Цэрквы Чачэрска

0
1570
Церковь в Чечерске

Хрысціянства у Беларусі налічвае ўжо больш за 1000 гадоў. У 988 годзе пры вялікім князі кіеўскім Уладзіміры Русь прыняла хрысціянства з Візантыі – праваслаўе. Не адразу нашы продкі прынялі Евангелле. Доўгі час захоўваліся паганскія звычаі, асабліва ў сельскай мясцовасці. Цэнтрамі ж распаўсюджвання веры Хрыстовай сталі храмы і манастыры.

Многа часу мінула з тых часоў, многа цяжкіх войнаў і няшчасцяў пракацілася па нашай зямлі. Многае і забылася. Зараз ужо немагчыма дакладна сказаць, калі і дзе на Чачэршчыне былі пабудаваны першыя цэрквы, хто ў іх служыў Богу і людзям. У часы рэвалюцыі, Вялікай Айчыннай вайны, часы панавання атэізма многія храмы загінулі. А на Чачэршчыне амаль усе. Зараз ідзе адваротны працэс: рамантуецца Спаса-Прэабражэнскі храм у Чачэрску, будуюцца цэрквы ў Палессі і Бацьвінава.

Калі ў Чачэрску была пабудавана першая царква і хто ў ёй служыў невядома. Але можна з упэўненасцю казаць, што ўжо ў ХІІ стагоддзі , калі наш горад з’яўляецца на старонках летапісу, у ім быў храм. Гэта меркаванне грунтуецца на тым, што ў той час Чачэрск быў значным горадам, цэнтрам вялікай воласці Чарнігаўскага княства. Жыхары не маглі за сотні кіламетраў наведваць царкву ў Чарнігаве, альбо Кіеве. У студзені 1167 года ноўгарад-северскі князь Алег Святаславіч, які з 1164 года, пасля смерці бацькі вялікага князя чарнігаўскага Святаслава Ольгавіча, валодаў Чачэрскам, разам з жонкай Агаф’яй і маленькім сынам Святаславам сустракаў тут свайго цесця вялікага князя кіеўскага Расціслава Мсціславіча. Расціслаў Мсціславіч быў набожным чалавекам, шмат зрабіў для царквы і за свае заслугі быў прылічаны да ліку праваслаўных святых. Ён уваходзіць у Сабор Беларускіх Святых як Дабраверны Расціслаў. Алег Святаславіч – гэта старэйшы брат Ігара Святаславіча, героя “Слова аб паходзе Ігаравым”. Праз 18 год у гэтым няўдалым для русічаў паходзе прыме ўдзел і сын Алега Святаслаў. Менавіта, каб паглядзець нованароджанага ўнука і завітаў у Чачэрск Дабраверны Расціслаў. Магчыма, што Святаслаў і нарадзіўся і быў ахрышчаны ў Чачэрску, бо пераезды зімою ў той час для такіх дзяцей былі вельмі цяжкімі, нават небяспечнымі для жыцця. Сустрэча ў Чачэрску такіх знакамітых асоб гаворыць аб яго значнасці. Дарэчы, Алег Святаславіч вядомы князь-воін, ён неаднойчы хадзіў на полаўцаў і заўсёды перамагаў, браў у свой час у палон “вежы” ханаў Канчака і Гзака. Так што гэта сустрэча і той факт, што князь Алег доўгі час быў у Чачэрску гаворыць на карысць таго, што тут у гэты час павінна была быць царква. Менавіта царква Чачэрска была цэнтрам распаўсюджвання хрысціянскай веры, культуры і маралі на блізляжачых тэрыторыях. І паколькі перыяд гісторыі з 1054 г. па 1239 г. непарыўна звязаны з Чарнігаўскім княствам, то і гісторыя праваслаўя Чачэршчыны гэтага перыяду звязана з гісторыяй Чарнігаўскай епархіі, якая была заснавана ў 992 годзе. Першым епіскапам у Чарнігаве быў Неафіт, які разам з мітрапалітам Міхаілам у 988 годзе хрысціў кіяўлян.

Безумоўна ў перыяд Вялікага княства Літоўскага ў Чачэрску была царква і магчыма не адна. Чалавек сярэднявечча – гэта чалавек рэлігійны. Але першыя дакладныя звесткі аб цэрквах Чачэрска мы знаходзім у інвентарах Чачэрскага староства 1704 і 1726 гадоў. У інвентары 1704г., які апісвае вёскі староства, у звестках пра весь Вотор (сучасны Отар) мы бачым “под ойцем Платоном, свяшчэннікам Прэчысценскім паўслужбы” (мера зямлі і падаткаабкладання), “коп тры” (1 капа=60 грошаў). Гэта першая дакладная звестка аб царкве ў Чачэрску. І пацверджаннем гэтага служаць звесткі наступнага інвентара 1726 г., дзе гаворыцца, што ў Чачэрску на той час было ўжо 4 царквы: Васкрасенская, Святога Мікалая, Спаская і Прэчысценская. У кожнай царкве быў свой святар. Так на вуліцы “ад брамы замкавай да брамы вялікай” жыў айцец Ян Мікольскі і айцец Васілій; на вуліцы “да форты Падольнай” – поп Міхей Прэчысценскі; на вуліцы “ад цэрквы Св.Мікалая да цэрквы Васкрасенскай” – поп Васкрасенскі, на гэтай жа вуліцы свяшчэннік Мікольскай царквы меў зямлю. Таксама далей ёсць звесткі, што “поп Спаскі” меў 1 валоку зямлі.

Нягледзячы на ціск прыхільнікаў уніі, цэрквы Чачэрска былі праваслаўныя і падпарадкоўваліся Магілёўскай праваслаўнай епархіі, якая была заснавана ў 1632г. па ініцыятыве кіеўскага мітрапаліта Пятра Магілы. Але ціск уніятаў і ўрада Рэчы Паспалітай нарастаў і праз 17 год пасля правядзення інвентара 1726 года усе чатыры чачэрскія царквы сталі уніяцкімі. Згодна сведчання аўтара «Исторического известия о возникновении в Польше Унии…», «1743 г., сентября 13. Церкви четыре в местечке Чечерск: одна Воскресенская, другая Никольская, третья Рождества Пресвятыя Богородицы, четвертая Преображенская, через помещика Казимира Турчина, мечника Оршанского, содержателя Чечерского переведены в Унию» (Для чытачоў, якія даўно вывучалі гісторыю коратка напомнім, што ў 1596 г. ў Брэсце паміж каталіцкай царквой і праваслаўнай царквой Рэчы Паспалітай была заключана унія (саюз), згодна якой праваслаўныя захоўвалі сваю абраднасць, але прызнавалі падпарадкаванасць папе рымскаму). Як бачым тут пералічаны ўсе цэрквы Чачэрска і дадзены больш дакладна іх назвы: царква Нараджэння Прэсвятой Багародзіцы – гэта Прэчысценская царква па інвентару 1726 г., а Спаская – гэта Прэабражэння Госпада (Спаса). Такім чынам, гісторыя сённяшняй Спаса-Прэабражэнскай царквы пачынаецца не ў канцы ХYІІІ стагоддзя, а значна раней. Толькі яна, як і ўсе другія цэрквы мястэчка ў той час, была драўляная.

З 1772 года Чачэршчына па першаму падзелу Рэчы Паспалітай была далучана да Расійскай імперыі, а Чачэрскае староства было падаравана у 1774 годзе ў пажыццёвую наследуемую ўласнасць першаму беларускаму генерал-губернатару графу З.Р. Чарнышову. У 1787 годзе імператрыца Кацярына ІІ зрабіла падарожжа па новых землях сваёй дзяржавы. Маршрут яе быў наступны: Санкт-Пецярбург – Кіеў – Севастопаль – Феадосія – Таганрог – Харкаў – Масква – Санкт-Петцярбург. Вядома ж, “высочайшая особа” не магла мінуць і Чачэрск, праз які ў той час праходзіў вялікі паштовы шлях. У мястэчку імператрыцу сустрэла графіня Г.Р.Чарнышова, якая была ў гэты час ужо ўдавой (З.Р. Чарнышоў памёр 29.08.1784 г.).

У Чачэрск царыца прыбыла 20 студзеня 1787 г. у 8 гадзін вечара. Наступным ранкам ёю быў праведзены прыём мясцовых чыноўнікаў і памешчыкаў, а ў 11 гадзін падарожжа прадоўжылася. Свае ўражанні ад падарожжа Кацярына ІІ выклала ў кнізе «Путешествие Ея императарскаго Величества в полуденный край России, предприемлимое в 1787 году». У гэтай кнізе кораценька указаны гістарычныя звесткі аб сустрэчы ў 1167 г. князем Алегам вялікага князя кіеўскага Расціслава і адным сказам далей апісваюцца духоўныя установы мястэчка: “Цяпер ёсць у ім уніяцкія цэрквы, каталіцкі манастыр і яўрэйская школа”. У Спаса-Прэабражэнскай царкве г.Чачэрска і зараз ёсць абраз Багародзіцы (даволі моцна пашкоджаны), лік якой вельмі нагадвае Кацярыну ІІ. Такія абразы былі вельмі распаўсюджаны ў Расійскай імперыі з канца ХVІІІ ст.

Калі верыць кнізе Кацярыны ІІ, то праваслаўных цэркваў у Чачэрску не было. Але гэта не так. Проста царыца звярнула ўвагу на адрозненні новых уладанняў. Атрымаўшы Чачэрскае староства у спадчынную уласнасць граф З.Р.Чарнышоў задумаў яго перабудаваць па ўзору сваёй сядзібы Яраполец Валакаламскага павета. З прыходам расіян у мястэчку стала многа праваслаўных (мясцовае ж насельніцтва было ўжо уніятамі), у 1775-1777гг. Тут кватараваў Беларускі гусарскі полк, потым у 80-х гадах Курскі пяхотны і Ізюмскі легкаконны палкі. Таму злабадзённым было будаўніцтва праваслаўнай царквы. У сакавіку 1778г. З.Р.Чарнышоў звяртаецца да Свяшчэннага Сіноду з хадайніцтвам аб выдачы дазволу на будоўлю храма у імя апостала Іаана Багаслова. Такі дазвол ён атрымаў. Але гістрычныя крыніцы такой царквы ў Чачэрску не згадваюць, магчыма яна атрымала другую назву. Гэта магла быць царква Раства Багародзіцы, што знаходзілася справа ад уезду на Замкаваю Гару насупраць касцёла Святой Тройцы. І вось чаму: благаслаўленне на будоўлю храма ў Чачэрску даў магілёўскі епіскам Георгій Каніскі. Па сведчанню Платона Гаручка, аўтара артыкула ў «Могилевских епархиальных ведомостях» за №14 ад 11.05.1902 г. (а ён выкарыстоўваў царкоўныя архівы пры напісанні артыкула) у 1778 годзе першым свяшчэннікам царквы Раства Багародзіцы быў прызначаны а. Герасім Аляксеявіч Курганскі. Гэтая царква пазначана, як “дамавая яго Сіяцельства графа З.Р. Чарнышова”. У аўтабяграфіі а.Курганскі называе яе царквой Казанскай Божай Маці, а ў фармуляры 1809 г., дзе адлюстраваны яго служабовы шлях пазначана Раства-Багародзіцкая царква. І гэта не зусім памылкі. Калі прааналізаваць план радавога сяла гр. Чарнышова Яраполец Валакаламскага павету, то ўбачым, што там ёсць царква Казанскай Божай Маці злучаная порцікам у адну пабудову з касцёлам такой жа архітэктуры. Гэтая ж ідэя была выкарыстана і ў Чачэрску. Толькі тут касцёл і царква стаялі насупраць адзін аднаго. Таму магчыма, што Чарнышоў хацеў, каб у Чачэрску таксама быў храм Казанскай Божай Маці. Таксама цалкам верагодна, што пры царкве Раства Багародзіцы была і невялікая дамавая царква З.Р.Чарнышова. Айцец Курганскі у 1781 г. быў узведзены ў сан протаіерэя і прызначаны благачынным у чачэрскім духоўным заказе. У 1784 г. яго намаганнямі была адкрыта пры царкве школа для дзяцей духавенства. Згодна сведчанню А.С. Дэмбавецкага царква Раства Багародзіцы была асвечана ў 1787 г. у прысутнасці імператрыцы Кацярыны ІІ яе духоўнікам Бажанавым і настаяцелем храма протаіерэем Курганскім. На аснове гэтага даследчыкі лічаць, што гэты храм быў пабудаваны ў 1787 г. Але тое, што а.Курганскі служыў пры ім ужо з 1778г., а ў 1784 г. адкрыў пры ім школу ускосна указвае, што Раства Багародзіцкая царква – гэта ранейшая драўляная царква, якая пазначана ў інвентары Чачэрскага староства за 1726г., якая была пераведзена відаць з уніяцтва ў праваслаўе. Каменная ж Раства-Багародзіцкая царква, як указана ў “Магілёўскіх епархіяльных ведамасцях” за красавік 1898г. была пабудавана ў 1786 годзе.

Як ужо адзначалася вышэй, граф З.Р.Чарнышоў распачаў карэнную перабудову мястэчка. Ён быў добра вядомы з будаўніцтвам, таму што да 1774г. узначальваў Камісію каменнага будаўніцтва ў Санкт-Пецярбургу. У Чачэрску быў узведзены унікальны архітэктурны ансамбль, у які ўваходзілі ратуша, 3 царквы і касцёл. Па сведчанню гісторыка архітэктуры І.Слюньковай Спаса-Прэабражэнская царква была пабудавана ў 1779 годзе, Вазнясенская ў 1783 годзе. Іншыя даследчыкі лічаць, што пабудова Спаса-Прэабражэнскай царквы датуецца 1783 годам. У аснову праектаў трох праваслаўных цэркваў і касцёла была закладзена форма бесслуповай, зальнага тыпу ратонды. Аўтарства праектаў гэтых храмаў дакладна не вызначана. Дэмбавецкі неабгрунтавана прыпісаў яго Б.Растрэлі. Зараз большасць даследчыкаў схільны лічыць аўтарам вядомага архітэктара Джакома Кварэнгі.

Нажаль, з усяго архітэктурнага ансамбля захавалася толькі Спаса-Прэабражэнская царква. Астанія храмы, больш вытанчанай архітэктуры, былі зруйнаваны. Вазнясенская царква стаяла на месцы воданапорнай башні, што ля бальніцы, а касцёл і Раства-Багародзіцкая царква, як ужо згадвалася вышэй, насупраць адзін аднаго пры ўездзе на Замкавую Гару.

Пад 1799 годам ёсць звесткі аб смерці свяшчэнніка Чачэрскай Мікалаеўскай царквы Кірыла Бекарэвіча, што гаворыць аб тым, што ў той час яшчэ была царква Святога Мікалая, але была яна ўжо не уніяцкая, а праваслаўная, таму што праз нейкі час па ўказу епіскапа Магілёўскага і Мсціслаўскага Анастасія новы святар гэтай царквы Рыгор Кірылавіч Бекарэвіч быў адпраўлены к пратапопу Герасіму Курганскаму для выпраўлення. Але Рыгор Бекарэвіч, баючыся строгага а.Герасіма, выпрасіў у ўладыкі дазвол на пераезд у Магілёўскі брацкі манастыр. Адсюль можна зрабіць выснову, што уніяцкія цэрквы Чачэрска былі вернуты да праваслаўя паміж 1787 і 1799 гадамі.

А айцец Герасім Курганскі (1747 года нараджэння) яшчэ доўга працаваў на духоўнай ніве, быў паважаны ў мястэчку і ў епархіі. У 1806 годзе ён быў узнагароджаны скуф’ёй, а ў 1809 годзе прызначаны наглядальнікам прыходскага вучылішча. У гады Айчыннай вайны 1812 года ён нават узначальваў мясцовы партызанскі атрад.

У пачатку ХІХст. Ў Чачэрску было 3 каменныя цэрквы (Раства-Багародзіцкая, Вазнясенская і Прэабражэнская), касцёл Святой Тройцы і сінагога. Памятная кніжка Магілёўскай губерніі на 1871 год сведчыць, што настаяцелямі чачэрскіх цэркваў былі: Раства-Багародзіцкай – благачынны Павел Якаўлевіч Высоцкі (на пасадзе з 1837г.); Вазнясенскай – Венядзікт Цімафеевіч Канапацкі (з 4.09.1838г.); Прэабражэнскай – Васілій Пятровіч Лепяшынскі (з 4.02.1844г.).

У 1897 годзе епіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Місаіл пры аглядзе прыходаў епархіі наведаў Чачэрск. Аб гэтым у красавіку 1898г. паведамлялі«Могилевские епархиальные ведомости». Там адзначалася, што ў Чачэрску ёсць тры каменныя цэрквы, пабудаваныя па ініцыятыве і на сродкі былой уладальніцы Чачэрскага маярата графіні Ганны Радзівонаўны Чарнышовай, і адна невялікая драўляная на могілках. Гэта слушная заўвага, мы заўсёды гаворым, што Чачэрск перабудаваў граф З.Р.Чарнышоў. Так, ён задумаў гэты прает і распачаў яго. Але ж менавіта намаганнямі яго жонкі Г.Р.Чарнышовай будоўля была завершана, бо граф рана памёр (1784г.). Ды і апошнія гады ён не бываў у Чачэрску, аддаваў перавагу любімаму падмаскоўнаму Ярапольцу. Гэта зразумела, з 1782г. граф З.Р.Чарнышоў быў пераведзены з пасады беларускага генерал-губернатара на пасаду маскоўскага генерал-губернатара, якую і займаў да канца жыцця.

Вось як апісвае чачэрскія цэрквы аўтар «Могилевских епархиальных ведомостей» (прыводзім на мове арыгіналу):

  1. «Вознесенская церковь трехпрестольная, с 2-мя приделами, благолепная, утварью достаточная и ризницей не бедная. Поют в церкви школьные мальчики с девочками и любителями церковного пения из мирян, под руководством местного псаломщика, удовлетворительно. Прихожан при этой церкви числится 2368 душ обоего пола. Причт из двух членов с годовым жалованьем 471р. 96к. Земли при церкви 36 десятин; земля песчаная и малоплодородная. Дом для священника построен прихожанами с пособием от казны в 450 руб.; псаломщик же помещается в наемной квартире. В приходе 4 церковные школы грамоты; учащихся во всех школах 60 чел.; кроме того, имеется народное училище – мужское и женское с особыми классами и особыми учителями. О состоянии церковной библиотеки почему то ничего не сказано в ведомости о церкви. Местный священник С. Горючко, согласно прошению, почислен за штат и на его место уже назначен другой священник.
  2. Рождество-Богородицкая церковь, однопрестольная, построенная в 1786 году, освящена в присутствии Императрицы Екатерины 2-й ея духовником, протопресвитером Бажановым, с местным настоятелем оной протоиереем Герасимом Курганским; в 1894 году капитально ремонтировалась и переделана из холодной на теплую средствами прихожан, величественная и украшенная утварью и ризницей достаточна. Библиотека церковная небольшая, в ней всего 57 названий книг и 67 томов. Поют в церкви любители церковного пения с мальчиками школьными хорошо. Прихожан обоего пола 3227 душ; приход состоит из крестьян, мещан, купцов и частию военных лиц. Деревни некоторые отстоят от церкви в 5, 7 и 10 верстах. Причт двухчленный с годовым жалованьем в 644 руб. Земли при церкви 36 десятин; план на землю имеется. Помещения для членов причта общественныя, но ветхия. Там имеются 4 церковно-приходские школы грамоты; в них учится 81 чел. Есть церковно-приходское попечительство. Документы в порядке.
  3. Приписная Спасо-Преображенская церковь, снаружи и внутри неблаговидная, сырая; от сырости и запущенности отваливается по местам штукатурка. Богослужение совершается в этой церкви очень редко; утварь посредственная. Есть церковный дом, вкотором живут сироты – дети священнослужителей местных – безплатно.
  4. Кладбищенская церковь, в которой богослужения отправляются причтом Рождество-Богородицкой церкви в храмовый праздник и во дни особаго поминовения усопших. Священник исправный, но глуховатый».

У студзені 1898г. свяшчэннік Чачэрскай Раства-Багародзіцкай царвы Іаан Цітовіч быў узнагароджаны фіялетавай скуф’ёй. А ў сакавіку 1899 года “ за выдатнае выкананне пастырскіх абавязкаў” узнагароджаны набедраннікам свяшчэннік Чачэрскай Вазнясенскай царквы Мікалай Случаноўскі.
Згодна з данымі “Памятнай кніжкі Магілёўскай губерніі на 1915 год” (другі год ішла першая сусветная вайна, да рэвалюцыі заставалася менш двух гадоў) у чачэрскіх храмах служылі:
– Мікалай Мікалаевіч Случаноўскі ў Вазнясенскай царкве;
– Іаан Еўсцігнеевіч Цітовіч ў Раства-Багародзіцкай;
– Іаан Пішчыкаў у Спаса-Прэабражэнскай.
Як склаўся іх лёс у гады рэвалюцыі невядома.

 

Аўтар: Сяргей Атрошчанка