Паказы гэтага фільма прайшлі з аншлагамі ў некалькіх гарадах Беларусі. Агулам стужку ўжо паглядзела больш за 7 000 гледачоў, што параўнальна са зборамі замежных кінахітоў. Цяпер да спісу гарадоў далучыўся і Гомель. Паказы фільма ў горадзе пачнуцца з 14 снежня.
Гэтая нідэрландская стужка 2017 года распавядае пра падзеі 500-гадовай даўніны. У атмасферы позняга Сярэднявечча на фоне вогнішча інквізіцыі разгортваюцца прыгоды ўратавання рукапісу Марціна Лютэра, вядомага хрысціянскага багаслова і рэфарматара. Шторм Вyтэн, сын кнігадрукара, становіцца аб’ектам палявання з боку інквізіцыі. З дапамогай Марыйкі, загадкавай дзяўчыны, якая жыве ў падземных калектарах Антверпена, Шторм спрабуе выратаваць свайго бацьку ад немінучай смерці.
Акрамя захапляльнага сюжэта, які адначасова спадабаецца і дзецям, і дарослым (а гэта робіць стужку ідэальнай для сямейнага прагляду), фільм адметны тым, што выходзіць на экраны ў беларускім дубляжы. Фільм агучаны найлепшымі беларускімі акцёрамі ў межах праекта «Беларускія ўікэнды» пры падтрымцы velcom.
У гледачоў будзе магчымасць не толькі атрымаць задавальненне ад сюжэта, але і даведацца больш пра два вялікія юбілеі гэтага году: 500-годдзе Рэфармацыі і 500-годдзе беларускага кнігадрукавання і Бібліі Францыска Скарыны.
Расклад паказаў у Гомелі