У Гомелі могуць закрыць філіял Веткаўскага музея, які стаў цэнтрам беларускай культуры

0
1102
У Гомелі знаходзіцца філіял Веткаўскага музея
У Гомелі вырашылі закрыць філіял Веткаўскага музея / Аўтар здымка: Марына Драбышэўская

Толькі тут экспануецца неглюбскі ручнік, які Лукашэнка назваў «лепшым падарункам за 20 год на пасадзе прэзідэнта».

Грамадскасць Гомеля скаланула вестка — улады могуць закрыць філіял Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый ім. Фёдара Шклярава. У апошнія гады ён стаў галоўным цэнтрам беларускай культуры ў Гомелі — тут развіваецца школа традыцыйных песень, танцаў, ткацтва, праводзіцца рэканструкцыя народных абрадаў.

Філіял размешчаны ў парку побач з Петрапаўлаўскімі саборам і палацам Румянцавых і Паскевічаў. Па словах загадчыка філіяла Пятра Цалка, першая інфармацыя аб намеры зачыніць у Гомелі музей з’явілася менавіта ад генеральнага дырэктара палацава-паркавага ансамбля Ірыны Пырковай, якая паставіла перад фактам: філіял будзе пераязджаць у Ветку.

У райцэнтры будуць адчыняцца дзве вялікія выставачныя залы, і абласныя ўлады чамусьці вырашылі, што Веткаўскі музей не ў стане запоўніць гэтыя залы. На гэтае пытанне мне адказаў па гарачай лініі старшыня аблвыканкама Уладзімір Дворнік, і ён выказаў думку, што Веткаўскаму музею не месца на тэрыторыі палацава-паркавага ансамбля і ў прынцыпе ў Гомелі, што ўсё павінна быць у Ветцы, і людзі павінны ехаць туды — горад будуць развіваць як турыстычны цэнтр. Калі я пачаў тлумачыць, што філіял — гэта не проста выставачная пляцоўка, было сказана, што размова скончана, — адзначыў Пётр Цалка.

Ён нагадаў, што філіял Веткаўскага музея адкрылі ў Гомелі ў 2001 годзе, а наведвальнасць за год складае 10 тыс. чалавек. Няма праблем і з самаакупнасцю, філіял нават прыносіць прыбытак, чым можа пахваліцца далёка не кожны музей у Беларусі.

Ёсць і сувенірная крама, які даволі паспяхова працуе, наўпрост ад неглюбскіх ткачых рэалізоўвае ручнікі, ад гомельскіх рамеснікаў — вырабы з дрэва, гліны, саломкі. Знакамітыя няглюбскія ручнікі можна купіць у Гомелі толькі ў філіяле Веткаўскага музея. Таксама ў экспазіцыі можна паглядзець сам працэс вырабу ручнікоў. Іх купляюць актыўна — у якасці падарунка, на вяселлі, за мяжу, — працягвае Пётр Цалка.

У красавіку 2016 года прэзідэнту Беларусі як раз уручылі неглюбскі 30-метровы ручнік. Аляксандр Лукашэнка назваў яго «лепшым падарункам за 20 гадоў на пасадзе прэзідэнта» і перадаў для захоўвання ў Палац Незалежнасці.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, менавіта прыезд прэзідэнта на чарнобыльскую гадавіну ў гэтым красавіку і мог стаць падставай для закрыцця музея ў Гомелі. Да прыезду Аляксандра Лукашэнкі рыхтуюцца ў Ветцы. Улады перажываюць, што з мясцовых фондаў не змогуць прадставіць годную экспазіцыю, таму вырашылі перавезці філіял з Гомеля ў райцэнтр.

Філіял Веткаўскага музея – адзінае месца ў Гомелі, куды можна прывесці замежнікаў. Мы прыходзілі сюды з маімі гасцямі з Літвы, Польшчы, Іспаніі, яны з цікавасцю разглядалі старадаўнія абразы і тканыя ручнікі. А калі яго закрыюць, куды яшчэ запрасіць гасцей? Музей ваеннай славы? Палац Румянцавых, дзе няма нічога нацыянальнага? — засмучаная гамяльчанка Алена.

Дырэктар палацава-паркавага ансамбля Ірына Пыркова не стала размаўляць з карэспандэнтам «Камсамолкі». Тым часам у сацсетках запусцілі хештег #філіялжыві, пад якім гамяльчане публікуюць сваё меркаванне аб закрыцці Веткаўскага філіяла. А пад зваротам да старшыні аблвыканкама будуць збіраць подпісы.

Афіцыйна: рашэнне пакуль не прынята

Калі вярстаўся нумар, у філіяле музея прайшла сустрэча, ініцыяваная начальнікам галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Ірынай Даўгала. Яна заявіла, што канчатковае рашэнне яшчэ не прынятае і пакуль толькі прапрацоўваецца пытанне аб стварэнні паўнавартаснай экспазіцыі ў Ветцы — каб развіваць райцэнтр як турыстычны рэгіён. Таксама яна адзначыла, што калі філіял вырашаць перанесці ў Ветку, у будынку не будуць адчыняць ніякіх ўстаноў грамадскага харчавання — тут могуць размясціць яшчэ адну выставачную залу палаца Румянцавых-Паскевічаў.

Кіраўніцтва Веткаўскага музея на сустрэчы падтрымала загадчыка філіяла, адзначыўшы, што філіял у Гомелі патрэбен, а фондаў у Ветцы больш чым дастаткова для стварэння паўнавартаснай экспазіцыі.

Толькі каб абыйсці адну нашу залу, трэба дзве гадзіны. А другую залу мы маглі б выкарыстоўваць для зменных экспазіцый, каб прыцягваць веткаўскіх школьнікаў, — сказала дырэктар музея Галіна Нячаева.