Жыхарка абласнога цэнтра Дзіяна Малчанава мае незвычайнае захапленне: яна фатаграфуе цікавыя дзверы ў будынках роднага горада і выкладае іх у адмыслова створаны акаўнт у інстаграме. Праз гэта яна спадзяецца зафіксаваць для нашчадкаў цікавосткі і дэталі старога Гомеля. Для нашага сайта Дзіяна распавяла пра гісторыю з’яўлення такога незвычайнага хобі.
— Акаўнт быў створаны ўвесну 2016, прыкладна ў траўні, але ідэя зарадзілася на некалькі месяцаў раней. Па-першае, я ўжо даволі даўно заглядалася на некаторыя дзверы, у асноўным, па Савецкай (светлая памяць варотам з львінымі галовамі). Па-другое, інстаграм, на мой асабісты погляд, павінен быць цікавым і карысным, змяшчаць не толькі (і не столькі) разнаякасныя сэлфі, але і ўнікальны кантэнт. З гэтым цесна звязана думка пра папулярызацыю лакальных, тутэйшых, «сваіх» адметных дробязяў. Па-трэцяе, мне трапіліся некалькі акаўнтаў з дзвярыма Рыгі, Дубліна — і чакаць было ўжо нельга.
🙂
Больш за ўсё мяне звычайна ўражваюць рэшткі «драўлянага Гомеля», але амаль з такім жа захапленнем я «адкрываю» для сябе даўно замураваныя парадныя дзверы цэнтральных вуліц.
Мне здаецца, калі б можна было зайсці праз менавіта гэтыя дзверы, а не з двароў, як гэта зараз робіцца, то мы б праз іх трапілі ў мінулае…
Калі я толькі пачынала гэты свой праэкт, я мела «пра запас» некалькі экспанатаў. Потым штосьці траплялася падчас шпацыру, штосьці ўвогуле было заўважана праз акно ў транспарце.
Зараз планую прайсці па вуліцах Залініі, ёсць яшчэ і некалькі неадзнятых дзвярэй каля Цэнтральнага рынка, трэба наведаць іх.
Як паказвае пошук па хэштэгах у інстаграме, па ўсім свеце вялікая колькасць аматараў, якія здымаюць менавіта нейкія дэталі і дробязі горада — ці то архітэктурныя, ці то іншыя. У нашым горадзе яшчэ шмат чаго не адзнята, шмат такога, што трэба захаваць хаця б на здымках, хай нават і ў стужцы інстаграма. Тыя ж ліштвы вокнаў на драўлянай забудове ці помнікі архітэктуры мінулага стагоддзя. Самае цудоўнае ў такіх хобі — гэта фокус, пункт гледжання, «кропка зборкі», якая змяшчаецца ў нейкі момант і дазваляе вам пабачыць маленькія, а часам і вялізныя цуды навакольнага свету.
Аўтар: Яўген Меркіс