Троіцкая царква — адзіны на Ельскі раён помнік архітэктуры, уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь (шыфр № 1а1Н500827, рашэнне № 71 ад 28 лютага 2002 г.) (малюнак 1). Аднак апублікаваныя гістарычныя звесткі пра гэты храм вызначаюцца сціпласцю і фрагментарнасцю.

Найбольш поўнае апісанне гэтага храма змешчана ў 1985 г. А. М. Кулагіным у «Зборы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гомельская вобласць» [1]. У энцыклапедычным даведніку «Праваслаўныя храмы на Беларусі» (2001) аўтар дае ўдакладненыя звесткі пра храм, у прыватнасці адзначае, што царква была ўзведзена ў 1769-1780 гг. з дрэва, перабудавана ў 1870-1871 гг. (прыбудавана шатровая званіца) і з’яўляецца помнікам народнага дойлідства з рысамі стыляў барока і класіцызму [2]. Аўтар не даў спасылак на крыніцы сваёй інфармацыі аб пабудове храма ў 1769-1780 гг., бо 11 гадоў для ўзвядзення драўлянага храма — вялікі для традыцыйнага дойлідства перыяд, а выяўленыя пры падрыхтоўцы дадзенага артыкула звесткі падаюць іншыя даты.
У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захоўваецца справа з візітацыямі рэвізораў уніяцкіх цэркваў Мазырскага, Рэчыцкага і Бабруйскага паветаў за 1777-1778 гг. і 1786-1787 гг. (на польскай мове), у тым ліку пададзена дзве візітацыі Ельска-Каралінскай царквы ў імя Святой Троіцы [24].
Візітацыя 1777 г. падае наступные звесткі: «Царква парафіяльная Ельска-Каралінская, дыяцэзіі Тураўскай дэканату Петрыкаўскага, пад назвай Святой Троіцы ў фундатарстве яснавяльможных Мацея Казіміра і Караліны са Стоцкіх Аскеркаў … візітатара дня 10 месяца Лютага года 1777 звізітавана … Пасля таго, як згарэла даўнейшая царква, што візітацыя 1770 г. апісала, каплічка тая ж самая, што і была на яе месцы, па гэты дзень засталася. Новая царква, бо і дрэва ўжо прывезенае … з надыходам вясны маецца пачынацца і будавацца, цяперашняя візітацыя апісваць не паказалася» [24, арк. 49].
З пералічанага вынікае, што папярэдняя царква згарэла да 1770 г. і на яе месцы была пастаўлена каплічка, якую і ўбачыла візітацыя 1777 г. Аднак па словах фундатараў Мацея Казіміра Аскеркі, маршалка Мазырскага павета, і яго жонкі Караліны са Стоцкіх, вясной 1777 г. павінна было пачацца будаўніцтва новай царквы.
У візітацыі 1787 г. адзначана: «Царква парафіяльная Ельска-Каралінская пад назвай Святой Троіцы адносіцца да дэканату Петрыкаўскага … візітатара генеральнага ў дні 3 лютага 1787 года звізітавана. Візітацыя і інвентар узгаданай царквы, яе абсталявання, пробашча і парафіян… Пасля разбурэння каплічкі, апісанай мінулай візітацыяй, якая пасля пажару ў царкве да таго часу была, зараз царква новая з дрэва на падмурку структуры добрай і якаснай… пасярод мястэчка самага ёсць пастаўлена. Вежа адна пасярэдзіне, а чатыры навокал яе годна ўзносяцца. Крыжы на іх добрыя … Дах увесь гонтам крыты, дзверы адны . з замком унутраным і зашчэпкай. Падлога . цагляная. Вокнаў ва ўсім доме царкоўным з вежамі белага шкла — 23 штукі. Цвінтар неагароджаны» [24, арк. 224, адв.].
Нягледзячы на тое, што сёння царква мае толькі адзін цэнтральны купал над сяродкрыжжам, з апісання вынікае, што першапачаткова тут была адна вежа ў цэнтры і чатыры меншыя вежы вакол яе, над бакавымі прыдзеламі, уваходам і апсідай. Такі варыянт пяціглавага вырашэння верху храма з’яўляецца тыповым для пяцізрубных драўляных храмаў XVII-XVIII стст. на ўсходзе і поўдні Беларусі — аналагічную кампазіцыю мелі Ільінская царква ў Віцебску, царква ў вёсцы Глухі Быхаўскага павета [28, с. 466], а таксама шматлікія храмы на беларуска-ўкраінска-бранскім памежжы: у вёсках Стары Ропск і Новы Ропск Клімаўскага раёна Бранскай вобласці [27, с. 283-287, 292-293], горадзе Корап і вёсцы Пакуль Чарнігаўскай вобласці і іншыя [29, с. 132, 136].
Падобныя пяцізрубныя храмы былі шырока распаўсюджаны на былых тэрыторыях усходу Рэчы Паспалітай, якія ўваходзілі ў склад праваслаўнай Кіеўскай мітраполіі, асобнай у сваіх дзеяннях ад Маскоўскай мітраполіі, у тым ліку ў выбары правобразаў і кампазіцый архітэктурных збудаванняў. У адрозненне ад пяціглавых храмаў XVII-XVIII стст. на тэрыторыі Маскоўскай мітраполіі (дзе меншыя главы ставіліся над вугламі храма — па дыяганалі), у пяціглавых храмах Кіеўскай мітраполіі меншыя вежы ставіліся «па крыжу» — над уваходам, апсідай і двума бакавымі прыдзеламі, што з’яўляецца больш глыбокай традыцыяй, якая ўзыходіць да храмаў Грэцыі і Балкан [28, с. 257, 461].
План такіх пяцізрубных храмаў уяўляў сабой роўнаканечны ці блізкі да яго крыж. Пры параўнанні з вядомымі аналагамі цэркваў XVII-XVIII стст. з тэрыторыі былой Кіеўскай мітраполіі можна меркаваць, што чатыры меншых вежы-главы Ельскай царквы канца XVIII ст. кампазіцыйна павінны былі нагадваць паменшаныя і спрошчаныя варыянты цэнтральнага купала на барабане (які мае стрыманы, класіцыстычны характар, у параўнанні з яруснымі барочнымі вежамі храмаў XVII-XVIII стст.). Невядома, які памер мелі гэтыя чатыры незахаваныя меншыя вежы: па аналогіях яны маглі быць як дастаткова вялікімі, адкрытымі ў інтэр’ер храма, так і маленькімі, дэкаратыўнымі. Звяртае ўвагу характарыстыка, дадзеная гэтым вежам: «а чатыры навокал яе годна ўзносяцца».
Візітацыя 1777 г. таксама ўтрымлівае і апісанне званіцы пры царкве: «Званіца даўнейшая, у якой і зруб, і дах яшчэ ёсць добрыя. Званоў на ёй невялікіх тры, чацвёрты … вялікі і кляпала, алтарны — адзін» [24, арк. 49].
Па аналогіі з вядомымі драўлянымі званіцамі пры храмах у беларускай архітэктуры [3] гэтая званіца павінна была ўяўляць квадратны ў плане асобны будынак у два (радзей у тры) ярусы, крыты чатырохсхільным дахам, з ніжнімі паверхамі зрубнай канструкцыі і адкрытым верхнім (дзе былі званы) каркаснай канструкцыі, з частковай шалёўкай дошкамі.
Паводле візітацыі 1787 г., «званіцы новай няма, але яшчэ даўнейшая старая ўтрымліваецца, з боку царквы размешчаная, на якой званоў адпаведных тры, а чацвёрты меншы, у царкве алтарны — адзін» [24, арк. 225].
У 1793 г. у выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай, тэрыторыя сучаснага Ельскага раёна была далучана да Расійскай імперыі. Паступова пачаўся перавод былых уніяцкіх цэркваў у праваслаўныя. Гэтаму ў значнай меры садзейнічала і сама пазіцыя ўніяцкіх святароў, якія бачылі падтрымку новай адміністрацыяй Расійскай імперыі праваслаўных храмаў і святароў, у тым ліку і матэрыяльную.
Такім чынам, у 1795 г. ельская Троіцкая царква з уніяцтва была пераведзена ў праваслаўе. Традыцыйна лічыцца, што яна перададзена ў праваслаўе ў 1796 г., што пацвярджаюць і звесткі з кліравых ведамасцей за 1835, 1836 і іншыя пазнейшыя гады [10; 11]. Аднак у кліравых ведамасцях ранейшых гадоў (1811, 1815, 1819) называецца менавіта 1795 г., што больш праўдападобна, бо на той час было свежым успамінам [7-9].
Для аналізу гісторыі ельскага храма ў канцы XVIII – пачатку ХХ ст. карыснымі з’яўляюцца звесткі штогадовых кліравых ведамасцей, якія дасылаліся ў духоўную праваслаўную кансісторыю. Яны амаль ідэнтычныя, складаліся на аснове ведамасцей за папярэдні год, але змяшчалі ўсе новаўвядзенні, што адбываліся з прыходам і храмам за год, таму па іх дастаткова лёгка прасачыць гісторыю царквы.
Кліравыя ведамасці за 1796-1811 гг. характарызуюць будынак царквы так: «стоит в твёрдости», «деревянная крепкая», «починки не требующая» [5-7]. Гэта лагічна, бо царква была пабудавана нядаўна. Аднак кліравая ведамасць 1832 г. паведамляе: «… 2. Зданием деревянная ветхая, перестройки требующая; на таковую перестройку отпущено из казны ассигнациями 1000 руб.» [25].
У які год быў праведзены рамонт, высветліць не атрымалася, але ўжо ў кліравых ведамасцях за 1835 [10], 1836 [11], 1837 [26] гады адзначаецца, што царква «2. Зданием деревянная, с таковою ж колокольнею, крепка».
Нягледзячы на праведзены ў 1833-1834 гг. рамонт, за наступныя 70 гадоў будынак зноў прыйшоў у неналежны стан. Ведамасць за 1866 г. адзначае: «В церкви необходимо сделать починки следующие: 1.Сделать новый каменный фундамент; 2. Вновь покрыть; 3. Покрасить внутри и снаружи, 4. Сделать новый пол и 13-ть больших окон, также необходима новая ограда, 6-х. Колокольню необходимо сделать новую» [12]. Аналагічны пералік змешчаны і ў ведамасці за 1868 г. з дадаткам: «Обшить снаружи, покрасить внутри и снаружи» [13].
Кліравая ведамасць за 1870 г. зноў звяртаецца да стану храма: «В церкви необходимо сделать следующия починки: 1 -е. сделать новокаменный фундамент; 2-е. вновь покрыть; 3-е. ошить снаружи, покрасить внутри и снаружи, сделать новый пол и девять больших окон … 6-е. колокольню необходимо сделать новую» [14].
Верагодна, большасць пералічаных праблем храма была вырашана ў час рамонту ў 1871 г., пра што лаканічна сведчыць запіс у кліравай ведамасці за 1872 г.: «1. Церковь ельская построена иждивением помещика Казимира Оскерки, но в котором году, неизвестно. В 1871 году она возобновлена на приходския средства с пристройкою к ней колокольни в три яруса. 2. Здание ельской церкви а., покрыто железом б., внутри покрашена клеевою краскою, а снаружи масляною» [15]. Гэтыя ж звесткі даслоўна паўтораны ў кліравых ведамасцях за 1875 і 1879 гг. [16; 17]. Тое, што новая званіца была прыбудавана да царквы, азначае, што папярэдняя стаяла асобна. Верагодна, менавіта ў час капітальнага рамонту 1871 г. з даху храма былі знесены і чатыры малыя вежачкі-главы.
Дадатковыя звесткі пра рамонт адлюстраваны і ў кліравых ведамасцях наступных гадоў. Так, у 1893 г. адзначана, што ельская царква «2. Зданием деревянная с такою же колокольнею, пристроенною в 1871 году на средства прихожан и снаружи ошита шалёвкою. В стенах кроме колокольни и притвора ветха» [18].
Не да канца зразумелым застаецца пытанне, ці быў у час рамонту 1871 г. прыбудаваны прытвор, што значна павялічыла і падоўжыла ўваходную частку храма. Аднак у кліравых ведамасцях за 1893, 1896, 1897, 1899, 1902 і 1912 гг. [18-23] амаль нязменна паўтараецца фраза «церковь в стенах, кроме колокольни и притвора, ветха». Улічваючы, што асобная прыбудова прытвора раней за 1871 г. у дакументах не фіксуецца, відавочным з’яўляецца той факт, што прытвор і званіца маглі быць пабудаваны адначасова толькі ў час рамонту 1871 г. (малюнак 2)

Натурнае абследаванне інтэр’ера храма ў прытворнай частцы (паміж званіцай і васьмігранным зрубам асноўнага памяшкання), праведзенае аўтарам у верасні 2014 г., дазволіла выявіць мяжу-пераруб паміж дзвюма часткамі прытвора: у заходнім адгалінаванні крыжовага плана храма, на адлегласці 3 м ад цэнтральнага васьміграннага зруба, і каля 2,3 м ад дзвярэй прытвора. Мяжа вельмі выразная, што асабліва заўважна пры параўнанні ўжытага бруса: каля 30-35 см вышынёй у прылеглай да цэнтральнага зруба (цалкам складзенага з такога ж бруса), і 20-27 см вышынёй у частцы, прылеглай да прытвора і званіцы (таксама складзеных з бруса такой жа велічыні). Выяўлены пераруб сведчыць, што яго заходняя частка была ўзведзена разам са званіцай падчас рамонту 1871 г.
Астатнія тры канцы крыжовага плана храма (два прыдзелы і апсіда) маюць зрэзаныя (гранёныя) вуглы, а выяўлены астатак заходняга канца крыжа першапачатковага плана ў даўжыні (3 м) амаль роўны аналагічным сценам на прыдзелах і апсідзе (3,5-3,8 м). Таму відавочным з’яўляецца той факт, што і разабраная заходняя (уваходная) частка першапачаткова таксама мела зрэзаную канструкцыю вуглоў, ідэнтычную апсіднай і на прытворах, што ўласціва пяцізрубным пяціверхім храмам XVII-XVIII стст. пад юрысдыкцыяй Кіеўскай праваслаўнай мітраполіі на беларуска-ўкраінска- бранскім памежжы. Розніца ў даўжыні сцен стала вынікам пераробкі касога (на вугал 45°) першапачатковага злучэння (замка) зруба ў прамы разгорнуты (180°), дзеля чаго старое злучэнне было цалкам зрэзана і на яго месцы зроблена новае.
Адзінай крыніцай інфармацыі пра лёс храма ў ХХ ст. з’яўляюцца ўспаміны старажылаў горада Ельска. Так, пасля рэвалюцыі 1917 г. царква працавала да канца 1930-х гадоў. У час Вялікай Айчыннай вайны пры немцах яна зноў была адкрыта. У першыя гады пасля вайны святара ў храме не было, аднак ужо з 1950 г. пачалі праводзіцца службы.
У сучасны перыяд Троіцкая царква ў горадзе Ельску ўяўляе сабой драўляны храм, складзены з бруса на каменным (з цэглы і часткова бутавага каменю) падмурку, з планам у выглядзе падоўжанага крыжа, выцягнутага па лініі ўсход-захад. Найбольш старая, першапачатковая частка храма 1777 г. пабудовы — пяцізрубная, крыжова-купальнай кампазіцыі, складаецца з васьміграннай у плане малітоўнай залы з бакавымі пяціграннымі прыдзеламі, пяціграннай апсіды (да якой прымыкаюць дзве невялікія бакавыя рызніцы) і прамавугольнага прытвора. Цэнтральны васьмігранны зруб пераходзіць у масіўны светлавы барабан, накрыты паўсферычным купалам з макаўкай. Да першапачатковага прытвора з заходняга боку храма ў 1871 г. быў прыбудаваны дадатковы зруб новага прытвора (што значна падоўжыла ўваходную частку храма і дазволіла размясціць над ёй хоры) і трох’ярусная (васьмярык на двух чацверыках) шатровая званіца. Частка храма, узведзеная ў 1777 г., складзена з бруса вышынёй 30-35 см, званіца і частка прытвора 1871 г. — з драбнейшага бруса вышынёй 20-27 см.
Бакавыя прыдзелы і апсіда храма накрыты нізкімі двухсхільнымі дахамі з вальмамі на тарцах, прытвор паміж купалам і званіцай — невысокім двухсхільным дахам, званіца — высокім васьмігранным шатром. Дах на ўсім храме з белай бляхі. Для адводу дажджавой вады са сцен і дадатковай абароны каменны падмурак па перыметры абшыты дошкамі, накшталт невялікай прызбы, якая зрокава на ўзроўні зямлі ўраўнаважвае масіўнасць карніза ўверсе. Сцены будынка (акрамя трох ярусаў званіцы) плоскасна вертыкальна ашаляваны і зверху заканчваюцца шырокім плоскім фрызам, які пераходзіць у далёка аднесены ад сцяны прафіляваны карніз-падстрэшыну.
Ужыванне барочнай стылістыкі ў драўлянай вясковай царкве сведчыць аб працы архітэктара з еўрапейскай адукацыяй, які зрабіў для фундатара М. К. Аскеркі праект дадзенага храма.
Аналіз афармлення вокнаў і іх размяшчэння на асноўнай частцы храма, паводле архіўных дакументаў, дазваляе зрабіць рэканструкцыю іх найбольш верагоднага размяшчэння. Пры гэтым тры невялікія васьмігранныя акна на тарцах апсіды і бакавых прыдзелаў (маюць шматлікія аналогіі ў храмах XVII-XVIII стст. Беларусі і Украіны), а таксама чатыры акна на светлавым барабане купала (сіметрычныя вокнам на сценах) з’яўляюцца найбольш старымі, першапачатковымі, зробленымі яшчэ ў час будаўніцтва храма ў 1777 г.
Такім чынам, праведзенае даследаванне дазваляе з апорай на крыніцы і аналогіі з вялікай доляй верагоднасці рэканструяваць першапачатковы выгляд Троіцкай царквы ў горадзе Ельску, адпаведны часу ўзвядзення (1777) і згублены за час існавання храма (малюнак 3).

Літаратура
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гомельская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. — Мінск: БелСЭ, 1985. — 384 с.
- Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. — Мінск: БелЭн, 2001. — 328 с.
- Лакотка, А. І. Драўлянае сакральна-манументальнае дойлідства Беларусі / А. І. Лакотка. — Мінск: Беларусь, 2003. — 224 с.
- Морозов, В. Ф. История архитектуры Беларуси. Эпоха классицизма: учебное пособие / В. Ф. Морозов. — Минск: БНТУ, 2006. — 152 с.
- Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). — Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40393.
- НГАБ. — Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40421.
- НГАБ. — Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40476.
- НГАБ. — Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40501.
- НГАБ. — Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40532.
- НГАБ. — Ф. 136. Воп. 1. Спр.
- НГАБ. — Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40637.
- НГАБ. — Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40877.
- НГАБ. — Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40892.
- НГАБ. — Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40909.
- НГАБ. — Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40924.
- НГАБ. — Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40938.
- НГАБ. — Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40963.
- НГАБ. — Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41062.
- НГАБ. — Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41084.
- НГАБ. — Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41092.
- НГАБ. — Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41108.
- НГАБ. — Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41133.
- НГАБ. — Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41150.
- НГАБ. — Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41240.
- НГАБ. — Ф. 878. Воп. 1. Спр. 3.
- НГАБ. — Ф. 878. Воп. 1. Спр. 5.
- Свод памятников архитектуры и монументального искусства России. Брянская область / редкол.: В. П. Выголов [и др.]. — М.: Наука, 1998. — 640 с.
- Слюнькова, И. Н. Храмы и монастыри Беларуси ХІХ века в составе Российской империи. Пересоздание наследия / И. Н. Слюнькова. — М.: ПрогрессТрадиция, 2010. — 616 с.
- Юрченко, П. Г. Дерев’яна архітектура України / П. Г. Юрченко. — Київ: Будівельник, 1970. — 192 с.
Аўтар: Я.Р. Малікаў
Крыніца: Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Вып. 22 / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А.І. Лакотка. — Мінск: Права і эканоміка, 2017. – С. 98-104.