Маршрут аўтобусу № 20, які ходзіць ад мікрараёну Старая Валатава паўз вакзал да Медычнага гарадка, ці не самы працяглы ў Гомелі. Каля гадзіны доўжыцца ягоны рэйс толькі ў адзін бок. І аздоблены гэты аўтобус незвычайна.
На левым боку — партрэты двух беларускіх песняроў: Янкі Купалы і Якуба Коласа. На правым — згадкі пра Дзень беларускага пісьменства, які сёлета праводзіцца на Гомельшчыне ў Рагачове. А ў салёне ўгары паміж поручнямі замацаваны акуратныя плякацікі з партрэтамі ды імёнамі беларускіх паэтаў і пісьменнікаў на фоне каласоў, валошак і рамонкаў: Максім Багдановіч, Якуб Колас, Уладзімер Караткевіч, Ніл Гілевіч, Максім Танк, Анатоль Грачанікаў.

“Дзверы зачыняюцца. Наступны прыпынак — “Мельнікаў луг”, — гучыць па-беларуску праз аўтобусныя дынамікі абвестка. І далей меладычны голас паведамляе: “Паважаныя пасажыры! Прапануем вашай увазе сумесны праект адкрытага акцыянернага таварыства “Гомельаблаўтатранс” і Гомельскай абласной унівэрсальнай бібліятэкі “Паэтычны аўтобус”. Янка Сіпакоў:
Варта ў крылы паверыць свае,
Трэба ў крылы свае паверыць,
А нам смеласьці ўсё не стае,
Каб свой край на свой лёт перамераць”.
Малады чалавек гадоў трыццаці пяці, які нешта распавядаў сваёй спадарожніцы, стоячы пры яе сядзенні, падымае галаву, прыслухоўваецца.
“Малайцы! Файна прыдумалі, — кажа гараджанін. — А то ўжо слова роднага не пачуеш. У мяне хоць і тройка па беларускай мове была і размаўляць я па-беларуску развучыўся, але за душу бярэ.
От, як павярнуліся тады, на пачатку дзевяностых гадоў, да роднай мовы, то трэба было не кідацца назад. Цяпер ужо ўся краіна гаварыла б па-беларуску.
А то мы, як зломкі якія: ні сказаць на сваёй роднай мове ня можам, ні пастаяць за сябе ня ўмеем”.
Пакуль размаўляем, аўтобус спыняецца на чарговы прыпынку, а пасля ізноў набірае ход. Гучыць назва новага прыпынку, а за ёй і новы верш. Гэтым разам Максіма Танка пра родную мову.
З легендаў і казак былых пакаленняў,
З калосся цяжкога жытоў і пшаніц,
З сузор’яў і сонечных цёплых праменняў,
З грымучага ззяння бурлівых крыніц,
З птушынага шчэбету, шуму дубровы,
I з гора, i з радасцi, i з усяго
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову
Святынi народа, бяссмерця яго, —
Ты выткана, дзiўная родная мова.

Аўтобус — звычайная гарадзкая “гармошка”, салон яго доўгі, метраў на дванаццаць. У сярэдзіне яго, акурат каля выявы Якуба Коласа на шкле, сядзіць маладая маці з дачкою-першакласніцай.
“А давайце адгадаем, хто тут на ваконным шкле намяляваны?” — прапаную маці з дачушкаю.
Дзяўчынка паціскае плячыма: “Дядя какой-то”. Мама схіляе галаву то ўлева, то ўправа — прыглядаецца. Раз, другі: “Ой, это же наш пісацель, кажецца, Колас”.
Кандуктар аўтапарку № 6 Людміла Салохіна, якая працуе ў “паэтычным” аўтобусе, апавядае:
“Заўважыла, што наша беларуская паэзія ўлагоджвае людзей. Хочаце верце, хочаце — не. Бывае, багата народу едзе. Мне ж трэба праціснуцца, абілеціць усіх. Сталі вершы чытаць, дык менш бурклівых трапляецца. Дый як буркаць, калі тут зьверху, з дынамікаў, уздыхаюць: “Ах, Беларусь, мая ты доля, Мая сляза і пацалунак…” (смяецца).
І кандуктарка Людміла, і кіроўца Аляксандар Скопічаў сцьвярджаюць, што ня чулі, каб нехта адмоўна выказваўся пра іхні “паэтычны” аўтобус, хоць іншай гучнай рэкламай у гарадскім транспарце пасажыры бываюць незадаволеныя.
Думалася, што папулярызаваць беларускую паэзію праз гарадскі транспарт прапанавалі аўтапрадпрыемству гомельскія бібліятэкары. Аказалася, наадварот.
“Прыехаў да нас намеснік генеральнага дырэктара ААТ “Гомельаблаўтатранс” Алег Цылька і прапанаваў зрабіць такі аўтобус, — распавядае дырэктарка абласной універсальнай бібліятэкі Марына Рафеева. — Задума добрая, і мы, канечне, пагадзіліся. Тым больш, што сёлета й Дзень беларускага пісьменства праводзіцца на гомельскай зямлі. Будзем глядзець, магчыма, пашырым наш эксперымент”.

Падборам вершаў займаліся трое супрацоўнікаў — бібліятэкары Юрый Рачынскі і Мікалай Скінціян, а таксама інжынер-праграміст Зоя Куліш. Яны ж і запісалі вершы ў студыі абласнога радыё на дыск.
“Два дні ў мяне пайшло на пошукі трох вершаў. Калі ў зборніку Эдзі Агняцвет напаткала верш пра “зямлю з блакітнымі вачамі” і пра тое, што ў Беларусі “называюць Васількамі хлапчукоў”, то адразу заклала старонку. На душу ён кладзецца, як песня. Радкі Максіма Танка пра родную мову таксама зачаравалі. Усе нашы падборкі абмеркавалі з кіраўніцтвам, і пасьля ўжо запісвалі”, — кажа Зоя Куліш.
Мікалай Скінціян адразу “запаў” на верш Анатоля Грачанікава, ураджэнца Гомельшчыны.
Зямля бацькоў!
Зямля маёй надзеі,
Зеленакрылы салаўіны кут…
Так хораша сябе
He адчуваў нідзе я,
Нідзе так цяжка
He было, як тут.
Загадчык аддзелу бібліязнаўства Юры Рачынскі тлумачыць, што выбраць вершы пра радзіму, мову, прыродную адметнасць краю было не так і проста. Досыць вялікі пласт. Узялі, канечне, найбольш вядомых творцаў слова. Спецыяліст наогул лічыць, што варта было б паспрабававаць рабіць тэматычныя агляды і запускаць іх у гарадзкім транспарце, прычым, ня толькі на адным маршруце. Каб людзі пачулі і ўжо ніколі не забываліся.
Каб пад намі зямля паплыла,
Каб вятры захадзілі над намі, —
Трэба верыць у сілу крыла
І абняць Беларусь крыламі!
Аўтар: Анатоль Гатоўчыц