У вёсцы Данілевічы, якая месціцца ў Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці, існуе даволі рэдкі для Беларусі абрад — Піліпаўскія Дзяды. Менавіта тут існуе славутая традыцыя ўшанавання гаючай «каменнай дзяўчынкі».
Як і ў іншых вёсках беларускага Палесся, паводле традыцыі ў Данілевічах сваякоў-мужыкоў на восеньскія Дзяды памінаюць асобна ад Баб.
У шматлікіх паселішчах нашчадкі найчасцей памінаюць ды частуюць душы сваякоў традыцыйнымі стравамі перад Міхайлай (на Міхайлаўскія Дзяды). У Данілевічах з душамі Дзядоў вячэраюць поснымі традыцыйнымі стравамі пазней: у пятніцу перад пачаткам Піліпаўскага паста, а з Бабамі – снедаюць тлустымі стравамі на наступную раніцу ў суботу.

Перад святочнай вячэрай гаспадары звычайна прыбіраюцца ў хатах: падмятаюць падлогу, упрыгожваюць куты ручнікамі, падбельваюць печку, якую ў Данілевічах традыцыйна можна падбельваць толькі ў дзядоўскую пятніцу.
Гатуюць на Дзяды традыцыйныя посныя стравы, абавязкова куццю. У Данілевічах яна звычайна пшонная. Да таго ж гатуюць боршч, пякуць хлеб, пампушкі, якія на Дзядоў мачаюць не ў тлустую смятану, а ў чарніцы, патрэбны таксама кісель.
У цэнтры стала ставяць свячу ў зерне, як сімвал жыцця са светам памерлых. Перад вячэрай свячу можа запальваць толькі прадстаўнік мужчынскага полу – гаспадар. Садзіцца гаспадар у кут пад ікону. Мужчын у Данілевічах засталося мала, таму практычна ўсе тут звязаныя вузамі сваяцтва.

Сваякі запальваюць свячу, моляцца і запрашаюць сваіх ды чужых Дзядоў на супольную вячэру ў хату. Вячэраць пачынаюць хлебам, потым ядуць боршч. Перад тым, як з’есці лыжку супу, мачаюць яе некалькі разоў і праліваюць трошкі насупраць – нібы частуючы кожнага з памерлых сваякоў. Тое ж робяць з іншымі стравамі.

Звычайна на Дзяды вячэраюць сціпла, без песень ды танцаў, а апошняй ядуць кашу. Першым яе зʼядае гаспадар. Як гавораць у Данілевічах: «каша – апошняя паша». Пасля лыжкі прыстаўляюць да гаршка з пшоннай у выглядзе сонца, каб продкі маглі і далей ёй частавацца.

Калі дзеці просяць пасля вячэры піць, гаспадар спачатку пралівае тры разы ваду пад стол памерлым сваякам, і толькі потым дае дзецям.
Напрыканцы вячэры і малітвы гаспадар альбо гаспадыня (калі мужчыны няма) задзьмухвае свячу і глядзіць куды пойдзе дым: калі да Бога ўгору – у хаце ўсе ў гэтым годзе застануцца жывымі, калі да дзвярэй з хаты – хтосьці гэты год не дажыве, а пойдзе да продкаў у іншы свет.

Пасля вячэры сваякі перасаджваюцца з-за стала на лаву, каб у вуллях, ці калодах гаспадара вяліся пчолы (пчаліная сям’я традыцыйна параўноўвалася з чалавечым родам).
Ежу, што засталася пасля вячэры, пакідаюць на стале для памерлых на ноч, а дзверы пакідаюць адчыненымі.

На наступную раніцу Баб шануюць ужо больш «па-зямному»: пякуць бліны са смятанай, абавязкова традыцыйную яешню з салам (сімвал урадлівасці), можна есці мяса ды іншую тлустую ежу. Лічыцца, што бабская субота ды нядзеля апошнія дні, калі можна тлуста паесці, паспяваць і пагуляць перад панядзелкам – пачаткам Піліпаўскага пасту.

Не забываюць данілаўскія жанчыны ўшанаваць у суботу і крыжы ў выглядзе Бабы-прашчуркі ды сваю дапаможную каменную дзяўчынку традыцыйнымі фартушкамі ды хусткамі.
Паводле легенды, праз праклён сваёй маці падчас працы на жытнім полі, маленькая дзяўчынка ператварылася ў камень, які дапамагае ўсім, хто просіць здароўя. Асабліва дапамагае ў падаўжэнні роду ды шчасці ў асабістым жыцці. Да каменя і цяпер прыязджаюць памаліцца і пакінуць аброк шматлікія беларусы ды замежнікі.

Як гавораць данілегаўскія бабы: «Дзядоў любяць у нас менш за Баб»…