Цывільнае жыццё на Гомельшчыне падчас нямецкай акупацыі (1941-1944 гг.)

0
1451
жыццё пад акупацыяй у Гомелі і на Гомельшчыне
Разбураны будынак у Гомелі

Нямецкія войскі пад камандаваннем фельдмаршала фон Бока, якія ўваходзілі ў склад групы армій “Цэнтр”, у сярэдзіне жніўня 1941 г. былі ўжо на падыходах да Гомеля. Пераўзыходзячы ў жывой сіле і тэхніцы, гітлераўцы змаглі ў ноч з 19 на 20 жніўня 1941 г. захапіць горад. Яны адразу ж прыступілі да актыўнага асваення акупіраванай тэрыторыі вобласці, увялі для насельніцтва жорсткую сістэму правіл пражывання. У адміністрацыйных адносінах тэрыторыя вобласці пасля акупацыі была расчленена фашыстамі на свой лад. Пяць раёнаў — Гомельскі, Добрушскі, Церахоўскі, Рэчыцкі, Лоеўскі былі далучаны да рэйхскамісарыята “Украіна”, астатняя частка Гомельшчыны (10 раёнаў) увайшла ў склад зоны армейскага тылу групы армій “Цэнтр”. Быў назначаны начальнік вобласці, ён жа з’яўляўся бургомістрам г. Гомеля. Ваенная ўлада ажыццяўлялася камендантам, які фактычна і быў поўным гаспадаром. Ён асабіста падбіраў і прызначаў апарат цывільнай адміністрацыі.

З першых дзён акупацыі “новыя ўлады” вызначылі строгі рэжым жыцця цывільнага насельніцтва. Згодна інструкцыі германскага камандавання ўсё насельніцтва ва ўзросце ад 16 гадоў павінна было мець пасведчанне асобы ўстаноўленага ўзору за подпісам і пячаткай гарадской управы і нямецкай камендатуры. Без такога пасведчання ўсе затрыманыя на дарозе, у лесе, полі лічыліся партызанамі і на месцы расстрэльваліся. Любыя варожыя паводзіны ў адносінах да нямецкіх узброеных сіл і іх арганізацый караліся смерцю. За ўкрыццё краснаармейцаў ці партызан, падтрымку іх таксама следавала смерць. Далей у інструкцыі гаварылася, што “если партизан не нашли, следует взять заложников из населения. Их надо повесить, если виновники или их помощники в течение 24 часов не будут доставлены. В последующие сутки на этом же месте следует повесить их удвоенное количество» [2, арк.45].

У горадзе дзейнічаў строгі пашпартны рэжым, адпаведна з якім праводзіліся праверкі прапіскі грамадзян, вёўся строгі ўлік асоб, якія прыбывалі на месца жыхарства, абмяжоўваўся час знаходжання на вуліцах, уезд і выезд з горада.

Нямецкія ўлады ўсталявалі на акупіраванай тэрыторыі прагонны рэжым. Сельскагаспадарчая прадукцыя і іншыя матэрыяльныя каштоўнасці адбіраліся ў сялян. Ажыццяўлялася гэта шляхам незлічоных рэквізіцый і штрафаў, а таксама праз натуральныя і грашовыя падаткі. Галоўная ўвага пры гэтым звярталася на пастаўкі мяса, сала, зернавых і тэхнічных культур. Нярэдка гэтыя мерапрыемствы ператвараліся ў адкрытае рабаванне. У падатковай палітыцы немцаў адсутнічала адзіная сістэма нормаў грашовых і натуральных падаткаў. Нормы хлебапаставак хісталіся ў межах ад 2 да 6 ц. з 1 га. Мясапастаўкі ў большасці выпадкаў даводзіліся на ўсю вёску, зыходзячы з колькасці галоў жывёлы. Норма абавязковых паставак малака хісталася ў межах 150-400 л. ад кожнай каровы. Акупанты ўвялі падворны падатак 200 руб. і 250 руб. штрахоўкі. У 1942 годзе быў уведзены падушны падатак 150 руб. [5, арк.99].

З амага пачатку вайны сельскае насельніцтва пачало барацьбу супраць розных збораў і павіннасцей падатковай палітыкі акупантаў. Яна праяўлялася ў зрыве тэрмінаў, ухіленні, а ў шэрагу выпадкаў у прамой адмове ад выканання распараджэнняў нямецкіх улад.

Для вырашэння першачарговых эканамічных пытанняў у ходзе “маланкавай вайны” вялікая роля надавалася аграрнай палітыцы нацыстаў. На першым этапе ў мэтах хутчэйшага правядзення ўборачнай кампаніі і асенняй сяўбы 1941 года немцы імкнуліся захаваць калектыўныя гаспадаркі на сяле. З лета 1941 года акупацыйныя ўлады прыступілі да стварэння аграрных прадпрыемстваў дзяржаўных маёнткаў. У лютым 1942 года акупацыйныя ўлады абвясцілі аб увядзенні “новага аграрнага парадку”. Згодна з надрукаваным у сакавіку 1942 года палажэннем “Адмена калгасаў і новы парадак землекарыстання”, усе калгасы і назвы ліквідаваліся, ператвараліся ў “абшчынныя гаспадаркі”. Акрамя таго частка калгасных зямель перадавалася сялянам у аднаасобнае землекарыстанне. Кожны сялянскі двор атрымліваў па 3-4 га зямлі. Сем’і партызан, расстраляных і павешаных зямельнага надзелу пазбаўляліся. Сялянам былі раздадзены коні, якія былі непрыгодны для ваенных нуждаў. Адпаведна “новаму аграрнаму парадку” была ўведзена кругавая парука па выплаце як натуральных, так і грашовых падаткаў. Для кулакоў і сямей, пацярпелых ад савецкай улады, устанаўліваліся пэўныя ільготы.

Нельга не прызнаць, што ажыццяўленне аграрнага парадку аж да перадачы зямлі ў асабістае карыстанне спрыяла таму, што многія сяляне сталі лаяльна ставіцца да акупантаў. Так, камандзір 1-й Буда-Кашалёўскай партызанскай брыгады Дземчанка А.М. адзначаў: “крестьянству стали нарезать землю в частную собственность в ту же осень 1941 года. Крестьяне имели свой надел, где производили озимую севбу. Многие крестьяне, получившие в частную собственность землю, стали относиться к немецким властям с чувством удовлетворения. Более устойчивые крестьяне оставались верными своей Родине и смотрели на происходящие явления с презрением. Получилось расслоение деревни на 2 лагеря. Одни пользовались поблажками от немецких властей, другие находились под строгим полицейским и жандармским контролем» [6, арк.56].

Але аграрныя пераўтварэнні не дапамаглі акупантам заваяваць колькі-небудзь значныя сімпатыі насельніцтва і прыцягнуць на свой бок колькі-небудзь значную частку сялянства. Разлікі акупацыйных улад на атрыманне сельскагаспадарчай прадукцыі з Беларусі не спраўдзіліся. Правал нацыскай аграрнай палітыкі тлумачыцца перш-наперш актыўнай барацьбой партызан, падтрыманых большасцю беларускага народа. Так, на тэрыторыі вобласці тылу групы армій “Цэнтр” у выніку партызанскай дзейнасці нарыхтоўкі ў 1942/1943 гаспадарчым годзе скараціліся: зерня — на 150 тыс.тон, што складала 60% падатку, мяса — на 30 тыс. тон, або 75% падатку, масла — на 2 тыс.тон, або на 32% падатку [15, с.54].

Дзеля абслугоўвання і забеспячэння сваёй арміі нямецкія ўлады з першых дзён акупацыі прадпрынялі меры да аднаўлення дзейнасці прамысловых прадпрыемстваў. Аднаўляліся галоўным чынам чыгуначныя і шашэйныя дарогі, асобныя цэхі разбураных заводаў для рамонту пашкоджаных у баях матэрыяльных частак. Так, ужо ў 1942 г. немцы завезлі і ўстанавілі абсталяванне ў дзевятым і ліцейным цэхах “Гомсельмаша”, дзе рамантаваліся аўтамашыны, танкі, гарматы, кулямёты, і іншая зброя. На заводзе працавала 160 немцаў, 45 вольнанаёмных, 78 ваеннапалонных. На поўную магутнасць працаваў Гомельскі паравозарамонтны завод, дзе працавала 2000 мясцовых рабочых і 700 немцаў. Тут таксама праводзіўся рамонт танкаў, аўтамашын, зброі. Быў пушчаны ў эксплуатацию Гомельскі судабудаўнічы завод, на якім працавала 500 рускіх рабочых і немцаў. У чэрвені 1943 года было спушчана на воду 6 крытых барж. На заводзе імя Кірава арганізаваны аўтарамонтныя майстэрні. Акупацыйныя ўлады прадпрынялі меры па аднаўленню дзейнасці некаторых прадпрыемстваў харчовай, дрэваапрацоўчай прамысловасці, якія працавалі на задавальненне патрэб арміі. У Нова-Беліцы працавалі мясакамбінат, тлушчакамбінат, лесапільны завод на мясакамбінаце і майстэрні на фабрыцы “Везувій”, у г. Рэчыца — запалкавая фабрыка, у гарадах Карма і Ветка — спіртзаводы і інш. [7, арк.27].

Для забеспячэння размешчанага ў г.Гомелі ваеннага гарнізона, які налічваў звыш 8 тыс.салдат і афіцэраў, на камбінаце “Спартак” была наладжана праца хлебазавода [3, арк.75].

У мэтах крэдытавання гаспадарчых арганізацый г.Гомеля пры гарадской управе 4 верасня 1941 г. быў адчынены Гомельскі банк, які знаходзіўся ў распараджэнні гаспадарчай службы Гомельскай ваеннай камендатуры. Гадавы абарот банка складаў 569279000 рублёў. Па асабістых укладах банк выплочваў 2,5 працэнта гадавых [14].

Уводзілася абавязковая працоўная павіннасць для мужчын і жанчын ва ўзросце ад 14 да 65 гадоў. Прыцягнутыя да такой павіннасці працавалі 6 дзён у тыдзень ад 7 гадзін раніцы да 14 гадзін дня. Заработная плата рабочых дзеючых прамысловых прадпрыемстваў складала 200-400 рублёў у месяц. Высокакваліфікаваны рабочы атрымліваў 800 рублёў, дырэктар завода — 2500 рублёў [7, арк.98]. Варта зазначыць, што суадносіны цэн на прадукты харчавання, спажывецкія тавары і заработнай платы былі не на карысць апошняй. Так, пуд мукі каштаваў на базары 1000-1500 рублёў, бульбы — 500-700 руб., 1 літр малака — 30-40 руб., 1 дзесятак яек — 120-150 руб., паношаныя туфлі — 1500-2000 руб., шарсцяныя штаны — 300-1000 руб. і г.д. [7, арк.98]. Гарадское насельніцтва, пазбаўленае забеспячэння, было вымушана натоўпамі адпраўляцца ў навакольныя вёскі і там абменьваць рэчы на хлеб. Самым хадавым сродкам плацяжу з’яўляліся табак, мыла і соль. Выменяць на прадукты харчавання можна было таксама мануфактуру, адзенне і абутак. Клопаты аб надзённым кавалку хлеба азлаблялі гараджан і выклікалі нежаданне гірацаваць. Нямецкія ўлады рабілі выгляд, што клапоцяцца аб патрэбах насельніцтва. У гэтых мэтах нават быў рэгламентаваны парадак гандлю на базарах. У адпаведнасці з загадам №19 Гомельскай камендатуры ад 18 студзеня 1943 г. базарныя дні праводзіліся па серадах, пятніцах і нядзелях. Гандляваць малочнымі прадуктамі, мясам, рыбай, агароднінай і іншымі прадуктамі харчавання дазвалялася кожны дзень. Забаранялася спекуляцыя валютай, або адмова прымаць яе па курсу: 1 германская марка да 10 савецкіх рублёў [8]. Аднак, нягледзячы на шырокае рэкламаванне рыначнага гандлю, сяляне неахвотна прывозілі прадукты харчавання на рынак, і тыя нешматлікія, хто прывозіў, за грошы прадаваць адмаўляліся. На базары пераважаў тавараабмен. Арганізаваны гандаль адсутнічаў. Побач з савецкімі рублямі “хадзілі” нямецкія маркі па курсу 1:10.

Харчовыя цяжкасці прымусілі акупацыйныя ўлады ўвесці сістэму картак для грамадзян, прыцягнутых на прамысловыя і іншыя прадпрыемствы. Згодна нормам забеспячэння рабочыя і служачыя г.Гомеля ў залежнасці ад катэгорыі атрымлівалі хлеба — ад 100 да 300 грамаў у дзень, бульбы — ад 5 да 16 кг на месяц. Асобна ўстанаўліваліся нормы забеспячэння для працоўных чыгункі. Ім выдавалася 8 кг хлеба, 20 кг бульбы ў месяц, 500 г крупы ў дзень [14].

Зрабіўшы асновай свайго акупацыйнага рэжыму тэрор, нямецкія ўлады вымушаны былі, як адзначае польскі даследчык Ю.Туронак, распачаць і дзейнасць, што “была скіравана ў напрамку да здабыцця сімпатый у насельніцтва шляхам ідэйных уступак у галіне культуры і палітыкі, а таксама — гаспадарчай дзейнасці” [16, с.75]. Гэта рабілася дзеля таго, каб паралізаваць яго волю да супраціўлення.

Перш за ўсё быў дадзены дазвол на рэлігійнае жыццё і адкрыццё цэркваў, зачыненых савецкай уладай. Варта заўважыць, што ў цяжкі ваенны час, ва ўмовах крывавага нацыскага тэрору, прыгнятання і матэрыяльнага бедства, рэлігійныя пачуцці веруючых узмацніліся, прыкметна вырас прыток гірыхаджан у цэрквах і касцёлах. Фашысты не прамінулі скарыстаць гэта. У першых жа закліках да насельніцтва немцы ўрачыста абвяшчалі, што цяпер, нарэшце, наступіў час, калі рускія, беларусы і ўкраінцы змогуць свабодна рэалізаваць свае рэлігійныя патрэбы. У шматлікіх вёсках, дзе цэркваў не было, царкоўныя службы адпраўляліся ў прыватных дамах. На акупаванай тэрытотрыі нядзеля была абвешчана святым днём і работа забаранялася пад пагрозай пакарання. У шэрагу населеных пунктаў жыхары абавязваліся ахрысціць сваіх дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў. Хоць шмат з сумленных свяшчэннаслужыцеляў зазнавалі тую ж долю савецкага народа, а некаторыя дапамагалі партизанам, аднак нельга не прызнаць, што пэўная частка духавенства супрацоўнічала з нямецкімі ўладамі. У сваіх пропаведзях яны прызывалі да пакорлівасці і паслухмянасці, адмовы ад барацьбы і супраціўлення. У той жа час здравіцы нямецкай зброі, абвешчаныя свяшчэннаслужыцелямі, не заўсёды супадалі з жаданнем веруючых. Так, наприклад, у в. Ярцава немцамі была зачынена царква за тое, што насельніцтва малілася там за хуткую перамогу Чырвонай Арміі і вызваленне ад нямецка-фашысцкіх акупантаў [4, арк.257]. Да таго ж, неабходна адзначыць, што немцы самі хутка забылі аб сваіх ранейшых заявах і ў шмат якіх месцах сталі займаць цэрквы для сваіх патрэб, асабліва ў прыфрантавой паласе.

Сярод уступак у культурна-асветніцкай справе — дазвол на адкрыццё гіачатковых і сямігадовых школ, абласнога дома асветы, дзейнасць Гомельскага абласнога тэатра, правядзенне мастацкіх выстаў і інш.

Для характарыстыкі адносін нямецкіх улад да школьнай справы цікава прывесці адзін з пунктаў інструкцыі для гарадскіх галоў, валасных старшынь і раённых начальнікаў “Адкрыццё школ і навучальных устаноў, у якім гаварылася: “Дабы определить детей на упорядоченные занятия, немедленно следует открыть школы. Всем русским детям от 8 до 15 лет включительно, проживающим в городах, предписывается посещение школы. Содержание школы идёт за счёт городской общины… С 1.12.41 г. следует подать заявления… В этих заявлениях следует указать следующее: местонахождение школы, число учеников, число классов, фамилии и имена учителей, краткое описание плана обучения и учебные пособия» [4, арк.256]. Асобныя пытанні гэтай праблемы знайшлі адлюстраванне ў газеце “Новый путь», якая выдавалася штотыднёва з дазволу нямецкіх улад у г. Гомелі на расійскай мове. Так, газета за 5 снежня 1942 г. паведамляла, што ў бягучым навучальным годзе былі адчынены пры школах №4 і №5 г. Гомеля два класы з фармацэўтычным ухілам. Заняткі праходзілі ў адным з карпусоў фабрыкі “Казімі”. У Свяцілавічскім раёне ў 1942/1943 навучальным годзе налічвалася 21 пачатковая і 18 семілетніх школ, у якіх навучалася 4956 вучняў [12]. У 41 школе Веткаўскага раёна навучалася 4 тыс. дзяцей [13]. Дэталёвы аналіз паказвае, што прыведзеныя лічбы значна завышаны асобамі, якія адказвалі за арганізацыю школ. Мелі месца шматлікія прыпіскі, каб падагнаць паказчыкі пад планавую колькасць. Так, напрыклад, гірыпісваліся школы, якія ўвогуле не маглі працаваць, бо былі часткова разбураны ў выніку баявых дзеянняў і патрабавалі капітальнага рамонту. Прыпісваліся ў лік працуючых і школы, якія былі заняты нямецкімі войскамі пад казармы.

Выкарыстоўваючы школьную справу для заваёвы даверу да акупацыйных уладаў, з 1 красавіка 1943 года немцы ўвялі новыя тарыфныя стаўкі, па якіх заработная плата настаўнікаў пачатковых класаў павялічылася на 40-50 працэнтаў. У гэтым жа годзе кожны вясковы настаўнік атрымаў 1 гектар зямлі для асабістай апрацоўкі і карыстання [9]. У сакавіку 1942 года была адноўлена работа абласнога тэатра, які за год свайго існавання даў 79 спектакляў сіламі трупы ў 17 чалавек [10]. Толькі за год акупацыі праведзена тры мастацкія выставы, адна з якіх прайшла 16 мая 1943 г., на якую было прадстаўлена больш чым 100 работ дзесяці мастакоў вобласці [10, 11]. З той жа мэтай павелічэння прыхільнасці мясцовага насельніцтва да “новых уладаў” акупанты захавалі сістэму аховы здароўя: у Гомелі дзейнічалі абласная бальніца, паліклініка, санстанцыя, аптэка, у раёнах вобласці — бальніцы-амбулаторыі і фельшарскія ўчасткі.

Палітыка ўступак стала адчувальнай па меры пагаршэння становішча нямецкай арміі на ўсходнім фронце. Гэта было звычайнае маніпуліраванне палітыкай бізуна і перніка ў інтарэсах будучай “усходняй палітыкі” Германіі, спроба выхаваць беларусаў у палітычных адносінах так, каб потым можна было выкарыстаць іх у сваіх мэтах. “Калі ж, дзякуючы “змягчэнню” у палітыцы, — гаварылася ў дакладзе Кубэ на нарадзе акружных камісараў, начальнікаў галоўных аддзелаў генеральнага камісарыяту “Беларусь” у красавіку 1943 г., — Беларусь паверыць у Германію, толькі тады мы зможам зрабіць з гэтым народам, што захочам” [1, с.26]. Але такая тактыка не дала чакаемых вынікаў, беларускі народ у цэлым адмоўна ставіўся да мерапрыемстваў акупантаў.

  1. Беларусь у гады другой сусветнай вайны: урокі гісторыі і сучаснасць. — Мн, 1995.
  2. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (у далейшым НАРБ), ф.4, воп.33, спр. 1225.
  3. НАРБ, ф.4, воп.33а, спр.9.
  4. НАРБ, ф.4, воп.33а, спр.25.
  5. НАРБ, ф.4, воп.33а, спр. 199.
  6. НАРБ, ф.2500, воп.4, спр.212.
  7. НАРБ, ф.3913, воп. 1, спр. 1.
  8. Новый путь. — 1943. — 18 января.
  9. Новый путь. — 1943. — 3 апреля.
  10. Новый путь. — 1943. — 15 мая.
  11. Новый путь. — 1943. — 22 мая.
  12. Новый путь. — 1943. — 29 мая.
  13. Новый путь. — 1943. — 10 июля.
  14. Новый путь. — 1942. — 7 ноября.
  15. Сервачынскі I. Аграрная палітыка нацыстаў на Беларусі // Беларускі гістарычны часопіс. — 1996. — №4.
  16. Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. — Мн., 1993.

Аўтар: Л.С. Скрабіна
Крыніца: Беларусь і суседзі: гістарычныя шляхі, узаемадзеянне і ўзаемаўплывы : матэрыялы Міжнар. навук. канф, 28-29 верас. 2006 г. / Гомел. дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны, Гіст. фак. ; рэдкал.: Р.Р. Лазько (гал. рэд.) [і інш.]. Ст. 250-255.