Трэці дзень вяселля ў лексіцы гаворак Гомельшчыны

0
107
Трэці дзень вяселле ў лексіцы гаворак Гомельшчыны

Вяселле з’яўляецца адметным мерапрыемствам у жыцці чалавека. Духоўна, матэрыяльна і фізічна пасля вяселля людзі спрадвеку мянялі свой стан і жыццё. Юнацтва змянялася сталасцю, гарэзлівасць — адказнасцю, летуценнасць — мудрасцю. Відавочна таму вяселле ў кожнага народа суправаджалася разнастайнымі рытуаламі, дзеяннямі і працэсамі, як ніводная іншая падзея каляндарнага ці абрадавага цыклу.

He сталі выключэннем у гэтых адносінах і славяне. Заўжды своеасаблівым было вяселле ва ўсходніх славян. У беларускім, рускім і ўкраінскім вяселлі можна вызначыць агульныя і адметныя рысы, большасць з якіх мае старажытнае магічна-рытуальнае паходжанне, абумоўлена даўнімі язычніцкімі і пазнейшымі хрысціянскімі вераваннямі ўсходніх славян і так ці інакш фарміравалася і мянялася пад уплывам роўных аб’ектыўных гістарычна-сацыяльных абставін.

Гомельская вобласць мае незвычайнае геаграфічнае становішча на памежжы тэрытарыяльнага існавання ўсходніх славян. Такія ўмовы паспрыялі аб’яднанаму захаванню ў духоўнай спадчыне Гомельшчыны шматлікіх элементаў, характэрных для традыцый кожнага з усходнеславянскіх народаў. У першую чаргу разнастайныя ўплывы адзначаюцца ў вясельнай абраднасці Гомельскага рэгіёна. Лексіка вясельнай абраднасці Гомеля і вобласці з’яўляецца вельмі цікавай для лінгвістычнага даследавання. Мэтазгодна звярнуць увагу на лексіку гаворак рэгіёна, якія з’яўляюцца сапраўднай скарбніцай грамадскай свядомасці шматлікіх пакаленняў нашых продкаў.

Мэтай артыкула з’яўляецца даследаванне семантычных, структурных і генетычных адметнасцей лексікі, якая выкарыстоўваецца ў гаворках Гомельскага рэгіёна на заключных этапах вясельнай абраднасці.

Значнасць вясельнай абраднасці ў жыцці чалавека паўплывала на тое, што гэты абрад, як правіла, праводзіўся на працягу некалькіх дзён (а калі ўлічваць сватанне, то і тыдняў). На кожны дзень менавіта вяселля прызначаліся пэўныя дзеянні і адпаведныя паводзіны. А ў мове захоўваліся адметныя найменні кожнага з іх.

Асаблівасцю вяселля Гомельскага рэгіёна з’яўляецца трэці дзень вяселля. Трэці дзень быў адназначна самым вясёлым этапам вясельнага свята. Ужо закончыліся ўсе афіцыйныя цырымоніі рэгістравання новай сям’і (і дзяржаўныя, і рэлігійныя), ужо бацькі і госці сказалі добрыя словы ў пажаданне дабрабыту маладым, і вось тады пачынаецца весялосць для гасцей.

Часта трэці дзень вяселля прыпадаў на аўторак, таму што звычайна вяселле ў старыя часы пачыналася з нядзелі: Трэці дзень вяселля — апошні дзень вяселля, звычайна аўторак. “Ва аўторак ужо ходзяць па хатах тых, хто быў на вяселлі, ловяць курэй” [1, с. 247].

Гаворкі Гомелыпчыны захоўваюць адметныя назвы абрадаў трэцяга дня вяселля. Часта сустракаецца найменне банкеты:

Банкеты — гулянне ў гасцей з вяселля на наступныя дні пасля вяселля: на другі дзень… вяселле працягвалася ўжо не ў хаце маладой і маладога. Усе госці ішлі да хаты хросных бацькоў. Пачаставаўшыся ў іх, ішлі да наступных, хто быў на вяселлі… Таму банкет мог працягвацца яшчэ цэлы тыдзень [2, с. 107];

А на трэці дзень ужэ, на чацвёрты, на пяты з мае стараны (напрымер, я — нявеста) ўжэ сабіраюцца і гаворуць: “Я банкет правяду”. I тыя гавораць: “I я правяду” (в. Старое Сяло) [3].

Слова банкет мае яскравае заходнееўрапейскае паходжанне. Усходнеславянскімі мовамі лексема была запазычана з французскай мовы: banquet ‘урачысты абед з удзелам навуковых, грамадскіх, палітычных дзеячаў, які суправаджаецца прамовамі’ [4, с. 89]. Галіцызм замацаваўся ў лексіцы гаворак у выніку пераносу назвы з’явы па падабенству. Слова набыло пэўную стылістычную афарбоўку: іранічнасць і гумар пры метафарызацыі надалі найменню станоўчую ацэначнасць.

На Гомельшчыне вясельныя банкеты хутчэй за ўсё водзяць:

А раней — о, былі свадзібы. Па недзелі гулялі! Банкеты вадзілі (в. Старое Сяло);

Пасля вяселля банкеты вадзілі. Як улетку свадзьба, дык маладых вядуць да калодзежа, вадой паабліваюць. А зімой каталі на санках [5, с. 286].

Разам з тым сустракаюцца і спалучэнні іншых дзеясловаў з найменнем банкет. Так, банкеты маглі дзелаць і сабіраць:

Сколькі ў каго было родзічаў, яны дзелалі банкеты пасля свадзьбы. Не ўсе, хто быў на свадзьбе, гуляюць, ну прымерна, у таго саседа, патом у таго. Будуць там пяць ці шэсць чалавек, гуляюць усёўрэмя (д. Хальч);

Пасля свадзьбы былі банкеты. Родственнікі ў канцы свадзьбы дагаворваюцца, калі банкеты сабіраць. Ад кожнай пары з гасцей навінна быць літра. У гэта васкрасенне мы вас пасадзілі за стол, ў наступнае васкрасенне — вы нас [2, с. 134].

Адзначым таксама, што традыцыі Гомельскай вобласці захавалі банкеты нявесціны і банкеты жаніховы:

На трэцці дзень збіраюць банкеты родзічы водзяць, сразу нівесціны, патом жаніховы (с. Старое Сяло);

Жаніховы — раство — банкеты водзяць, і нявесціны банкеты. От адні атводзяць нядзелю, а тады тыя нядзелю (д. Старое Село).

Як паказваюць прыклады, банкеты завяршалі вяселле. Банкеты маглі быць і на другі, і на трэці, і на чацвёрты дні, і нават працягвацца адзін-два тыдні. Такія доўгатэрміновыя святы мелі на мэце замацаваць добрае, радаснае, шчаслівае жыццё новай маладой сям’і як мага на болыпы тэрмін. А таксама гэтыя абрады выражалі патрэбнасць людзей у пэўным відовішчы дзеля разнастайнасці іх цяжкага будзённага жыцця. Такія самыя прычыны ляжаць у аснове з’яўлення яшчэ аднаго “мерапрыемства”, якое звычайна праводзілася менавіта на трэці дзень вяселля. Прыгадаем вясельныя абрады трэцяга дня, звязаныя з своеасаблівымі пагулянкамі са свойскай птушкай:

На наступны (трэці) дзень мужчыны, якія былі на вяселлі, убівалі па пятуху ці па куры, што пад руку пападаюцца, і прыходзілі. Тады гатавалі з кураціны галушкі і вечар гулялі. Так заканчвалася вяселле [6, с. 116]. Магчыма, абрад захаваўся яшчэ з даўніх часоў язычніцтва і політэізму, калі старажытныя народы ахвярапрынашэннем “задобрывалі” паганскіх багоў.

Падобныя абрадавыя дзеянні звычайна мелі асобныя спецыфічныя найменні. У некаторых мясцовасцях такі звычай называўся адным словам паводле наймення “галоўнай ахвяры”: куры — этап вяселля, калі смаляць курэй, звычайна апошні этап:

Трэці дзень — “куры ”. “Куры” таму, што звычайна надстаўныя маладыя пераапранаюцца, бяруць з сабой “цыган ”, ходзяць на дварах — крадуць курэй. Увечары з гэтых курэй вараць суп [6, с. 122];

Курэй — эта напаследак ужэ, банкет паследній у каго (в. Старое Сяло).

Суетракаецца суфіксальнае ўтварэнне ад гэтага самага кораня:

На трэці дзень была курыца. Выбіралі 2-3 чалавека, яны хадзілі па дварах і сабіралі курэй, а потым варылі суп і елі [5, с. 228].

Гомельскія гаворкі захавалі разнастайныя назвы-словазлучэнні гэтага жартаўлівага дзеяння. Часцей фіксуюцца двухслоўныя найменні-вербоіды:

Трэці дзень называўся “драць куру” (в. Івакі);

На трэці дзень дралі курэй. Перапраналіся хто ў што і шлі на вёсцы. Чыю курыцу забаяць, забівалі. Шлі дамоў і варылі яе (в. Гарошкаў);

На третій день сабіралі кур: вот те, кто на свадьбе был, с деревні все, хаділі па дварам, сабіралі курэй, тіх курэй засекалі. Скублі іх. Варылі і потом на третій день сабіралісь гуляць. Гаворілі так, што нівеста накідает радітельскае кубло іуходіт жыть к жыніху (в. Хальч).

У выпадку наймення падобнага абраду дзеяслоўным словазлучэннем ужываўся дзеяслоў, што абазначаў дзеянні ўдзельнікаў:

лавіць курэй: Ва аўторак ужо ходзяць па хатах тых, хто быў на вяселлі, ловяць курэй [1, с. 247]; Курэй лавілі, прывязвалі за нагу ўніз галавой. Параць іх, скубуць. У каструлю клалі тое мяса, прыправу і вараць. А тады іядзяць. Усю нядзелю гулялі калісь (в. Заспа);

красці курэй: Пасля вяселля, раніцай у панядзелак, госці ходзяць на дварам, крадуць курэй. Тады іх вараць, ставяць на стол [7, с. 163]; Трэці дзень — “куры ”. “Куры” таму, што звычайна падстаўныя маладыя пераапранаюцца, бяруць з сабой “цыган ”, ходзяць на дварах — крадуць курэй. Увечары з гэтых курэй вараць суп [6, с. 122];

круціць курэй: Старых надзяюць маладой. I ідуць ужэ, пяюць, курэй круцяць, што толькі не выдумляюць (в. Гарошкаў).

Для наймення абраду выкарыстоўваўся і аддзеяслоўны назоўнік:

На трэці дзень было прыгатаванне курэй. На ўсёй дзярэўні ў тьіх людзей, што булі на свадзьбе [1, с. 233].

Гэты вясельны абрад на Гомелыпчыне фіксуецца і з іншымі назвамі, словамі, утворанымі ад інтттых каранёў. Сустракаецца, напрыклад, лексема карэнне:

Апошні дзень вяселля — карэнне. Усе госці збіраліся ў маладой. Пасярод двору ў маладой раскладвалі вогнішча, ставілі чугун. Пераапранутыя госці лавілі курыцу, абдзіралі яе ў чугуне. Пер ’е жанчыны кідалі на голавы мужчынам [2, с. 107].

Хаця лексема на першы погляд не з’яўляецца роднаснай словам кура, курыца і не звязана з коранем кур-, хутчэй за ўсё найменне з’явілася ў выніку блытаніны паводле блізкага гучання паміж назоўнікамі-паронімамі куры — курэнне — карэнне. Указаная лексема часам ужываецца ў словазлучэнні з тымі самымі дзеясловамі, што і словаформы куры, курэй:

Канчаецца свадзьба — карэнне драць. Надзяю штаны, надзяю лапці, дзелаю сабе горб на плячах, бараду прышчаплю, шанку выварочваю і пайшла курэй лавіць [5, с. 234].

Неабходна ўспомніць таксама іншыя найменні абраду, якія адбываліся на трэці дзень вяселля (дакладней — на апошні дзень):

галоўні: Галоўні — трэці дзень вяселля, калі збіраюць курэй у людзей, якія ўдзельнічалі ў вяселлі [1, с. 243]. Відавочна этымалагічная сувязь назвы з лексемай галава. Паходжанне наймення здаецца верагодным шукаць у вытворнасці ад старажытнарускага голованшті ‘рубіць галаву жывёле ці птушцы, напрыклад, індычцы’ [8, с. 368];

пята: Два дні гулялі свадзьбу, на трэці дзень — Пята. На трэці дзень ета самае. Чудовішчэ. Ужо перадзяемся. Напрымер, паймаюць пеўня, а не, так і два. У нявесты адно есці і ў жаніха. Яшчэ й гарэлкай наілі етага пятуха. Красны бант сюды на ікшыцы завяжуць. Убяруць ужо пятуха тога. I за аборачку ўжо зачэпіш [5, с. 242]. Найменне паходзіць ад назвы пеўня, што захавалася ў рускай мове — петух. Такая сувязь адлюстроўвае міжмоўнае ўзаемадзеянне, што адзначаецца ў гаворках Гомелыпчыны ў выніку цэнтральнага месцазнаходжання паміж іншымі ўсходнеславянскімі гаворкамі.

Спецыфічным найменнем у вясельнай лексіцы Гомельскага рэгіёна з’яўляецца лексема пярэзвьі. Слова ўжываецца і ў форме адзіночнага, і ў форме множнага ліку:

Перазоў, -у, м., пярэзвы. Вясельны абрад: бацькі маладой пасля першай вясельнай ночы ідуць гасцяваць у хату бацькоў жаніха. “Розсунь, свату, хату, бо велікій перезов маю ” [9, с. 234];

У гэты дзень вадзілі “пярэзвы”: збіраліся радня маладога і маладой і паасобку хадзілі да сваёй радні з хаты ў хаты. Бралі курыцу і няслі яе ў край сяла, з песнямі. Там гэту курыцу скублі, смалілі (в. Івакі);

Пярэзвы — абрад, які выконваўся на чацвёрты дзень вяселля. “Кросны запрашае да сябе, потым кросная запрашае да сябе. На пярэзвы смаляць курэй і носяць іх на налках, што нявеста чэсная” [10, с. 247];

Пасля свадзьбы, у нядзелю, родственнікі жаніха назначылі час, калі да іх далжны былі прыйсці самыя блізкія родственнікі для гульніў пярэзвы. У іх гулялі, то ў свата, то ў сястры на працягу двух нядзель. На гэтую гульню аддзяваліся ў розныя плацці для смеху. Так завяршаецца свадзьба [11, с. 179];

Даждаўшы наступнай суботы пасля вяселля бацькі маладой звалі дачку з зяцем і са сватамі к сабе ў госці… А яшчэ цераз нядзелю, таксамаў суботу, ужо бацькі маладога рабілі пярэзвы. I на гэтым ужо вяселле заканчваецца [2, с. 43].

Як сведчаць прыклады, пярэзвы праводзіліся на трэці ці чацвёрты дні вяселля. У выпадку, калі святкаванне вяселля працягвалася тыдзень або два, пярэзвы адбываліся ў выхадныя дні праз тыдзень пасля вяселля. Але ўсе звесткі аднолькавыя ў тым, што пярэзвы з’яўляюцца заключным этапам вясельнай абраднасці. Найменне вызначаецца цікавым паходжаннем. Лексема ўзыходзіць ад дзеяслова зьваты ‘клікаць, запрашаць’. Госці, блізкія родзічы маладых, запрошаныя на вяселле, у сваю чаргу запрашалі (зноў запрашалі, перазапрашалі) гаспадароў вяселля да сябе.

Яшчэ адным адметным дзеяннем, якое суправаджала вяселле на Гомелыпчыне, было пераапрананне. Гэтыя мерапрыемства таксама звычайна праводзіліся напрыканцы вяселля, у апошні, трэці ці чацвёрты, дзень свята і суправаджала абрад з курамі:

Увечары ўсе збіраюцца, і вяселле працягваецца. Некаторыя людзі задзелываюцца нагана: жэншчына ў мужчыну, мужчына ў жэншчыну, нрыходзяць летам на каньках, зімой — босыя, каб смешна было [1, с. 243];

На трэці дзень дралі курэй. Перапраналіся хто ў што і шлі па вёсцы. Чыю курыцу забаяць, забівалі. Шлі дамоў і варылі яе (в. Гарошкаў).

Абрад пераапранання захаваўся пад назвай цыганы. Такое найменне, відаць, абумоўлена тым, што апраналіся ў што-небудзь яркае, бліскучае, “каб смешна было”, а такія асаблівасці вопраткі і спецыфіка адзення народнай традыцыяй прыпісваецца менавіта прадстаўнікам гэтай нацыянальнасці, як, дарэчы, і “схільнасць” да крадзяжоў:

Цыганы — абрад пераапранання ў цыган. Адзначаўся на другі дзень вяселля. “Пераапраналіся ў цыган. Мужыкі пераапраналіся ў жаночую вопратку, а жанчыны — у мужчынскую. Хадзілі на хатах, кралі курэй, збіралі яду. Было такое, што залязалі на стол, кралі ў нявесты туфелькі, прыходзілася жаніху дарыць падаркі цыганам, каб выкупіць туфелькі” [10, с. 192].

Як і ў папярэдніх выпадках, гаворкі адлюстроўваць найменне абраду праз словазлучэнне пераапранацца ў цыган, хадзіць у цыганы:

На трэці дзень “хадзілі ў цыганы ”. Жэншчыны паадзяюцца ў мужское, а мужчыны — у жэнскае, паўмазваюцца, паўкрасваюцца. I вот, ідуць на дзярэўне. Ідуць, дзе бяжыць курыца, яны тую курыцу “хлоп!”, да ўб’юць яе, да ў торбу. Прыташчылі етае к маладому ці к маладой. I гэтае зноў гатавалі [6, с. 121].

Звернем увагу на той факт, што ўказаныя абрады адбываліся ўсе разам, адначасова, суправаджалі адзін аднаго:

Трэці дзень — “куры”. “Куры” таму, што звычайна падстаўныя маладыя пераапранаюцца, бяруць з сабой “цыган ”, ходзяць на дварах — крадуць курэй. Увечары з гэтых курэй вараць суп [6, с. 122].

На трэці дзень вяселля не толькі звярталі ўвагу на курэй або пераапраналіся. Таксама ўспаміналі аб тым, што пасля вяселля ў маладой сям’і трэба чакаць папаўнення, дзіця, а для гэтага неабходна маладой мець здароўе і перш за ўсё моцны жывот. Адсюль — яшчэ адзін звычай трэцяга дня, звязаны з посудам:

На трэцці дзень на вуліцы ідуць, пярадзяюцца: у штаны бабы, усякае! А калісь, як намыюць пасуду — кушыны, на забор павешаюць. Шчас нік-нік-нік. Кушыны вісяць! Шчас пойдуць, нівесту схвацяць і на жываце кушыны тыя лупяць, каб крэпкі жывот быў. Ваду, хто нісе, паразліваюць. Старых парадзіваліўмаладых (в. Старое Сяло);

Парадзяюцца: бабы, і старэйшыя, і ўсякія і ў шуткі выварачуюць, і штаны бабы надзяюць як мужчыны, і картузы: ідуць. Гармоні іграюць, песні пяюць, танцуюць. Людзі ўжо: “Ладна. Банкеты ж водзяці!” Кушыны на заборы вісяць, а то не паспееш убраць — кушыны палкай. I нявесту за рукі, за ногі, распластаюць і на жываце кушыны лупяць, шоб жывот быў крэпкі. Красіва тады гулялі (в. Старое Сяло).

Заўважым, што для назвы гэтага абраду ў гаворках Гомелыпчыны выкарыстоўваецца лексема кушьін, што з’яўляецца фанетычным варыянтам слова рускай мовы кувшын ‘збан’.

Разгледжаная лексіка трэцяга дня вясельнай абраднасці Гомельскага рэгіёна сведчыць аб старажытнасці найменняў, як і адпаведных дзеянняў. Гэтыя абрады ў сваёй аснове маюць сувязь са старажытнымі магічнымі рытуаламі. Апошнія дні вяселля адрозніваліся болыпай весялосцю, смяшлівасцю. Стомленыя штодзённай цяжкай працай і ўзбуджаныя нервовасцю падрыхтоўкі да вяселля ў трэці ці нават чацвёрты дзень і гаспадары, і госці імкнуліся зрабіць сапраўдныя пагулянкі.

Лексіка гэтых абрадаў уяўляе сабой адметную моўную з’яву. Па структуры гэта адзінкавыя найменні (курьі, пята, цыганы) або дзеяслоўныя словазлучэнні (драць курэй, куўшьіны лупіць). Назоўнікавыя словазлучэнні фіксуюцца ў адзінкавым выпадках (прыгатаванне курэй). Большасць даследаваных назваў мае яскравае паходжанне ад старажытнарускіх каранёў. Лексіка, што адзначаецца ў Гомельскіх гаворках у вясельных абрадах трэцяга дня, нясе на сабе адбітак міжмоўнага (у большасці беларуска-рускага) узаемадзеяння, уласцівага гаворкам Гомельшчыны.

Літаратура

  1. Лоеўшчына. Бэзавы рай, песенны край: сучасны стан традыцыйнай культуры Лоеўшчыны / уклад. В.С. Новак. — Гомель: Сож, 2007. — 472 с.
  2. Вяселле на Гомельшчыне: фальклорна-этнаграфічны зборнік / рэд. І.Ф. Штэйнер, В.С. Новак. — Мінск: ЛМФ “Нёман”, 2003. — 472 с.
  3. Прыводзіцца фактычны матэрыял картатэкі лінгвістычнай лабараторыі кафедры беларускай мовы УА “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны” з указаннем у дужках лакалізацыі. Ілюстрацыі прыводзяцца з захаваннем фанетычных і граматычных адметнасцей мясцовага вымаўлення.
  4. Словарь нностранных слов / под ред. Н.В. Лёхпна, Ф.Н. Петрова. — М.: Государственное нздательство пностранных н нацнональных словарей, 1949. — 800 с.
  5. Вечнае: Фальклорна-этнаграфічная спадчына Веткаўскага раёна / уклад. І.Ф. Штэйнер, В.С. Новак. — Гомель: УА “ГДУ імя Ф. Скарыны”, 2003. — 362 с.
  6. Народная духоўная культура Брагіншчыны: фальклорна-этнаграфічны зборнік / склад. В.С. Новак, У.І. Коваль. — Гомель: Белдрук, 2007. — 240 с.
  7. Фальклорна-этнаграфічная і літаратурная спадчына Рэчыцкага раёна / уклад. І.Ф. Штэйнер, В.С. Новак. — Мінск: ЛМФ “Нёман”, 2002. — 384 с.
  8. Даль, В.И. Толковый словарь живого великорусского языка: в 4 т. / В.И. Даль. Т. 1: А-З. — М.: Русский язык, 1978. — 699 с.
  9. Фальклорны слоўнік Гомельшчыны / У.В. Анічэнка [і інш.]. — Гомель: УА “ГДУ імя Ф. Скарыны”, 2003. — 346 с.
  10. Жаўруковая песня Радзімы: народныя духоўныя скарбы Буда-Кашалёўскага краю / пад аг. рэд. В.С. Новак. — Гомель: Сож, 2008. — 424 с.
  11. Народная духоўная спадчына Гомельскага раёна / уклад. В.С. Новак. — Гомель: ААТ “Полеспечать”, 2007. — 456 с.


Аўтар:
K.Л. Хазанава
Крыніца: Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины, №1 (70), 2012.