Тураў — старажытная калыска беларускай дзяржаўнасці

0
290
Тураў - старажытная калыска беларускай дзяржаўнасці

“Спакойна і павольна, як у зачараваным сне, нясе Прыпяць сухадоламу Дняпру сваю багатую даніну”, — пісаў амаль сто гадоў таму народны пісьменнік Якуб Колас у вядомай аповесці “Дрыгва”.

Прыпяць — гэта самая буйная рака, Амазонка Палесся — сваімі прытокамі аб’ядноўвае велізарную тэрыторыю паўднёвай і цэнтральнай Беларусі. Яе ніжняе цячэнне на ўсходзе сыходзіць за межы нашай рэспублікі. На захадзе вярхоўі Прыпяці каля Пінска паварочваюць на поўдзень і ахопліваюць украінскую Валынь. На поўначы Ясельда, Лань, Случ, Пціч уключаюць у басейн Прыпяці — шырокія тэрыторыі цэнт­ральнай Беларусі. Правыя прытокі Прыпяці Славечна, Сцвіга, Гарынь, Стаход — звязваюць з Прыпяццю паўночныя раёны ўкраінскай Валыні.

У старажытнасці Пры­пяць была асноўным шляхам зносін на велізарнай тэрыторыі балоцістага Беларускага Палесся, што спрыяла засяленню гэтай тэрыторыі адзіным этнічным насельніцтвам.

У канцы I тыс. н. э. шырокую тэрыторыю Усходняй Еўропы засяляла вялікая група ўсходніх славян з 12 асобных плямёнаў. Каля Ноўгарада Вялікага пражывалі славені, каля Пскова, Полацка, Смаленска — крывічы, паміж Прыпяццю і Дзвіной жылі дрыгавічы, ба­сейн Сожа засялялі радзімічы, па Ацэ жылі вяцічы, па Дзясне — севяране, па сярэднім Дняпры — паляне, на захад ад іх — драўляне, на захад ад Гарыні — валыняне (раней — дулебы, бужане), па Днястры і Бугу — ціверцы і вулічы. У канцы IX ст. большасць гэтых плямёнаў была аб’яднана ў адзіную дзяржаву з цэнтрам у Кіеве, якая стала называцца Вялікае Княства Кіеўскае.

Да аб’яднання ў складзе Вялікага Княства Кіеўскага ўсходнеславянскія плямёны знаходзіліся на стадыі разлажэння племяннога ладу. Найбольш развітыя ўсходнеславянскія плямёны (паля­не, драўляне, дрыгавічы, славені, палачане) мелі “сваё княжение”. Усе ўсходнеславянскія плямёны аб’ядноўвала іх агульнае этнічнае паходжанне: “…ce бо токмо Словенеск язык в Руси Поляне, Деревляне, Новегородци, Полочане, Дъръгоеичи, Сеееро, Бужане, зане седятъ па Бугу, послеже Волыняне…” [1, слп. 8]. Галоўная прыкмета, якая аб’ядноўвае гэтыя ўсходнеславянскія плямёны ў адну групу, — гэта іх моўная, этнічная прыналежнасць. Аднак ёсць і адметныя прыкметы, якія падзяляюць гэтыя плямёны: “…имеяхутъ бо обычая свая, и законы отец своих, и предания, кождо своя норов…” [1, слп. 10].

У летапісе няма дакладнага ўказання на рассяленне плямёнаў. Археалагічнымі даследаваннямі выяўлены характэрныя племянныя жаночыя ўпрыгожанні. У дрыгавічоў такімі ўпрыгожаннямі былі металічныя ажурныя пацеркі. Па распаўсюджванні такіх пацерак у курганных пахаваннях удакладнены межы рассялення дрыгавічоў. Усходняя мяжа іх рассялення — Днепр, заходняя мяжа — Заходні Буг і на 70 км на захад (Драгічын Надбужны). Паўночная мяжа — Гародна (Гродна), Заслаўе, Лагойск, Барысаў. Паўднёвая мяжа — сучасная мяжа з Украінай да Гарыні, а далей — па лініі Роўна — Луцк. Займаліся дрыгавічы земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем, рыбалоўствам. Развіты былі розныя рамёствы і про­мыслы (металургія, апрацоўка жалеза, каляровых металаў, косці, скуры, каменю, дрэва, прадзенне, ткацтва). На тэрыторыі расся­лення дрыгавічоў сталі ўзнікаць гарады (Тураў Бярэсце, Пінск, Слуцк, Клецк, Гродна). Дрыгавічы жылі на апошняй стадыі разлажэння першабытнаабшчыннага ладу, яны мелі “свае княжения” і сваіх князёў з мясцовай родаплемянной вярхушкі. Гэта была пер­шая стадыя, пачатковы протадзяржаўны ўзровень улады.

Дрыгавічы пазней за іншыя плямёны трапілі ў залежнасць ад вялікіх кіеўскіх князёў і не ўдзельнічалі ў паходах на Візантыю ў 907 і 912 гг. Толькі візантыйскі імператар Канстанцін Багранародны ў сярэдзіне X ст. у сваёй працы “Аб кіраванні дзяржавай” (948-952 гг.) згадвае дрыгавічоў у ліку плямёнаў якія плацілі даніну вялікаму князю кіеўскаму. Племянным цэнтрам у дрыгавічоў у гэты час з’яўляўся Тураў. Такая племянная форма дзяржаўнай улады была ў суседзяў дрыгавічоў — драўлян (князь Мал) і ў больш позні час — у вяцічаў (XI ст., князь Хадота). У велізарнай Кіеўскай дзяржаве ў канцы I тыс. н. э. падначаленне плямёнаў якія ўваходзілі ў яе склад, фактычна абмяжоўвалася выплатай даніны і ўдзелам у вялікакняжацкіх паходах.

Вялікі князь кіеўскі Уладзімір Святаславіч, заняўшы Кіеў у 980 г., сур’ёзную ўвагу звярнуў на ўмацаванне цэнтральнай улады вялікага князя кіеўскага. У рознапляменнай “ласкутнай” Кіеўскай дзяржаве ён стварыў адзіны ідэалагічны цэнтр — пантэон паганскіх багоў на чале з Перуном, у склад якога ўваходзілі Хоре, Дажбог, Стрыбог і Мокаш. Гэта быў адзіны дзяржаўны пантэон багоў для ўсёй Кіеўскай дзяржавы. У Кіеве, “на холму вне двора теремнаго” было ўстаноўлена свяцілішча (капішча) гэтым багам. Відавочна, падобныя кіеўскаму пантэоны будаваліся і ў іншых племянных цэнтрах, падпарадкаваных Кіеву. Падобнае свяцілішча выяўлена ў Ноўгарадзе Вялікім на Рурыкавым гарадзішчы. Такое ж свяцілішча выяўлена ў 1993 г. на вакольным горадзе старажытнага Турава.

Аднак для ўмацавання цэнтральнай улады вялікага князя кіеўскага стварэнне адзінага пантэона багоў аказалася недастатковым. Разумны, рашучы і дзейны вялікі князь кіеўскі Уладзімір Святаславіч для згуртавання розных плямёнаў Кіеўскай дзяржавы і ўзмацнення цэнтральнай улады кіеўскага вялікага князя прадпрымае дадатковыя меры. У першую чаргу ён вырашыў замяніць пантэон па­ганскіх багоў адзінай дзяржаўнай рэлігіяй, якая б асвятляла вярхоўную ўладу вялікага князя кіеўскага. У 988 г. па загаду Уладзіміра Святаславіча на тэрыторыі Кіеўскай дзяржавы ўводзіцца адзіная дзяржаўная рэлігія — хрысціянская па візантыйскім праваслаўным абрадзе (малюнак 1 — на с. 1 вокладкі).

Другім мерапрыемствам па ўмацаванні цэнтральнай дзяржаўнай улады была так званая адміністрацыйная рэформа 988 г. Па гэтай рэформе ўлада племянных князёў з мясцовай родаплемянной вярхушкі замянялася ўладай сыноў вялікага князя кіеўскага, пастаўленых на чале ранейшых племянных княжанняў. Пры гэтым строга выконваўся закон старшынства, па якім старэйшыя з 12 сыноў Уладзіміра Кіеўскага атрымлівалі найбольш важныя і значныя княствы. Найбольш важнае княства і Ноўгарад Вялікі атрымаў сгарэйшы сын Уладзіміра — Вышаслаў. Другое пазначэнні княства — Полацкае атрымаў другі сын Уладзіміра — Ізяслаў. Трэці сын Уладзіміра — Святаполк атрымаў Тураўскае княства. Вылучэнне Турава трэццяму па старшынстве сыну Уладзіміра Святаполку падкрэслівае важнае значэнне Турава ў сістэме княстваў Старажытнай Русі.

Пры чарговых раздзелах Вялікага Княства Кіеўскага высокае значэнне Тураўскага княства падкрэсліваецца яго вылучэннем старэйшым сынам. У 1054 г. вялікі князь кіеўскі Яраслаў Уладзіміравіч аддаў Тураўскае княства старэйшаму сыну Ізяславу, Чарнігаўскае княства — другому сыну Святаславу, Пераяслаўскае кня­ства — трэцяму сыну Усеваладу.

У 1125 г. пасля смерці вялікага князя Уладзіміра Манамаха Тураўскае княства атрымаў яго трэці сын Вячаслаў.

Значэнне Тураўскага княства падкрэсліваецца таксама пераходам чатырох тураўскіх князёў на кіеўскі вялікакняжацкі прастол (Святаполк у 1015 г., Ізяслаў Яраславіч у 1054 г., Святаполк Ізяславіч у 1093 г., Вячаслаў Уладзіміравіч у 1139 г., 1154 г.).

Значэнне Турава і Тураўскага княства падкрэсліваецца яго частымі згадкамі ў летапісе. Тураў з’яўляецца адным з самых старажытных гарадоў Беларусі. Старэйшы за яго толькі Полацк (862 г.). Упершыню Тураў згадваецца ў летапісе ў 980 г. У далейшым летапісцы згадваюць Тураў 28 разоў. Гэта значна больш, чым многія іншыя важныя гарады (Полацк — 20 разоў). Тураўскае княства згад­ваецца летапісам 8 разоў (3 — княства, 5 — воласць). Горад Тураў згадваецца 4 разы. Тураўскія князі, старэйшыя сыны сярод Яраслававых нашчадкаў — асноўныя прэтэндэнты на Кіеўскі вялікакня­жацкі прастол у XI ст.

У XII ст. пасля смерці вялікага князя кіеўскага і тураўскага Святаполка Ізяславіча (1113 г.) рэзка змяніўся лёс Тураўскага кня­ства. Новы вялікі князь кіеўскі Уладзімір Манамах, маючы 12 дзяцей, у тым ліку 9 сыноў захацеў забяспечыць у першую чаргу іх новымі ўладаннямі і не перадаў Тураўскае княства нашчадку Святаполка Ізяславіча, яго сыну Яраславу Святаполчычу. З 1113 па 1157 г. Тураўскае княства і яго асобныя тэрыторыі-гарады служаць для прызначэння іх у надзелы сынам вялікага князя кіеўскага і іх саюзнікам.

У 1158 г. у Кіеве памёр вялікі князь кіеўскі Юры Даўгарукі. Яго сын Барыс, тураўскі князь з 1155 г., з’ехаў на пахаванне бацькі ў Кіеў. Скарыстаўшы яго адсутнасць, Тураў захапіў Юры Яраславіч, унук Святаполка Ізяславіча, ранейшага тураўскага і вялікага князя кіеўскага. Яго бацька Яраслаў Святаполчыч у 1123 г. загінуў у барацьбе з Уладзімірам Манамахам за Тураў. Юры Яраславіч не меў свайго надзелу і быў служылым князем у Юрыя Уладзіміравіча Даўгарукага. Заняўшы Тураў ён, відавочна, карыстаўся падтрымкай тураўцаў якім надакучыў пастаянны пераход Турава з адных рук у іншыя. Часовыя князі клапаціліся пра інтарэсы сваіх прыбліжаных і не клапаціліся пра інтарэсы тураўцаў.

Кіеўскія князі — Манамашычы не захацелі мірыцца са стратай Тураўскага княства і адправілі пад Тураў аб’яднаныя дружыны шасці князёў. Аблога Турава працягвалася дзесяць тыдняў — са­мая працяглая аблога, вядомая па летапісных паведамленнях. Аб­лога не прынесла ім поспеху. У войсках пачаўся падзёж коней, і яны былі вымушаны зняць аблогу. У 1160 г. пяць паўднёварускіх князёў з роду Манамаха зноў на тры тыдні аблажылі Тураў і зноў ”не оуспевши ему ничтоже, езратишася е сеояси… “ [1, слп. 492]. Новы вялікі князь кіеўскі Расціслаў Мсціславіч заключыў мір з Юрыем Яраславічам. Тым самым было прызнана аднаўленне на тураўскім прастоле дынастыі тураўскіх Ізяславічаў і адноўлена самастойнасць Тураўскага княства. Аднак ранейшая роля і значэнне Тураўскага княства ўжо не былі адноўлены.

Пры сынах Юрыя Яраславіча адбыўся падзел Тураўскага княства на Тураўскае, Пінскае і Дубровіцкае княствы. Яшчэ раней выдзелілася Клецкае княства. У склад Галіцка-Валынскага кня­ства адышлі Бярэсце, Драгічын Надбужны.

У XIII ст. Тураў і тураўскія князі рэдка згадваюцца летапісам. Асноўны паток нашэсця Батыя прайшоў на поўдзень ад Палесся. У другой палове XIII ст. пачасціліся набегі літоўскіх плямёнаў на тэрыторыі былога Тураўскага княства. У пачатку XIV ст. землі былога Тураўскага княства ўвайшлі ў склад Вялікага Кня­ства Літоўскага.

Абагульняючы шлях развіцця дзяржаўнага ладу на шырокай тэрыторыі рассялення дрыгавічоў варта адзначыць, перш за ўсё, самастойнасць і паслядоўнасць яго развіцця. Формы дзяржаўнага развіцця вынікалі лагічна і паслядоўна з вышэйшай стадыі першабытнаабшчыннага ладу ў перыяд ранняга феадалізму. Развіццё формаў дзяржаўнага ладу на гэтай тэрыторыі не было прыўнесена звон­ку. Раннія формы дзяржаўнага ладу развіваліся ў дрыгавічоў у форме эвалюцыйнага працэсу і зафіксаваны летапісам у выглядзе племяннога княжання, як і ў іншых найбольш развітых усходнеславянскіх плямёнаў — палян, славен, крывічоў драўлян.

Развіццё дзяржаўных формаў у дрыгавічоў адбывалася адначасова з такім працэсам у іншых найбольш развітых усходнесла­вянскіх плямёнаў — палян, крывічоў славен.

Развіццё і змена палітычных формаў ад племяннога княжан­ня да дзяржаўных формаў раннефеадальнага перыяду ў вобласці грамадска-палітычнага ладу, эканамічнага і культурнага развіцця, у галіне ідэалагічнага развіцця ад паганскага шматбожжа да праваслаўнага хрысціянскага монатэізму (малюнак 2) у дрыгавічоў ад­бывалася адначасова з іншымі найбольш развітымі ўсходнеславянскімі плямёнамі. Няма ніякіх зафіксаваных пісьмовымі крыніцамі і матэрыяламі археалагічных даследаванняў фактаў якія дазваляюць казаць аб адсталасці дрыгавічоў і перадавой ролі ў развіцці палітычных формаў у крывічоў і палачан. Такім чынам, няма падстаў казаць пра перадавую ролю ў стварэнні дзяржаўнасці толькі Полацкага княства. Адначасова з наўгародскімі славенамі, кіеўскімі палянамі, полацкімі крывічамі развіццё дзяржаўнага будаўніцтва адбывалася і на тэрыторыі дрыгавічоў. Адначасова на тэрыторыі Беларусі будаўніцтва дзяржаўных формаў адбывалася і на тэрыторыі Полацкага княства, і на тэрыторыі Тураўскага княства. Таму нельга гаварыць, што Полацкае княства з’яўляецца калыскай беларускай дзяржаўнасці. Калыскай беларускай дзяржаўнасці з’яўляюцца абодва раннефеадальныя княствы — Полацкае і Тураўскае.

Малюнак 2 — Выява св. Фёдара на кадзільніцы.
Малюнак 2 — Выява св. Фёдара на кадзільніцы. З археалагічных раскопак 2005 года у г. Тураве (Жыткавіцкі раён Гомельскай вобл.). Бронза, XIII ст. Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Літаратура

  1. Полное собрание русских летописей. — Т. II. Ипатьевская летопись. — М., 1962.

Аўтары: П.Ф. Лысенка, Ф.П. Лысенка
Крыніца: Шацілкаўскія чытанні: Зборнік навуковых артыкулаў / Светлагорскі гісторыка-краязнаўчы музей; уклад. Т.В. Маслюкоў — Выпуск 2. — Светлагорск, 2011. — 112 с., іл. Бібліяграф. у канцы артыкулаў. Рэз. на англ., руск. мовах. Імянны і геаграфічны паказальнікі. Ст. 20-26.