Трохі вершаў, трохі песень і што-кольвек пра сучасную літаратуру або як Хадановіч у Гомель завітаў

0
1277

У мінулую суботу кожны ахвотны ў горадзе над Сожам мог прыйсці на адмысловую сустрэчу, якую зладзіла ГМКГА “Талака”са слынным беларускім паэтам – Андрэем Хадановічам.

Арганізатары паставілі перад паэтам нетрывіяльныя пытанні, адказы на якія ён шукаў разам з наведвальнікамі імпрэзы. Апроч гэтага Хадановіч паспеў падзяліцца з публікай сваімі свежымі, парыжскімі, вершамі, песнямі ды думкамі.

Тэма сустрэчы была заяўлена наступная: “Беларуская літаратура ХХІ стагоддзя: філасофскія і паэтычныя развагі Андрэя Хадановіча”. Але перш чым прыступіць да “філасофскіх і паэтычных разваг”, літаратар адзначае:

– Я не маю ніякага дачынення да тых тэзісаў, што былі вывешаны ў рэкламе мерапрыемства (спадар Хадановіч мае на ўвазе заяўленыя арганізатарамі пытанні, што будуць разглядацца падчас сустрэчы: “Сучасная беларуская літаратура – міф або рэальнасць? Хто вяршыць зараз лёс нашай літаратурнай будучыні…?” і г. д. – аўт.). Мне б праз горла ніколі б не прайшло пафаснае словазлучэнне “хто вяршыць лёсы”…

Аднак па магчымасці асвятліць згаданыя пытанні, так бы мовіць, “выканаць замовы” Андрэй Хадановіч паабяцаў.

Літаратар ніколі не выкладаў беларускую літаратуру як універсітэцкі выкладчык і сучасную літаратуру – як даследчык. Яго спецыялізацыя – французская літаратура XVII-XIX стагоддзяў:

– Мне шчыра шкада і ў той жа час весела назіраць, як паэты адначасова выступаюць і ў іпастасі выкладчыка літаратуры: ён размаўляе пра сваё пакаленне, аналізуе свае творы…

Можа, таму развагі спадара Хадановіча пра белліт 21 стагоддзя былі такімі жывымі, непасрэднымі, неакадэмічнымі і не перагрувашчанымі разнастайнымі клішэ і тэрміналогіяй.

Маральна састарэлае эсэ

Андрэй Хадановіч папярэджвае: сустрэча будзе праходзіць у эсэістычным жанры. З думкамі, якія выказвае гомельскі госць, згаджацца, можна спрачацца, можна лічыць за правакацыю і шмат чаго яшчэ.

А потым аўтар зачытвае ўласнае эсэ пад назвай “Гандлёўцы паветрам”. Яно аб тым, што беларускія літаратары, не маючы пляцовак для друку сваіх твораў і гандлю імі, сталі ўрэшце рэшт гандляваць паветрам: вусным чытаным ці спяваным словам, якое гучыць на імпрэзах, вечарынах, пленэрах… З гэтым звязана і ўся спецыфіка сённяшняй літаратуры і – асабліва – паэзіі.

Андрэй Хадановіч параўноўвае сённяшнюю камунікацыю паміж аўтарам і чытачом з галубінай поштай. Аднак ён прызнае, што тэкст эсэ маральна састарэў яшчэ пару гадоў таму: у ім не бярэцца пад увагу фактар інтэрнэту. Беларускія творцы былі прывязаныя да стыхіі вуснага выступу, бо абставіны не давалі іншага шансу. Інтэрнэт здымае шматлікія тэхнічныя праблемы вусных выступаў. А вось лёс яго бачыцца дваіста:

– Інтэрнэт будзе альбо апошняй свабоднай тэрыторыяй амаль для ўсіх, альбо спрацуе нейкі кітайскі ці паўночна-карэйскі варыянт цэнзуры.

Развагі

Так плаўна Андрэй Хадановіч пераходзіць ад эсэ да вусных разваг, у першую чаргу – над тэмай “Літаратура і інтэрнэт”. Не застаецца па-за ўвагай тэндэнцыя “змагання з вялікай колькасцю літар”:

Людзі чытаюць усё менш і менш літар. Але ўсё больш любяць фотаздымкі якіх-небудзь коцікаў, напрыклад. Сённяшняя беларуская літаратура патрабуе навігатара. Гэткага (паводле Таркоўскага) сталкера, які водзіць па месцах, якія інакш проста не ўсплываюць на паверхню. Тое ж самае будзе і з жывапісам, і з музыкай.

Пры гэтым паэты знаходзяцца ў больш выгодным становішчы, чым празаікі – закладнікі рынку.

Дасталося і айчынным кнігарням:

– Помніце, дыпламаты жартавалі: беларуская мова служыць не дзеля таго, каб перадаваць думкі, а дзеля таго, каб іх утойваць? Беларускія дзяржаўныя кнігарні служаць не дзеля таго, каб знаёміць чытача з актуальнай літаратурай, а дзеля таго, каб яго дэзарыентаваць.

Развагі спадара Хадановіча досыць сумбурныя. Ён пераходзіць з тэмы кнігарняў на тэму тэлебачання “чорных спісаў”, а з яе – на тэму недзяржаўных часопісаў і нешматлікіх выдавецтваў, што ўжо “страшна абарзелі” ад адсутнасці сур’ёзнай канкурэнцыі, на тэму аўтарскага права і сумленнасці рэдактараў. Паэт па-троху націскае на шматлікія не толькі літаратурныя балючыя кропкі, але і грамадска-палітычныя.

Для разбурэння стэрэатыпу “беларуская літаратура – мёртвая літаратура”, Андрэй Хадановіч раіць пазнаёміцца з праектам “Літрадыё”. Гэта прастора ў інтэрнэце, на якой разам з тэкстамі можна паслухаць непаўторныя галасы аўтараў. У самога спадара Хадановіча са стэрэатыпнасцю ў белліце звязана смешная гісторыя.

– Маёй сваячцы – завучу ў школе – адзін хлопчык прынёс на ўрок пазакласнага чытання маю кнігу лімерыкаў. Прачытаў некалькі вершаў на памяць. Аднакласнікі пахіхікалі, аднакласніцы пачырванелі – усё як мае быць. А потым настаўніца пытае: “А што вы ведаеце пра асобу аўтара?”. І чуе адказ: “Яго ж, здаецца, у 37-м расстралялі”.

Увогуле, Андрэй Хадановіч – выдатны піяршчык. Ён не толькі дзеліцца з гамельчукамі развагамі, але і прасоўвае дзейныя праекты маладой літаратуры, аўдыёкнігі, што прывёз з сабой , і нават малюнак на яго майцы – не проста малюнак, а рэклама кнігі.

Ад інтэлектуальнага да забаўляльнага

Надыходзіць час адысці ад філасофскіх разваг. Хадановіч пачынае чытаць вершы, сярод якіх знайшлося месца і свежанапісаным. У Гомель паэт завітаў пасля паездкі ў Парыж па літаратурных справах, і гэты ваяж натхніў яго на новыя вершы. Пры гэтым ён застаецца ўсё такім жа неўтаймоўным у сваёй весялосці, сцёбе ды цытаванні добра знаёмых нам твораў (“Брыдкае качаня”, “Кот у ботах”, “Дзюймовачка”), аднак на гэты раз натхняецца парыжскім паветрам.

У нейкі момант з’яўляецца джа-тэматыка (“Шчыгрынавая траўка”), што перацякае з літаратурнай у вакальна-інструментальную частку (пераробленая паэтам “Песня пра зайцоў”).

Калі ж разам са свежанапісаным скончыліся і песні, у душнай канферэнц-зале засталіся самыя трывалыя для працягнення гутаркі з паэтам асабіста. Хоць на сустрэчу не сабралося і пяцідзесяці чалавек, старшыня ГМКГА “Талака” і арганізатар сустрэчы Яўген Меркіс, не разгублены:

– Народу прыйшло дастаткова, падобныя мерапрыемствы і мусяць быць элітарнымі і таму ніколі не будуць звышнаведвальнымі. Народ быў адукаваны, а гэта галоўнае: людзям з мазгамі, мяркую, мы шмат чаго далі. Да таго ж вельмі пацешыла тое, што прыйшло шмат новых людзей. Гэта – асабліва добрая тэндэнцыя

Аднак ці спраўдзіліся чаканні ад сустрэчы ў наведвальнікаў? Уражаннямі падзялілася студэнтка філалагічнага факультэта Ксенія Барысава:

– Чакала бурнай гутаркі па пытаннях аб сучаснай беларускай літаратуры ад усіх яе удзельникаў. Але форма, у якой сустрэча была праведзена, была больш… тэатральная. Магчыма, прысутныя не асабліва жадалі выказвацца, было жаданне проста паслухаць Хадановіча. А паслухаць, як успрымаецца сённяшні літаратурны дзень менавіта тым, хто прымае ўдзел у яго стварэнні, сапраўды было цікава.

Аўтар: Валянціна Міронава

Фатаздымкі: Марыся Тульжанкова