У межах праекту «(Не)расстраляныя» ў Гомлі пройдзе лекцыя пра Алеся Дудара

0
57
Алесь Дудар і лекцыя пра яго ў Гомелі

Партал TuzinFM.by працягвае праект, прысвечаны памяці рэпрэсаваных у 1930-х беларускіх творцаў. Пакуль да выдання рыхтуецца кніга з музычным дадаткам, па ўсёй Беларусі праходзяць адкрытыя лекцыі, прысвечаныя героям праекту. Чарговая з іх пройдзе 2 лістапада ў Гомлі і будзе прысвечана асобе Алеся Дудара.

Прэзентацыя праекту «(Не)расстраляныя» пройдзе пры ўдзеле яго аўтара Сяргея Будкіна ў арт-прасторы “Каўчэг” па адрасе праспект Перамогі, 2а. Уваход будзе вольным. Пачатак а 19-й гадзіне.

На сустрэчы літаратуразнаўца Ганна Севярынец распавядзе пра жыццё і творчасць знакамітага паэта Алеся Дудара.

Ганна Севярынец

Даведка:

Алесь Дудар (сапраўднае імя Аляксандр Аляксандравіч Дайлідовіч) нарадзіўся 24 снежня 1904 г. ў вёсцы Навасёлкі Петрыкаўскага раёна. За часамі Першай сусветнай вайны сям’я будучага паэта знаходілася ў бежанстве ў Тамбоўкай вобласці. Па вяртанні на радзіму Алесь хутка ўключыўся ў беларускае літаратурнае жыццё і далучыўся да тэатральнай трупы У. Галубка.

Яго першы верш быў надрукаваны ў 1921 г. Алесь Дудар быў аўтарам зборнікаў паэзіі «Беларусь бунтарская» (1925), «Сонечнымі сцежкамі» (1925), «І залацісцей, і сталёвей» (1926), «Вежа» (1928), паэмы «Шанхайскі шоўк» (1926), «Слуцак» (1935), зборніку апавяданняў «Марсельеза» (1927). Разам з А. Александровічам і А. Вольным напісаў раман «Ваўчаняты» (1925). Перакладаў з рускай, нямецкай, французскай моў.

У 1923 г. стаўся адным з заснавальнікаў мінскай, віцебскай і полацкай філій літаратурнага аб’яднання «Маладняк». У 1927-1928 гг. вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага факультета БДУ, але ў выніку кампаніі супраць беларускіх пісьменнікаў-студэнтаў быў вымушаны пакінуць універсітэт.

У снежні 1927 выйшаў з «Маладняка» і далучыўся да новага аб’яднання «Полымя». За верш «Пасеклі наш край папалам…» быў арыштаваны ДПУ 20 сакавіка 1929 г. і высланы на тры гады ў Смаленск.

У 1930 г. ён быў зноў арыштаваны і прывезены ў Мінск на допыты па справе «Саюза вызвалення Беларусі», але вернуты потым у Смаленск.

Пасля заканчэння тэрміну высылкі вярнуўся ў Беларусь. Член СП БССР (з 1934 г.). У 1935-36 гг. у асноўным займаўся перакладамі.

Трэці раз быў арыштаваны 31 кастрычніка 1936 г. і асуджаны пазасудовым органам НКУС 28 кастрычніка 1937 як «член антысавецкай аб’яднанай шпіёнска-тэрарыстычнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі» да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці.

Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР ад 21 верасня 1957 г. На сёння асабовая справа А. Дудара № 10861-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Алесь Дудар і лекцыя Ганны Севярынец пра яго ў Гомелі

Падзеі Ўкантакце і Фэйсбуку

«(Не)расстраляныя» – працяг праекту, які пакліканы вярнуць імёны і творы рэпрэсаваных дзеячаў беларускай культуры ў сучасны дыскурс. Рыхтуецца да друку ўнікальнае выданне, у якое ўвойдзе 18 гісторый жыцця рэпрэсаваных беларускіх літаратараў, больш за сто абраных твораў ды каля сотні архіўных фотаздымкаў, частка з якіх будзе апублікаваная ўпершыню. Таксама да кнігі будзе далучаны музычны CD-дадатак з песнямі на словы герояў праекту. Аб’ём кнігі – больш за 300 старонак. Аздабленнем выдання займаецца дызайнерка Наста Шастак.

 Падтрымаць праект і замовіць кнігу можна на краўдфандынгавай платформе Ulej.

Пры паспяховай рэалізацыі задумы з кніжным выданнем у межах праекту «(Не)расстраляныя» аўтары абяцаюць зрабіць тэатральную пастаноўку паводле аднаго з твораў беларускай літаратуры 1930-х.

Над выданнем працуюць знаныя даследчыкі літаратуры і культуры, якія ўпершыню ў гісторыі сучаснай Беларусі падрыхтавалі і прачыталі адкрытыя лекцыі пра герояў гэтага праекту. 12 лекцыяў прайшлі ў 2017 годзе ў кнігарні «Логвінаў».

«Мы хочам каб творы закатаваных пісьменнікаў ведалі, а іх твары пазнавалі. Перакананы, што каб дасягнуць такой мэты, варта працаваць на ўсіх узроўнях успрыняцця і рабіць гэта густоўна, прыгожа і па-сучаснаму», – кажа кіраўнік і прадусар праекту Сяргей Будкін. Летась у першай частцы праекту вершы расстраляных паэтаў праз 80-100 год пасля іх напісання сталі песнямі. Прайшла і канцэртная прэзентацыя праекту ды 12 адкрытых лекцый з удзелам музыкаў, а таксама рэалізаваны выдавецкі праект – серыя з 12 «маўклівых кніг» – нататнікаў з выявамі паэтаў і цытатамі з іх твораў. У Facebook створана 12 персанальных старонак паэтаў, куды дадаюцца іх творы, фота і ўспаміны.

Cачыць за навінамі праекту – Укантакце / Facebook / Instagram