Ці займалi ўраджэнцы Светлагорскага раёна пасады міністраў?

0
160
Уладзімір Патупчык міністр

У траўні 2006 года ўраджэнец горада Светлагорска Гомельскай вобласці Уладзімір Патупчык стаў міністрам працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, а з 4 чэрвеня 2009 года — намеснікам прэм’ер-міністра.

Уладзімір Мікалаевіч Патупчык нарадзіўся ў 1958 годзе ў гарадскім пасёлку Шацілкі (з 1961 года горад Светлагорск) Гомельскай вобласці, вучыўся ў СШ №1. У 1980 годзе скончыў Беларускі політэхнічны інстытут. Па размеркаванні Уладзімір Патупчык трапляе працаваць на Мазырскую ЦЭЦ Гомельскай вобласці, дзе пачынае працоўную кар’еру машыністам-назіральнікам турбіннага абсталявання. Але ўжо ў 1981 годзе пераязджае ў родны горад і ўладкоўваецца на Светлагорскую ЦЭЦ машыністам турбіны катлатурбіннага цэха, пазней быў прызначаны начальнікам змены гэтага ж цэха. Праз два гады (у 1983-м) наш зямляк атрымлівае новае прызначэнне — на пасаду намесніка начальніка цэнтральнай службы раённага энэргетычнага ўпраўлення “Гомельэнэрга”. У 1983-1984 гадах працаваў начальнікам лабараторыі металаў Светлагорскай ЦЭЦ.

Пачынаючы з 1984 года Уладзімір Патупчык — на партыйнай, потым савецкай рабоце.

З 1984 па 1990 год займаў пасады інструктара арганізацыйнага аддзела, загадчыка прамыслова-транспартнага аддзела, загадчыка арганізацыйнага аддзела Светлагорскага гарадскога камітэта Камуністычнай партыі Беларусі.

У 1990 годзе прызначаны намеснікам старшыні Светлагорскай гарадской Рады народных дэпутатаў. З 1993 па 1997 год працаваў на пасадзе намесніка старшыні Светлагорскага гарадскога выканаўчага камітэта, курыраваў пытанні эканомікі. У 1997 годзе — першы намеснік старшыні Светлагорскага гарвыканкама.

1998 год стаў прыкметным у кар’еры нашага земляка. Ён прызначаны на пасаду старшыні камітэта па эканоміцы і рынкавых адносінах Гомельскага аблвыканкама. Але,відаць,далейшаму яго росту замінае адсутнасць вопыта работы кіраўніком горада ці раёна. Таму ў студзені 2001 года Уладзімір Патупчык прымае прапанову стаць старшынём Мазырскага гарадскога выканаўчага камітэта Гомельскай вобласці. Але ненадоўга. Папрацаваўшы на гэтай пасадзе каля года, вяртаецца ў абласны цэнтр, дзе прызначаецца намеснікам старшыні Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта.

У 2002 годзе Уладзімір Патупчык скончыў Расійскую акадэмію дзяржаўнай службы пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі. Гэта адкрыла для нашага земляка перспектывы далейшага руху па чыноўніцкай кар’ернай лесвіцы: яго заўважылі ў сталіцы.

27 жніўня 2004 года ён мяняе гомельскую прапіску на мінскую. Кіраўнік дзяржавы прызначыў Уладзіміра Патупчыка памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, галоўным інспектарам па горадзе Мінску.

5 траўня 2006 года — новы ўзлёт у кар’еры нашага зямляка. Ураджэнец горада Светлагорска Уладзімір Патупчык Указам Прэзідэнта РБ №290 становіцца міністрам працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь [1].

Уладзімір Патупчык адзначыў, што бачыць сваю ролю на пасадзе міністра, першым чынам, у “захаванні пераемнасці кіраўніцтва і стварэнні атмасферы, якая дазволіць рэалізаваць здольнасці кожнага спецыяліста”. А “галоўнай стратэгічнай мэтай” працы органаў дзяржкіравання і міністерства павінна стаць “падвышэнне дабрабыту людзей і рэалізацыя лозунгу “Дзяржава для народа” [2].

Аднак падчас яго працы на пасадзе міністра працы і сацыяльнай абароны РБ у краіне быў прыняты непапулярны закон “Аб дзяржаўных сацыяльных палёгках, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян” (уступіў у сілу 17 снежня 2007 года), які істотна “абрэзаў” ільготы для розных сацыяльных груповак насельніцтва: студэнтаў, пенсіянераў, “чарнобыльцаў”.

З чэрвеня 2009 года Уладзімір Патупчык быў прызначаны намеснікам прэм’ер-міністра. У гутарцы з журналістамі ён паведаміў, што ў сферу яго абавязкаў будзе ўваходзіць курыраванне сацыяльнай сферы.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прызначаючы Уладзіміра Патупчыка, падкрэсліў, што сацыяльная сфера павінна быць эфектыўнай, здольнай вырашаць праблемы не толькі за кошт бюджэтных сродкаў, але і ўмець самастойна зарабляць грошы праз аказанне паслуг. Увагу неабходна ўдзяляць і вырашэнню пытанняў матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, павышэння дабрабыту работнікаў сацыяльнага забеспячэння. ”Улічваючы гэта, я іду з камерам выкарыстаць увесь існуючы ў мяне вопыт, каб надаць новы імпульс гэтай рабоце” [3], — падкрэсліў Уладзімір Патупчык.

17 чэрвеня 2011 года Уладзімір Патупчык абраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі. За яго кандыдатуру прагаласавалі ўсе 52 парламентарыі верхняй палаты, якія ўдзельнічалі ў пасяджэнні [4].

Крыніцы:

  1. Указ Прэзідэнта РБ №290 “Аб назначэнні членаў УрадаРэспублікіБеларусь “. Звязда[Электронныйресурс]. 2006. 6 мая. Доступ праз Інтэрнет: http://www.zvyazda.minsk.by/se cond.html?r=2&p=3& ar chiv=06 О52006. Дата доступа: 23.09.2010.
  2. Романцов В. Наш человек в правительстве // Ранак-плюс. 2006. №20. С. 1, 6.
  3. Владимир Потупчик назначен вице-премьером. Сайт белорусских навостей БелаПАН [Электронный ресурс]. 2009. 4 июня. Доступ через Интернет: http://naviny.by/rubrics/politic/2009/06/04/ic_news_112_312422/. Дата доступа: 23.09.2010.
  4. Вячеслав Будкевич. Владимир Потупчик избран заместителем председателя Совета Республики. TUT. BY. Белорусский портал [Электронный ресурс]. 2011. 3 июля. Доступ через интернет: http://news.tut.by/politicsl231196.html. Дата доступа: 05.06.2011.

Аўтар: В. Раманцоў
Крыніца: Зведаная зямля. Светлагоршчына ў пытаннях і адказах. — Мінск: Галіяфы, 2011. — 252 с. Ст. 26-28.