У вёсцы Неглюбка пройдзе свята ткацтва “Кросенцы”

0
1967
Фестываль ткацтва пройдзе ў вёсцы Неглюбка

Унікальнае свята ткацтва “Кросенцы” пройдзе 28 жніўня ў Неглюбцы. Улічваючы, што веткаўскія рушнікі і іх традыцыя ткацтва ў гэтым годзе сталі гісторыка-матэрыяльнай каштоўнасцю, завітаць на Веткаўшчыну дакладна варта.

Неглюбка — непаўторны куток Веткаўшчыны. Ручнікі, якія створаны мясцовымі ткачыхамі на драўляных кроснах, пабачылі ўвесь свет. На міжнародных выставах Нью-Йорка, Монрэаля, Токіа, Парыжа, Бруселя яны былі адзначаны залатымі медалямі, а амерыканскі Метраполітэн-музей прыдбаў іх для сваёй калекцыі.

У гэтым годзе неглюбскай народнай тэкстыльнай традыцыі аг. Неглюбка быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, а найлепшы ўзор майстэрства неглюбскіх ткачых рэкорднай даўжынёй у 30 метраў, як абярэг нашай краіны, быў падараваны прэзідэнту краіны.

Народнае рамяство не забываецца новымі пакаленнямі і актыўна папулярызуецца. Доказам гэтаму з’яўляецца правядзенне аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Веткаўскага райвыканкама штогадовага свята ткацтва “Кросенцы”. Праграма свята насычаная і цікавая.

На свяце вас чакае:

  • Выстава неглюбскага ткацтва “Аповесці жыцця”;
  • Канцэртная праграма творчых калектываў Веткаўскага раёна;
  • Інтэрактыўная пляцоўка Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава “Аснова. Тэхналогія як магія”;
  • Фотавыстава “Непаўторныя імгненні”;
  • Майстар-класы па дэкаратыўна прыкладному мастацтву “Чароўная майстэрня”;
  • Конкурс ткацтва сярод дзяўчынак;
  • Тэматычная фотазона;
  • Конкурс беларускіх нацыянальных страў “Беларуская кавярня”;
  • Дзіцячая пляцоўка “Гульні з бабулінага куфэрка”;
  • Майстар-клас па традыцыйных танцах.

Месца правядзення: пляцоўка каля сельскага цэнтра ткацтва аг. Неглюбка.
Пачатак мерапрыемстваў: 14:00.