Прыкладна паўгады таму на прасторах байнэту з’явілася цікавая і карысная ініцыятыва, што хутка набыла папулярнасць – праект “Мае сэнс”.
Гэта дабрачынны аўкцыён сустрэч, удзельнікі якога сабралі ўжо больш за сто пяцьдзясят мільёнаў беларускіх рублёў у якасці дапамогі хворым дзецям. Але гэтага апісання звычайна не хапае, каб даведацца, чаго ж унікальнага дае гэты праект яго ўдзельнікам, чаму варта да яго далучацца і пра што трэба ведаць каб мець поспех сярод іншых “маесэнсаўцаў”. Усё гэта мы абмеркавалі з “інтэлігентным і барадатым інжэнерам” – Алегам Жаркоўскім, адным з удзельнікаў праекта.
Алег, як даўно ты на “Мае сэнс”?
Прыкладна каля трох месяцаў.
Калі папрасіць цябе трыма словамі распавесці пра сутнасць праекта, то гэта былі б…?
Дабрачыннасць, азарт і камунікацыя.
Распавядзі падрабязней пра гэты праект.
“Мае сэнс” існуе трохі болей за паўгады. Сутнасць, калі каротка, у наступным. Спачатку вы рэгіструецеся на сайце “maesens.by”. Пры гэтым вы загружаеце фотаздымак, адказваеце на некаторыя пытанні і робіцеся ўдзельнікам дабрачыннага аўкцыёну сустрэч. Такім чынам вы атрымліваеце магчымасць удзельнічаць у змаганні за права сустрэцца з іншымі людзьмі шляхам падвышэння стаўкі за іх або самі становіцеся лотам.
Які ж механізм так бы мовіць “выкупной аперацыі”?
Механізм даволі просты. Любы ўдзельнік, які перамог у такім аукцыёне, а таргі па кожным лоце ідуць два тыдні, павінны перавесці на банкаўскі рахунак праекта суму, на якой скончыліся таргі. Гэта магчыма зрабіць або карткай, або звычайным плацяжом у банку, скан якога вы потым будзеце вінны даслаць адмінам сайта. Пасля вы атрымаеце кантактную інфармацыю (мэйл i тэлефон выкупленага вамі лота), а таксама магчымасць перапісвацца з ім на сайце “Мае Сэнс”. І наперад, можна звязвацца, прызначаць сустрэчу!
А дзе гарантыя таго, што грошы ідуць насамрэч на дабрачыннасць?
Ну, па-першае, на сайце змяшчаецца поўная справаздачнасць па тым, куды выдаткоўваюцца грошы, а менавіта: скан з нумарамі банкаўскіх рахункаў, прозвішчамі канкрэтных сем’яў, што атрымалі дапамогу, і шмат іншага. Кантроль нескладаны, бо зараз ідуць такія таргі, дзе прапаноўваюцца ў асноўным вялікія сумы і іх досыць лёгка падлічыць. Кожны ахвотны можа суаднесці суму даходу з таргоў з сумамі, затрачанымі на дапамогу хворым дзеткам. Невялікі адсотак ідзе на ўтрыманне самога сайту.
Ведаеце, некаторыя на праекце збіраюць грошы адрасна. На пэўны хоспіс ці шпіталь, альбо, нават на дапамогу сваім родным. Вось менавіта я зараз збіраю сродкі, якія пойдуць на дапамогу дзіцячаму хоспісу пад Мінскам.
Якім чынам ты даведаўся пра гэтую ініцыятыву?
Мне распавяла пра яе мая школьная сяброўка Каця Авінава, якая ўжо ўдзельнічала перад гэтым у “Мае сэнс”.
Наколькі актыўныя прадстаўнікі іншых рэгіёнаў у праекце?
Актыўнасць мінчукоў значна большая за прадстаўнікоў іншых гарадоў Беларусі. Бадай што самы актыўны пасля сталіцы Магілёў, таму што гэты горад прадстаўлены на “Мае сэнс” Палінай Гамаюн, якая збірае грошы на магілёўскі хоспіс. Яна вельмі паспяхова рэкламуе гэты праект у сваім горадзе, так што Магілёў, так бы мовіць, на другім месцы.
На жаль ня вельмі масава ўдзельнічаюць у гэтай ініцыятыве мае землякі з Гомеля. Тут колькасць удзельнікаў за апошні час канешне вырасла ўдвая і склала каля 30 чалавек. Дарэчы магу адзначыць, што ў такіх гарадах як Гомель або Наваполацк хоць і выстаўляецца пакуль не так шмат лотаў, але яны ўсе прадстаўлены вельмі цікавымі асобамі з якаснымі здымкамі. Так што налятайце і выкупайце!
Ці рэальна знайсці сабе на праекце другую палову?
Асноўнай мэтай праекту не з’яўляецца знаёмства як такое. Сустрэча – гэта прыемны бонус. З іншага боку на сайце можна пазнаёміцца з дзяўчынай, ці хлопцам, якія гарантавана будуць як мінімум добрымі людзьмі, бо, пагадзіцеся, яны актыўнаі займаюцца дабрачыннасцю. Калі падчас сустрэчы адбываецца нешта большае за простае знаёмства гэта істотны плюс.
А ўсё ж, ці вядома што-небудзь пра пары, што ўзніклі дзякуючы праекту?
Стужка навінаў змяшчае ў асноўным справаздачы аб пераводзе грошаў на дабрачыннасць, але неяк на Дзень святога Валянціна быў цікавы сюжэт пра пару, якая пазнаёмілася дзякуючы “Мае сэнс”. Магчыма там усё дойдзе і да вяселля.
Колькі сустрэч было ў цябе дзякуючы таргам?
На дадзены момант на маім “рахунку” дваццаць тры выкупленыя сустрэчы, але рэальна іх значна меньш па некалькіх прычынах. Самая галоўная з іх у тым, што нават калі атрымліваецца адразу выйсці на сувязь з чалавекам, то не заўсёды дазваляе сустрэцца адсутнасць часу. У такіх выпадках гэта справа пераносіцца, і пераносіцца, і пераносіцца…
Пара чалавек адмаўлялася не называючы прычын, так што фактычна ў мяне было толькі дзевяць сустрэч. Ну, не буду же я наўмысна напрошвацца на сустрэчу. Але не раю так паступаць. Гэта не вельмі прыгожа.
Што ты адчуваеш, калі ідзеш на сустрэчу з невядомым табе чалавекам?
Калі я выкупаю лот, то імкнуся не толькі цікавіцца здымкам, хоць і гэта часцяком з’яўляецца вызначальным фактарам паводле канцэпцыі праекта. Я ж найперш цікаўлюся хобі, якое пазначана ў анкеце лота. Момант прысутнасці хобі ў чалавека для мяне асабіста вельмі істотны, паколькі чалавек які нічым не цікавіцца не зможа і мяне зацікавіць нават на час сустрэчы. Праўда некаторыя запаўняюць не ўсе радкі, але пры жаданні можна ж і запытацца ў чалавека праз каменты, пачытаць ягоныя меркаванні і выказванні на старонках іншых “лотаў”.
Такім чынам, калі я іду на сустрэчу, я ўсё ж амаль нічога не ведаю пра чалавека, але тым і лепш, бо пазнаваць чалавека значна цікавей у рэале. Я кожны раз адчуваю пэўны выклік у тым сэнсе наколькі я змагу быць цікавым для незнаёмага мне чалавека.
У якіх цікавых месцах табе давялося пабываць пад час тваіх сустрэч?
Кожны лот запаўняе ў анкеце радок “чаканні ад сустрэчы” і апошнім часам з’явілася вялікая колькасць лотаў, якія пазначаюць, што яны гатовыя на любы эксперымент у межах разумнага. Але звычайна людзі пазначаюць “гарбата/кава у кавярні”, “шпацыр” або “паход на канцэрт/выставу”. Часцей за ўсё мае сустрэчы праходзілі ва ўтульных менскіх кавярнях.
Да таго ж зараз у некаторых з іх прапаноўваецца і нейкі бонус пры сустрэчы на іх тэрыторыі, паколькі яны супрацоўнічаюць з “Мае сэнс”. Прадстаўляецца ён звычайна тым, каму пашчасціць выйграць іх за часам таргоў. Звычайна арганізатары разыгрываюць каля дзесяці купонаў сярод удзельнікаў на працягу тыдня. Гэта можа быць бясплатны кальян, як у “Кальяннай № 1” альбо дадатковы дэсерт. Некаторыя бонусы даюць істотныя зніжкі, як у кавярні “Ямайка” або ў стэйк-кавярні “Містраль”.
Але самы класны бонус заключаны ў самой сустрэчы. Асабіста мне пашчасціла натрапіць не толькі на цікавых людзей, але і разам з імі і ў даволі нестандартныя месцы. Напрыклад я пабыў пэўны час актыўным удзельнікам аднаго з менскіх клубаў аматараў англійскай мовы, падчас наступных сустрэч даведаўся пра спецыфіку японскіх іерогліфаў і вымаўлення кітайскіх словаў!
Вось ты зараз прыгадаў сістэму бонусаў у нейкіх кавярнях, але ж яны гэта робяць дзеля рэкламы, так?
Безумоўна некаторыя менскія кавярні, як, напрыклад, стэйк-кафэ “Містраль” і без гэтай дадатковай рэкламы выдаткоўваюць грошы на дабрачыннасць. Любы кліент можа пра гэта папярэдне заявіць і тады частка ягонага рахунка пойдзе на добрыя справы.
На сайце “Мае сэнс” сустракаюцца т.зв. “эксклюзіўныя лоты” – хто ж гэта такія?
Арганізатары адмыслова пазначаюць некаторыя лоты як эксклюзіўныя. Часцей за ўсё гэта нейкія знакамітыя людзі са сферы спорта, мас-медыя, шоў-бізнэса і г.д. Мяркуецца, што яны здолеюць “зарабіць” на дабрачыннасць больш. Сярод іх – дыджэі, гульцы ў “Што? Дзе? Калі?”, музыкі беларускіх гуртоў, тэлевядоўцы, бізнэсмены. Такія сустрэчы карыстаюцца вялікім попытам, паколькі на іх прадпрымальнікі, напрыклад, могуць падзяліцца сакрэтамі свайго майстэрства. Гэта вельмі інфарматыўная сустрэча. У той жа час апошнія некалькі тыдняў у эксклюзіўных лотах з’яўляюцца людзі, “эксклюзіўнасць” якіх ставіцца пад сумнеў і арганізатары ўжо паабяцалі гэта ўдакладняць у будучыні.
Ці ёсць нейкія ўнутраныя “фішачкі”, каб падняць кошт лота і зарабіць на дабрачыннасць больш грошаў?
Так, з мэтай ажыўлення таргоў іншым разам сябры альбо знаёмыя ці проста азартныя людзі ставяць адзін на аднога нейкія сумы маючы на мэце не саму сустрэчу, а каб прымусіць іншых ставіць больш. Шчэ раз хачу заўважыць, што спатканне – не самамэта. Самае галоўнае – зарабіць як мага больш на дапамогу дзецям.
Якія парады ты мог бы даць тым, хто хоча зарэгіцца і ўдзельнічаць у дабрачынных аўкцыёнах?
Безумоўна яны ёсць, дзялюся:
- Самай галоўнай разынкай з’яўляецца цікавае фота. Тут хацелася б адзначыць што калі, скажам, дзяўчаты пакінуць шмат прыадкрытых частак цела на фатаздымках, то гэта, канешне, прыцягне ўвагу мужчын і жвавае абмеркаванне, але наўрадці ягоная ўладальніца будзе самым дарагім лотам. Вялікія сумы “каштуюць” людзі, чые фота найперш дэманструюць унутраны самабытны свет альбо фота, якія зроблены якасна, незвычайна ды душэўна!
- Абавязкова запаўняйце анкету. Канешне, проста пералічыць розныя факты дастаткова, але чым незвычайней гэта будзе зроблена, тым актыўней на вас звернуць увагу людзі на сайце.
- Падтрымлівайце размову пры абмеркаванні лота. Калі чалавек адказвае на пытанні ён вельмі добра сябе раскрывае.
- Існуе такі інструмент як падняцце рэйтынга. Гэта робіцца дзякуючы перапосту вашага лота ў сацыяльных сетках – Укантакце, Фэйсбуку або Твітэры. Пасля гэтага інфармацыя пра вас з’явіцца на старонках вашых сяброў. Чым больш такіх перапостаў, тым большы і ваш рэйтынг, тым больш людзей даведаецца пра праект і магчыма пажадае паўдзельнічаць у ім. На галоўнай старонцы “Мае сэнс” існуе некалькі “топаў”. Галоўны сярод іх – “Топ 10” самых дарагіх лотаў, але існуе і “Топ 20” лотаў з найбольшым рэйтынгам. Я асабіста не лянуюся і кожнаму са сваіх сяброў Укантакце дасылаю паведамленне. І таму нядаўна мне пашчасціла пабываць сярод самых папулярных лотаў. Гэта вельмі добрая рэклама.
- Не палянуйцеся і пакіньце водгук у профілі чалавека, з якім вы сустракаліся. Адзначце чым спадабаўся вам гэты чалавек, што было цікавага. Гэта дапаможа іншым лепей арыентавацца ў выбары.
Важна гэта шчэ з-за таго, што лот знікне ў гісторыі, а профіль чалавека з каментарамі на ягонай старонцы застанецца і іх можна будзе прачытаць, скласці меркаванне.
Я вырашыў таксама даваць у сваім уласным профілі спасылкі на мае папярэднія лоты, каб людзі маглі паглядзець мае розныя фатаздымкі, абмеркаванні пад імі і г.д.
- Абавязкова выкупайце лоты, які дасталіся вам у выніку аўкцыёну. Па-першае, па правілах “Мае сэнс” вы не будзеце мець права ўдзельнічаць у аўкцыёнах калі не выкупіце лот цягам месяца, а па-другое гэта зробіць кепскае ўражанне на астатніх удзельнікаў.
Падсумоўваючы ўсё вышэй сказанае – што табе асабіста даў “Мае сэнс”?
Ну перш за ўсё я меў шчасце пазнаёміцца з некалькімі прыгожымі ды разумнымі дзяўчатамі з якімі працягваю падтрымліваць зносіны дагэтуль. А некаторы час таму, калі арганізатары праекта святкавалі паўгады яго існавання, яны запрасілі найбольш актыўных удзельнікаў праекта, сярод якіх быў і я, на сустрэчу.
Пад час нашай вечарыны-сустрэчы мы ўсе зразумелі, што з’яўляемся яшчэ й шмат у чым аднадумцамі і што невыпадкова трапілі ў праект. Гэта быў таксама й першы раз, калі мы пабачылі адзін аднаго ў рэале і завеса таямніцы трохі спала, але ўсё роўна цікаўнасць засталася!
Мы абмяркоўвалі планы па развіцці “Мае сэнс” у будучыні, дзяліліся ўражаннямі, прапановымі па тым, як зрабіць сістэму лепей для карыстальнікаў і папулярызаваць яе сярод беларусаў, ці расіян (бо ня так даўно праект “Мае сэнс” быў перанесены і ў Маскву і Санкт-Пецярбург, де атрымаў назву “Makes sense”). І з тых часоў мы ўжо некалькі разоў сустракаліся нашай кампаніяй, былі разам у кавярнях, хадзілі на канцэрты і ладзілі вельмі ўтульныя хатнія пасядзелкі на кватэрах маесэнсаўцаў.
Такім чынам, можна адзначыць што мне пашчасціла і я знайшоў на праекце сяброў.
Але самае галоўнае: дзякуючы “Мае сэнс” я атрымаў магчымасць дапамагаць іншым, асабліва дзецям, і зразумеў: дабрачыннасць – гэта правільна, лёгка, карысна, цікава і прыемна!
Далучайцеся і вы!
😉
Дзякуй за размову!