У палацы Румянцавых і Паскевічаў 31 траўня ў 16-00 адкрыецца выстава, прымеркаваная да 150-годдзя з дня нараджэння гомельскага архітэктара Станіслава Шабунеўскага.
Сёння амаль немагчыма ўявіць сабе Гомель без пышных архітэктурных помнікаў канца XIX — першай чвэрці XX стагоддзя, якія захаваліся насуперак усім нягодам і якія ствараюць мастацкі вобраз горада. Самай яскравай сярод іх і вызначальнай цэнтральнай часткай сучаснага абласнога цэнтра, на нашу думку, з’яўляюцца былыя банкі, бальніцы, офісныя ды жылыя будынка, спраектаваныя архітэктарам С.Д. Шабунеўскім.
Арганізацыяй выставы займаліся не толькі супрацоўнікі музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. У падрыхтоўцы ілюстрацыйнага апарата прынялі ўдзел студэнты і выкладчыкі архітэктурнага аддзялення БелДУТ. Частка сапраўдных дакументальных матэрыялаў для экспанавання прадастаўлена Дзяржаўным архівам Гомельскай вобласці і Музеем гісторыі горада. Вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы выяўленчых матэрыялаў аказаў інстытут «Гомельпрамбуд» і ўпраўленне архітэктуры Гомельскага аблвыканкама.
Станіслаў Данілавіч Шабунеўскі нарадзіўся на Гомельшчыне ў сяле Скароднае былога Мазырскага павета. Паходзіў са старадаўняга дваранскага роду. Бацька служыў паштмайстарам, і сям’я пераязджала па розных беларускіх гарадах: Пінск, Слуцк, Бабруйск. Атрымаўшы добрую гімназічную адукацыю, Станіслаў паступіў у Пецярбургскі інстытут цывільных інжынераў, пасля заканчэння якога прыехаў у Гомель, дзе паказаў сябе выдатным спецыялістам у галіне архітэктуры. З 1897 года ён працаваў на пасадзе галоўнага архітэктара нашага горада, а пасля рэвалюцыі 1917 года — губерні і акругі. Тут Станіслаў Данілавіч пражыў да свайго арышту ў 1931 годзе і «бесперапынна служыў, праектаваў і будаваў», як ён сам напісаў у аўтабіяграфіі.
Першым збудаваннем Шабунеўскага ў Гомелі стаў будынак мужчынскай класічнай гімназіі, у якім у цяперашні час размяшчаецца адзін з карпусоў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту.
С.Д. Шабунеўскі ўваходзіў у склад гарадской управы ў чыне калежскага асэсара, абіраўся ў земства па польскай курыі. У гэты перыяд яму даводзілася шмат кантактаваць з княгіняй Ірынай Іванаўнай Паскевіч, выконваючы яе замовы на праектаванне будынкаў земскай бальніцы і шпіталя, прылада вадаправода, якія яна падарыла гораду.
На сённяшні дзень, на жаль, нам вядомыя не ўсе аўтарскія працы гэтага выдатнага дойліда. Частка іх загінула ў гады Вялікай Айчыннай вайны ці не была адноўлена пасля яе заканчэння. Але і тое, што захавалася, да гэтага часу ўпрыгожвае наш горад і шмат у чым вызначае яго архітэктурнае аблічча. Шкада, што лёс жорстка абыйшоўся з архітэктарам. У 1931 годзе ён быў арыштаваны па неабгрунтаваным абвінавачванні ў дачыненні да контррэвалюцыйнага руху і прысуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем тэрміну пакарання на Беламорканале ў горадзе Кемь. Там жа ў ссылцы ў 1937 году архітэктара не стала. Толькі 20 кастрычніка 1989 году Пракуратурай БССР Станіслаў Данілавіч быў рэабілітаваны.
Успомніць гэтага таленавітага чалавека, пазнаёміцца з яго творчасцю можна на выставе, арганізаванай у музеі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля ў гонар 150-годдзя з дня нараджэння гомельскага архітэктара Станіслава Шабунеўскага.
Уваход на выставу уключаны ў кошт квітка на другі паверх цэнтральнай частцы палаца Румянцавых і Паскевічаў.