Цэцылія Рэната – дзеючая асоба ў гісторыі нашага краю

0
752
Цэцылія Рэната

Пачатак маёй гісторыі

Вось уж не думала, што мне калі-небудзь пашанцуе пабываць на археалагічных раскопках старадаўняга горада. І не толькі пабываць, але і ўзяць удзел ў іх.

Гэтыя раскопкі для мяне былі ўжо трэція па ліку[1], таму, здавалася, нічога звышцікавага яны не павінны былі мне прынесці – тым больш, што яшчэ не вядома, ці быў тут горад на самай справе… Але экспедыцыя атрымалася больш чым выдатная, і першыя знаходкі паказалі, што мы сюды прыехалі нездарма.[2]

Цэцылія Рэната, Рената, ЦецилияЎвесь час, пакуль мы капалі, гаварылася шмат цікавага, але больш за ўсё мяне зацікавіла яшчэ не вядомая мне на той час каралева Цэцылія Рэната, якая заснавала гэты горад – Казімір. Таму я пачала шукаць матэрыялы пра Цэцылію Рэнату. Цікава, чаму яна надала Магдэгбурскае права менавіта гэтаму гораду? Мабыць яна жадала пабудаваць тут рэзыденцыю для свайго сына, у гонар якога быў названы Казімір? А мабыць, і сама прыязджала сюды, каб адпачыць ад каралеўскіх абавязкаў… Мэта маёй працы – распавесці пра раней амаль нікому не вядомую асобу ў беларускай гісторыі – Цэцылію Рэнату Габсбург.

Я паставіла перад сабой наступныя задачы: сабраць усе даступныя мне звесткі, які звязаны з жыццём Цэцыліі Рэнаты, і распавесці пра першыя археалагічныя раскопкі на месцы былога горада ў вёсцы Каралёўская Слабада-2.

Прывілей

Вам, канешне, будзе цікава даведацца пра тое, якім жа чынам стала вядома пра гэты горад. Ну, што ж, паспрабую задаволіць вашую цікавасць.

У 2001 годзе доктар гістарычных навук, прафесар Сяргей Рассадзін з Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта пабываў ў Галоўным архіве старадаўніх актаў Польшчы. Там ён знаёміўся з дакументамі беларускага горада Нясвіжа. Гэтыя дакументы былі перададзены Польшчы бальшавіцкай уладай Расіі ў 1921 годзе на падставе Рыжскай дамовы. І зусім выпадкова ў рукі прафесару патрапіў дакумент, які быў азаглаўлены „Przywilej królewej Cecilii Renaty na założenie osady Kazimierz w Starostwie Bobrujskiem”. Гэты прывілей быў падпісаны ў 1643 годзе. У прывілеі гаворыцца, што Казімір утвараецца з вёскі Слабада ў Бабруйскім старостве, і яму надаецца магдэбургскае права.

герб Ренаты«…Ён уяўляе з сябе прамавугольны аркуш тонкага пергаменту шера-белага колеру, памерам 485 х 770 мм – піша прафесар С. Рассадзін. – На адным з яго бакоў размешчаны тэкст у 25 радкоў, а пад ім – выява герба. Бачна, што контур герба намаляваны чорным пяром, і потым быў зафарбаваны. Гербавы шчыт на малюнке ў прывілее пакрыты чырвонай фарбай, якая поўнасцю захавалася, а гербавыя фігуры, картуш і рамка – грунтом фіялетавага колеру, паверх якога захаваліся, асабліва ў правай частцы картуша, слабыя сляды залачэння. Да пергамента на вітым шнуры прывешаная пячатка, якая змешчаная ў круглую жасцяную каробку са слядами срэбрання. Пячатка з каралеўскім гербам, легенда якой, на жаль, практычна не чытаецца, адціснута па чырвоным воску…»[3]

Атрыманне Магдэбургскага права было значнай падзеяй у жыцці сярэдневечных мяшчан, яно давала сур’ёзныя перавагі: гараджане вызваляліся ад феадальных падаткаў, ім гарантаваўся сталы занятак рамяством, гандлем, земляробствам, дазвалялася выбіраць свае органы самакіравання – магістрат (раду) і лаву.

Магдэгбурскае права ўпершыню з’явілася ў аднайменным горадзе ва Ўсходняй Германіі ў XIII стагоддзі, і з часам распаўсюдзілася па Еўропе. Крыніца магдэгбурскага права – “Саксонскае люстэрка”, зборнік нямецкага феадальнага права – статут горада Магдэбурга, дзе вызначалася арганізацыя рамесніцтва, гандлю.[4] Ў ліку першых гарадоў у Вялікам Княўстве Літоўскім Магдэгбурскае права атрымалі такія гарады, як Вільня (у 1387), Брэст (1390), Гродно (1391), Слуцк (1441), Высокае (1494), Полацк (1498), Мінск (1499), Браслаў (1500), Навагрудак (1511) і Пінск (1581). Усяго на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь было больш 90 такіх вольных паселішчаў.

Цікава, як гэта ўсё выпадкова здарылася… А калі б прафесар не ўзяў у рукі нясвіжскія дакументы і не ўбачыў прывілей, падпісаны Цэцыліяй Рэнатай – праз колькі год стала б вядома аб існаванні горада Казіміра? Доўга бы яшчэ зямля трымала ў сябе яго гісторыю? Добра, што атрымалася менавіта так, і што затым мы знайшлі рэшткі згубленага гораду.[5]

Вялiкiя спусташэннi прычынiла нашаму краю вайна Расii з Рэччу Паспалiтай ў 1654 – 1667 гадах. Армiя рускага князя А. М.Трубяцкога дзейнiчала на тэрыторыi Беларусi. Пасля месячнай аблогi Старога Быхава яна рушыла на Слуцк, спусташаючы вёскi Бабруйшчыны Гэта армiя злучылася з казацкiм войскам гетмана Івана Залатарэнкi, якое ў сакавiку 1655 года захапiла Бабруйск. Пра гэту перамогу гетман Залатарэнка паведамляў ў спецыяльнай грамаце рускаму цару: “Грамата наказнога гетмана Iвана Залатарэнкi цару Аляксею Мiхайлавiчу аб захопе казакамi Бабруйска i Каралёўскай Слабады. 9 сакавiка 1655 года. По отпущению послов наших до в. ц. вел. на другой день вернулся наш подъезд счастливо, который посылали есмя до Бобруйска и до Королевской слободы… товарство наше, пришедше до тех городов, оных взяли, в которых много врагов и недругов… пребывало, и тех всех, что было служилого люду, поляков и немец, под меч пустили, а городы ободва без остатку попалили…” [6]

герб Казимира, герб Казіміра

Цэцылія Рэната – дзеючая асоба ў гісторыі нашага краю

На трыццаць сёмым годзе свайго жыцця Ўладзіслаў, кароль Рэчы Паспалітай, седзячы на троне, разважаў пра жаніцьбу… Першай кандыдаткай была французская прынцэса, але яго пачуцці звярнулісь да Цэціліі Рэнаты, сяброўкі дзяцінства.

Цэцылія Рэната Габсбург нарадзілася ў Аўстрыі, ў горадзе Гразу 16 ліпеня 1611 года. Яна – дачка Фердынанда ІІ, імператара Рымскага Германскай Нацыі, і Марыі Ганны Вітэльсбах, дачкі Вільгельма І Вітэльсбаха, князя баварскага. Князёўна Цэцылія Рэната нарадзілася як шостае дзіця князя Фердынанда і Марыі Ганны Баварскай.[7]

radavodcФердынанд Габсбург быў фанатычным католікам. Калі памёрлі яго сыны, казаў: “Праз іх нараджэнне ўзрасла колькасць тых, хто ў небе ўсхваляе Бога”. Маці, таксама вельмі набожная, памёрла, калі Цэцыліі Рэнаце было 4 гады. Другая жонка айца, Элеанора Ганзага, атачыла дзяцей дабразычлівым клопатам.

Дзяцінства Цэцылія правяла разам з роднымі ў Вене, Празе і Гразу. Атрымала стараннае выхаванне. Ведала, акрамя нямецкай мовы, італьянскую і латынь. Ва ўзросьце 15 гадоў пазнаёмілася са сваім будучым мужам, каралём Польскім, вялікім князем Літоўскім і тытулаваным каралём Шведскім, Уладзіславам ІV, які нарадзіўся ў польскім горадзе Лабзове 9 чэрвеня 1595 г. 31-гадовы Уладзіслаў наведаў Вену ў час свайго падарожжа па Еўропе. На шлюб патрэбны быў папскі дазвол, таму што нарачоныя былі блізкімі сваякамі. Вянчанне адбылося ў Варшаве ў касцёле святога Яна 12 верасня 1637 года, і быў гэта першы шлюб каралеўскі ў гэтым горадзе. Жаніху было 42 гады, а нявесце 26.

ФердынандУ залог прыданага Ўладзіслаў IV Ваза атрымаў ад Габсбургаў грамату ад 10 ліпеня 1632 года на замак у горадзе Тршэбань, у Чэхіі. Тршэбаньскі замак узнік з гарадской сядзібы, пабудаванай ў XIII стагоддзі каля галоўнай базарнай дарогі, якая вяла да базарнай плошчы. І ўжо 21 мая 1356 года гэтаму мястэчку ўпершыню прыводзіцца назва Тршэбань. 23 кастрычніка 1526 года Фердынанд І быў выбраны на Чэшскі прэстол. Пасля гэтага мястэчка належыла Габсбургам. Замак узведзены ў гатычным стылі, ён вельмі прыгожы, над ім працавала шмат архітэктараў рознага часу. Зараз нельга выявіць яго першапачатковы выгляд – замак часта перабудоўваўся, і ў XVII стагоддзі быў перабудаваны ў стыль барока, але гатычныя рысы ўсё ж праглядаюць скрозь барочныя “заслоны”.[8]

Як запісана ў мэмуарах сучаснікаў, Цэцылія Рэната мела вельмі добрае сэрца, была лагодная і неаднойчы заступалася перад мужам за розных пакрыўджаных. Цікавілася людзьмі, любіла сватаць сваіх прыдворных. Была паважная, гаспадарлівая і ў параўнанні з сваім супругам вызначалася фінансавымі здольнасцямі. Некаторыя нават лічылі яе сквапнай. Негледзячы на тое, што была выхаваная ў строгім этыкеце ў габсбургскім двары, мела здольнасць прызвычаіцца да польскай дэмакратыі шляхецкай. Не мела, ўрэшце, выбару, паколькі кароль Уладзіслаў, як і ўся шляхта, не любіў празмернага прыдворнага этыкету. Кароль і каралева харчаваліся і забаўляліся ў канфедэнцыйнай абстаноўцы, а ўрачыстыя падзеі адбываліся рэдка. Каралева мела мастацкія захапленні. Негледзячы на тое, што не ведала польскай мовы, дзякуючы сваім вартасцям набыла сябе папулярнасць.

dvoretsЖыццё супругаў спачатку складвалася спраўна. Добра складваліся стасункі Цэцыліі Рэнаты са шваграмі, а з сястрой Уладзіслава, Ганнай, каралева была ў вялікай прыязні. Супругаў аб’ядноўвалі зацікаўленасці інтэлектуальныя і мастацкія. Каралева Цэцылія Рэната не мела моцнага ўплыву ў палітыцы, тым не меньш, добра ў ёй разбіралася. Набыла таму ўплыў на раздачу пасадаў (з вялікімі гаспадаркамі, што прыносілі прыбыткі). Гэта прынесла ёй моцную палітычную пазіцыю, паколькі магнаты мушаныя былі лічыцца з ёй. Каралева была звязана з крайняй каталіцкай групай у атачэнні манарха. Кіраўнік супрацьлеглай групы, варожай каралеве, быў прыяцель з дзіцячых гадоў яе мужа і сутаварыш манаршых гулянак і прыгод любоўных – Казаноўскі. Падбухторваў ён Уладзіслава супраць жонкі.[9]

У 1640 г. Цэцылія Рэната нарадзіла сына, Сігізмунда Казіміра. У яго гонар яна потым і назаве горад, які заснавала з вёскі Слабада ў Бабруйскім старостве. Можа, Цэцылія Рэната калі-некалі жыла ў Тршэбаньскім замку, і палюбіла ў ім кожны камень, і жадала зрабіць штосці падобнае ў нашым краі? Каб сын яе пасля прыязджаў ў свой горад, і гэты горад бы нагадваў яму дзяцінства і яе – маці. Сын быў вельмі кволы, і прыгожы, таму і называлі яго “анёльскім” дзіцём. Кароль казаў выхоўваць сына па-польску і на гэтай мове з ім размаўляць. Хлопчык памёр ва ўзросце 7 гадоў. Лёс сына падзяліў і горад – праз 12 гадоў пасля заснавання Казімір быў разбураны войскамі Івана Залатарэнкі, якія знаходзіліся на службе ў рускага цара.[10] У 1642 г. каралева нарадзіла дачку Марыю Ганну Ізабэлу, якая праз месяц памёрла. Двума гадамі пазней, нарадзіўшы нежывую дачку, каралева памёрла ў Вільні ва ўзросце 33 гадоў; пахавана ў Польшчы – у Кракаве, на Вавелю.

Экспедыцыя

– Якія могуць быць раскопкі ў такое дрэннае надвор’е? – занылі мы з Алёнай, маёй сяброўкай. На самай справе то пачынаўся, то спыняўся дробны дождж, на вуліцы хлюпота, ды няма ніякага настрою. Усё адбывалася не так, як мы жадалі. Хацелася, каб выглянула сонейка, зашчабяталі птушкі… Але набліжалася восень. І ўсё ж, калі мы прыйшлі на раскоп і пачалі працаваць, ўся гэта лянота адразу быццам кудысці знікла.

Пакуль мы перабіралі зямлю – “культурны слой” – прыходзілі мясцовыя жыхары, ды прыносілі знаходкі, якія выявілі ў час працы на агародах. Было бачна, што яны таксама зацікаўлены гісторыяй сваёй вёскі і жадалі дапамагчы працэсу. Потым стала вядома, што раней на агародах тутэйшыя людзі знаходзілі срэбраныя манеты, медал’ёны, ды іншыя каштоўныя прадметы, якія потым амаль што задарма аддавалі цыганам. (Але той факт, што аддавалі цыганам, замоўчваўся пры кіраўніках раскопак – пра гэта я даведалася потым. Хіба так можна – прадаваць такія рэчы невядома каму? Мяне і зараз непакоіць ад гэтых думак: можна ж было аддаць знаходкі ў музей і, тады, мабыць, той факт, што на месцы вёскі калісьці быў горад, стаў бы вядомы намного раней.)

Але зацікавілі нас ня толькі размовы з вяскоўцамі, якія адкрывалі нам усё новыя і новыя цікавыя факты з гісторыі вёскі, а яшчэ і нашыя знаходкі.

– Ну-ка, ну-ка, дай пагляджу… – спадар Вадзім, адзін з удзельнікаў экспедыцыі, узяў з маіх рук кавалак абпаленай гліны, абломлены з двух бакоў і крыху закруглёны. – Паглядзіце, спадар Сяргей…

– Гэта ручка ад збана – нават не прыглядаючыся, адказаў навуковы кіраўнік экспедыцыі. Я яшчэ крыху патрымала знаходку ў руках, спрабуя ўявіць сабе гэты збан, а потым паклала ў пакет з нумарам майго квадрата – участка на раскопе.

– А як Вы потым вызначаеце, якім быў гэты збан? – мне стала цікава, як па гэтых маленькіх кавалках можна вызначыць формы рэчаў. Я канешне здагадвалась – як, але не магла паверыць сваім думкам.

– Мы з гэтых знойдзенных фрагментаў выбіраем самыя лепшыя кавалкі і складаем прыкладную рэч, як мазаіку. – адказаў прафесар Рассадзін.

Вы сабе можаце ўявіць – колькі гэта працы патрэбна на складанне такой прыкладнай рэчы… І тут я падумала, што археолагам мне не стаць. Тым часам мы працягвалі перабіраць культурны слой. І раптам мая сяброўка Алёна амаль што падскочыла на месцы. У нас з ёй было “спаборніцтва” – хто болей выявіць знаходак, і ў каго яны будуць каштоўней. Пакуль што “ў лідэрах” была я. А тут яна штосьці шчасліва аддала кіраўнікам экспедыцыі і паглядзела на маю рэакцыю.

– Гэта кафля – керамічная плітка, ёй выкладваліся печы ў будынках. Гэта яшчэ адзін доказ, што тут быў горад.- весела адказаў прафесар Рассадзін (першым такім доказам была знаходка падкоўкі на абутак, які выявілі раней – такі абутак у старадаўнія часы насілі жыхары менавіта гарадоў).

На тоўстым гліняным фрагменце быў выведзены рэльефны арнамент – па краю ў выглядзе трохвугольнікаў, а каля месца злома дзе-нідзе праглядаўся сеткавы арнамент.[11]

Алёна трыумфальна паглядзела на мяне: “Мая ўзяла, здавайся!”. Але не тутака было, мяне так проста не возьмеш. Разламывая зацвярдзеўшую зямлю, мае пальцы натыкнулісь, як я падумала, на звычайны чарапок. А калі пачысціла яго, убачыла, што гэта было донце. А донца і венчыкі (верхі збаноў) таксама з’яўляюцца цікавымі знаходкамі, таму што па іх можна ўявіць форму рэчы. Колькі б мы з Алёнай ні выходзілі ўперад па знаходках, але заўсёды іх станавілася пароўну, таму ўрэшце мы вырашалі: як і заўсёды, перамагло сяброўства.

Перад ад’ездам мы прагледзілі ўсе знаходкі: шмат старадаўніх каваных цвікоў, курыльная трубка XVII стагоддзя (была прынесена адным з жыхароў), дзьве манеткі, падкоўка для абутка, косткі жывёл, мноства кавалкаў кафлі, а таксама рэшткі старадаўняга посуду – венчыкі, донца, ручкі ад збанаў ці чарак.[12]

Горад Казімір – якім ён быў?

Увосень мы з маёй сяброўкай Анастасіяй зноў паехалі ў Каралёўскую Слабаду – для таго, каб сабраць больш звестак пра мясцовасць і пра гісторыю гэтай вёскі, каб суаднесці іх з ужо вядомымі мне звесткамі пра Казімір. Я нават і не ўяўляла сабе, што наша паездка будзе шанцоўнай і карыснай.

Калі паглядзець на мапу вёскі Каралёўская Слабада-2, можна ўбачыць, што частка вёскі каля ракі, быццам востраў, адрэзана ярам. І гэты яр мае нейкае разгалінаванне. Спачатку мы не надавалі асаблівага значэння гэтаму, але пасля таго, як мы прыйшлі зноў на гэтае месца, то мне адразу стала зразумела, што раней у гэтым яры была вада. І мы вызначылі месца, дзе мог знаходзіцца мост. Як потым падказалі навуковыя кіраўнікі, гэты “востраў” мог быць ўмацаванай часткай горада, таму вакол яго людзі прарылі роў, і пабудавалі мост. Ўсё ж такі для мяне засталося невырашаным адно пытанне… Наконт ірва ўсё зразумела – але было яшчэ адгалінаванне, быццам два канала спецыяльна велі ў адзін, каб вада не застойвалася. Ці былі гэтыя каналы зроблены чалавекам (і якім чынам), ці гэта былі прыродныя яры? Як кажуць мясцовыя жыхары, раней сюды сыходзіла вада с палёў ў вясну, таму і ўтварыўся такі яр. Ці гэта яр прыродны, ці сапраўды тут быў абарончы роў… Думаю, што наступныя экспедыцыі дадуць адказ на маё пытанне.

Насупраць гэтай “умацаванай” часткі, дзе зараз стаяць дамы, раней быў “дзядзінец”. Як на памяці мясцовых жыхароў у Каралёву Слабаду з’яджаліся раней суседнія вёскі на кірмашы – якія праходзілі на гэтым дзядзінцу, – так, напэўна і ў горад Казімір у XVII стагоддзі з’яджаліся жыхары наваколля на святкаванні.

А яшче больш мяне зацікавіла старое дрэва. “Але чым можа зацікавіць дрэва?”- спытаецеся Вы. А Вы б толькі паглядзелі на яго! Ніколі не бачыла такога старога дрэва! Гэтае дрэва – ільм – напэўна, самы стары жыхар у гэтай мясцовасці. Мабыць, яно было маленькім дрэўцам яшчэ ў час Казіміра, мабыць яно “бачыла” саму Цэцылію Рэнату! У яго нават ёсць імя! Мясцовыя жыхары клічуць яго Ільміна. Хоць я б надала яму другое імя… Напрыклад, “Вялікі Вядун”.

Калі я падыйшла да Ільміны, адчула хвалю далёкага часу… Перад вачыма нібыта праплылі ўрыўкі успамінаў старога дрэва. І я ўявіла сябе ў ільнянай сукенцы з новым, толькі што зробленым, гліняным збанам у руках. Я ішла ад майстра-ганчара менавіта па гэтай сцяжыне, і мне жадалася хутчэй дайсці да хаты, паставіць збан, і пайсці па каня, які ўжо зранку пасьвіцца ў полі…

…Яшчэ на полі я ўбачыла дым і пачула воклічы. Мяне гэта не вельмі збянтэжыла. “Зноў пажар, – падумала я, – нічога, ўсе разам хутка ўсе выправім.” Але Гамон, мой конь, усё ніяк не супакойваўся, ды дыму было значна больш, чым пры звычайным пажары… Тое, што я ўбачыла, ніяк не ўкладвалася ў маёй галаве: людзі ў невядомай мне вопратцы зганялі ўсіх жыхароў у царкву. Я не ведала, што мне рабіць, ці пабегчы выпускаць жывёл, каб не згарэлі, ці тушыць агонь, ці браць вілы ды абараняць горад (гэтая думка можа падацца смешнай, але калі апынешся ў такім становішчы, і не такія думкі могуць “прабегчы” ў галаве). Я толькі паспела схавацца з канём ў зарасніку. Жах нібы скруціў мяне, не магла нават паварушыць рукой. Конь пачаў вырывацца, я не вытрымала, адпусціла яго. І тут падумала пра сваю сям’ю, і імгненна, забыўшыся на ўсё, пабегла да сваёй палыхаючай хаты… Апошняе, што я пачула, гэта глухі ўдар па галаве, боль, ды пропасць…

Мне стала жудасна, я адняла руку ад ствала, і ўсё гэта адразу знікла. Застаўся толькі горкі ападак на душы… Не ведаю, ці было гэта сапраўды так. Але дрэвы валодаюць нейкай вялікай моцнай сілай, і нясуць ў сабе інфармацыю пра час, у якім жылі.

Вось такім чынам пачынаеш разумець, што гісторыя не недзе далёка, а тут, зусім блізка, вакол нас. І мы таксама ствараем гэтую гісторыю.

На развітанне

Для напісання сваёй працы я прагледзела розную навуковую і гістарычную літаратуру, звярталася да “сусветнага сеціва”, чытала артыкулы, якія маглі ўтрымліваць патрэбную мне інфармацыю. Але ніводная з кніг, якія я прагледзіла, не узгадавала пра Цэцілію Рэнату. Напэўна, гісторыкі ў Беларусі наўпрост не палічылі гэта патрэбным, бо меркавалі, што за сваё жыццё яна не зрабіла нічога заўважнага. Хацелася б, каб мая праца не была дарэмнай, каб імя Цэціліі Рэнаты ні было ні для каго загадкай. Я спадзяюся, што калі-небудзь гісторыкі, якія складаюць падручнікі, уключаць туды і імя Цэціліі Рэнаты. А ў Каралёўскай Слабадзе будзе ўсталяваны памятны знак аб каралеве Рэчы Паспалітай, згадка пра якую засталася ў назве вёскі.

[1] Зыкун Н. С. Дакрануліся да гісторыі // Ранак-плюс. 2006. № 35. С 4.

[2] Каваленка А. У. Дзве экспедыцыі // Светлагорскія навіны. 2006. № 109. С. 3.

[3] Рассадин С. Е. Гербовый привилей 1643 г. на магдэбургию г. Казимежу в старостве Бобруйском. / Археографический ежегодник. № 2. Мн. 2001. С. 215 – 223.

[4] Магдэбургскае права / Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1. Мн. 2001. С. 208.

[5] Валянтэры будуць шукаць рэшткі невядомага гораду // http://belngo.info/cgi-bin/i.pl?id=2301

[6] Памяць. Бабруйскi раён. Мн. 1998. С. 50.

[7] Cecylia Renata / Encyklopedia Popularna PWN. Warszawа. 2006. S. 131.

[8] Государственный дворец Тршебонь. Ческе-Будейовице. 1979. С. 8.

[9] Звесткі аб жыцці Цэцыліі Рэнаты прыведзеныя паводле артыкулу: Cecylia Renata Habsburżanka // http://www.wladcy.myslenice.net.pl/Polska/opisy/Cecylia%20Renata.htm (Пераклад з польскай – Т. Маслюкоў.)

[10] Ростов В. Казимир: потерянный город Беларуси // Секретные исследования. 2006. № 19. С. 4 – 5.

[11] Археалагічныя раскопкі ў вёсцы Каралёўская Слабада-2 // www.adukacyja.info/index.php?page=fullnews&news=536

[12] Завяршыліся сёлетнія археалягічныя раскопкі ў вёсцы Каралёўская Слабада // http://hart.3dway.org/comment/reply/876?PHPSESSID=67d3d453d07b032db6a2d02e5eab3d89

Аўтар: Зыкун Наталля