Цiмох Вострыкаў: «Яшчэ не прыйшоў час» 

0
267
Вострыкаў, Цімох

Цiмох Вострыкаў. Выпускнiк мiхельсдорфскае беларускае гiмназii iмя Янкi Купалы. Паўнамоцны прадстаўнiк Рады БНР, якi ў канцы жнiўня 1952 году высадзiўся з амэрыканскага самалёту на тэрыторыю БССР з мэтай арганiзацыi антыбальшавiцкага супрацiву. Амаль адразу быў арыштаваны. Вязень мардоўскiх лягераў на працягу 23 гадоў… Цi ня самая загадковая постаць у гiсторыi беларускага антысавецкага супрацiву.

Iмя гэтага чалавека ўжо амаль паўстагодзьдзя прымушае беларусаў шукаць адказы на складаныя пытаньнi: Чым ёсьць змаганьне супраць Саветаў? Цi iснаваў трэцi шлях да змаганьня за незалежнасьць памiж «молатам i кавадлам» бальшавiкоў i нацыстаў? Цi iснавалi ў паваенны час у беларусаў-незалежнiкаў сябры, альбо былi выключна «ўласныя iнтарэсы»?.. Пытаньнi, якiя зь пяцiдзесяцiгадовага мiнулага перанесеныя ў сучасныя беларускiя рэалii. Сёньня вяртаецца дух «саветаў», а разам зь iм паўстаюць зь нябыту ценi энкавэдыстаў, якiя матэрыялiзуюць прывiды «польскiх шпiёнаў», «амэрыканскае пагрозы» ды неабходнасьцi ўздымаць «сусьветную рэвалюцыю» ў межах былога СССР.

Магчыма, «прывiдамi» гэтыя паняткi са сталiнскага лексыкону могуць назваць толькi маладыя пакаленьнi беларусаў. Зь сьвядомасьцi людзей сталага веку яны не зьнiкалi нiколi. «Я баюся, я вельмi баюся. А што вы думаеце — прыйдуць ноччу i заб’юць», — гэтыя словы васьмiдзесяцiшасьцiгадовае Яўгенii Швайдзюк — сьведкi карных апэрацыяў савецкiх партызанаў — могуць стаць эпiграфам да ўсёй сучаснай гiсторыi Беларусi.

Страх прымушае маўчаць, паралюшуе дзеяньнi, не дазваляе жыць. Доўгi час савецкая прапаганда iмкнулася пераканаць грамадзкасьць, што «самыя савецкiя ў сьвеце людзi» — беларусы, ня маюць досьведу супрацiву савецкай таталiтарнай сыстэме. Але сёньня зь нябыту вяртаюцца шматлiкiя iмёны тых, хто не баяўся рызыкаваць дзеля незалежнае Беларусi.

Цiмох Вострыкаў не атрымаў рэабiлiтацыi ад «дэмакратычнай» беларускай дзяржавы пачатку 90-х, пагатоў — ад сёньняшняй. Гэтаксама як дагэтуль лiчацца былымi «злачынцамi» Рыгор Клiмовiч — кiраўнiк самага буйнога ў гiсторыi ГУЛАГу Нарыльскага паўстаньня цi Васiль Супрун — кiраўнiк незалежнiцкай арганiзацыi «Чайка» ды безьлiч iншых дысыдэнтаў.

Людзей, асуджаных за «антысавецкую дзейнасьць», сучасныя ўлады прызнаюцць за вiнаватых. Гэтыя людзi справядлiва выклiкаюць страх у цяперашнiх беларускiх бальшавiкоў. Кожнае сьведчаньне вэтэранаў антысавецкага руху паўторна б’е па адноўленай савецкай «жалезнай сьцяне».

Арыштаваны ў 1952 годзе, Цiмох Вострыкаў выйшаў на волю ў 1975-м. Толькi напачатку чэрвеня 1998 году ён пагадзiўся даць iнтэрвiю для прэсы.

Зь Цiмохам Вострыкавым гутарыць карэспандэнт «Нашай Нiвы» Севярын Квяткоўскi.

* * * 

Ц.В.: Я нарадзiўся 28 жнiўня 1922 году ў сям’i звычайнага серадняка. Доўгi час мы ня йшлi ў калгас. Прычына была ў тым, што калгасны двор знаходзiўся амаль перад нашымi вокнамi. Нам было ўсё чутно, як там размаўляюць, што крычаць, як лаюцца: «У мяне дугу паламалi!.. У мяне сядзёлку скралi!.. Маiх вожак няма!..» I гэтак да дзясятай гадзiны ранiцы. А мы, «аднаасобнiкi», ужо прыходзiлi з поля — накасiлiся. I ўся гэтая куцярма, што была перад нашымi вачыма, была настолькi брыдкая!.. А мой бацька меў вялiкi аўтарытэт сярод людзей, якiя ня йшлi ў калгас. Да нас зьбiралiся — чыталi Бiблiю, бацька мой газэты чытаў. Ён быў сапраўдным антыкалгасным агiтатарам. Усе, хто ў нас зьбiралiся, былi па-антысавецку настроеныя. Адзiн быў, усё казаў: «Праўда ўжо iдзе, яна хутка прыйдзе!» Так ненавiдзелi ўсе гэтую калгасную сыстэму.

Але нарэшце напачатку 1939 году ўлады вырашылi нашае «собскае кубло» разагнаць. Майго бацьку абклалi такiм падаткам, што немагчыма было адплацiцца. Тады адабралi ў нас гумно, пуню, кабылу з лашонкам, карову, нават збрую забралi… Толькi курачак усiх не змаглi палавiць. Але й гэтага не хапiла, каб выплацiць падаткi. Бацьку выклiкалi ў суд. А старшыня калгасу — Кажамякiн — падпiльнаваў яго i кажа, маўляў, калi ты, Якiм, напiшаш заяву ў калгас, цябе нiхто судзiць ня будзе. Наша сям’я сказала бацьку — глядзi сам. Ён усю ноч мучыўся, варочаўся, а на ранiцу кажа: «Пайду ў турму». Махнуў рукой i пайшоў на суд. Далi тры гады. Сядзеў у Хальчы Веткаўскага раёну. Я да яго прыяжджаў адзiн раз, перад самай вайной.

Я тады, у 1940 годзе, быў ужо настаўнiкам у Маларыцкiм раёне. Тых, хто скончыў сямiгодку, набiралi на двухмесяцовыя настаўнiцкiя курсы i накiроўвалi ў Заходнюю Беларусь. У 1941 годзе, перад самай вайной, пачалiся вакацыi, i я вярнуўся дахаты. Але мне па справах трэба былоiзноў вяртацца ў Маларыцкi раён. I па дарозе з Баршчоўкi да Гомеля я пачуў, што немцы ўжо ў Берасьцi…

Неўзабаве мяне забралi ў войска. Забралi i гналi да Курску. Але чамусьцi мяне замест войска скiравалi на капаньне акопаў, у Смаленскую вобласьць пад Гжацк. Рэч у тым, што я быў у чорным сьпiсе — сын рэпрэсаванага, паводле iхнай тэрмiналёгii — «ворага народа». Нас такiх было восем чалавек. Мы ня вытрымалi i ўцяклi з тых акопаў. Але кiлямэтраў праз дваццаць нас злавiлi. Выкручвалiся хто як мог. Я прыдумаў, нiбы перад наступам немцаў уцёк зь лягеру асуджаных, назваў турму, дзе сядзеў бацька. Пасьля гэтага мяне iзноў паслалi ў чырвонае войска, iзноў пад Гжацк. Але не пасьпеў я паслужыць, як раптоўна немцы кiнулi наперад свой дэсант, i мы трапiлi ў акружэньне.

Калi я апынуўся ў немцаў у палоне, там, у лягеры, ужо была галадуха. Я зразумеў, што доўга не працягну. А немцы тым часам у лягеры зьбiралi афiцэраў. Навошта — ня ведаю. Магчыма, Уласаў ужо аб’явiўся. I я здолеў прабiцца ў «афiцэры», бо ж пагонаў нiхто не насiў. Урэшце, калi нас пагналi на Захад, я здолеў уцекчы. Папрасiўся ў прыбiральню, якая стаяла каля дарогi, i прыстроiўся да калёны непадканвойных былых савецкiх салдатаў…

… Прыйшоў дахаты, а бацьку ўжо адпусьцiлi, бо ён пабыў дзьве трэцi тэрмiну. I ў гэты час мне захацелася паехаць у Нямеччыну, пабачыць, як там жывуць людзi. Я паехаў добраахвотна, але на рэжым утрыманьня гэта не паўплывала. Хiба што без канвою ехаў, а астатняе, як ва ўсiх: надпiс «Ost», анiякiх правоў… Папрацаваў я напачатку 1942 году месяцы два электразваршчыкам, а потым пабiўся зь немцам. Я хацеў памыцца ў лазьнi, а ён мяне не пускаў. Ён мяне кулаком ударыў, а я яму тазiкам добра настукаў. Але ж я спужаўся — што рабiць? Прыкiнуўся прыпадачным, i мне далi дакумэнт, што я ня здольны да працы. Я вярнуўся ў Гомель, дзе мне далi даведку, што я добраахвотна паехаў, а вярнуўся па стане здароўя. З гэтай даведкай мяне ня бралi анi ў палiцыю, анi ў карны атрад. Нiдзе я ня мусiў служыць.

Тым часам майго бацьку прызначылi солтысам у вёсцы. Але, калi ў 1943 годзе савецкая акупацыя зьмянiла нямецкую, нават тады прызналi, што на iм няма анiякiх плямаў. I толькi ў 1946 годзе адзiн сапляк, якому ён адмовiўся класьцi ў хаце падлогу, наплявузгаў, нiбыта мойбацька — Якiм — расстрэльваў цыганаў. Сьведкамi былi вельмi старэнькiя бабулькi. Яны пераблыталi майго бацьку зь iншым Якiмам, з суседняе вёскi. Бацька памёр у ГУЛАГу ў 1948 годзе. Калi ўжо ў наш час я пайшоў у КГБ, гады тры таму, i спытаўся, за што судзiлi Якiма Вострыкава, мне адказалi, што здрады за iм няма, маўляў, вы самi адзiн на аднаго нагаварылi па вайне…

Што да мяне, у 1943 годзе я вырашыў сыходзiць разам зь немцамi. Меркаваў, лепш так, чым iзноў жыць у Саветах.

* * * 

У 1946-1948 гг. Цiмох Вострыкаў быў навучэнцам старэйшых клясаў Мiхельсдорфскае беларускае гiмназii iмя Янкi Купалы, што ў Баварыi. Гiмназiя прайснавала з 1945 па 1950 гады. Бадай, гэта быў цi не найбуйнейшы культурны асяродак першай паваеннай хвалi беларускае эмiграцыi. Адтуль выйшла цэлая плойма асобаў, якiя ў хуткiм часе сталiся лiдэрамi беларускага эмiграцыйнага жыцьця: Запруднiк, Кiпель, Урбан i iнш. Па прызнаньнi спадара Вострыкава, менавiта ў гiмназii ён з простага працiўнiка савецкае сыстэмы ператварыўся ў сьвядомага беларуса.

* * * 

Ц.В.: У 1948-1949 годзе ўжо зьявiлася магчымасьць выехаць у Амэрыку. Але я не дачакаўся. Нас сабралося дванаццаць аднакашнiкаў, i мы ўсе разам вырашылi ехаць на заробкi ў Англiю, працаваць у вугальных шахтах. У Англii мы пачалi выпускаць газэту «Наперад!» Выпусьцiлi дванаццаць нумароў: разаслалi па ўсiм сьвеце. Нас сталi называць «слаўная дванаццатка». А ў 1950 годзе нашу «дванаццатку» Барыс Рагуля запрасiў ў Бэльгiю ў Люванскi унiвэрсытэт, дзе я вучыўся на працягу аднаго году.

С.К.: Спадар Цiмох, вядома, што ў 1952 годзе Вы нелегальна высадзiлiся на тэрыторыi БССР. З аднаго боку, Вы зьяўлялiся паўнамоцным прадстаўнiком Рады БНР, зь iншага — Вас дэсантавалi з амэрыканскага самалёту.

Ц.В.: Тут нiякiх сакрэтаў няма. Амэрыканцы былi для нас транспартам, але iдэя была — БНР. Я зразумеў, што на Захадзе я нiчога не магу зрабiць, каб прынесьцi карысьць Бацькаўшчыне. Пры тым, нам было вядома, што беларусы выяжджаюць з Бацькаўшчыны, а наяжджаюць чужынцы.

Калi я наважыўся перайсьцi мяжу на Ўсход самастойна, я паведамiў пра гэта Ўрбану. А ён у нейкай ступенi быў зьвязаны з амэрыканскай разьведкай — праз Рагулю. Неўзабаве мне прапанавалi перакiдку празь мяжу. Я даў згоду. Так на допытах у НКВД i сказаў: «Я прыехаў спэцыяльна з мэтай дапамагчы свайму народу. Я прыехаў добраахвотна».

С.К.: Вашую групу выкрылi за вельмi кароткi час — гэта была выпадковасьць?

Ц.В.: Амэрыканцы нас заслалi на зьядзеньне, каб мы прыкрылi iхнага разьведчыка-ўкраiнца. Я магу прывесьцi шмат фактаў: нам далi заданьне адразу па прыбыцьцi на месца сыгналiзаваць па радыё, нас не абучалi, i кансьпiратыўнай кватэры не было, i паслалi ў тое месца, дзе нас чакалi гэбiсты, i паслалi чалавека, якi нас прадаў — Арцюшэўскага. Яны павiнны былi праверыць, а ён жа быў антыбеларус — ён сарваў у Лёндане прэзыдэнцкi сход Абрамчыка i г.д.

Мы ляцелi з Прыбалтыкi празь Беларусь, Украiну, Чэхiю i ў Баварыю. Калi нас выкiнулi на Беларусь, мы далi радыёсыгнал, i ўся гэбiсцкая армiя кiнулася на нас, а ўкраiнец спакойна высадзiўся, дзе трэба. Мне казалi, што праз год яго злавiлi. Праўда гэта цi не, але ёсьць факт — калi мы зайшлi ў самалёт, у кабiне лётчыка ўжо хтосьцi сядзеў, нас туды не дапускалi.

С.К.: Цi ведалi Вы пра Фiлiстовiча?

Ц.В.: Усё я ведаў. Толькi ня ведаў, як яго прадалi, але цяпер я ведаю. Ведаю, бо той, хто мне даваў заданьне, накiраваў у тую кватэру, дзе злавiлi Фiлiстовiча, дзе яго прадалi…

* * *

Па арышце Цiмох Вострыкаў тры гады правёў за кратамi менскае сьледчае турмы «Валадаркi». У 1955 годзе ён быў асуджаны па артыкуле 63-б КК БССР — «здрада радзiме са зброяй у руках». Наступныя дваццаць гадоў жыцьця Вострыкаў правёў у лягерох Мардовii.

* * * 

Ц.В.: Штурмавалi мяне пастаянна, хацелi «ссучыць» (супрацоўнiцтва з адмiнiстрацыяй)… А гэта рабiлi так. Мяне кожную пятнiцу выклiкалi да «опэра», ён сядзеў там, куды прывозiлi новы этап. Рабiлi гэта для таго, каб мае хлопцы падумалi, што я з опэрам супрацоўнiчаю. I вось аднаго разу я прыходжу i стукаю нагой, абутай у валёнак, у дзьверы. Опэр пытае: «Па што стучыце?» Я адказваю: «Дык стукач павiнен стучаць». Хлопцы, якiя бачылi, засьмяялiся. За гэта я паплацiўся месячным заробкам. Але, дзякуй Богу, на той час — 1956-1957 — у лягерох ужо не было праблемаў з харчам, хлеба было — колькi хочаш. Як у раi.

Пасьля гэтага выпадку мяне пачалi штурмаваць. Опэр па прозьвiшчы Кукушкiн сказаў мне: «Я зраблю зь цябе стукача». Я адказваю: «Не атрымаецца». Тады Кукушкiн вельмi часта пачаў выклiкаць мяне да сябе ў кабiнэт: «Ну як жывеце?» — «Нармальна, добра». — «Сапраўды, добра. Вось у мяне брат маладзейшы за вас, а выглядае, як стары». — «А вы яго давайце да нас, сюды, i ён так будзе выглядаць». Тады мяне перавялi ў адмысловую зону зь вельмi добрымi ўмовамi, там нават падлога была фарбаваная. Патрымалi два месяцы i кажуць, што трэба падпiсаць раскаяньне, i тады яны выпусьцяць на волю. Начальнiк зоны кажа: «Даю дзевяноста дзевяць працэнтаў гарантыi». Я кажу: «Адзiн працэнт больш важны». Яны бачаць, што я зьдзекваюся, i зноў у мой лягер адпраўляюць. I так мурыжылi на працягу 12 гадоў, да самага вызваленьня.

Нават прапаноўвалi такое — ты запiшыся ў супрацоўнiкi, але павязку насiць ня будзеш. «Ссучаныя» насiлi павязкi «СВП»: «савет васьпiтацельнай прафiлакцiкi», цi штосьцi накшталт таго. Але мы расшыфроўвалi «сука выйшла пагуляць». Адмiнiстрацыя з такiмi прапановамi да ўсiх «падкатвалася». Але ж iм было вельмi важна, каб я «ссучыўся». Бо ж у 1958 годзе выйшаў указ — больш, чым на 15 гадоў не саджаць. А тых, хто быў асуджаны на дваццацiгадовыя тэрмiны, паводле ўказу вызвалялi пасьля адбыцьця двух трацiнаў тэрмiну зьняволеньня. Але я толькi сьмяяўся зь iхных «заляцаньняў».

Даходзiла да абсурду. За некалькi месяцаў да вызваленьня да мяне штонядзелi пачаў прыходзiць начальнiк атрада, каб гуляць у шахматы. На судзе высьветлiлася, што ён запiсаў мяне ўдзельнiкам «спартовага гуртка». Сьмех, ды й годзе…

* * *

Напрыканцы 50-х «рэфармаваная» сыстэма ГУЛАГу перасунула ўсе «палiтычныя» зоны ў адно месца — у Мардовiю. У больш чым сарака мардоўскiх лягерох сядзелi адныя палiтычныя зьняволеныя. Крымiнальнiкi траплялi туды невялiкiмi партыямi i на невялiкi тэрмiн. Iх хавалi сярод «палiтычных» ад расправы блатнога сьвету. «У Мардовii было шмат прыстойнай публiкi».

* * * 

Ц.В.: У нас быў свой гурток па мове, па гiсторыi. Мы зьбiралiся, пiлi разам гарбату. У 1962 годзе заклалi ў лягеры беларускую бiблiятэку. Я арганiзаваў такi ланцужок, каб перадавалi ўсё гэта чытаць. На дзьве тысячы вязьняў звычайна зьбiралася шэсьцьдзесят-семдзесят беларусаў. То бок, з паходжаньня беларусаў было болей, але кшталту тых, якiя кажуць альбо «я тоже белорус», альбо «tez jestem bialorusinem», а нам трэба было казаць «я таксама беларус».

С.К.: Вы прысьпелi за калючым дротам як менш тры эпохi: канец сталiнскай, хрушчоўскую «адлiгу» i пачатак брэжнеўскага «разьвiтога сацыялiзму». Цi можна вызначыць зьмены, якiя адбывалiся ў лягеры са зьменамi ў СССР?

Ц.В.: Не. У лягерох i турмах працавалi тыя самыя людзi, што i пры Сталiне. З той самай сталiнскай загартоўкай. Мы дагэтуль тут, на волi, нiяк ня можам стаць свабоднымi, у нас рабы сядзяць у душы. А там, за калючкамi, магло быць толькi паслабленьне РЭЖЫМУ…

* * *

Сёньня Цiмох Вострыкаў — гомельскi пэнсiянэр. Ён перакананы, што КГБ дагэтуль неадрыўна сочыць за ягоным жыцьцём. Цi iснуюць аб’ектыўныя падставы для такога меркаваньня?..

Ц.В.: Усе акалiчнасьцi й нюансы, якiя датычаць справы пачатку 50-х гадоў, мною занатаваныя i пакладзеныя ў надзейнае месца. Сёньня яшчэ не прыйшоў час апублiкоўваць гэтыя сьведчаньнi.

Калi прыйдзе час?..

 

Крыніца: газета «Наша Ніва» № 11 (108) 15 чэрвеня 1998 г.

Спасылка: http://nn.by/?c=ar&i=93039