Традыцыя аброчных дзён у Гомельскім раёне ў другой палове XX стагоддзя

0
537
традыцыя аброчных дзён і аброк ці оброк

Важнай і неад’емнай часткай культуры беларускага народа з’яўляюцца хрысціянскія святочныя традыцыі. Менавіта праз іх адбывалася трансляцыя праваслаўнай культуры. Святы і абрады праваслаўнага календара за значны перыяд свайго існавання на беларускіх землях набылі не толькі яскрава выражаныя агульныя для хрысціянства рысы, але і шэраг рэгіянальных асаблівасцей. Адной з лакальных праяў праваслаўных традыцый з’яўляюцца аброчныя дні і святы, якія мелі важнае значэнне ў жыцці таго ці іншага населенага пункта.

Ступень захаванасці лакальных святочных традыцый залежыць не толькі ад носьбітаў і пераемнікаў традыцыйнай народнай культуры, але і ад тых гістарычных умоў, у якіх існавалі гэтыя традыцыі. Перыяд з 1950-х па 1980-я гг. складаны і супярэчлівы ў дзяржаўна-царкоўных адносінах. Першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі характарызаваліся не толькі пэўным паслабленнем у адносінах да царкоўнага жыцця, але і адмаўленнем ролі рэлігіі ў жыцці грамадства, разглядам яе як «канчаткова перагорнутай старонкі». Грамадска-палітычныя ўмовы 1970-х гг. нарадзілі ў грамадстве новыя рэлігійныя патрэбы, а палітыка перабудовы (другая палова 80-х гг.) дала магчымасць адраджэння рэлігійнага жыцця ў БССР.

Мэтай дадзенага артыкула з’яўляецца гісторыка-этнаграфічная характарыстыка правядзення аброчных дзён і святаў у Гомельскім раёне ў 1950-1980-я гг. Асноўны метад, выкарыстаны намі для дасягнення пастаўленай мэты, — палявое этнаграфічнае даследаванне.

Праведзенае ў 2009-2010 гг. на тэрыторыі Гомельскага раёна, яно дазваляе ахарактарызаваць асноўныя асаблівасці аброчных дзён, а таксама паглядзець на з’яву вачыма мясцовых жыхароў. Палявая этнаграфічная праца ў 18 населеных пунктах Гомельскага раёна ў канчатковым выніку дала матэрыял — 13 разгорнутых інтэрв’ю ад мясцовых жыхароў. Паралельна праводзілася анкетаванне, у якім прынялі ўдзел 70 чалавек.

Як паказваюць матэрыялы палявога даследавання, аброчныя дні былі характэрныя толькі для некаторых населеных пунктаў. Так, 62,3 % рэспандэнтаў ведаюць пра аброчныя дні і іх прызначэнне, і толькі 49,3 % пацвердзілі факт святкавання аброчнага дня ў іх населеным пункце.

У вёсцы Рудня Марымонава аброчны дзень — серада перад прастольным святам Ушэсця (40-ы дзень пасля Вялікадня). Выбар гэтага дня, паводле ўспамінаў мясцовых жыхароў, быў звязаны з неўраджаямі. У дзень т. зв. аброчнай серады вяскоўцы давалі зарок, замальвалі грахі: «У аброчную сераду свяцілі жыта, бацюшка ішоў уперадзе, а за ім з іконамі ўсе па полі» [*1]. Жыхары вёскі Чкалава праводзілі свой аброчны дзень у другую сераду пасля свята Пятра і Паўла. У гэты дзень «бабы адпраўлялі ля храстоў аброчную сераду — другую послі Пятра, сабіраліся маліліся, а пасля абедалі. У гэтыя дні не працавалі». У аснову правядзення аброчнага дня ў вёсцы Чкалава было пакладзена мясцовая легенда аб «нападзе» на вёску чэрвяў, якія зніклі пасля малебна, а ў напамін аб гэтым мясцовыя жыхары паставілі на ростанях аброчныя крыжы. Паводле сведчанняў мясцовай жыхаркі А.Ф. Пераплаўчанка, «аброчная серада — штось абракаліся, ну тожэ празнавалі. Па ўсіх жа перавулках былі аброчныя храсты, прыбіралі, выносілі палаценцы, прыбіралі, цвяты прывязвалі, бацюшка прыходзіў, маліўся, тутака памоліцца — ідзе к другому храсту на другую вуліцу. А патом расходзіліся па сваіх» [*2].

Правядзенне аброчнага дня ў вёсцы Сеўрукі было звязана з абразом Аўгустоўскай Божай Маці. Як паведаміла інфармантка з гэтай вёскі, «у вёсцы аброчны дзень — апошняя пятніца ліпеня. У гэты дзень святкуецца абраз Аўгустоўскай Божай Маці. Калі нашу вёску пасцігла гора — пачалі паміраць людзі і скот, жыхары вёскі паехалі ў Кіеў і із Лаўры прывезлі ікону Аўгустоўскай Божай Маці. Яе везлі на поездзе, а патом з Гомеля неслі да Сеўрукоў. Дарогу для іконы да вёскі ўсцілалі палотнамі. І як расказвалі старыя людзі, гора абышло стараной нашу вёску. Яшчэ помню, што ў 1950-х гадах на калхознае зярно напала саранча і к адной жэншчыне прышоў прэдседацель калхоза і папрасіў, каб абышлі з етай іконай поле. На следушчы дзень усё стала добра. У гэты дзень всегда дзелалі крэсны ход» [*3].

У вёсцы Зябраўка аброчнымі днямі з’яўляліся Мікола Зімовы і Іван Купала. Як паведамілі інфарматары з гэтай вёскі, лічылася, што Мікола Цудатворца — вясковы абярэг, але яго абраза ў вёсцы не было і тады адна жанчына абраклася знайсці гэты абраз. Перад Іванам Купалам мясцовыя жыхары абракаліся кожны год збіраць травы, карэнні, «бо лічылі, што яны імюць вялікую сілу, і былі яны яшчэ абярэгам ад ведзьм і русалак».

Аброчны дзень у вёсцы Г адзічава адзначаюць 4 жніўня на свята Марыі Магдаліны. У аснове гэтага свята легенда аб тым, што вёску насцігла бяда, і вяскоўцы абракліся ў гэты дзень нічога не рабіць, а толькі маліцца. У вёсцы Глыбоцкае аброчны дзень адзначаецца ў дзень Ціхвінскага абраза Божай Маці (9 ліпеня) — «у еты аброчны дзень у храме сіленна маліліся іконе Ціхвінскай Божай Мацеры. Патом бацюшка з жыцелямі дзярэўні хадзіў вакруг сяла, свяціў палі і лугі. Рабілі абхаждзенія вакол царквы» [*4]. У вёсцы Маркавічы аброчны дзень адзначаўся ў гонар Вялікамучаніка Панцеляймона (9 жніўня), вядомага як дапаможца пры розных хваробах, а ў пасёлку Халмы — 3 лістапада, перад прастольным святам Казанскага абраза Божай Маці.

Аброчны дзень у гонар Міколы Цудатворцы існуе і ў вёсцы Новая Буда. Па словах старажылаў, раней на вёску напала нейкая цяжкая хвароба, якая нікога не шкадавала. Тады сяляне, спадзеючыся на цуд, далі абяцанне набыць ікону свяціцеля Мікалая, вядомага памочніка ў многіх бедах, і адправілі пасланцаў у Кіева-Пячорскую Лаўру, адтуль тыя прывезлі спіс цудатворнай іконы. Як толькі абраз трапіў у вёску, ад хваробы не памёр больш ні адзін чалавек. З таго часу жыхары Новай Буды штогод 22 мая па асаблівым рытуале адзначаюць дзень свяціцеля Мікалая Цудатворцы.

Такім чынам, правядзенне аброчных дзён у Гомельскім раёне адбывалася не ва ўсіх населеных пунктах. Прычынамі абрання таго ці іншага дня аброчным былі цяжкія хваробы мясцовага насельніцтва, мор свойскай жывёлы, неўраджаі і г. д. Па сваім прызначэнні аброчныя дні скіраваны не толькі на супольнае вырашэнне грамадскіх праблем, але і на духоўнае ачышчэнне насельніцтва, абярэг ад розных хваробаў і бед. Складаныя гістарычныя ўмовы царкоўна-дзяржаўных адносінаў, як паказваюць матэрыялы палявога даследавання, не адыгралі значнай ролі ў існаванні аброчных дзён і святаў на працягу 1950-1980-х гг. У гэты перыяд сутнасць аброчных дзён, мяркуючы па атрыманых матэрыялах, практычна не мянялася, характарызавалася ўстойлівасцю, добрай захаванасцю сярод мясцовага насельніцтва. Новыя нюансы стасункаў праваслаўнай царквы і дзяржавы ў гады перабудовы не прывялі да істотных перамен, паколькі традыцыя правядзення аброчных дзён трымалася ў хатнім, сямейным і міжсуседскім побыце. Трэба адзначыць, што змяненні, калі яны адбываюцца, датычацца трансфармацыі зместу святаў, адбываецца відавочны пераход ад дамінавання рэлігійнага фактару да свецкага, калі больш важнай становіцца сама працэдура святкавання.

Інфарманты

* 1. Запісана ў в. Рудня Марымонава Г омельскага раёна ад Сатыровай Серафімы Гаўрылаўны, 1911 г. н., мясцовай.

*2. Запісана ў в. Чкалава Г омельскага раёна ад Пераплаўчанка Алены Фёдараўны, 1914 г. н., мясцовай.

*3. Запісана ў в. Сеўрукі Гомельскага раёна ад Нікіцінай Людмілы Пятроўны, 1934 г. н., мясцовай.

*4. Запісана ў в. Глыбоцкае Гомельскага раёна ад Літвінавай Любові Мікалаеўны, 1937 г. н., мясцовай.


Аўтар:
Уладзімір Александронец
Крыніца: Фалькларыстычныя даследаванні :Кантэкст. Тыпалогія. Сувязі : зб. навук. арт. Вып. 8 / пад нав. рэд. Р. М. Кавалёвай, В. В. Прыемка; уклад.: Т. А. Марозава. – Мінск : Права i эканомiка, 2011. – С.92-95.