Традыцыйныя паясы Акцябршчыны

0
57
Традыцыйныя паясы Акцябршчыны

Пояс у мінулым складаў неабходную частку сялянскага адзення, выкарыстоўваўся для розных побытавых патрэб. Разам з тым пояс меў важныя сімвалічныя функцыі. Гэта абумоўлівае актуальнасць яго вывучэння. Мэта даследавання — на падставе арыгінальных этнаграфічных матэрыялаў, сабраных у час этнаграфічнай экспедыцыі аўтара ў Акцябрскім раёне, вызначыць месца пояса ў традыцыйнай культуры мясцовых жыхароў першай паловы 20 ст.

Матэрыял і метады

Выкарыстоўваўся метад палявога этнаграфічнага даследвання, атрыманы матэрыялы вуснага апытання жыхароў Акцябршчыны. Усе з’яўляюцца карэннымі жыхарамі вёсак, людзі старэйшага ўзросту рассказалі пра пляценне паясоў з уласнага вопыту, а больш маладзейшага — па ўспамінах сваіх матуль і бабуль.

Вынікі і іх абмеркаванне

Вытворчасць паясоў насіла выключна дамашні характар. Пояс выкарыстоўваўся толькі для ўласных патрэб. Тэхніка вырабу паяскоў Акцябрскага раёна вызначалася разнастайнасцю прыёмаў. Паясы вілі, плялі на пальцах, на калодачцы, ткалі на дошчачках, на бердзічку, на ніту, на кроснах. Са слоў жыхаркі в. Сапейкаў, паясы ткалі на бердзічках вялікіх і маленькіх з баваўняных нітак, а таксама з тых нітак, якія заставаліся ў кроснах пасля тато, як выткалі тканіну. Жыхарка в. Новая Дуброва ўспамінае, што яе маці, якая нарадзілася ў в. Гадуні, пляла паясы на калодачцы. Паяскі атрымоўваліся полымі ўнутры, таму іх запаўнялі пучком нітак. Гэтым паяском мужчыны падпярэзвалі толькі кашулі. Выкарыстоўваўся такі спосаб пляцення паясоў і ў в. Пратасы.

У Акцябрскім раёне сустракаюцца надзвычай цікавыя паясы. У жыхаркі в. Сапейкаў, захоўваюцца паясы, якія ткала яе маці. Гэтыя паясы шматколерныя і адметныя рысы — шырокая чырвоная паласа па цэнтры, аблямаваная вузенькімі рознакаляровымі палоскамі, дзе прысутнічаюць сіні, белы, жоўты, чорны колеры. Па чырвонай паласе, у цэнтры, вытканы зялёны арнамент, так званы “узор продкаў”. У в. Чырвоная Слабада на бердзічках ткалі паясы, якімі спавівалі немаўлятак. Краі пояса былі чырвонымі, у сярэдзіне — аднатонная паласа: жоўтая, зялёная, або сіняя. На канцы пояса прышываліся па два бубенчыкі.

Важнае месца адводзілася поясу ў народных абрадах і святах мясцовых жыхароў. Пояс быў адным з абавязковых атрыбутаў і падарункаў на розных этапах вяселля. Па ўспамінах жыхаркі вёскі Карма, на вяселлі жаніх абавязкова падпярэзваў святочную кашулю чырвоным шырокім поясам даўжынёй 1,5 м., які абкручваў стан адзін раз і завязваў яго на правым баку. Пасля вяселля паясы патрэбны былі не менш. Поясам звязвалі першы сноп ураджаю, спавівалі немаўлятка, або вялі жывёлу першы раз на пашу. У вёсках Дзербін, Рог, Воспін, жанчыны, зажынаючы ў полі першы сноп, абвязвалі яго два разы вузенькім паяском і неслі яго гаспадару. Баба, якую запрашалі купаць немаўлятка, павінна была саткаць або звіць пояс, каб спавіць ім дзіця. Жыхарка в. Майсееўка паведаміла, што паяскі, якімі спавівалі немаўлятак, называлі “спавіткамі” і ткаліся з роз­ных нітак, у цэнтры “спавітка” мог прысутнічаць арнамент. Жыхарка в. Карма паведаміла, што калі яе бралі за бабу, то яна ткала рознакаляровы вузенькі паясок і несла рожаніцы спавіваць дзіця.

З паяском звязваліся і розныя прыкметы, павер’і, звычаі. Лічылася, што пояс аберагае ад розных няшчасцяў. У Акцябрскім раёне ёсць такі звычай, калі выводзілі на паяску першы раз жывёлу на пашу, абвязвалі яе, а паясок забіралі дадому і вешалі на сцяну ў хляве, дзе стаяла жывёла. Існавала такое павер’е, што калі на загавораным паяску на па­шу завядзеш, то дадому яна прыйдзе сама і не заблудзіць.

Практычнае ўжыванне пояса не абмяжоўвалася толькі рамкамі касцюма або прысутнасцю яго ў абрадах. Гэты прадмет разнастайна выкарыстоўваўся ў побыце. Жыхар вёскі Майсееўка расказвае: “На поясе насілі жбаны, паясамі прывязвалі набіркі, невялікія ёмістасці, у якіх збіралі ягады, калі ішлі ў лес. Такі паясок называўся “посілка”.

У Акцябрскім раёне існавалі разнастайныя спосабы павязвання пояса, якія, у залежнасці ад полу, узросту, мясцовых густаў, мелі шэраг варыянтаў. Так, напрыклад, у вёсках Новая Дуброва, Вуглы, Гарохавішчы, Пратасы, Гадуні, мужчыны абкручвалі стан паяском не менш як два разы, завязвалі яго на правым баку. На канцах пояса былі невялікія “кутасы”. У вёсках Забалацце, Майсееўка, Чырвоная Слабада завязвалі пояс спераду “банцікам” (як гаварылі “для форсу”), у в. Залессе поясам абкручваліся толькі адзін раз, завязвалі спераду ці збоку на вузел, канцы пояса ўпрыгожваліся “бубонамі”. Як рассказвае жыхарка в. Сапейкаў, мужчыны павязвалі паясы на кажухі і на кашулі, а жан­чыны падпярэзвалі вакол таліі адзін раз, доўгія канцы яго звісалі амаль да зямлі.

Абагульніўшы матэрыял, сабраны ў час этнаграфічнай экспедыцыі ў вёсках Акцябрскага раёна, магчыма вызначыць тэхніку, выгляд і выкарыстанне паясоў Акцябршчыны. Тэхніка вырабу паясоў вызначалася разнастайнасцю прыёмаў. Паясы вілі, плялі на пальцах, на калодачцы, ткалі на дошчачках, ткалі на бердзічку, на ніту, на кроснах. Звычайна ткалі чырвона-белыя, зялена-жоўтыя і чырвона зяленыя паяскі. Арнаментальныя матывы якіх былі не складаныя: падоўжаныя, папярочныя і касыя палоскі, касыя ромбы, трохкутнікі і своеасаблівыя кубікі. Паясы з’яўляліся неад’емнай часткай касцюма, разнастай­на выкарыстоўваліся ў побыце, а таксама ў народных абрадах і святах.

Аўтар: В.В. Гардзей
Источник: Молодость. Интеллект. Инициатива: материалы II Международной научно-практической конференции студентов и магистрантов, Витебск, 17-18 апреля 2014 г. / Вит. гос. ун-т; редкол.: И.М. Прищепа (гл. ред.) [и др.]. — Витебск: ВГУ имени П.М. Машерова, 2014. — С. 134-135.