Ці заўсёды мы можам адрозніць сапраўднае ад несапраўднага? Ці маем мы права выбіраць для сябе каштоўнасці? Ці варта нам крыўдзіцца ў выпадку, калі доўгачаканае і сапраўднае праходзіць міма, а несапраўднае можа нават навязвацца нам у грубай форме?
Пытанняў падобнага кшталту – безліч. Каб даць прастору для разваг над тым, што ж ёсць народнае, а што – псеўданароднае, усіх ахвотных сабрала мерапрыемства “Зіма з летам стрэчаецца…” у філіяле Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф. Р. Шклярава, што адбылося 25 лютага.
Ужо сама назва мерапрыемства скіроўвае нашу ўвагу на аб’ект, які стаў “паддоследным” у коле абраных пытанняў. Так, размова ішла пра Стрэчанне – веснавое свята, што распачынае цыкл загукальных святаў, якія працягнуцца да Ушэсця. З мэтай аналізу, што ж у гэтым свяце засталося ад народнага, а што адышло ад традыцыі, прысутным быў прадэманстраваны фільм “Грамніцы” Янкі Крука, на той час загадчыка кафедры этналогіі і фальклора Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва.
Фільм прагледзены, “перамыванне костачак” пачынаецца. І, трэба заўважыць, адразу вылучаюцца наступныя моманты ў пастаноўцы фільма.
Па-першае, неадпаведнасць яго назвы – “Грамніцы” – з сапраўднасцю. Так, у вёсцы Новае Палессе Лельчыцкага раёна, дзе абрад непасрэдна і быў зняты, 15 лютага святкуецца Стрэчанне, таму і ў мове жанчын-удзельніц абраду ніводнага разу не прамільгнула слова Грамніцы. Як тлумачыць Пятро Цалка, навуковы супрацоўнік Веткаўскага музея народнай творчасці, “Грамніцы і Стрэчанне – гэта святы, якія прыпадаюць на адзін дзень, але канцэпцыі святкавання якіх розныя ў розных рэгіёнах. Гэта тое ж самае, што назваць кефір малаком ці малако кефірам. То бок гэта малочныя прадукты, але калі з малака можна зрабіць кефір, то з кефіра малако мы ўжо не зробім”. Больш трапным, на думку Пятра, было б назваць дадзены фільм “Стрэчанне”.
Па-другое, кідаецца ў вочы пацвярджэнне аўтарам стрэрэатыпу, што фальклор і традыцыйная культура – гэта замкнутае бабулькамі кола. Нам часта даводзяць на розных фотаздымках, у фільмах (дадзены фільм не выключэнне), што захавальнікамі народнай культуры выступаюць жанчыны сталага ўзросту. Але ўся справа ў тым, што жанчыны сталага ўзросту ніколі не хадзілі гукаць вясну, не праводзілі абрад Стрэчанне, а толькі суправаджалі дзеянні дадзеных абрадаў як носьбіты традыцыі. Асноўныя ж абрадавыя дзеянні лажыліся на плечы маладых дзяўчат: менавіта моладзь – тая крыніца энергіі, уздзеянне якой на гукальныя абрады і песні павінна надаць сілы зямлі, абудзіць яе ад зімовага сну.
Па-трэцяе, фільм характарызуе залішняя пастановачнасць, ненатуральнасць (ці што?). Складваецца ўражанне, што жанчыны “ігралі” па загадзя напісаным сцэнары. І той бясконцы зварот адзін да адной “жоночкі́”, і тая згода на любую прапанову адносна таго або іншага дзеяння (дзе б гэта жанкі так адразу на ўсё згаджаліся?), і тая ненатуральнасць паводзін… – сведчаць у падтрымку аргумента. Да таго ж і касцюмы ў жанчын – усё тая ж спроба сцэнічнага паказу. Адсюль і вынік: адбылося не свята – адбыўся тэатралізаваны паказ. Ды і ўвогуле, аўтару фільма карысна было б аддзяліць народныя ўяўленні і іх непасрэдныя выяўленні ад спробы іх навуковага апісання і тлумачэння. Бо неяк дзіўнавата гучаць з вуснаў удзельніц абраду навуковыя трактоўкі свята і прыклады, якія гэтыя трактоўкі паясняюць.
Што казаць, высілкі, накіраваныя на падтрыманне беларускай народнай культуры, відавочна падвяргаюць аб’екты культуры, г. зн. святы і абрады, пэўным зменам. Самае страшнае, што ўся пастановачнасць святаў і абрадаў пераходзіць на вёску, дзе традыцыі адміраюць разам з бабулямі, а моладзь пачынае адносіцца да спадчыны зневажальна, прымаючы яе як прыдуманую цёмнымі людзьмі бязглуздзіцу. Толькі тыя людзі, у адрозненне ад нас, дакладна ведалі, што ўсе выконваемыя імі дзеянні паўздзейнічаюць на іх далейшае жыццё, таму і рабілі ўсё шчыра і з адкрытым сэрцам.
У рэшце рэшт, Пятро Цалка выводзіць галоўную задачу для папулярызатараў беларускай культуры, якая заключаецца не ў паказе бабулек як галоўных захавальніц народнай культуры, з якой яна, адпаведна, і аджыве, а ў акцэнце на захаванні народнай спадчыны. Пераемнасць традыцый у гэтым выпадку павінна ісці праз моладзь. Аднак ёсць, ёсць і ў наш час моладзь, якая не лічыць традыцыйную архаічную культуру аджыўшай, а нясе яе ў сваё жыццё, жыве з ёй. Сапраўднымі захавальнікамі аўтэнтычнай, народнай (народнай!), а не псеўданароднай культуры, якую мы прызвычаіліся чуць на сцэне, на святках, на купаллях ды масленках, з’яўляюцца сябры ўнікальнага калектыву – Гомельскай моладзевай краязнаўчай грамадскай арганізацыі “Талака”, – чые спевы і вянчаюць мерапрыемства.
Закончылася дзейства дамовай сустрэцца, каб даць канчатковы адказ на пытанне, што ж гэта – сапраўдная народная культура.
Загляне сонца і ў наша аконца!
Аўтар: Марына Маркевіч
Фатаздымкі: Пятро Цалка