У Гомелі зноў руйнуюць драўляную забудову (фота)

0
1198
Руйнаванне гомельскай драўлянай забудовы
Руйнаванне старога дома па вуліцы Пляханава ў Гомелі ў 2011 г.

На экскурсіі па Спасавай слабадзе, якую літаральна некалькі дзён таму зладзіла ГМКГА “Талака” адным з яскравых прыкладаў лёсу гомельскай драўлянай забудовы з’явіўся дом па вуліцы Пляханава.

Дом з амаль зламаным дахам, з якога невядомыя ўжо скралі ўсё, што мела хоць нейкую каштоўнасць – у тым ліку і ўнікальны стары металічны нахіл над ганкам 7 траўня пачалі канчаткова зносіць.

Варварскае руйнаванне таго, што магло б прастаяць яшчэ не адзін год і быць упрыгажэннем нашага горада не можа пакінуць абыякавым!

Нагадаем, што гомельскія ўлады не падтрымалі на дадзены момант аніводзін з праектаў стварэння ахоўнай зоны або музея пад адкрытым небам, у якім можна было б сабраць найбольш каштоўныя будынкі старога Гомеля. Дадзены варыянт не толькі б прыцягваў увагу сваёй непаўторнасцю, але стаўся б і дзейсным прыцягальнікам для турыстаў.

Але пакуль што разбурэнне працягваецца. Гэтым разам руйнуецца дом 1913 г. пабудовы па адрасе вул. Пляханава, 8. Варта заўважыць, што нягледзячы на свой незайздросны зараз выгляд нават драўляны падмурак дома не прагніў, таму довады тых, хто заяўляе пра неабходнасць зносу з-за аварыйнасці падобных дамоў не вытрымліваюць адэкватнай крытыкі. Як заўсёды на руйнаванне ў нашым горадзе грошы знаходзяцца, а на рэканструкцыю – не.

Інфармацыя з гістарычнай даведкі на гэты дом:

Паводле дадзеных архіва Гомельскага Бюро рэгістрацыі і тэхнічнай інвентарызацыі (БРТІ) дом па вул. Пляханава 8 быў пабудаваны “да 1917 г.”.  Будынак з’яўляеца цудоўным прыкладам драўлянага местачковага дома Гомеля канца 19 – пачатку 20 ст. аздобленага мясцовым народным архітэктурным дэкорам.

Прамавугольны ў плане будынак памерамі 9,65 х 17,2 м стаіць уздоўж вуліцы Пляханава. Ад часу пабудовы будынак быў падзелены на дзве паловы, з боку двара да яго перпендыкулярна далучаны дзве прыбудовы, ад чаго агульны план набывае абрысы літары “П”. Будынак складзены з апрацаванага бярвення, у “чысты вугал”, неашаляваны, накрыты двусхільным дахам, стаіць на высокім цагляным падмурку, пад домам вялікія падвалы.

Галоўны, вулічны фасад будынка ўяўляе сабой выцягнуты прамавугольнік, на двух краях якога сіметрычна змешаны два высокіх (на тры прыступкі), невялікіх парадных ганка, паміж імі – шэсць вялікіх вокнаў. Дзверы ганкаў маюць зборныя філянговыя палотны, для асвятлення прасторы за імі зверху змешчана вялікае зашклёнае акно з рамай складанага прыгожага абрыса. Над абодвума ганкамі для абароны ад дажджу размешчана вялікая каваная стрэшка-брылёк складанага расліннага малюнка.

Унікальнай асаблівасцю дома па вул. Пляханава 8 з’яўляецца своеасаблівы драўляны разьбяны архітэктурны дэкор, цэнтрам распаўсюджання якога ў Беларусі з’яўляецца Гомель. Архітэктурны разьбяны дэкор на дадзеным будынку ўключае народныя раслінныя матывы, змяшчаецца на ліштвах вокнаў, на высокіх карнізах, падзорах і закрылінах даху.

Аконныя ліштвы вялікіх памераў (памерамі аконны праём блізкі да 190х80 см) зробены з апрацаваных разьбою дошак, маюць па дзве аканіцы і вылучаюцца сваёй стыльнасцю. Над прамым высокім прафіляваным карнізам надаконніка, аб’ёмна размешчаным адносна лабавой дошкі ліштвы, замацавана разьбяная карона ў выглядзе невялікага вертыкальнага растка ў цэнтры і шэрага меншых абапал – матыва, вядомага ў беларускім мастацтве з 16 ст. (у кафлі і інш.). У цэнтры лабавой дошкі над акном змешчана складаная выява ромба-стралы – старажытнага магічнага салярна-пяруновага сімвала, прызначанага для засцярогі будынка.

Адной з адментнасцяў будынка з’яўляюцца разьбяныя аздабленні карніза, а таксама лініі падстрэшын і закрылін. Гэтыя разьбяныя звісаючыя падзоры маюць розныя памеры і крыху адрозную тэхніку выканання, у залежнасці ад месца размяшчэння, але выяўляюць выразныя складаных абрысаў прарастаючыя ўніз раслінныя выявы. Знізу карніза і на нахіленых закрылінах франтонаў яны выпіленыя з адной дошкі і звісаюць на 10-15 см, у той час як на ніжнім краі страхі – падстрэшынах, яны выкананы з асобных вертыкальных апрацаваных дошак, якія складзеныя разам уяўляюць сабой выразны рытміны шэраг, вялікіх памераў (каля 25-30 см), што прыгожа апаясвае верх будынка.

“Чысты вугал” будынка ад прамярзання абшыты вертыкальнымі накладнымі пілястрамі, з выдзяленнем ніжняй часткі.

Аўтар: Яўген Меркіс

Фатаздымкі: Ларыса Шчыракова