У Маркавічах на Раство хадзілі са Звяздою

0
293

Старажытны абрад “Звязда” існуе ў вёсцы Маркавічы Гомельскага раёна на святкаванне Раства Хрыстова.

У вёсцы мясцовы маладзён Віктар Шыпкоў старанна зберагае старажытны традыцыйны народны абрад. Ён далучыўся да гэтай традыцыі калі яму было 15 год, натхніўшыся намаганнямі свайго настаўніка Рыгора Басава ў збіранні народных традыцыяў. Сёлета Віктару дапамагалі ўдзельнікі гомельскай краязнаўчай арганізацыі “Талака”.

Вядомая беларуская Шчадруха тут адбываецца на Стары Новы год – 13 студзеня. А “Звязда” – гэта менавіта калядны абрад, які падобны да Шчадравання, але лічыцца больш духоўным і ўзнёслым. Людзі загадзя адмысловым чынам вырабляюць Звязду – з дрэва і паперы, упрыгожваюць яе кветкамі. Промні Звязды адрозніваюцца ад тых зорак, якія носяць на Шчадруху, ды яшчэ і круцяцца. У цэнтры Звязды змяшчаюць абраз Хрыстова Нараджэння.

Калядоўшчыкі са Звяздой ходзяць па хатах. Традыцыйна, Звязду можа насіць паважаны чалавек, кепскі чалавек не можа прынесці добрыя весткі, таму яго могуць проста не пусціць у хату. А з калядоўшчыкамі, са Звяздой, лічыцца, што ў хату трапляе добрая энергія.

Калядоўшчыкі ў кожнай хаце насупраць чырвонага кута спяваюць перапрацаваныя з народных светапоглядаў хрысціянскія псальмы, зычаць гаспадарам дабрабыту і здароўя, а гаспадары аддзячваюць падарункамі, часам і грашыма.

Разам з калядоўшчыкамі сёлета абыходзіла хаты ў Маркавічах і Ларыса Шчыракова.