На сённяшні дзень у сельскай мясцовасці Чачэрскага раёна няма ніводнай царквы. 19 сакавіка 2002 года ў агні пажару згарэла апошняя – унікальная Мікалаеўская царква ў Дудзічах, помнік архітэктуры ХІХ ст. Але ж і ў іншых сёлах былі цэрквы. У гэтым артыкуле я прывяду некаторыя звесткі аб цэрквах і святарах, якія ў іх служылі, якія мне ўдалося знайсці. Спадзяюся, што чытачы газеты значна іх дапоўняць.
Магчыма, што гісторыя многіх сельскіх цэркваў раёну сягае далёка ў глыб вякоў. Першыя ж пісьмовыя сведчанні мы знаходзім толькі на пачатку ХYІІІ стагоддзя, калі жыццё ў нашых краях аднаўлялася пасля страшэнных спусташальных паўстанняў і войнаў ХYІІ стагоддзя (так званага Патопу), калі загінула, або было выведзена ў няволю ў Маскоўскае царства больш 60% насельніцтва. Інвентар Чачэрскага староства 1704г. гаворыць, што ў сяле Нісімкавічы “пад папом Аскрысенскім Аўрамаўская пусташ”, падатак ён павінен быў плаціць у размеры 10 коп грошаў. А ў інвентары 1726г. таксама пазначана – “поп тамочны Анісімкаўскі” павінен быў плаціць падатак у 12 злотых. Амаль да сярэдзіны ХYІІІ стагоддзя царква ў Нісімкавічах была праваслаўнай. Але 13 верасня 1743 года яна была пераведзена ў уніяцтва. Гэта падзея была зафіксавана ў гістарычных крыніцах і мы цяпер ведаем, што гэта царква насіла імя Святога Георгія.
Пасля далучэння Чачэршчыны ў 1772 годзе да Расійскай імперыі і ўмацавання праваслаўя, колькасць праваслаўных цэркваў значна павялічылася. У 80-х гадах ХYІІІст. уніяты Чачэршчыны былі вернуты да праваслаўнай царквы. У “Военно-статистическом обозрении Российской империи. Т. YІІІ, часть3. Могилевская губерния” за 1848 год пазначана ў “Алфавитном списке местам, удобным для помещения дивизионных, полковых и батальонных штабов…”:
“…село Нисимковичи – 50 дворов, удобно для пехоты, церковь деревянная 1;
…околица Шепетовичи – 35 дворов, для пехоты, церковь деревянная 1;
…околица Шиловичи – 118 дворов, для пехоты, церковь деревянная 1 (тут складальнікі – афіцэры Генеральнага штаба, відаць, як лічыць Аляксандр Хамылеўскі, памыліліся: царква размяшчалася на краю сяла Меркулавічы; і я з ім згодзен, – далей у крыніцах мы сустракаем звесткі толькі пра Васкрасенскую царкву сяла Меркулавічы);
…село Залесье – 38 дворов, для пехоты, церковь деревянная 1.”
У гэтай кнізе пазначаны толькі зручныя месцы для расквартавання штабоў, таму звесткі аб цэрквах Чачэршчыны тут канечне ж няпоўныя. “Памятная книжка Могилевской губернии на 1871 год” сведчыць аб 7 цэрквах Чачэршчыны і іх святарах (у дужках пазначана з якога года служыць):
«1) Ровковичской Троицкой, Иоанн Иосифович Козловский (с 15.03.1859г.);
2) Полесской Николаевской, Викентий Иванович Онушкевич (с 28.11.1848г.);
3) Нисимковичской Георгиевской, Федор Игнатьевич Мигай (с 1853г.);
4) Залесской Васильевской, Даниил Семенович Барщевский (с 23.07.1867г.);
5) Дудичской Николаевской, Алексей Евфимович Лобов (с 1859г.);
6) Малыничской Петропавловской, Лев Матвеевич Пятибоков (2.02.1857г.);
7) Меркуловичской Воскресенской, Михаил Иванович Паславский (с 13.09.1842г.).
Такім чынам, у канцы ХІХ стагоддзя ў сельскай мясцовасці Чачэршчыны было 7 праваслаўных цэркваў: у Роўкавічах, Палессі, Нісімкавічах, Залессі, Дудзічах, Малынічах і Меркулавічах. Тое, што цэрквы ў Шылавічах і Шапатовічах не пазначаны ў “Памятной книжке Могилевской губернии на 1871 год” хутчэй за ўсё тлумачыцца тым, што гэта былі памылкі афіцэраў, якія аднеслі памылкова ў гэтыя аколіцы Меркулавіцкую і Малыніцкую цэрквы адпаведна. З усіх гэтых храмаў дэтальна апісана толькі Дудзіцкая Мікалаеўская царква, звесткі аб якой ёсць ва ўсіх даведніках па гісторыі архітэктуры Беларусі, а таксама ў кнізе “Памяць.Чачэрскі раён”. Некаторыя звесткі я знайшоў аб царке ў Залессі. У 1897г. царкву ў Залессі інспектаваў епіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Місаіл: “Село Залесье. Храм, построенный в 1759 году прихожанами, деревянный; он перестроен в 1857 году усердием землевладельца графа Кругликова, приличный; утварь и ризница достаточныя. Прихожан более 3000 душ обоего пола; причт из двух членов. Церковно-приходское попечительство скудное; оно не имеет средств для поддержания школ. В приходе церковно-приходских школ три, но в церкви учащиеся не пели. Псаломщик престарелый. Документы церковные в порядке”.
Шукаючы звесткі аб цэрквах Чачэршчыны я знайшоў адказ і яшчэ на адно пытанне. Як вядома, Чачэршчына з 1777 года адміністрацыйна ўваходзіла ў Рагачоўскі павет Магілёўскай губерніі (правабярэжжа Сажа – 3 стан, а Засажэўе – 4 стан). У кнізе “Памяць.Чачэрскі раён” вёскі Засажэўя ХІХ стагоддзя пазначаны то ў Рагачоўскім, то ў Гомельскім павеце. Чаму так? Аказваецца ў 1899 годзе была невялікая адміністрацыйная рэарганізацыя ў межах Магілёўскай губерніі: 4 стан Рагачоўскага павету (Палеская і Пакацкая воласці) быў перададзены ў Гомельскі павет і стаў там 5-м станам. Гэтак жа і адпаведныя царкоўныя акругі былі пераіменаваны. “Могилевские епархиальные ведомости” (№ 9-10 за 1899 год) сведчаць у раздзеле “Перемены по службе”: “Рогачевский 4-й округ благочиния, определением Епархиального начальства от 11 марта, переименован в 5-й округ Гомельского уезда”.
Наступныя звесткі аб царкоўным уладкаванні Чачэршчыны мы знаходзім у грунтоўнай працы “Список населенных мест Могилевской губернии”, выдадзенай у 1910 годзе (прыводзім звесткі толькі аб вёсках сучаснага:
1) Гомельскі павет: Залескі Георгіеўскі прыход (сяло Залессе, вёски Бяляеўка, Каменка, Кукличы, Падасоўе); Нісімкавіцкі Георгіеўскі прыход (сяло Нісімкавічы, вёскі Сідаравічы, Будзішча і праваслаўныя Рудні-Нісімкаўскай); Палескі Мікалаеўскі прыход (сяло Палессе, вёскі Балсуны, Асінаўка, Рудня Барталамееўская і сучасныя расійскія вёскі Калюды і Фешні (Фошнае)). Жыхары вёсак Бабічы і Покаць наведвалі царкву ў Фёдараўцы (зараз Веткаўскі раён), а Загор’е, Салтанаўка і Слабодка да Ворнаўскага прыхода (зараз Кармянскі раён).
2) Рагачоўскі павет: Дудзіцкі Мікалаеўскі прыход (сяло Дудзічы і блізляжачыя вёскі сучасных Веткаўскага і Буда-Кашалёўскага раёнаў); Меркулавіцкі Васкрасенскі прыход (сяло Меркулавічы, вёскі Бацвінава, Вецвіца, Прычалесня, Гарадок, Шырокае, аколіца Шылавічы); Малыніцкі Петрапаўлаўскі прыход (сяло Малынічы, аколіца Шапатовічы, вёскі Бердыж, сярэднія Малынічы, Новыя Малынічы, Дубраўка, Шапатовіцкія Паплавы); Роўкавіцкі Троіцкі прыход (сяло Роўкавічы, вёскі Макрэнь, Залаўе). Да Чачэрскіх прыходаў адносіліся вёскі Сябровічы, Іпалітаўка, Отар, Турышчавічы, Яцкаўшчына, Глыбочыца, Сапрыкі, Матнявічы, слобады Захарполле і Ганнаполле. Вёска Башыца адносілася да Царкоўскага прыхода (зараз в.Царкоўе Буда-Кашалёўскага раёна).
Хто ж у гэтых храмах нёс слова Божае людзям? Крыніцы ХІХст. Даволі часта ўпамінаюць аб святарах Чачэршчыны. Так, у 1901 годзе благачынным 3-й акругі Рагачоўскага павету (Дудзіцкі, Малыніцкі, Меркулавіцкі, Чачэрскі Раства-Багародзіцкі і Чачэрскі Вазнясенскі) быў протаіерэй Іаан Іосіфавіч Казлоўскі, які служыў у Роўкавіцкай Троіцкай царкве з 15.03.1859г. У студзені 1898г. узнагароджаны набедранікам настаяцель Малыніцкай царквы Васілій Ермаловіч. У маі 1898г. “Святейшим Синодом удостоен награждения за заслуги по духовному ведомству саном протоиерея Рогачевского уезда церкви села Залесья священник Лев Пятибоков”. Раней, з 1857г. ён служыў у Малыніцкай Петрапаўлаўскай царкве. 11 сакавіка 1898г. памёр настаяцель Нісімкавіцкай Георгіеўскай царквы Фёдар Ігнатавіч Мігай, які служыў у ёй з 1853г. (45 гадоў), за месяц да спачыну ён быў узнагароджаны імператарам Мікалаем ІІ ордэнам Анны 3-й ступені. У 1901 годзе быў узнагароджаны “за отлично-усердную службу скуфьей священник Дудичской церкви Максим Керножицкий, наперсным крестом от Святейшего Синода – священник Свято-Николаевской церкви села Полесья Василий Ганкевич”, а дыякан гэтай жа царквы Ігнат Бекарэвіч за 50-гадовую бездакорную службу быў узнагароджаны ордэнам Анны 3-й ступені.
Напярэдадні рэвалюцыі, у 1915 годзе ў Залескай царкве служыў Іаан Васільеў, у Нісімкавіцкай – Міхаіл Фёдаравіч Рацэвіч, у Палескай – Васілій Львовіч Ганкевіч, у Дудзіцкай – Павел Іванавіч Бруевіч, у Малыніцкай – Кузьма Падлужны, у Меркулавіцкай – Васілій Корзун, у Роўкавіцкай – Сергій Савіцкі. Да рэвалюцыі, часу выпрабавання моцы веры, заставалася менш двух гадоў.
Аўтар: С. Атрошчанка