Ці стаяў у Светлагорску помнік Уладзіміру Леніну?

0
109
помнік Леніну у Светлагорску

У Светлагорску ніколі не стаяў помнік правадыру сусветнага пралетарыяту Уладзіміру Леніну.

У Саюзе Свецкіх Сацыялістычных Рэспублік існавала жалезнае правіла: у кожным горадзе ўсталёўваўся помнік Уладзіміру Ільічу Леніну (Ульянову) — стваральніку першай у свеце сацыялістычнай дзяржавы. Але, як гэта ні парадаксальна, у горадзе Светлагорску Гомельскай вобласці, які быў пабудаваны і вырас дзякуючы сацыялізму, ніколі не стаяў помнік правадыру сусветнага пралетарыяту.

Улады Светлагорска спрабавалі выправіць сітуацыю на пачатку 1990-х гадоў. Права дыр сусветна га пралетарыяту павінен быў заняць звычайнае месца: на цэнтральным пляцы горада. У 1991 годзе бронзавы помнік Уладзіміру Леніну быў замоўлены, выраблены і дастаўлены ў горад. Па тым часе ён абыйшоўся ў 130 тысяч савецкіх рублёў. Але помнік так і не паўстаў перад светлагорцамі. Рэч у тым, што ў краіне ішла перабудова. У сродках масавай інфармацыі з’явіліся раней невядомыя шырокай грамадскасці негатыўныя звесткі пра асобу Уладзіміра Леніна. Усталяванне ў такі момант бронзавага помніка было б успрынятае грамадскасцю неадназначна. Гатовы помнік Уладзіміру Леніну быў завезены далей ад людскіх вачэй за горад на тэрыторыю санаторыя-прафілакторыя “Срэбныя крыніцы” (ВА “Хімвалакно”) і кінуты пад адкрытым небам, крыху прыкрыты драўляным плотам.

19 кастрычніка 1991 года на старонках раённай газеты “Светлагорскія навіны” (заснавальнік — cветлагорская Рада народных дэпутатаў) з’явіўся фотаздымак помніка Леніна ў такім непрывабным выглядзе [1]. Гэта стала нагодай для пачатку шырокай дыскусіі жыхароў раёну ў газеце на тэму: ці трэба ў Светлагорску ўсталёўваць помнік стваральніку першай у свеце сацыялістычнай дзяржавы. Меркаванні гараджан на гэты конт падзяліліся.

“Давайце прададзім помнік, а на атрыманыя грошы паставім помнік жанчынам-удовам франтавікоу, якія у маладым узросце засталіся з дзецьмі і, каб не памерці з голаду ў пасляваенныя часіны, працавалі быццам нявольніцы, — унесла сваю прапанову жыхарка горада Н. Кругаль. — Гэта ім павінны стаешь помнікі, а не Леніну, бо помнікаў яму і без таго хапае” [2].

Ветэран працы, пенсіянер Светлагорска М. Серп заўважыў, што “да глыбіні душы абураны такім вандалізмам “.

“Нельга вінаваціць У.І. Леніна, што сацыялізм у СССР пабудаваны у скажоным выглядзе. Сталінскі пераварот зрабіў сваю чорную справу, — сцвярджаў ён. — Помнік павінен быць пастаўлены ў цэнтры горада, на самым бачным і прыгожым месцы… З развіццём горада да нас будуць прыязджаць турысты з розных краін і рэспублік Саюза. Яны з павагай будуць адносіцца да нас, як да людзей, якія памятаюць сваю гісторыю. Да помніка будуць прыходзіць маладыя, бацькі з дзецьмі, ды і ўсе шчырыя людзі будуць шанаваць памяць ВялікагаЛеніна. Ленін з намі! Прэч рукі ад Леніна!” [3].

Іншай думкі прытрымліваўся жыхар горада М. Паседзька, які прапанаваў помнік правадыру абмяняць на дэфіцытны тавар: “Цэлыя пакаленні нараджаліся і паміралі з гэтым імем. Ён для нас быў усім: і сонцам, і ласкавым дзядулем, і мудрым правадыром, і рашучым заступнікам ад багацеяў, дзякуючы чому багацеяў тых знішчылі і ў краіне пачала жыць адна галота. Міф аб Леніне лунаў над намі дзесяцігоддзі. Верылі мы і ў геній Ільіча, у яго сумленне, надавалі яго вобразу выгляд Бога, але дзеля чаго? Ці не для таго, каб зрабіць сумленны і працавіты люд наш быдлам, а потым кіраваць ім з пугай у руцэ? І не грошай ім шкада, што пайшлі на помнік, — дзеля такіх спраў яны іх ніколі не шкадавалі, а болюча ім за тое, што на вачах губляецца іх улада “.

М. Паседзька працягваў: “Можна шмат гаварыць пра супярэчлівасць характару і дзеянняў правадыра, axe як назваць тое, што адбывалася па яго загадзе бласлаўленні? Вельмі ўжо не любіў Ільіч папоу, іў выніку да 1922. года былі знішчаныя больш за 700 манастыроў, расстраляныя па прысудзе 5409 манахаў і манахінь, 1691 святар. А быў жа яшчэ суд “революционной совести”, па якім знішчылі 15 тысяч чалавек чорнага і белага духавенства…

Уся краіна развітваецца з помнікамі Леніну, а мы збіраемся ставіць. Шукаем для гэтага патрэбнае месца. Цікава ведаць, якое яно павінна быць? Не менш цікава было б глянуць і на святочны момант урачыстага адкрыцця помніка. Што людзям будзеце гаварыць, паважаныя? Ці зноў, як раней, будзе панаваць палітычнае забабонства?

Было б добра прадаць бронзавага Ілыча за мяжу… Паспрабаваць дамовіцца з Фідэлем Кастра можна. Мы яму правадыра, ён нам — цукор” [4].

Жыхар раёна А. Русіновіч звярнуў увагу на безадказнасць з боку фінансавых, наглядных структур: “Ці ёсць сумленне ў тых таварышаў, што замовілі помнік? Гэта тое ж самае, што нарадзіць дзіця і выкінуць на сметнік. А замаўлялі тыя, хто кожны дзень стукаў сябе ў грудзі, што ён сапраўдны ленінец, пры кожным, нават нязручным моманце спасылаўся на У.І. Леніна. Дык вось, за дзяржаўныя грошы трэба і спытаць з гэтых дзяржаўных людзей.

Незразумелыя адносіны ў гэтым выпадку фінансавых органаў, якія выдалі грошы — і будзь здаровы! Што далей здарылыся, выходзіць, не іх справа. Згноены грошы, згноены душы, згноена наша культура. Інакш і не скажаш” [5].

Светлагорская ўлада не рызыкнула ўвекавечыць у городзе правадыра сусветнага пралетырыяту, бо Савецкі Саюз ужо распаўся, Беларусь аб’явіла аб сваёй незалежнасці. Бронзавага Валодзю Ульянава змясцілі ў жалезную скрыню і паклалі на складзе санаторыя-прафілакторыя «Срэбныя крыніцы» на доўгае захаванне [6]. Атрымалася, што на 14 гадоў.

Лёс помніка Уладзіміру Ульянаву вырашыўся ў 2004 годзе, калі непадалёк ад набярэжнай у Светлагорску мясцовыя чыноўнікі пажадалі рэканструяваць пахаванне савецкіх салдат, якія загінулі пры вызваленні раёну падчас Другой сусветнай вайны [7]. 3 бронзавага помніка Леніну быў адліты іншы — звон-набат, які быў усталяваны ў 2005 годзе на месцы братэрскага пахавання. Але афіцыйна гэтыя звесткі не спяшаюцца пацвярджаць, каб не траўмаваць пачуцці тых, для каго савецкія ідэалы і асоба Уладзіміра Леніна дагэтуль у пашане [8].

Над помнікам Уладзіміру Леніну для горада Светлагорска працаваў вядомы савецкі скульптар Анатоль Арцімовіч, распрацоўкай праекту займаўся архітэктар Армен Сардараў. Дарэчы, скульптар Анатоль Арцімовіч неаднойчы звяртаўся да светлагорскіх уладаў з просьбай перадаць ці прадаць яму ўласны твор, аднак дарэмна.

Паводле ідэі аўтараў, помнік Уладзіміру Ульянову павінен быў стаяць на гранітным пастаменце вышынёй каля 8 метраў. Сам бронзавы правадыр пралетарыяту дасягаў вышыні 4 метраў. За спіной у кіраўніка першай савецкай краіны мусіў лунаць сцяг вышынёю каля 3 метраў. Бронзавая фігура Уладзіміра Леніна важыла 12 тон [9].

Крыніцы:

  1. Любімаў А. Ленін пад… плотам II Светлагорскія навіны. 1991. 19 кастрычніка. С. 1.
  2. Кругаль Н. Лепш помнік удовам II Светлагорскія навіны. 1991. 2 лістапада. С. 2.
  3. Серп М. Прэч рукі ад Леніна! II Светлагорскія навіны. 1991. 2 лістапада. С. 2.
  4. Паседзька М. Помнік? Каму? II Светлагорскія навіны. 1991. 2 лістапада. С. 2.
  5. РусіновічЛ. Жахліва, але гэта так… II Светлагорскія навіны. 1991. 23 лістапада. С. 2.
  6. «Запакованный» Ильич II Регион-вести. 1998. №4.
  7. Сапоненко И. Солдата увольняют в запас II Ранак-плюс. 2004. №25. С. 1, 6.
  8. Мурашкина. Р., Василевская И. В Светлогорске из памятника Ленину вылили «царь-колокол»? Комсомольская правда в Беларуси [Электронный ресурс]. 2005. 13 мая. Доступ через Интернет: http://kp.bу/daily123509.411387361. Дата доступа: 23.09.2010.
  9. Левашов М. Забытый вождь П Регион-вести. 2003. № 16. С. 1-2.

Аўтар: В. Раманцоў
Крыніца: Зведаная зямля. Светлагоршчына ў пытаннях і адказах. — Мінск : Галіяфы, 2011. — 252 с. Ст. 77-81.