У Гомелі пройдзе круглы стол, прысвечаны 100-годдзю паўстання 1916 года

0
1465
Плошча паўстання ў Гомелі.

Калі правесці імправізаванае апытанне — у гонар чаго названа ў Гомелі плошча Паўстання, то адказы можна пачуць самыя нечаканыя — ад выступу ў нямецкім канцлагеры да дзекабрыстаў на Сенацкай плошчы…

На самай справе ў кастрычніку 1916 года тут, у бараках Гомельскага пересыльнага пункта, адбыўся бунт салдат царскай арміі. Савецкая гістарыяграфія была схільная звязваць гэты выступ з дзейнасцю мясцовага камітэта партыі бальшавікоў. Сёння гістарычныя акцэнты спрабуюць мяняць на супрацьлеглыя, і да старых міфаў дадаецца ўжо цэлае нагрувашчванне новых.

Больш глыбокае вывучэнне архіўных дакументаў аб антываенным выступе на Гомельскім перасыльным пункце дае новае прачытанне тых падзей. Напрыклад, факты сведчаць аб тым, што ініцыятарам паўстання былі казакі — яшчэ нядаўна верная апора трона Расійскай імперыі. Дзекабрысты, вядома, тут ні пры чым, але нашчадак дзекабрыста і сваяк знакамітага кампазітара, добраахвотнік ўланскага палка Георгій Рымскі-Корсакаў быў адным з арганізатараў гэтага выступу. Яго дзед, гвардзейскі афіцэр, адмовіўся ўдзельнічаць у падаўленні паўстання 1863 года ў Польшчы і Беларусі і быў разжалаваны ў салдаты. Акрамя двараніна Рымскага-Корсакава, у мецяжы прыняў удзел і сын казацкага атамана, і спадчыннік нашчадкавага ганаровага грамадзяніна.

Пра гэта і пра іншыя невядомыя старонкі паўстання ў Гомелі ў кастрычніку 1916 года пойдзе гаворка на прысвечаным яго 100-годдзю «круглым стале», які адбудзецца 30 кастрычніка, у нядзелю, па адрасе: вул. Барыкіна, 301, у 12.00, прыпынак «Вайсковая».

Да ўдзелу ў «круглым стале» запрашаюцца ўсе ахвотныя.