Тураўскае княства

0
59
Тураўскае княства

Тураўскае княства — раннефеадальная дзяржава з цэнтрам у г. Тураў. Называлася таксама Тураўская зямля, Тураўская воласць, Тураўская вобласць. Займала тэрыторыю ад Дняпра на ўсход да Заходняга Буга на захад, ад Прыпяцкага Правабярэжжа на поўдні да вытокаў Лані i Случы на поўначы (тэрыторыя сучаснай Брэсцкай, часткова Гомельскай, Мінскай, Гродзенскай абласцей, паўночных раёнаў. Украіны і ўсходніх паветаў Польшчы). Утварылася ў канцы 10 ст. на тэрыторыі рассялення ўсходнеславянскае племя дрыгавічоў. Тураўскае княства ста­ла спадкаемцам племяннога княжання дрыгавічоў, што мела свайго племянно­га князя (апошні — напаўлегендарны кн. Тур), было больш высокай формай сацыяльна-палітычнай арганізацыі грамадства пасля распаду першабытнаабшчыннага і ўзнікнення феадальнага ладу.

Першы гістарычна вядомы князь Тураўскага княства — Святаполк Уладзіміравіч, сын кіеўскага вялікага княства Уладзіміра Святаславіча, пасаджаны на тураўскі прастол у 988. Тураўскае княства было адным з найважнейшых у сістэме княстваў Кіеўскай Рyci. Пра гэта сведчыць вылучэнне яго трэцім па старшынстве сынам вялікіх князёў пры падзе­ле Кіеўскай Рyci: Святаполку ў 988 Уладзімірам Святаславічам, Ізяславу ў 1052 Яраславам Уладзіміравічам, Вячаславу ў 1125 Уладзімірам Усеваладавічам Манамахам. З тураўскага на кіеўскі велікакняжацкі прастол перайшлі Святаполк Уладзіміравіч (1015), Ізяслаў Яраславіч (1054), Святаполк Ізяславіч (1093), Вячаслаў Уладзіміравіч (1139).

У палітычнай гісторыі Тураўскага княства вылучаюцца 4 перыяды.

Першы перыяд (988-1015) — вылучэнне Тураўскага княства са складу Кіеўскага вялікага княства і палітыка Святаполка па адасабленні ад Кіева. Святаполк увайшоў у змову са сваім цесцем, польскім князем Баляславам Храбрым з мэтай дамагчыся незалежнасці ад Кіева. Пасля раскрыцця змовы Святаполк быў схоплены і зняволены ў турму, аднак потым вызвалены, у 1015 пасля смерці бацькі заняў кіеўскі прастол (да 1019).

Другі перыяд (1019-1113) — час знаходжання Тураўскага княства пад уладай вялікага кіеўскага князя Яраслава Мудрага, яго сына Ізяслава Яраславіча (з 1052) і сыноў апошняга — Яраполка і Святаполка.

Трэці перыяд (1113-1158) — захоп Тураўскага княства Ўладзімірам Манамахам і захаванне княства за яго нашчадкамі. У 1113 пасля смерці князя тураўскага i вялікага князя кіеўскага Святаполка Ізяслава на кіеўскі прастол уступіў Манамах, які не перадаў Тураў нашчадкам Свята­полка, а захаваў за сабой. Спроба сына Святаполка Яраслава ў 1123 з дапамогай замежных войск дамагчыся сваёй спадчыны скончылася трагічна — Яраслаў загінуў. У 1125 пасля смерці Уладзіміра Манамаха Тураўскае княства адышло да яго трэцяга сына Вячаслава. Знаходзячыся ў 1142-1158 у залежнасці ад кіеўскіх князёў, Тураўскае княства поўнасцю ці па частках перадавалася іх саюзнікам, за гэты час у ім змянілася 7 князёў.

Чацверты перыяд (1158 — пач. 14 ст.) — час існавання адноўленага самастойнага Тураўскага княства. У 1158 пасля смерці вялікага кіеўскага князя Юрыя Уладзіміравіча Далгарукага унук князя тураўскага i вялікага кіеўскага князя Святаполка Ізяславіча Юрый Яраславіч заняў Тураў насуперак волі кіеўскага князя Давыда Ігаравіча і адстаяў яго ў цяжкай 10-тыднёвай аблозе ад сумеснага войска кааліцыі паўднёварускіх князёў. Аблога паўтарылася ў 1160, а ў 1162 быў заключаны мір, што азначала аднаўленне самастойнага Тураўскага княства. Пасля княжання Юрыя Яраславіча Тураўскае княства падзялілася паміж яго сынамі на ўдзелы. Туравам валодалі Святаполк, Іван, Глеб; Пінскім княствам — Яраслаў, Яраполк; Дубровіцкім — Глеб. Раней вылучалася Клецкае княства (у 1127 вядомы клецкі князь Вячаслаў Яраславіч). У другой палове 12 ст. адасобілася Слуцкае княства, пазней — Сцепаньскае (1292). У 1204 летапісцамі ўзгадваюцца «Святополчичи ис Туро­ва», у 1274 — «князи туровские». У другой палове 12 ст. заходняя частка Тураўскага княства з г. Бярэсце i Драгічын (Берасцейская зямля) увайшла ў склад Уладзіміра-Валынскага княства.

Тураўскія князі актыўна ўдзельнічалі ў палітычным жыцці Кіеўскай Русі, у барацьбе за кіеўскі прастол сваіх родзічаў і іншых прэтэндэнтаў, у змаганні з полаўцамі. На тэрыторыі Тураўскага княства паслядоўна адбываўся працэс гаспадарча-эканамічнага і культурнага развіцця. Узніклі гарады Тураў (вядомы з 980), Бярэсце (1019), Пінск (1097), Чартарыйск (1100), Слуцк (1116), Клецк (1127), Рагачоў (1142), Драгічын (1142), Мазыр (1155), Небль (1262), Капыль (1274), Сцепань (1292), Давыд-Гарадок, Дубровіца (12 ст.). У канцы 10 — пач. 11 ст. заснавана Тураўская праваслаўная епархія. Найстаражытнейшы помнік кніжнай культуры Беларусі — Тураўскае евангелле 11 ст. Сведчаннем высокага развіцця культуры з’яўляецца дзейнасць Кірылы Тураўскага, надзвычай пладавітага пісьменніка, творы якога на працягу стагоддзяў уваходзяць у духоўныя анталогіі.

У пач. 14 ст. Тураўскае княства ўвайшло ў склад BKЛ. У сярэдзіне 15 ст. ўласнасць вялікага княства Свідрыгайлы. З 16 ст. магнацкая латыфундыя, належала М.Л. Глінскаму, Астрожскім, Сапегам і інш.

Літаратура

Довнар-Запольский М.В. Очерк истории кривичской и дреговичской земель до конца XII столетия. Киев, 1891;

Грушевский А.С. Пинское Полесье: Ист. очерки. Ч. 1-2. Киев, 1901—03;

Лы­сенко П.Ф. Туровская земля IX—XIII вв. Мн., 1999.


Аўтар:
Пётр Лысенка
Крыніца: Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. Ст. 541-542.