У.Д. Спасовіч: беларускі інтэлектуал на скрыжаваннях шматнацыянальнай імперыі

0
62
Спасовіч беларускі інтэлектуал на скрыжаваннях шматнацыянальнай імперыі

Уладзімір Данілавіч Спасовіч нарадзіўся 16 студзеня 1829 г. у горадзе Рэчыца. Бацька Спасовіча Данііл Восіпавіч ураджэнец г. Мазыра быў праваслаўнага веравызнання, працаваў урачом у Рэчыцкім павеце, пазней быў пераведзены інспектарам Мінскай урачэбнай управы. Маці Уладзіміра Данілавіча, баранэса Тэафілія Міхайлаўна Крэйц, паходзіла з Курляндыі, была каталічкай (падрабязна пра сям’ю Спасовічаў гл.: [1]). Сам жа У.Д. Спасовіч пераняў веру свайго бацькі, быў ахрышчаны ў праваслаўе [2, с. 270].

Дзяцінства будучага вучонага прайшло у Мінску, куды сям’я пераехала ў 1831 г. У 1845 г. Уладзімір Спасовіч з адзнакай скончыў Мінскую гімназію і паступіў на юрыдычны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. У Пецярбургу прайшла большая частка жыцця знакамітага юрыста. Тут ён пачаў сваю працоўную дзейнасць, спачатку ў якасці дзяржаўнага служачага, затым выкладчыка і вучонага. У.Д. Спасовіч выкладаў права ў ваенна-навучальных установах: Пецярбургскім універсітэце, Вучылішчы правазнаўства, Аўдытарскім вучылішчы [3, с. 69-70]. Як прызнаваўся вучоны, выкладчыцкую працу ён лічыў сваім прызваннем, і толькі волей лёсу Спасовіч быў вымушаны спыніць педагагічную дзейнасць. Справа ў тым, што ў 1863 г. У.Д. Спасовіч выдаў першы ў Расійскай імперыі «Учебник уголовного права». Гэта работа была абаронена аўтарам у Пецярбургскім універсітэце ў якасці доктарскай дысертацыі. Аднак прагрэсіўныя ідэі, выказаныя вучоным у падручніку, не знайшлі падтрымкі ў колах маскоўскай кансерватыўнай прафесуры. Вучоныя з Маскоўскага ўніверсітэта С.І. Баршчаў і П.Д. Юркевіч напісалі данос у III аддзяленне Асабістай Яго Імператарскай Вялікасці канцэлярыі. У выніку чаго ў снежні 1864 г. была створана спецыяльная камісія на чале з начальнікам III Аддзялення М.У. Мезенцавым. Падчас правядзення «экспертызы» камісія знайшла ў падручніку 36 фрагментаў, «содержащих враждебные мысли» і пастанавіла выкрэсліць кнігу з ліста рэкамендаванай для навучання літаратуры, а яе аўтару забараніць ажыццяўленне выкладчыцкай дзейнасці (гл. аб гэтым падрабязна: [4]).

Так, у 1866 г. У.Д. Спасовіч вырашае звязаць свой лёс з прафесіяй адваката. Сорак гадоў свайго жыцця Спасовіч прысвяціў адвакатуры. Яго бліскучая адвакацкая практыка была высока ацэнена сучаснікамі, за Уладзімірам Данілавічам трывала замацаваўся тытул «караля рускай адвакатуры» (гл.: [5], [6]). На працягу гэтага часу У.Д Спасовіч удала спалучаў работу ў адвакатуры з актыўнай навуковай, рэдактарскай, грамадскай і дабрачыннай дзейнасцю (гл.: [7], [8]).

Напрыканцы свайго жыцця ён пакінуў Пецябург і перабраўся ў Варшаву, дзе і памёр 26 кастрычніка 1906 г. У.Д. Спасовіч быў пахаваны ва ўласным маёнтку ў сяле Лемешаўка Вінніцкага павета Падольскай губерні побач са сваімі бацькамі.

Адным з найбольш складаных пытанняў даследавання жыцця і дзейнасці Уладіміра Спасовіча з’яўляецца вызначэння яго нацыянальнай прыналежнасці. У назве гэтага артыкула ў дачыненні да У.Д. Спасовіча выкарыстоўваецца найменне «беларускі інтэлектуал». Аднак гэта ні ў якім выпадку не азначае, што аўтар прыпісвае вучонаму беларускую ідэнтычнасць. Гэтым мы толькі хацелі падкрэсліць, што знакаміты правазнаўца паходзіць з тэрыторыі Беларусі. Праблема ж нацыянальнай самаідэнтыфікацыі У. Спасовіча, вызначаная намі ў адным з артыкулаў [9], застаецца прадметам гарачых дыскусій.

Задаючыся пытаннем аб сваёй нацыянальнай прыналежнасці, У.Д. Спасовіч адмаўляўся даць на яго адназначны адказ. У адной са сваіх прамоваў Спасовіч адзначаў, што быццам бы «плынні дзвюх рэк» у ім спалучаюцца руская і польская ідэнтычнасці: «Видели ли вы слияние двух больших рек, как я их наблюдал: Сены (відавочна, Соны. — А.Г) и Роны в Леоне, Мозеля і Рейна в Кобленце, Волги и Камы, Савы и Дуная в Белграде. Две струи воды сходятся в одном ложе, одна коричневая, другая зе­леноватая, и текут, параллельно, не сливаясь в одно, многие десятки вёрст…» [2, с. 272-273]. Далей аўтар рэзюміраваў: «Я полагаю, что тот, в душе которого протекают несколькия струи не сливаясь, психологически больше одарён и побогаче, коль скоро он способен мыслить на несколько ладов» [2, с. 273]. У сувязі з гэтым вучоны выказваў поўнае непрыняцце ідэй нацыяналізму: «Я до конца жизни буду противником исключительно национализма и буду стоять за многонационализм, за совмещение нескольких национальных душ в одном самосознании» [2, с. 273].

У.Д. Спасовіч пісаў, што яго радзіма — гэта «Литва, или Белая, или Чёрная Русь — разные разно её называли» [2, с. 271]. У той жа час вучоны ўдакладняў, што выхоўваўся ён на гэтых землях у польскай культурнай традыцыі. Спасовіч успамінаў, што падчас навучання ў Пецярбургскім універсітэце ён наведваў зямляцкі гурток, члены якога гаварылі па-польску (гл.: [10, с. 24-25]). Падчас сваёй прафесійнай дзейнасці Уладзімір Спасовіч актыўна ўдзельнічаў у культурным жыцці польскай грамады Санкт-Пецярбурга. Часта ганарары, атрыманыя за прачытанне публічных лекцый, вучоны накіроўваў на падтрымку таленавітых студэнтаў і выкладчыкаў, сярод якіх была значная колькасць палякаў. За гэта ён нават атрымаў мянушку «маральнага і матэрыяльнага апекуна польскай абшчыны ў Пецярбургу». Акрамя таго, У.Д. Спасовіч ахвяраваў грошы на Варшаўскае дабрачыннае таварыства, папраўчую калонію для непаўналетніх у Студзеньцу (цяпер у Мазавецкім ваяводстве Польшчы) [8, s. 129]. Нягледзячы на тое, што Спасовіч быў праваслаўным, ён з’яўляўся ганаровым членам Рымска-каталіцкага дабрачыннага таварыства. Пасля сваёй смерці на дзейнасць гэтага таварыства вучоны завяшчаў 120 тыс. рублёў [8, s. 133].

З 1857 па 1859 г. У.Д. Спасовіч уваходзіў у склад рэдакцыйнай калегіі польскамоўнага часопіса «Slowo», які ў гэты час выходзіў у Пецярбургу. Вучоны прымаў удзел у выданні варшаўскага часопіса «Ateneum» (1876-1901 гг.). Першапачаткова гэты часопіс цалкам фінансаваўся за кошт сродкаў У.Д. Спасовіча. У 1882 г. у Пецярбургу супольна з Эразмам Пільцам (1851-1929 гг.) Спасовіч заснаваў грамадска-палітычны штотыднёвік «Kraj», які з’яўляўся найбольш вядомым і аўтарытэтным польскамоўным часопісам у Расіі. Фармальна рэдактарам часопіса быў Э. Пільц. Аднак фактычна рэдагаванне і фінансаванне штотыднёвіка ажыццяўляў Уладзімір Спасовіч [8, s. 130].

Часопіс «Kraj» стаў цэнтрам згуртавання польскіх рэалістаў, прадстаўнікоў грамадска- палітычнай плыні, што выступалі за ідэю развіцця польскай нацыі ва ўмовах дзяржаўнага саюза з Расіяй. Зыходзячы з прынцыпу «рэальнай палітыкі», рэалісты прымалі страту польскай дзяржаўнасці як здзейснены факт, і бачылі перспектывы нацыянальна-культурнага развіцця палякаў у межах Расійскай дзяржавы. Апошняя ж, паводле поглядаў рэалістаў, павінна была перагледзець асновы сваёй нацыянальнай палітыкі, адмовіцца ад русіфікацыі палякаў і забяспечыць натуральнае развіццё польскай нацыі. У кастрычніку 1905 г. гэта плыня аформілася ў Партыю рэальнай палітыкі (гл. падрабязна: [11]).

Адну з ключавых пазіцый у асяродку пецярбургскіх рэалістаў займаў У.Д. Спасовіч. У сваіх працах вучоны пісаў, што два польскія паўстанні (1830 і 1863 гг.) былі абсалютнымі памылкамі: «… средства безусловно дурные и никуда не годные» [12, с. 5]. Яны мелі катастрафічныя наступствы для насельніцтва і гаспадарчага развіцця Польшчы, вынікам паўстанняў стала рэпрэсіўная ўрадавая палітыка, ліквідацыя інстытутаў мясцовай аўтаноміі, русіфікацыя рэгіёна [12, с. 5-6] (гл. таксама: [11, s. 46-47]). У той жа час, цікава адзначыць, што напярэдадні Студзеньскага паўстання У. Спасовіч з’яўляўся членам тайнага гуртка ў Пецярбургу. Удзельнікі гэтага гуртка абвінавачваліся ў дзейнасці па падрыхтоўцы да паўстання 1863 г. На кватэры Спасовіча нават ладзіўся ператрус. Вынікі ператрусу паказалі сувязь вучонага з дзеячамі паўстання. Аднак у следства не знайшлося дастатковых доказаў для прыцягнення У.Д. Спасовіча да адказнасці [8, с. 132].

У сваіх публіцыстычных матэрыялах Уладзімір Спасовіч надаваў значную ўвагу вырашэнню г. зв. «польскага пытання» ў Расійскай імперыі. Ён пісаў, што «польский вопрос. имеет вид непрекращающегося и нескончаемого конфликта, проходящего три фазы: острого вос­паления, потом хронического, и кажущегося исцеления, которое опять переходит в кризис» [12, с. 1]. Для вырашэння гэтага пытання, на думку Спасовіча, неабходнымі былі саступкі з абодвух супрацьборчых бакоў. Палякі, паводле аўтара, павінны былі адмовіцца ад «палітыканства» і рамантычных памкненняў да вызваленчай барацьбы: «Нужно внушить полякам быть скромными тружениками в государстве, среди которого поставила их судьба, не чуждаться русских, чем, между прочем, провинились их предшественники, сойтись с русскими в живейшем общении умственном и экономическом, но сохранить, не сливаясь с окружающей средой, и своё национальное чувство, и свой язык» [13, с. 286]. Рускія ж, па словах вучонага, мусілі адмовіцца ад бесперспектыўнай палітыкі русіфікацыі і рэжыму «выключных законаў». На думку аўтара, такія ўрадавыя меры толькі правакавалі палякаў на ўзброеную барацьбу, стваралі атмасферу нянавесці паміж двума народамі [12, с. 1-2]. Расійскі ўрад павінен быў гарантаваць палякам права на самакіраванне і культурнае развіццё. Спасовіч лічыў, што ўзаемапавага і канструктыўнае супрацоўніцтва, адмова ад помсты за мінулыя крыўды і непрыняцце ідэй нацыяналізму маглі забяспечыць пазітыўнае вырашэнне «польскага пытання» ў Расійскай імперыі [13, с. 272], [14, с. 257].

У.Д. Спасовіч вельмі хваравіта ўспрымаў нацыяналістычныя выказванні расійскіх грамадскіх дзеячаў аб руска-польскім канфлікце. Вучоны пісаў: «Огромное большинство русской публики относит этот конфликт к юрисдикции меча, т. е. с дачей ему исхода совсем противного понятиям и чувствам славянского общения и взаимности» [12, с. 1]. У гэтым кантэксце асаблівы інтарэс выклікае рэакцыя У.Д. Спасовіча на палеміку расійскага гісторыка М.І. Кастамарава і правазнаўцы А.Д. Градоўскага. Спасовіча абурылі словы Кастамарава аб тым, што апошні не сустракаў ніводнага паляка, які б «не ненавидел бы всех русских и всего русско­го» [14, с. 250]. Уладзімір Спасовіч выказваў нязгоду з высновай гісторыка, што ў аснове варажнечы паміж двума народамі палягае «разноверие». Спасовіч пісаў: «Костомаров. глав­ное. несовременный человек, до того засидевшийся в давно минувших столетиях, что ему ста­ла чужда почва современного человека. Костомаров не принял в соображение, что рознь не есть ещё ненависть и вражда, что разноверие есть нормальное качество всех современных обществ, что весь ход жизни последних лет ведёт к тому, чтобы всякие веры, всякие убеждения и вкусы уживались в государстве под одним положительным законом.» [14, с. 255]. У дадзенай палеміцы сімпатыі У.Д. Спасовіча былі на баку А.Д. Градоўскага. Апошні заклікаў адмовіцца ад нянавесці і кіравацца ў адносінах паміж рускімі і палякамі катэгорыямі ўзаемапавагі і цярпімасці, на падставе якіх у будучым узнікнуць і сяброўскія пачуцці [14, с. 257].

У сваю чаргу, М.І. Кастамараў абвінавачваў У.Д. Спасовіча ў двудушнасці. Гісторык пісаў, што выказванні Спасовіча аб непрыняцці ўзброеных паўстанняў былі ўсяго толькі маскай. Сам жа юрыст, па словах Кастамарава, з вялікай павагай ставіўся да дзеячоў паўстанцкага руху 1863 г., чые фотаздымкі віселі на сценах у яго кватэры [8, с. 132].

У той жа час цяжка пераацаніць уклад У.Д. Спасовіча ў развіццё расійскай навукі і культуры. Уладзімір Спасовіч па праву лічыцца адным з роданачальнікаў класічнай школы расійскага крымінальнага права [15, с. 695-699] (гл. аб гэтым: [16], [17]). У перыяд сваёй прафесарскай дзейнасці вучоны выкладаў права на рускай мове. Спасовіч адзначаў, што 2/3 яго твораў былі напісаны па-руску і толькі 1/3 — па-польску. Уся яго адвакацкая дзейнасць ажыццяўлялася на рускай мове [2, с. 272]. Ён з’яўляўся членам Пецярбургскага літаратурнага таварыства. У.Д. Спасовіч вывучаў творчасць А.С. Пушкіна, М.В. Гогаля, М.Ю. Лермантава, А. Міцкевіча, У. Сыракомлі, Дж. Байрона, І.В. Гётэ, Ф. Шылера, У. Шэкспіра [18], [19], [20]. З 1866 г. Спасовіч прымаў удзел у выданні славутага рускага літаратурна-палітычнага часопіса «Вестник Европы» [8, c. 130].

Такім чынам, ураджэнец Беларусі У.Д. Спасовіч, які ўнёс велізарны ўклад у развіццё рускай і польскай культур, на нашу думку, так і не стаў да канца сваім у асяродках рускай і польскай інтэлектуальных эліт. Прадстаўнікі рускай тагачаснай інтэлегенцыі часта падазравалі яго ў «двудушнасці» ці па-просту называлі «палякам» [21]. Ад польскіх інтэлектуалаў Спасовіч атрымліваў абвіначванні ва «ўгодавасці» [11]. Сам жа «многанацыяналіст» Уладзімір Спасовіч адмаўляўся вызначыць сваю нацыянальную прыналежнасць. Катыгорыі, якімі кіраваўся вучоны ў гэтым пытанні, далёка пераўзыходзілі ідэі XIX ст. Ён з’яўляўся прыхільнікам актуальнай сёння ідэі фарміравання грамадзянскай нацыі, якая б уключала прадстаўнікоў разнастайных нацыянальнасцей, аб’яднаных патрыятычнымі пачуццямі да дзяржавы, у межах якой яны пражываюць. Ва ўмовах узрастання нацыяналістычных настрояў у грамадстве, на думку У.Д. Спасовіча, толькі федэратыўнае ўладкаванне магло забяспечыць мірнае суіснаванне прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей у адной дзяржаве. Вучоны лічыў, што ў межах федэрацыі кожная нацыя здольна атрымаць права на развіцццё і ўласную самабытнасць, уносячы свой уклад у функцыянаванне супольнай дзяржавы (гл. пра гэта падрабязна: [10]). Уладзімір Спасовіч пісаў: «. гораздо краше и полнее музыка де­сяти колоколов, звучащих единовременно с одной и той же башни, нежели то, если бы все коло­кола были сплавлены в один колокол, громадный, правда, но всегда одинокий» [22, с. 324].

Прыклад У.Д. Спасовіча дэманструе драматызм беларускіх інтэлектуалаў ХІХ — пачатку ХХ ст., якія, будучы выхаваныя на глебе рускай і польскай культур, шукалі ўласны шлях да нацыянальнага самавызначэння. У той жа час не ўзнікае сумненняў у тым, што дзейнасць У. Спасовіча ўзбагаціла супольную спадчыну расіян, палякаў і беларусаў.

Літаратура

  1. Зеленков, В. Род Спасовичей в Минске / В. Зеленков // Еврейская старина [Электронный ресурс]. — 2014. — № 2. — Режим доступа: http://berkovich-zametki.com/2014/Starina/Nomer2/Zelenkov1.php. — Дата доступа: 09.03.2015.
  2. Спасович, В.Д. Моя юбилейная речь на товарищеском обеде 31 мая 1891 г. / В.Д. Спасович // Собрание сочинений В.Д. Спасовича: в 10-ти т. — СПб., 1890. — Т. 9. — С. 269-276.
  3. Шалькевич, В.В. Владимир Данилович Спасович (к 180-летию со дня рождения) / В.В. Шалькевич // Законность и правопорядок. — 2009. — № 1. — С. 69-72.
  4. Paszkowska, M. Kartka z dziejow rosyjskiej nauki prawa karnego w XIX wieku: «Uczebnik ugolovnogo prava» Wlodzimierza Spasowicza (1829-1906) / M. Paszkowska // Zeszyty Prawnicze. — 2002. — № 2. — S. 101-115.
  5. Pol, K. Poczet prawnikow polskich / K. Pol. — Warszawa: Wydawnictwo CH Beck, 2000. — S. 259-274.
  6. Корнилович, Э. Король русской адвокатуры / Э. Корнилович // Юстыцыя Беларусі. — 2011. — № 4. — С. 66-69.
  7. В служении Фемиде и обществу: страницы жизни и деятельности В.Д. Спасовича: сб. науч­ных статей / редкол.: И.И. Эсмантович (гл. ред.) [и др.]. — Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 2016. — 77 с.
  8. Dolata, T. Wlodzimierza Spasowicza dzialalnosc pro publico bono / T. Dolata // Pro publico bono — idee i dzialalnosc / pod red. M. Marszala, J. Przygodzkiego. — Wroclaw: E-Wydawnictwo, 2016. — S. 125-134.
  9. Грахоцкий, А.П. В.Д. Спасович о проблеме национальной самоидентификации / А.П. Грахоцкий // В служении Фемиде и обществу: страницы жизни и деятельности В.Д. Спасовича: сб. научных статей / редкол.: И.И. Эсмантович (гл. ред.) [и др.]. — Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 2016. — С. 21-30.
  10. Грахоцкий, А.П. В.Д. Спасович о национальном вопросе в Российской империи / А.П. Грахоцкий // Известия Гомельского гос. ун-та им. Ф. Скорины. — 2017. — № 2. — С. 77-80.
  11. Markwart, Z. Polityka rosyjska wobec polski do I wojny swiatowej w ocenie petersbursko-warszawskich realistow / Z. Markwart // Universitatis Mariae Curie-Sklodowska Lublin — 2012 — Vol. LIX, 1. Sectio G. — S. 33-61.
  12. Спасович, В.Д. Маркиз Велепольский, его жизнь и политика / В.Д. Спасович // Собрание сочинений В.Д. Спасовича: в 10-ти т. — СПб., 1902. — Т. 10. — С. 1-346.
  13. Спасович, В.Д. Польские фантазии на славянофильскую тему / В.Д. Спасович // Собрание сочинений В.Д. Спасовича: в 10-ти т. — СПб., 1890. — Т. 4. — С. 259-287.
  14. Спасович, В.Д. По поводу полемики Н.И. Костомарова с профессором А.Г. Градовским. «Голос». 1877 г. / В.Д. Спасович // Собрание сочинений В.Д. Спасовича: в 10-ти т. — СПб., 1890. — Т. 4. — С. 245-258.
  15. Фельдштейн, Г.С. Главные течения в истории науки уголовного права в России / Г.С. Фельдштейн. — Ярославль: Тип. губ. Правления, 1909. — 817 с.
  16. Грахоцкі, А.П. Вучэнне аб пакаранні У.Д. Спасовіча / А.П. Грахоцкі // Веснік Гродзенскага дзярж. ўн-та ім. Я. Купалы. Серыя 4. Правазнаўства. — 2016. — № 1. — С. 69-74.
  17. Грахоцкі, А.П. У.Д. Спасовіч і яго «Учебник уголовного права» (1863 г.) / А.П. Грахоцкі // Известия Гомельского гос. ун-та им. Ф. Скорины. — 2016. — № 2. — С. 66-70.
  18. Чернова, М.С. В.Д. Спасович об А.С. Пушкине: забытые страницы русской пушкинистики / М.С. Чернова // Веснік МДУ імя А. А. Куляшова. — 2011. — № 1. — С. 51-57.
  19. Аржакова, Л.М. Исторические экскурсы В.Д. Спасовича в «Очерках польской литературы» / Л.М. Аржакова // Вестник Тверского гос. университета. — 2010. — Вып. 3. — С. 3-9.
  20. Чикалова, И.Р. Реальное и воображаемое сообщество англоведов из Беларуси в императорской России / И.Р. Чикалова // Смена парадигм в историографии XIX — нач. XXI в.: сб. научных статей / ред.кол.: Н.В. Козловская, Е.И. Мелешко, Э.С. Ярмусик. — Гродно: ГрГУ, 2012. — C. 84-100.
  21. Спасович, В.Д. Ответ г. Юркевичу / В.Д. Спасович // Собрание сочинений В.Д. Спасовича: в 10-ти т. — СПб., 1890. — Т. 4. — С. 210-229.
  22. Спасович, В.Д. Письмо из Кракова. 3-5 октября 1879 г. Юбилей Крашевского / В.Д. Спасович // Собрание сочинений В.Д. Спасовича: в 10-ти т. — СПб., 1890. — Т. 4. — С. 297-337.

 

The article is focused on the life and activities of an outstanding lawyer and scholar, advocate, public person and publicist V.D. Spasovich. The author makes an appeal to his national self-identification, examines his publishing, social and philanthropic activities, analyzes Spasovich’s thoughts on «polish question» in Russian Empire. It is stated in the article that V.D. Spasovich supported the ideas of a civil nation which would include the representatives of various nationalities united by patriotic feelings to the state where they lived.


Аўтар:
А.П. Грахоцкі
Крыніца: Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины № 2 (107), 2018 г., ст. 69-73.