У першы беларускамоўны клас у Гомлі аддалі дзяцей 20 сем’яў

0
1040

Дваццаць першакласнікаў гарадской гімназіі № 36 імя Івана Мележа будуць ратаваць імідж беларускамоўнай адукацыі ў паўмільённым Гомлі. Гэта пры тым, што ўсяго ў горадзе з пачаткам верасня за парты сядуць каля 50 тысяч школьнікаў.

Клас, дзе хочацца вучыцца

Завуч пачатковых класаў гімназіі № 36 Тацяна Гарбачова паказвае першы «А» клас, дзе 20 дзяцей будуць навучацца па-беларуску. Мяккія зялёна-бэжавыя колеры партаў, светлыя падлога й сцены, з густам падабраныя жалюзі. Сучасная дошка з дадатковым падсвятленнем, азбука, куток «Інфармацыйны веснік», палічкі з кніжкамі пра Радзіму, Гомель, родную мову, цацкі, зробленыя дзецьмі. Ёсць тут нават свая «Гульнятэка».

Завуч Тацяна Гарбачова з настаўніцай першакласнікаў Кацярынай Казловай
Завуч Тацяна Гарбачова з настаўніцай першакласнікаў Кацярынай Казловай

Гаспадыня беларускай клясы — сёлетняя выпускніца Гомельскага пэдагагічнага каледжу імя Выгоцкага Кацярына Казлова:

«Сама я з Чачэрскага раёну. Рада, што размеркавалі ў мележаўскую гімназію. Літаральна ўчора сустракаліся з бацькамі, чые дзеці будуць навучацца па-беларуску. Па-добраму ўразіла шчырае зацікаўленне бацькоў у беларускамоўным навучанні сваіх дзяцей».

Беларускія палічкі ў 1 «А» класе гомельскай гімназіі №36
Беларускія палічкі ў 1 «А» класе гомельскай гімназіі №36

Завуч Тацяна Гарбачова кажа, што апошнім часам павялічваецца колькасьць абітурыентаў, якія здаюць цэнтралізаванае тэставанне па беларускай мове. Аднак «стобальнікаў» сярод іх не так і шмат.

«Калі была сустрэча з бацькамі першакласнікаў, заўважыла, што асобныя з іх крыху непакояцца за тое, ці добра будуць засвойваць шасцігодкі вучэбны матэрыял. Маўляў, дома мала практыкі, беларускамоўнае асяроддзе ў горадзе звужанае. Дык я ім прыводжу прыклад з папярэдняга беларускага класа, дзе навучалася 26 дзяцей. Ніхто з іх не адстаў, усе гуртам перайшлі ў другі клас — і працягнуць навучанне па-беларуску. У нас у гімназіі і выхаваўчая праца вядзецца на беларускай мове. Будзем неўзабаве вырашаць, каб вярнуцца да практыкі беларускамоўнага навучання і пасля пачатковай школы — у 5–11 класах».

Этнаграфічны музей гімназіі "Беларуская хата" — дыпламант шматлікіх конкурсаў
Этнаграфічны музей гімназіі “Беларуская хата” — дыпламант шматлікіх конкурсаў

«Не рызыкую выпраўляць дачку за пяць кіламетраў»

Заявы ў мележаўскую гімназію пра навучанне сваіх дзяцей на беларускай мове могуць падаваць бацькі з любога кутка гораду. Але спыняе вялікая адлегласць — далёка не ўсе маюць магчымасць вазіць дзяцей уранку за пяць ці нават дзесяць кіламетраў у гімназію № 36, што на вуліцы Братоў Лізюковых. А іншыя школы беларускамоўных класаў не маюць.

«У верасні мая дачка Маргарыта ідзе ў першы клас, — кажа гамяльчанка Антаніна Каржавіна. — Мы з ёй наведвалі заняткі, якія ладзіць для малалеткаў гарадская арганізацыя Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Але аддаць дачку ў гімназію № 36 я не магу — не рызыкую выпраўляць за пяць кіламетраў ад дому, бо жывем мы ў мікрараёне „Гомсельмаш“. Мне, канешне, балюча, што побач няма магчымасці навучаць дачку на беларускай мове — мове тытульнай нацыі».

Напрыканцы мінулага навучальнага году ў рэгіёне налічвалася 537 агульнаадукацыйных школ, у тым ліку беларускамоўных — 239. Усяго ў школах вобласці навучалася 150 тысяч дзяцей, з якіх толькі 18,3 тысячы — па-беларуску. Іншымі словамі, у 8 з лішкам разоў меней, чым на рускай мове.