Тураўшчына ў жыццёвым і творчым лёсе Уладзіміра Караткевіча

0
2616
Уладзімір Караткевіч

Уладзімір Караткевіч любіў Палессе. У вершы «Беларуская песня» ён велічна і ўрачыста выявіў гонар за сваю зямлю і яе людзей, а пры стварэнні маштабнага і цэласнага малюнка Беларусі пранікнёна і цёпла сказаў таксама пра гэты запаветны край:

Ты ляжыш там, дзе сіняя Прыпяць ласкава віецца [1].

Пра Палессе пісаў і ў апавяданнях «Паляшук», «Блакіт і золата дня», «Дрэва вечнасці», «Краіна Цыганія», «Калядная рапсодыя».

У. Караткевіч выказваў прыкметную цікавасць да постаці Кірылы Тураўскага і гісторыі Тураўскага княства. У апавяданні «Кніганошы» пры асэнсаванні трагічнага лёсу беларускага народа ў 80-я гады XIX ст. пісьменнік аднаму з персанажаў, вопытнаму старому кніганошу, даў красамоўнае імя і прозвішча. Калі гэты чапавек прыйшоў па цела свайго сына, забітага пры пераходзе мяжы, то сказаў прапаршчыку Буткевічу, што хоць ён, кніганоша, сам і непісьменны, але кнігі любіць. Таму і сыну хацеў перадаць сваю любоў да кніг (той навучыўся чытаць). А імя і прозвішча старога Кірыла Туравец. «Амаль — як святы Кірыла Тураўскі… Толькі таго за кнігі хвапілі» [2, 271], — са скрухай прызнаецца стары. Нават імем і прозвішчам свайго героя пісьменнік сцвердзіў несмяротнасць народнага духу, пераемнасць і сілу перадавых нацыянальных эстэтычных і духоўных традыцый.

Істотным для разумения ідэйна-эстэтычнай сістэмы У. Караткевіча мае размова галоўнага героя рамана «Каласы пад сярпом тваім» Алеся Загорскага з вядомым лінгвістам, прафесарам Пецярбургскага універсітэта I. Сразнеўскім пра Бога і Беларусь. Алесь сцвярджае: «Я не веру… Я хутчэй уяўляю яго (Бога. – А. В.) сабе як нешта, з чым трэба весці спрэчку… Але нават у той час, калі я веру, я ведаю, што гэта не Хрыстос, не Ягова, не Магамет і не Буда. Гэта проста нешта вышэйшае, чаго я не магу дасягнуць. Даводзіў жа хтосьці з новых, што сусвет, разам з Млечным Шляхам і іншымі зорнымі астравамі, мае форму вялікага сэрца, якое ўвесь час пульсуе» [5, 149-150].

I далей прафесар І. Сразнеўскі, ацэньваючы Алесеву навуковую працу пра Кірылу Тураўскага, сцвярджае: «Там, у яго»Слове», кожны сказ аб прыродзе мае працяг. Сонца, якое сагравае зямлю, параўноўваецца з Хрыстом, што сышоў на зямлю. Зіма адышла — вечна жывы Бог папіхнуў нагою смерць і бязвер’е. Гэта ж дванаццатае стагоддзе, самы пачатак вашай літаратуры. А вы адсеклі канцы сказаў, і атрымаўся паганскі гімн зямлі і сонцу. Алесь пярэчыць: «Каб ён існаваў — ён не дазволіў бы такога здзеку з нас». Прафесар І. Сразнеўскі даводзіць: «І можа таму, што ён ёсць, вы і вытрымалі дзевяцісотгадовую вайну супраць у тысячу разоў мацнейшых ворагаў?.. Але людзі трымаюць Бога ў сабе, каб быць моцнымі… I найлепшы доказ — гэта тое, што вы выжылі» [5, 150-151]. І такія высновы пераклікаюцца з пазнейшымі паэтычнымі радкамі У. Караткевіча:

«На Беларусі Бог жыве», — I няхай давеку жыве. [1,242]

У гэтым жа рамане пад час спрэчкі з шавіністычна настроеным палякам Ямантам, які хацеў бы ўбачыць Польшчу «ад мора да мора», які беларусаў і літоўцаў лічыў галінамі польскага племені, а іхнія мовы дыялектамі польскай, Віктар, старэйшы брат Кастуся Каліноўскага, у абурэнні прывёў наступныя доказы: «А Кірыла Тураўскі, а паданні? А тое, што наша друкаваная «Біблія» з’явілася раней, чым у многіх у Еўропе? А тое, што законы Статута літоўскага склалі мы?.. А тое, што трыста год мовай княства была беларуская мова» [5, 169].

У кантэксце славутых беларускіх дзеячаў Кірыла Тураўскі згадваецца ў трагедыі «Званы Віцебска», дзе пісьменнік звярнуўся да Віцебскага паўстання 1623 г. У ёй адзін з персанажаў, Пасіёра, прамовіў: «То што мы будзем? Цярпець? Магнацтва, акрамя нямногіх, здрадзіла, запляміўшы наш гонар. Яны цяпер па-чужынску цвэнкаюць, усе гэтыя тышкевічы, агінскія, валовічы, сангушкі, сапегі, браніцкія, аскеркі, храптовічы і іншыя, імя іх — легіён. їм ужо мова Кірылы з Турава, Скарыны і Цяпінскага — грубая, як капі ў жываце бурчыць. Псы. Ледзь не адны мы засталіся, мы, просты народ» [8, кн. 1, 123].

Такія выказванні караткевічаўскіх герояў сведчылі не толькі пра даўнасць і багацце беларускіх духоўных, культурных і эстэтычных традыцый, але і абуджалі ў беларусаў пачуццё чалавечай годнасці і нацыянальнага гонару.

У эсэ «Балады каменя», якое прысвечана беларускім помнікам архітэктуры, У. Караткевіч пісаў: «Кірыла Тураўскі перамяжаў словы казанняў язычаскім гімнам вясне, зямлі, абуджэнню кахання ў людзях» [8, кн.2, 143].

З 5 да 22 чэрвеня 1969 г. У. Караткевіч па заданні часопіса «Маладосць» вандраваў па Палессі, каб напісаць нарыс пра гэты край. З Гомеля да Давыд-Гарадка плыў на агітцеплаходзе «Маякоўскі», і вандроўку закончыў ў Брэсце. Пра тую паездку неўзабаве цікава расказаў у нарысе «Званы ў прадоннях азёр».

Сёння значную мастацкую вартасць маюць тагачасныя разважанні пісьменніка пра Тураў: «… Самае сумнае ўражанне за ўсю дарогу. Тураў. Проста — вялікая вёска. Перажыў сябе. Горад, які трымаў у сваіх руках гандаль Кіева з Польшчай. Сталіца Вялікага княства, куды ўваходзілі Пінск і Нясвіж, Рагачоў і Ваўкавыск. Спалены татарамі (легенда кажа, што яны закідалі дзецьмі Тур-калодзеж, пасля чаго сем год з таго, замест вады, біла жаночае мапако), выпалены літоўцамі і папякамі, горад так і не ўзняўся. І ніякіх слядоў велічы. Стагоддзі нарадзілі, стагоддзі і сцерлі. Засталося адно тое, што не тлее і не гарыць. Слова. Слова «другога Златавуста», вялікага Кірылы Тураўскага. Ды яшчэ валы і равы на Туравай гары. Гэтыя маўчаць. Слова больш даўгавечная рэч, чым муры і мячы. Яны гінуць, слова — жыве, нават калі вялікія сталіцы засынаюць на грані небыцця. Гэта трэба добра помніць. Усім» [8, кн. 2, 62].

І калі У. Караткевіч адплываў ад Турава, то ўспомніў «словы вялікага Кірылы, якія не пастарэлі за восемсот з лішнім гадоў»: «Ныня сонца красуяся… усходзіць і радуюся зямлю агравае. Ныня… зіма прэстала ёсць і лёд растаяся… Дзесь вясна красуецца, ажыўляючы зямное есцьство…» [8, кн. 2, 62].

У нарысе «Зямля пад белымі крыламі» ён таксама захапляўся апісаннем вясны ў Кірылы Тураўскага. Заўважым, што адзін з падраздзелаў гэтага нарыса назваў «Вялікія» малыя гарадкі», дзе вёў размову пра Навагрудак, Слонім, Нясвіж, Мір, Пінск, Мазыр і іншыя славутыя беларускія гарады.

А ў эсэ «Дыяментавы горад», якое прысвечана Мсціславу, У. Караткевіч пісаў: «Мсціслаў жа, воляй лёсу і гісторыі… лежачы нібыта ў баку ад пуцявін гандлю, палітыкі, самой гісторыі, руйнаваны дзесяткамі крывавых нашэсцяў, нібы часова заснуў, як заснулі многія і многія славутыя ў мінулым гарады, якія калісь дыктавалі сваю волю, славіліся вялікай славай і стаміліся ад яе. Як стаміліся Тураў і Суздаль, Растоў Вялікі і Друцк і многія-многія іншыя» [8, кн. 2, 207].

Красамоўную назву мае эсэ У. Караткевіча «Сцюдзёная вясна, або 1000 год і 7 дзён», якое было прымеркавана да 1000-годдзя Турава. Яго пісьменнік закончыў 20 чэрвеня 1980 г. пасля таго, як па даручэнні часопіса «Маладосць» разам з фотакарэспандэнтам В. Ждановічам з 26 мая да 2 чэрвеня 1980 г. наведаў Тураўшчыну.

Гэта эсэ ўвабрала прыкметы мастацкага і хранікальна-дакументальнага апавядання. Яно вызначаецца свабоднай і вытанчанай манерай пісьма і роздумам пра повязь часоў.

Пісьменнік знайшоў удалы запеў да твора. У якасці эпіграфа, а таксама на пачатку твора ён падаў у арыгінале і ў перакладзе на сучасную беларускую мову ўрывак ca «Слова на новую нядзелю па Вялікадні» Кірылы Тураўскага, ізноў звярнуўся да сваіх любімых радкоў са спадчыны славутага папярэдніка: «Ныня сонца, красуючыся, да вышыні ўзыходзіць і, радуючыся, зямлю сагравае… Сягоння… зіма перастала быці і лёд … растаў… У гэты дзень вясна красуецца, ажыўляючы жывую зямную існасць; буяныя вятры (сёння), ціха павяваючы, плады цалуюць, і зямля, жывячы насенне, зялёную траву нараджае… У гэты час нованароджаныя агнцы і ягнянкі (баранчыкі і авечкі), хутка ў пуцінку беручыся, скачуць, і скора, да матак вяртаючыся, весяляцца… Цяпер дрэвы парасткі выпускаюць і кветкі духмянасці працвітаюць, і вось ужо сады салодкі падаваюць водар… У гэтую пару рэкі… навадняюцца… Угэты час… працавітая пчала… на кветкі злятаючы, мядзвяныя соты стварае… Ныня ўся добрагалосная птушка… гняздуючыся весяліцца… і сваю кожная спяваючы песню славіць Бога галасамі несціханымі (нямоўчнымі)» [8, кн. 2, 177-178].

Пісьменнік адзначыў, што гэты голас прагучаў для нас недзе ў далекім, цьмяным дванаццатым стагоддзі «з вуснаў сына багатых тураўскіх мяшчан, сына горада, які ні па велічы, ні па дзяржаўнасці, ні па асвечанасці не саступаў Полацку, Ноўгараду Вялікаму, Кіеву». У. Караткевіч згадаў археалагічныя знаходкі ў Тураве, напісаў пра Кірылу Тураўскага як пра юнака, які пайшоў у манахі, як пра жыццялюба, які пайшоў у аскеты, як пра паэта, які быў абраны ў біскупы і ўсю сілу свайго красамоўства аддаў «казанням» (павучэнням) і «словам». «I стаў гэты паэт «Златавустам, які больш за ўсіх заззяў нам», і пачаў ён вялікае наша Пісьменства, і ўславіў родны горад, які да дня яго нараджэння быў ужо сто пяцьдзесят год, як упершыню адзначаны ў летапісе (980 г.), а значыць, існаваў ужо і задоўга да таго» [8, кн. 2, 178].

У. Караткевіч сказаў пратыя сем дзён напрыканцы вясны 1980 г. як пра адну «са сцюдзёных, стылых і непрытульных вёснаў, якія даводзілася перажыць гораду» [8, кн. 2, 179]. Прывёў дакладныя прыкметы той запозненай і халоднай вясны, разважаў пра тураўскае гарадзішча (пасля — замчышча), пра лес Тураўскай зямлі: «За выключэннем нейкіх шасцідзесяці год жыцця ў яднанні з Кіевам, Тураўская зямля ў даўнія тыя часы была палітычна і тэрытарыяльна самастойнай аж да часоў Гедыміна. У лепшыя яе гадзіны хадзілі пад началам Турава Клецк і Слуцк, Мазыр і Пінск, Чартарыйск і Рагачоў». Выказаў меркаванне, што «нашэсце Батыя прайшло поўднем, мабыць, не зачапіўшы Турава. Хаця, магчыма, тураўскія гарады трапілі ў спіс «тых; іншых», якія спалілі манголы». I далей: «А магчыма, легенды кажуць аб іншых татарскіх набегах, нашэсцях крымчакоў у 1502 і 1521 гадах. Бо хто толькі ні спустошваў гэтую зямлю: Літва, крымчакі, Аўчына-Целяпнёў-Абаленскі, гетман Януш Радзівіл» [8, кн. 2, 183].

У. Караткевіч сцвярджае, што ў Тураве не засталіся равы, валы, па­лац, дамы знаці, шматлікія цэрквы. Паколькі бедныя таксама летапісныя і хранікальныя звесткі пра горад, то асаблівую важнасць, асаблівае значэнне набывае археалогія. Прыходзіць да высновы, што «гісторыя Турава, і Тураўскай зямлі, і суседніх земляў спіць пад зямлёй» [8, кн. 2,184].

Гэта эсэ — своеасаблівая мастацкая энцыклапедыя Тураўшчыны. У ім пісьменнік не толькі цікава і па-мастацку дасканала расказаў пра даўнюю гісторыю аднаго са старажытнейшых гарадоў Беларусі, але звярнуў увагу на сучасную яму Тураўшчыну і канкрэтных яе жыхароў, задумаўся над яе будучыняй. У кнізе ёсць сум, трывога і ёсць весялосць, жартаўлівасць, жыццесцвярджальнасць.

Расказаў, напрыклад, гісторыю пра дзіця, якому, гуляючы ў касманаўтаў, насунулі на галаву ў якасці шлема чугун, які потым трэба было здымаць у горадзе. Выказаў на падставе гэтага наступную думку: «Не ведаю, але, па-мойму, мы яшчэ шчаслівыя, што жывём у складаны, шматфарбны, супярэчлівы час, што лётаюць над гэтай нашай зямлёй спрадвечныя лебедзі і наваяўленыя касманаўты. Шкада толькі, што — калі не возьмемся за розум — першых будзе усё менш, а другіх усё больш. А трэба, каб было болей і другіх і першых» [8, кн. 2, 180-181].

Пісьменнік хацеў зразумець, хто такія людзі гэтай зямлі: «Была гэта і ёсць, нягледзячы на ўсе зменлівасці лёсу, тураўская зямля. Так, Палессе, але, на думку жыхароў, «палешукі» — гэта недзе там, а тут былі і ёсць «туроўцы». І характар «туроўца» прадпрымальны, самасцвярджальны, занадта ўпэўнены ў сабе, часам не вельмі прыемны для суседа, як то часта бывае ў чалавека сталіцы, нават краіны, мясцовасці, былая слава якіх («часова», па цвёрдай іхняй думцы) у заняпадзе… Проста яны «туроўцы» — і ўсё» [8, кн. 2, 183]. Згадаў, што ніхто з жыхароў Турава не хацеў здымацца ў фільме ў якасці нябожчыка. Пакінуў змястоўнае мастацкае апісанне колішняга парома, дзе, як заўважыў, «мацаеш пульс гэтай зямлі» [8, кн. 2, 196].

Пісьменнік наведаў Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік. 3 любоўю і павагай расказаў пра людзей, якія аберагаюць прыроду як высокапрафесійныя спецыялісты і дбайныя, руплівыя гаспадары — арнітолага Вадзіма Пятровіча Клакоцкага, дырэктара запаведніка Ілью Аляксандравіча Салановіча, палясоўшчыка Уладзіміра Георгіевіча Кадоліча.

У. Караткевіч выступіў у эсэ супраць неразумнага правядзення меліярацыі і неабдуманага перайменавання вёсак. Калі пачуў з цеплахода тагачасную недарэчную эстрадную мелодыю, то балюча адчуў, што яна абражае гэту багатую на песні зямлю. Ён усхвалявана заклікаў: «Падумайце над тураўскай гісторыяй… Падумайце аб лёсе песні палескай… Падумайце аб душы народа, які ўзрастае сярод гэтых дуброў і на гэтых водах» [8, кн. 2, 198-199].

Сёння і ў будучыні актуальны і каштоўны наказ пісьменніка: «Зберагаць годнае і вялікае старое. Ствараць годнае і вялікае новае. Толькі годнае. Толькі вялікае» [8, кн. 2, 181].

У. Караткевіч, нібы развітваючыся, у апошнія месяцы жыцця наведаў дарагія яму мясціны: Рагачоў, Кіеў, Вязынку. А потым адправіўся з сябрамі ў вандроўку па Прыпяці. Там яму стала дрэнна. Прывезлі на цеплаходзе ў Тураў, адтуль 20 ліпеня 1984 г. на машыне — у Мінск. Не стала пісьменніка 25 ліпеня 1984 г.

Літаратура

  1. Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Мн., 1987. С. 136. Далей творы У. Караткевіча цытуюцца па гэтым выданні. Том і старонка падаюцца ў дужках.

 

Аўтар: А.Л. Верабей
Крыніца: Тураўскія чытанні: Матэрыялы Рэспублікаскай навукова-практычнай канферэнцыі (Гомель, 4 верасня 2004 г.) / Адк. рэд. У.І. Коваль. — Гомель: УА «Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны», 2005. — 249 с. Ст. 8-12