ГМКГА “Талака” правяла Агульны сход арганізацыі, на якім адбыліся выбары новага старшыні.
Яўген Меркіс, які быў старшынёй гомельскай “Талакі” з 2010 г. аб’явіў аб сваім сыходзе з пасады.

“Я хацеў бы падзякаваць талакоўцам за той досвед, які я атрымаў за гэтыя гады. За гэты час гомельская “Талака” правяла вялізную колькасць цудоўных мерапрыемстваў на глебе культурніцкага Адраджэння Гомельшчыны і Беларусі. Але самае каштоўнае, што застаецца ў мяне — гэта новыя сябры і аднадумцы, якіх я сустрэў у “Талацэ”! Пэўны, што новы старшыня зможа прывесці арганізацыю да чарговых перамог і вяршыняў”, — адзначыў Яўген Меркіс.
Новым старшынёй ГМКГА “Талака” быў абраны Зміцер Кірэенка — сябар арганізацыі з 2011 года. Зміцер Кірэенка скончыў у 2015 годзе БелДУТ і атрымаў прафесію архітэктара. У “Талацэ” вызначаўся як сталы арганізатар традыцыйных абрадаў і аўтар візуальнай прадукцыі арганізацыі. Сярод іншага самастойна засвоіў ігру на дудзе.

Адбыліся змены і ў Радзе арганізацыі. Так аб сыходзе са сваёй пасады паведаміла Маршалак ГМКГА “Талака” (намеснік старшыні) Лідзія Лешчанка. Талакоўцы выказваюць Лідзіі падзяку за якасную працу на гэтай пасадзе і зычаць плёну ва ўсіх новых пачынаннях!
Новым Маршалкам ГМКГА “Талака” быў абраны Пятро Цалка — загадчык філіяла Веткаўскага музея ў Гомелі і выдатны арганізатар шматлікіх традыцыйных святаў, абрадаў, экспедыцый арганізацыі, а таксама адукацыйных мерапрыемстваў.
Варта адзначыць, што і Яўген Меркіс і Лідзія Лешчанка не выйшлі з шэрагу сяброў арганізацыі і працягнуць сваю дзейнасць сумесна з іншымі сябрамі ГМКГА “Талака”.
Віншуем новаабраных Старшыню Рады Зміцера Кірэенку і Маршалка Пятра Цалка з абраннем!
ГМКГА “Талака” працягвае сваю дзейнасць.
Наш край — don’t cry!