Недзе каля пяці год таму, збіраючыся на рэпетыцыі аднаго вакальна-інструментальнага ансамбля ў Доме Настаўніка, мы чулі, як у суседнім памяшканні рэпетуе рэгі-гурт “Цёплыя рэчы” (“Тёплые вещи”).
Час мінуў вельмі хутка. Даўно кануў у нябыт наш ВІА, а “Цёплыя рэчы” дагэтуль радуюць нас сваімі песнямі і дораць пазітыў. Зусім нядаўна яны адзначылі свае першыя ўгодкі канцэртам пад назвай “5 год пазітыву”.
Першым на сцэну са сваімі віншаваннямі і спробай разагрэць публіку выйшаў гурт “Свет и тени”. Але ж разаграваць пакуль што няма каго: зала амаль пустая.
Пакуль рыхтуецца да выступу наступны гурт, на сцэну выходзіць вядоўца Алесь Плотка. Ён выказвае спадзяванні, што канцэрт будзе насіць форму дыялога. Аднак, як паказала далейшае развіццё падзей, дыялога не са слухачамі, а з музыкамі: Алесь увесь час задаваў ім недарэчна-смешныя пытанні, на якія тыя гэтак жа недарэчна-смешна адказвалі.
“Людзей, што граюць музыку, бачна сярод іншых па асаблівым бляску ў вачах”, – кажа Алесь. Менавіта такім бляскам валодаюць наступныя выступоўцы – удзельнікі гурта “Рамэйра” (“Romeira”). Усё больш актыўна да сцэны сцягваецца народ, які “Рамэйра” радуе лацінскімі рытмамі й мелодыямі. “Мы граем не свае песні, – паведамляе пасярод выступу Дар’я Калошына, вакалістка гурта. – І калі вы бачыце ў маіх руках укулеле (гавайская гітара – аўт.) – значыць, гучаць афрыканскія хіты Цэзарыі Эвары”.
Перад тым, як сыграць мексіканскі вальс, Дар’я просіць пусціць у зале “пару колаў”. Аднак пусціць колы ніхто не вырашаецца. Толькі адна дзяўчына спрабуе навучыць свайго хлопца вальсаваць, але той навучанню ўпарта не паддаецца.
Наступным на сцэне з’яўляецца гурт “Изнутри” і прыўносіць у “5 год пазітыву” паўгадзіны суму і задуменнасці: “Тело на крыше, душа – ещё выше…” спяваюць яны. Хлопцы прэзентуюць таксама новую песню на беларускай мове пад назвай “Паветра”, а яшчэ выконваюць супольна з музыкамі “Цёплых рэчаў” эксперыментальную песеньку-імправізацыю. Наколькі ўдалая гэтая імправізацыя – судзіць аматарам гурта, якіх мусіць быць шмат: Алесь Плотка сцвярджае, што новы альбом музыкаў мае мільён спампоўванняў. Прыйшоўся да спадобы гурт “Изнутри” і аднаму з суарганізатараў канцэрта Сяргею Шоману: “У хлопцаў ёсць неблагі патэнцыял, і калі яны не спыняцца ў развіцці, то ў іх усё будзе добра!”.
Чым далей – тым цяплей: на сцэне – госці з Бранска, рэгі-гурт “Радиоактивные игрушки”. “Паслухайце, як мы спаганілі адну з самых знакамітых песень “Цёплых рэчаў”, – кажа саліст гурта перад тым, як зайграць традыцыйны ў такіх выпадках кавер на песню гурта-юбіляра. Аднак ніякія немыя крыкі, гучнагаварыльнікі і іншыя вычварэнні не могуць “спаганіць” па-сапраўднаму добрай песні. Гурт таксама выконвае дзве кампазіцыі пра Боба Марлі, адну з якіх, калі верыць салісту, іх музыка сачыніў ува сне: “Да яго ў сне прыйшоў Боб Марлі і сказаў: напішы гэтую песню”.
Апісваць далейшыя падзеі значна цяжэй. Уплыў пазітыўных вібрацый аказаўся настолькі моцным, што цеплавы ўдар, пра які пазней згадае вакаліст “Цёплых рэчаў”, быў атрыманы яшчэ да выхаду гурта-імянінніка на сцэну: дзесьці паміж песняй “Радиоактивных игрушек” “пра птушачак і рабак” і немудрагелістым рэфрэнам іх наступнай кампазіцыі “Я-та-та-та, ла-ла-ла-ла” . Але ж – працягнем…
А вось і самі юбіляры. На сцэну выносяць торт, бо без яго народзіны – не народзіны. Добрыя песні, добры настрой, адна любоў… Вакалісту Сяргею Князеву нават даводзіцца прасіць прабачэння за лыжку негатыву ў гэтай бочцы суцэльнага пазітыву пасля выканання песні “Геноцид-блюз”, што, як і ўсе астатнія, суправаджалася адпаведным відэашэрагам. Але нічога не паробіш: дэпрэсіўны час вымагае дэпрэсіўнага рэгі.
Запальваецца святло, а гэта значыць, што канцэрт мусіць скончыцца. Аднак Сяргей просіць дазволу яшчэ на некалькі кампазіцый. “Якую назву песні зараз грамчэй выгукніце – такую і сыграем. “Еўропа”? Хочаце Еўропу? Дык мы і так ужо тут!”, – жартуе музыка. Але ж замову гурт выконвае.
Гучыць апошняя песня – “Птица-синица”, яна скончваецца неверагодна доўгім інструменталам, падчас якога пасярод залы ўтвараецца шалёны карагод. Чатыры гадзіны пазітыву падыходзяць да завяршэння, а пазітыўны настрой у тых, хто сюды прыйшоў, мусіць панаваць яшчэ доўга. Цеплавы ўдар быў перанесены без цяжкіх наступстваў.
Марыя, наведвальнік канцэрту дзеліцца сваімі ўражаннямі: “Цёплыя рэчы” – гэта заўсёды толькі станоўчыя эмоцыі. Мне вельмі спадабалася. Адзіны мінус – дрэнны гук: было адчуванне, быццам ты ў кардоннай скрынца знаходзішся. А яшчэ людзей мала было. Мабыць, трэба больш актыўна рэкламаваць такія мерапрыемствы”.
Сітуацыю з гукам каментуе Сяргей Шоман: “Мне таксама гук не спадабаўся. Было гэта рэха сцен ці занадта моцным быў апарат для гэтай залы – так і засталося для большасці нешматлікіх гледачоў нявысветленым. Гукааператары так і не здолелі дасягнуць неабходнай чысціні гучання”. А прычыну невялікай колькасці людзей Сяргей бачыць зусім не ў дрэннай рэкламе: “Гомель – горад металістаў, напэўна!”.
Аўтар: Валянціна Міронава
Фатаздымкі: Марыся Тульжанкова