. 40—44.
  16. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). Папка «Гомель 1917—1923».
  17. Так у дакуменце, хоць Сымон Пятлюра афіцыйна ўзначаліў Дырэкторыю толькі 19 лютага 1919 г., а да гэтага на яе чале стаяў Уладзімір Вінічэнка. У той жа час варта ўлічваць той факт, што С. Пятлюра ад самага пачатку існавання Украінскай Дырэкторыі камандаваў яе ўзброенымі сіламі і, відаць, менавіта дзеля гэтага ўспрымаўся гомельскімі палітычнымі сіламі як рэальны кіраўнік усёй гэтай палітычнай структуры.
  18. НАРБ. Папка «Гомель 1917—1923». Дакумент № 21.
  19. НАРБ. Папка «Гомель 1917—1923». Дакументы № 23, 26.
  20. Тамсама. Дакумент № 33.
  21. НАРБ. Папка «Гомель 1917—1923». Дакумент № 21.
  22. Тамсама. Дакумент № 16.
  23. НАРБ. Папка «Гомель 1917—1923». Дакумент № 20.
  24. Фонды музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Ф. 5, спр. З, арк. 28.
  25. НАРБ. Папка «Гомель 1917—1923». Дакумент № 35.
  26. Директорія, Рада Народних Міністрів… Т. 1. С. 200.

Аўтар: Валянціна Лебедзева — гісторык, старшы выкладчык катэдры беларускай культуры і фальклярыстыкі Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Ф. Скарыны. Аўтар каля сотні публікацый па праблемах беларускага руху, гісторыі Гомельшчыны 1920-х гг., жыцьцю і дзейнасьці Мітрафана Доўнар-Запольскага. У № 5 «ARCHE» за 2001 год друкаваўся яе артыкул «БНР—УНР: першы вопыт дзяржаўных стасункаў», у № 3 за 2009 год — сумесная з украінскай дасьледчыцай Вольгай Ямковай публікацыя «Беларусь! пішуць Шапавалу».
Крыніца: часопіс АРХЭ № 3, 2011 г. Ст. 356-369.