У Гомелі адкрыецца Цэнтр беларускай мовы

0
905
Цэнтр беларускай мовы ў Гомелі адкрыецца дзякуючы ТБМ

5 лютага ў офісе мясцовай філіі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны распачынае работу Цэнтр беларускай мовы.

Адкрыццё прымеркаванае да старту другога сезону гуртка ўжытковай беларускай мовы “Лемантар”. Пачатак а 12-й гадзіне.

У новым цэнтры плануецца праводзіць сустрэчы і мерапрыемствы па пытаннях беларускай культуры, гісторыі і сучаснасці, заняткі дзіцячага гуртка “Мова дзяцей”, кінапаказы, будзе працаваць бібліятэка і куток настольных гульняў.

Да супрацы запрашаюцца прадпрымальнікі, якім неабходна моўная кансультацыя ці дапамога, грамадзяне, неабыякавыя да пытання развіцця беларускай мовы і павышэння яе ролі ў грамадстве, грамадскія арганізацыі і ўсе ініцыятыўныя і творчыя людзі, якім неабходная бясплатная пляцоўка для ўвасаблення сваіх ідэй і правядзення мерапрыемстваў, якія блізкія па каштоўнасцях з ТБМ.

Пры Цэнтры будзе працаваць гарачая тэлефонная лінія па пытаннях абароны правоў беларускамоўных грамадзян.

“У Беларусі расце попыт на ўсё беларускае, Гомель – не выключэнне, але ў другім па велічыні горадзе Беларусі няма грамадскай пляцоўкі для камунікацыі і падтрымкі беларускамоўных. Мы вырашылі ўвасобіць нашу даўнюю мару – мець гарадскі цэнтр развіцця беларускай мовы і культуры, і  будзем працаваць над тым, каб цэнтр стаў месцам супрацы. Плануецца працягнуць камунікацыю з прадпрымальнікамі і ўстановамі Гомеля, мы будзем прапаноўваць ім нашу прафесійную дапамогу па пашырэнні сферы ўжывання беларускай мовы ў паслугах, таварах, рэкламнай прадукцыі, дакументазвароце”, – кажа кіраўнік Рады Гомельскай філіі ТБМ Алеся Аўласевіч.

Адрас: вул. Кірава 3, пакой 1-8 (1 паверх). Даведкі па тэл +37529-908-91-62.

Гомельская філія ТБМ займаецца правядзеннем культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў, нефармальнай беларускамоўнай адукацыяй, маніторыць прысутнасць беларускай мовы на вуліцах і ва ўстановах горада.