«Ты, вясна, была…»

0
254
вясна была, вясна красна

Узгадваецца 1989 год — Ушэсце ў весцы Барталамееўка. Жыхары вёскі развітваюцца з вясной. Увасрбленаю у ляльку, зробленую рукамі Матроны Цітаўны Еціпнёвай, яе пранеслі па вуліцах Барталамееўкі і пахавалі ў жытнім полі: “Ты, вясна, была добрая, цёплая. Мы і нагуляліся, і нагрлэліся, і на той год такая прыходзь”. Але літаральна праз два гады барталамееўцы  сустракалі вясну у зусім іншых мясцінах. Больш за трыста сямей пакінулі  родную вёску і пераехалі ў населеныя пункты Гомельшчыны, Віцебшчыны, Міншчыны, і нават за межы Беларусі. Аварыя на ЧАЭС падзяліла іх жыццё на дзве часткі. У першай — Каляды і гуканне Вясны, Вялікдзень і Ўшэсце, “Ой, вясна-красна, што ты вынясла…” і “Як Пушчу стралу па ўсём сялу…”, у другой — Радаўніца і “А чаго ж ты, душа, міма раю прайшла…” Яны любілі свае песні і паспрабавалі прапанаваць іх сваім новым суседзям і знаёмым. Я памятаю, як у 1992 годзе у Ветцы пабліз аўтастанцыі я сустрэў чытырох жанчын з Барталамееўкі. На руках адной з іх была“лялька”. Але горад не прыняў іх песен, не зразумеў іх, больш за тое, сустрэў не самымі добрымі словамі.

Асабіста для мяне гэтыя падзеі адбываюцца на фоне агульнай значнасці і велічнасці традыцыйнай культуры, якая па-своему ўвасобілася ў Барталамееўцы. Культурныя традыцыі Барталамееўкі  заўсёды цікавілі фалькларыстаў і этнографаў. Пэўныя тэксты  з зафіксаванага імі прыводзяцца ў такіх выданнях як “Замовы”, “Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя”, “Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры. Гомельская вобласць”, “Вяселле”, “Земляробчы каляндар”, “Сямейна-бытавыя песні”, а таксама ў выданнях, падрыхтаваных Гомельскім дзяржаўным універсітэтам імя Францыска Скарыны. У 1988-2002 гадах вялікая праца па фіксацыі такіх тэкстаў была праведзена супрацоўнікамі Веткаўскага музея народнай творчасці. Не спынілася яна і пасля адсялення вёскі, паколькі супрацоўнікі музея маюць магчымасць зносін з жыхарамі Барталамееўкі, адселенымі непасрэдна ў Ветку.

Знакавымі асобамі Барталамееўкі былі сёстры Ганна Цітаўна Шэвялева і  Матрона Цітаўна Еціпнёва. Іх дзявоцкае прозвішча — Міналькіны. Ганна Цітаўна нарадзілася  ў 1912 годзе. Не гледзячы на тое, што ёй у сувязі з афіцыйным адсяленнем вёскі была выдзелена кватэра ў Гомелі, амаль  да апошніх дзён жыцця не пакідала Барталамееўкі. Памерла ў 2000 годзе. Матрона Цітаўна нарадзілася ў 1919 годзе. Усё сваё жыццё, за выключэнем некалькіх апошніх гадоў, калі яна не па сваёй волі пераехала ў Ветку, пражыла ў Барталамееўцы. Памерла ў 1996 годзе.  Менавіта да іх, у першую чаргу, пасылалі аднавяскоўцы прыязджаючых у Барталамееўку аднавяскоўцаў. Іхнія імёны добра знаёмы такім вядомым знаўцам культуры, як Галіна Аляксадраўна Барташэвіч, Васіль Дзімітравіч Ліцвінка, Канстанцін Пятровіч Кабашнікаў і інш. .

Усяго ад Ганны Цітаўны Шэвялевай і Матроны Цітаўны Еціпнёвай супрацоўнікамі музея зафіксаваны  больш за сто тэкстаў. У гэты склад уваходзяць калядныя, веснавыя, граныя, жніўныя, вясельныя песні, духоўныя і пазаабрадавыя спевы, апісанне звычаяў і абрадаў, замовы, былічкі. Большасць з іх прыводзяцца ў публікацыі “З вопыту вывучэння традыцыйнай культуры Веткаўшчыны. Вёска Барталамееўка” у “Навуковых запісках Веткаўскага музея народнай творчасці”. А з некаторымі з ніх чытачы “Голаса Веткаўшчыны”:  “Цітаўна з Барталамееўкі”, “Яна любіла свае песні” ( 16 жніўня 2000 г.),“Не стала вёскі” (29 траўня 2002 г.).

З КАЛЯДНЫХ СПЕВАЎ

* * *

Шыла дзевачка тры шырыначкі,

Дзевачка, дзевачка-пані, гавары ж з намі ціхенька.

Перваю шыла чорненькім шоўкам,

Дзевачка, дзевачка-пані, гавары ж з намі ціхенька.

Чорненькім шоўкам, дак то свёкарку,

Дзевачка, дзевачка-пані, гавары ж з намі ціхенька.

Другую шыла красненькім шоўкам,

Дзевачка, дзевачка-пані, гавары ж з намі ціхенька.

Красненькім шоўкам, дак то свякрушцы,

Дзевачка, дзевачка-пані, гавары ж з намі ціхенька.

Трэцюю шыла, залатым садзіла,

Дзевачка, дзевачка-пані, гавары ж з намі ціхенька.

Залатым садзіла, дак то міламу,

Дзевачка, дзевачка-пані, гавары ж з намі ціхенька.

* * *

Ластавачка, шчабятушка,

Пад вакенцам шчабятала,

Свайго пана пабуджала.

— Ой, паня, паня,

Уставай рана,

Запалі сьвячу,

Паглядзі ў пячу,

Там каўбаскі пякуцца

І нам даюцца!

Добры вечар вам у хату!

Святы вечар, добрыя людзі.

 

З ВЕСНАВЫХ СПЕВАЎ

* * *

Як пушчу жа стралу дай па ўсём сялу,

Охі-ой-лю-лі, да па ўсём сялу.

Ты ляці, страла, дай уздоўж сяла,

Охі-ой-лю-лі, дай уздоўж сяла!

Ты убі, страла, добра молайца,

Охі-ой-лю-лі, добра молайца.

Добра молайца на вараном коніку,

Охі-ой-лю-лі, на вараном коніку.

Па том молайцу некаму плакаці,

Охі-ой-лю-лі, некаму плакаці.

Матка старэнька, сястра маленька,

Охі-ой-лю-лі, сястра маленька.

Жана малада, дзеткі дробныя,

Охі-ой-лю-лі, дзеткі дробныя.

Дзеткі дробныя, неўгамонныя,

Охі-ой-лю-лі, неўгамонныя.

Дзе матка плача, там калодзезі,

Охі-ой-лю-лі, там калодзезі.

Дзе сястра плача, там рэкі цякуць,

Охі-ой-лю-лі, там рэкі цякуць.

Дзе жана плача, там расы няма,

Охі-ой-лю-лі, там расы няма.

Сонца выблесне, раса высахне,

Охі-ой-лю-лі, раса высахне

* * *

Каля саду зялёнага,

Каля вінаграду вішнёвага

Ой, там саколя аблятае,

На высок церам забірае:

— Дзе мая зязюлечка гняздзечка ў’е?

— Саў’і, зязюля, і мне, і сабе.

Сабе, зязюля, на ялі,

А мне, салавейку, на калі.

Сабе, зязюля, з руты-мяты,

А мне з барвеначак.

 

* * *

На Граной нядзелі

Русалкі ў жыце сядзелі,

Ды ў жыце сядзелі,

Ды на дзевак глядзелі.

— А вы ж, дзевачкі, жніця,

Самі сібе ні пазьніця.

— А дажнёмся да дуба,

Мы ж палуднаваць будам.

А дажнёмся да краю,

Да й пасмотрым уражаю.

 

* * *

Як з-пад гор, з-пад гор

Вылятаў арол,

Да як з-пад хутара

Вылятала два.

Да адзін у другога выпытывая,

Да адзін у другога выпытывая:

— Дзе ж ты лятаў,

Да так доўга лятаў?

— Да тожо, мой брат, да пад Кіевам.

— Да што жы там да відаў?

—  Да зеляно жыта

Да ў том жыце казака ўбітага,

Да казака ўбітага,

Да не цяпер-ка, да не цяпер-ка,

Да ўбітага казака

Да пасрадзі лета,

Скрозь рабёр яго трава прарасла,

Кругом серцанька завівалася.

 

АД ЗУБНОГА БОЛЮ

У моры рак, у дубе чарвяк, у небі месяц. Як эцім тром умесьці не зьбірацца, мёд-гарэлку не піць, меж сабой не гаварыць, так у раба Божага зубам не балець, касьці не ламіць і крыві не пячы. І стань ты, Госпадзі, на помашч і рабу Божаму на пользу.

ЯК ПЛОХА СЯБЕ ЧУСТВУЕШ

У белаю пасцель лажуся, ясным месяцам абазруся, дробнымі зорамі абгараджуся і нікога не баюся: ні ведзьмаў, ні ведзьмакоў, ні чараўніц, ні чараўнікоў, ні паганых дум, ні паганых глаз – не забываю на сваё здароў’е па ўсякі раз. Не забываю, а прыбаўляю.

ТРАЎНІК

 Дзед кагда-та быў. Прадзед куды-та ішоў вульлі кутаць у лес. Ну, і з ім ішоў дзед наш, малы яшчэ быў. Бацька ідзець сабе, а эты малы бяжыць, бяжыць – і стане, і сьмяецца. Ён тады кажа: “Аўсейка, што табе сьмешна?” Ён: “Да, нічога!” Зноў прабяжыць дзіцёнак той, зноў — астановіцца. Ён што? Радзіўся дзіцёнак — і ўсе зубы ў роце. Эта ж рэдка бывае. Пагаворка такая: “Што ты радзіўся з зубамі, значыць, усё доўжны знаць на свеце”. Так, бацька той ідзець вульлі кутаць, і ён, дзед наш, Аўсейка, той ідзець. Ён не прызнаваўся. Назад ідуць, ён к яму прывязываецца: “Ну чаго табе была сьмешна? Ты з мяне сьмяяўся, што я ўжэ стары і некрасівы?” —“ Не, я не з цябе смяяўся. А, вот, ты не чуеш, а я чую, вот тыя траўкі качаюцца ад ветру. Ківаецца траўка і кажа: “Я — ад скулы!” А вон тая траўка ківаецца і кажа: “Я – ад кілы!” Значыць, вот, траўкі гаворуць між сабой, і кожнаю траўку нада панімаць, якая ад чаго.” Той дзіцёнак, што радзіўся з зубамі, так ён чуе  тыя траўкі.  Тая: “Ад грызі”, – ківаецца. А тая яшчэ ад чаго, кажа. Ён, эты дзіцёнак, рос і знаў усе этыя траўкі. Эта ўсё па пародзе дано. Богам дано.

ДАБРАХОЖАЯ

Адна жэншчына грабла сена. І ў кусце заплакал дзіцёнак маленькі. Яна тады абглядаецца: “Што ж плача дзіцятка?” Падходзіць — дзіцятка ляжыць ў кусьце — голенькае-голенькае. Вот, як нарадзілась, так і ляжыць. Яна тады гаворыць: “Божа мой! Што ж мне дзелаць? Чым мне яго накрыць?” Яна зьняла з галавы платок і дзіця эта накрыла. Тады думае: “Ну што, эты платок? Давай спадніцу зьдзену!” Спадніцу зьдзела. Рашыла дамоў ужо ў рубашцы ісьці. Запеленала этага дзіцёнка, як умела, і паклала ў гэты куст. Яна знала, што кто-та падклаў. Ну, а патом, колькі ана аташла ад таго места, выходзя жэншчына наперад ёй і гаворыт: “Чым мне вас наградзіць, за то, што вы майму дзіцёнку цела прыкрылі?” А яна: “Нічога не нада мне”. — “А колькі ў цябе дзяцей?” — “А ў мяне дзяцей пяць сваіх”. — “Ну, ты ўсё адно і гэтага пажалела, шостага, пакрыла і ў платок, і ў юбку. Ну, так на табе кусочак палатна”. Кагда-та палатно каталі ў трубкі. Яна ёй паўтрубкі палатна дала і гаворыт: “Вот, раскатывай эта палатно і шый сваім дзецям. Эта табе такі падарак. Толькі не раскатывай яго саўсім, штоб не бачыла, што там усяродку”. І яна ўсё шыла і шыла. Можа, і год, можа, і два. Патом захацелась ёй паглядзець, што там, усярэдзіне: “Што я раскатываю і шыю, а яна ўсё такая, трубачка?” Раскатала, паглядзела, пасьледнюю рубашачку пашыла і ўсё. А там нічога і не было. Проста невідзімае яно бралась, палатно. Яна дзетак і абшывала. Эта жэншчына невідзімая была

ДАМАВІК

Дамавой пахож на хазяіна, і па старасьці пахож, і па гадах пахож. Прымерна, ежэлі хазяін старэе, і дамавой старэе. У іх былі гусі кагда-та на дварэ. Ну дак, здалося, што бацька заганяе гусей у хлеў і кажа: “ Гыля, у хлеў! Гыля, у хлеў!” Пагляжу — бацька сьпіць на карваці, а голас яго чую.  Гусей загнаў і закрыў сарай.

ВОГНЕНЫ ЗМЕЙ

А эта матка мая расказывала. Лятаў ён к саседзям. Мы паглядзім, к Кашперам паляцеў. Гаворэ, ляцеў страшны такі агонь. І туды прама апусьціўся, к ім на двор. Мы скарэй — у шчэлкі, кругом аббеглі, да глядзець. Бачым, у шчэлкі відна, у хлеве. А яны яму паставілі стол, паслалі скацерку, тыя людзі, і паставілі багата глякоў. Ён сагнецца і малака налівае, налівае глякі, налівае, налівае. Поўныя глякі паналіваў. Сам у гузіках такіх, як пан ходзе. Яны што-та яму давалі кушаць, а ён ім малако насіў.

Аўтар:  Генадзь Лапацін

Крыніца: “Голас Веткаўшчыны”, 23 красавіка 2005 г.