Традыцыйная духоўная спадчына Веткаўшчыны: абрады, звычаі, народныя вераванні

0
445
Традыцыйная духоўная спадчына Веткаўшчыны абрады, звычаі, народныя вераванні

У сістэме каляндарна-абрадавага фальклору Гомельшчыны важнае месца займаюць абрады, звычаі Веткаўскага раёна і звязаныя з імі прыкметы і павер’і. Засяродзім увагу на характарыстыцы мясцовай спецыфікі асобных з’яў каляндарнай абраднасці. У структуры калядна-навагодняга комплексу Веткаўшчыны можна вылучыць такія абрадавыя кампаненты, як абходныя шэсці калядоўшчыкаў, абрадавая вячэра (святкавалі тры куцці), абрад ваджэння казы, рытуал заклікання марозу, варажба, прыкметы і павер’і, выкананне калядных песень. Факт дакладнай дыферэнцыяцыі ў правядзенні абрадавай вячэры пацверджаны самімі інфарматарамі: «Вот, напрымер, Каляды: куцця первая посная, а втарая ета шчодраная (скаромная), трэцяя – крашчэнская – ета посная»1 (зап. у в. Шарсцін ад Аляксандры Аляксандраўны Ганчаровай, 1929 г. н.).

Абавязковай абрадавай стравай у вёсках Веткаўскага раёна была каша (куцця), для падрыхтоўкі якой выкарыстоўвалі пшаніцу («Бралі пшаніцу, распарвалі яе, варылі. Потым ужо ставілі ў кут, сена клалі і скацёрку пад ніз» – зап. у в. Залаты Рог ад Клаўдзіі Цярэнцьеўны Чайковай, 1930 г. н.); ячмень («Куццю варылі перад Крашчэннем, адну перад Новым годам і ўсё.

Часцей за ўсё варылі з ячменю» – зап. у в. Новы Мір ад Анастасіі Тарасаўны Калачовай, 1911 г. н.). Як і ў іншых мясцовасцях Гомельшчыны, у вёсцы Новы Мір на Першую куццю рыхтавалі посныя стравы («На першую куццю поснае ўсё было»). Другая куцця, паводле сведчанняў інфарматараў, была «багатая, з мясам, жырная. Там ужо на стале і мяса, і капуста, і халоднае, і каўбаса – усё, што ў каго есць, тое і ядуць». Трэцяя куцця была звязана з Хрышчэннем (Вадохрышчам): «Была посная, рэдкая, на вадзе, з ячменю» (зап. ад Ганны Трафімаўны Хадуньковай, 1914 г. н.).

У мясцовай традыцыі вёскі Новы Мір было прынята гаршчок з куццёй ставіць абавязкова «ў сена на лаву», бо лічылася, што ў такім выпадку прынесенае ў хлеў для жывёлы сена будзе надзейным абярэгам ад звышнатуральнага ўздзеяння («Яе (куццю) таксама ставілі ў сена на лаву, каб потым сена тое аддаць жывёле, каб ніхто не наўракаў» (зап. ад Ганны Трафімаўны Хадуньковай, 1914 г. н.). Паводле сведчанняў Вольгі Цімафееўны Лук’яненка, 1935 г. н., з вёскі Залаты Рог, «сена была, каб каровы добрае малако давалі і не захворвалі».

Абрад калядавання ў асобных вёсках Веткаўскага раёна адбываўся вечарам перад Новым годам. Як адзначылі мясцовыя жыхары, «хадзілі да шчадравалі», пераапраналіся «ў цыган», «у мядзведзя», «а аднаго ўсегда ў казу адзявалі» (зап. у в. Новы Мір ад Анастасіі Тарасаўны Калачовай, 1911 г. н.). У каляднай традыцыі вёскі Залаты Рог не толькі выконвалі абрад ваджэння казы, але меў месца і звычай «вадзіць карагод каля павы», у ролі якой выступала «самая лучшая дзевка ў сяле, яе выбіралі, адзявалі, рабілі вянкі. Кветак не было, дык іх з бумагі выразалі, а самы лучшы вянок у павы» (зап. ад Вольгі Цімафееўны Лук’яненкі, 1935 г. н.).

Як адзначылі веткаўчане, калядоўшчыкаў у іх мясцовасці называлі «шчодры»: «Пад еты празнік ходзюць шчодры, ну, і ў кожны двор прыходзюць і пяюць песні. Ім даюць за гэта гасцінцы. Сабіраюцца ў адну хату і святкуюць, пяюць песні» (зап. у г. Ветка ад Г. К. Гарэлавай, 1925 г. н.).

У адным з песенных варыянтаў, адрасаваным гаспадару, знайшлі адлюстраванне матывы велічання гаспадара і ўслаўлення такой важнай хрысціянскай падзеі, як нараджэнне Хрыста: Добры вечар, пан хазяін, Мы твайго двара не мінавалі.

Святы вечар!

Нашага пана, пана Івана,

На яго дварэ стаяла дрэва,

Дрэва кучаравае.

Святы вечар!

На тым дрэве цісава краваць,

На той краваці Божая Маці,

Божая Маці сына радзіла.

Чым яго назваць?

Ісусам Хрыстом.

С святым Ражаством! (зап. у г. Ветка ад Г. К. Гарэлавай, 1925 г. н.).

Паводле сведчанняў жыхароў вёскі Стаўбун, у іх мясцовасці выконвалі велічальна-віншавальныя песні, адрасаваныя хлопцу і дзяўчыне: «Дзеўкі хадзілі пець пад вокны (бо тады ў хату не пускалі). Калі ў хаце жыў хлопец, то хлопцу, калі дзеўка, то дзеўцы. Спрашвалі: “Можна пець? Каму пець?” Песня хлопцу: На лузе, на лузе, на шаўковай траве Малады Сяргей коніка пасе.

Коніка пасе, з канём гавора:

– Коня, ты мой коня, я цябе прадам.

За руб, за стрэлку, за красну дзеўку.

Святы вечар добрым людзям.

Я стрэлкі зламаю, сабе дзеўку вазьму.

Святы вечар.

А калі дзеўцы, то пелі так:

Рана, рана куры селі,

Рана, рана куры пелі.

А яшчэ раней (імя) устала,

Тоненька прала.

Сваей мамачцы на рукавічцы.

Святы вечар.

Татачку – на світачку.

Святы вечар добрым людзям» (зап. ад Галіны Фёдараўны Чуяшовай, 1930 г. н.).

Паводле ўспамінаў ураджэнкі вёскі Гарысты Веткаўскага раёна Г. І. Данілёнак, 1946 г. н., у іх мясцовасці «шчадровы абрад» адбываўся «13 январа на Куццю перад старым Новым годам. Хадзілі спачатку дзеці.

Яны хадзілі ў кожную хату. Віншавалі з Новым годам і спявалі: “Я дуду, я дуду, / Сядзіць голуб на дубу, / У дудачку грае, / Хріста забаўляе. / А вы, людзі, знайце, па капейцы дайце. / Не капейку, дык пятак, не пайду я дамоў так”». Як адзначыла інфарматар далей, у іх вёсцы ў гэты дзень (13 студзеня) хадзілі шчадраваць не толькі дзеці, але і дарослыя: «А вечарам сабіраліся некалькі чалавек дарослых. Аднаго з мужыкоў надзявалі цыганам і абавязкова выварачвалі кажух. Ён браў у рукі пугу. Жанчына адзявалася пад цыганку. Брала карты і, заходзячы ў хату, як бы варажыла гаспадарам.

Кагосьці із удзельнікаў наражалі казой. Бралі хлопца з гармонікам і бубенам.

Хадзілі па вёсцы, спявалі песні. Заходзячы ў хату, віншавалі гаспадароў са святам і жадалі дабрабыту. Гаспадары давалі калядоўнікам сала, калбасу.

Гарэлку і другія прысмакі». У шчадроўнай песні, якую выконвалі ў вёсцы Гарысты, цэнтральнае месца адводзілася матыву ўслаўлення трох святых вечароў:

Рана, рана Ванька ўстаў,

Па двары пахадзіў.

Святы вечар добрым людзям.

Па двары пахадзіў,

Братоў пабудзіў.

Святы вечар добрым людзям.

Чараз тыя масточкі

Ішлі тры святочкі.

Святы вечар добрым людзям.

Першы святочак – святое Ражаство,

Другі вяточак – святое Васілле,

Трэцці святочак – святое Хрышчэнне.

Святы вечар добрым людзям (зап. Н. М. Панковай у г. Гомель ад Г. І. Данілёнак, 1946 г. н.).

У мясцовай традыцыі вёскі Акшынка «вадзілі і казу, і мядзведзя» (зап. ад Л. І. Гусаковай, 1907 г. н.). У каляднай традыцыі вёскі Казацкія Балсуны мелі месца абрад ваджэння казы і звычай «вадзіць звязду»: «А раней, 7 января, на багатую куццю яшчэ і звязду вадзілі хлопцы ў кожны двор, каб блаславіць ражджэнне Хрыста. Звязду дзелалі пяцірожку. Абвёртвалі бумагай, а ў сяродкі ставілі іконку і свечку, якая гарэла. Уставалі рана:

Ражаство тваё,

Хрысце Божа,

Паклонімся Госпаду Ісусу.

На трэці дзень пасля (14 января) казу вадзілі: шубку выварочвалі наізнанку, рабілі хвост з бумагі:

Го-го-го, каза, ідзе ты была?

Каля рэчачкі, каля быстрае,

А рэчцы, у рэчцы чатыры стральцы

Хочуць козачку ды застрэліці.

Слава Богу, што каза жыва.

Пакланіся свайму паночку.

Ой, панок, панок, дай сала кусок, Сала паласу, наверх каўбасу Бацьку панясу, бацька будзе есці, Барадою трэсці» (зап. у в. Брылёва Гомельскага р-на ад Марыі Яўсееўны Гарбузавай, 1929 г. н., перасяленкі з в. Казацкія Балсуны Веткаўскага р-на).

Зыходзячы з народных вераванняў, калядоўшчыкі павінны былі наведаць кожную хату: «Шчыталася, што шчадроўшчыкі даўжны пабываць у кожнай хаце. Тады будзе скаціна весца і ўраджай добры будзе, і ніхто не будзе хварэць» (зап. у в. Янова ад Марыі Аляксееўны Таўсцянковай, 1935 г. н.). Як паведаміла ўраджэнка вёскі Гарысты Г. І. Данілёнак, «а калі нейкі гаспадар не выходзіў і не адкрываў дзверы, то дзеці пелі: “Вароты скрыпяць, вятры дуюць, а ў гэтым двары чэрці начуюць”».

Важнае месца ў сістэме мясцовых калядна-навагодніх святкаванняў адводзілася рытуалу заклікання марозу. З яго вобразам былі звязаны ўяўленні аб духах продкаў, якіх імкнуліся ўлагодзіць: «А тады ўжо вечарам сабіраецца сям’я і завуць Дзеда Мароза: Дзед Мароз, хадзі к нам куццю есць.

Не еш ні капусты, ні гуркоў, Ні там ячмені, ні пшаніцы…» (зап. у в. Шарсцін ад Аляксандры Аляксандраўны Ганчаровай, 1929 г. н.).

Калі ў прыведзенай славеснай формуле гучыць матыў просьбы «да марозу», то ў іншых запісах звестак вар’іруюць матывы забароны, напрыклад, прыходзіць летам («Мароз, хадзі к нам куццю есці. Не хадзі летам, хадзі, калі мы скосім» – зап. у в. Залаты Рог ад Клаўдзіі Цярэнцьеўны Чайковай, 1930 г. н.); пагрозы, адрасаванай «марозу» («Мароз, мароз, хадзі кашу есць. У Петроўку не хадзі, гуркоў, памідораў – нічога не марозь, а то жэлезнымі кнутамі будам секці» – зап. у п. Станкі ад Ганны Пахомаўны Воінавай, 1921 г. н.). Выкананне славесных формул, звязаных з закліканнем «марозу», мела аграрна-магічную скіраванасць. Як адзначыла Л. М. Вінаградава, «у аснове ж гэтых просьбаў некалі ляжалі ўяўленні аб усемагутнасці памерлых, якія нібы кіруюць надвор’ем, пасылаюць ураджай, засуху, удачу і няшчасці» [1, с. 204]. У вёсцы Неглюбка рытуал заклікання марозу адбываўся на «першую галодную куццю. Куццю варылі зрання. Каша на вадзе, дабаўлялі сухафрукты і мёд. Ставілі кашу на покуці, ставілі рэшата, слалі сена і ставілі гаршчок з куццёй. Да першай зоркі на небе нічога не елі. Звечара збіралася ўся сям’я за стол, ставілі куццю на стол. Хазяін клаў ложку на акно і казаў: “Мароз, мароз, хадзі куццю есці”. Гэта было для таго, каб мароз не памарозіў пасевы ў пачатку лета”. У гэтай вёсцы, як і ў некаторых іншых вёсках Веткаўскага раёна, абавязковым было наведванне царквы пасля святкавання Першай куцці: “Потым ішлі ў царкву на ўсю ноч”» (зап. ад Івана Фёдаравіча Шаўцова, 1956 г. н.).

З трэцяй куццёй, якую адзначалі на Хрышчэнне (Вадохрышча), былі звязаны наступныя рытуалы: «выпяканне з цеста крыжыкаў», маляванне крэйдай крыжоў на варотах і сценах хаты і гаспадарчых пабудоў («Хазяін бярэ гэту кашу і ідзе з ёй і піша храсты мелам: і на вуліцы, і на сараі» – зап. у п. Станкі ад Ганны Пахомаўны Воінавай, 1921 г. н.), асвячэнне ў царкве вады («гэтай вадой аблівалі ў хаце, хлеве» – зап. у в. Стаўбун ад Марыі Лаўрэнцьеўны Зуевай, 1927 г. н.). Семантыка вышэйназваных абрадавых дзеянняў была звязана з апатрапеічнай і прадуцыравальнай магіяй.

Варажба як адзін з найважнейшых структурных кампанентаў калядна-навагодняга комплексу з’яўляецца выдатнай крыніцай спасціжэння светапогляду жыхароў Веткаўшчыны. Звычайна ў рытуалах варажбы выкарыстоўвалі розныя прадметныя атрыбуты, як напрыклад, абутак («Гадалі з абуткам дзеўкі на жаніха: знімалі з нагі боты, кідалі іх за вароты на дарогу, потым шлі глядзець, у якую старану паказвае насок бота. Куды паказвае – адтуль і прыйдуць ужэ да дзеўкі сваты» – зап. у в. Шарсцін ад Веры Цімафееўны Лосевай, 1918 г. н.); зерне («І ў хатах гадалі. Возьмуць дзеўкі, калі ў рад сядзяць на палу, курыцу, нясуць і насыплюць патрошкі зерна. Еслі курыца мая там паперад: “Ой, ета пойдзе замуж!” А як не чапае зерня, значыць, пойдзе замуж на другіх Калядах» – зап. у в. Новы Мір ад Ганны Трафімаўны Хадуньковай, 1914 г. н.); бліны («Бліны кідалі сабаку. Ну, і чэй блін яна схваціць первы, тая і пойдзе первая замуж з усіх. Выбягалі з блінамі на вуліцу і беглі к таму, хто шоў, і спрашывалі, как завецца, і такое імя ў мужыка будзе» – зап. у в. Старое Сяло ад Ніны Данілаўны Мацюковай, 1930 г. н.); грэбень («Кладуць пад падушку гребешок, гаворяць: “З кім мне век векаваць, прыдзі мяне часаць» – зап. у в. Неглюбка ад Анастасіі Афанасьеўны Барсуковай, 1925 г. н.) і іншыя.

Асноўныя структурныя кампаненты масленічнага абрадавага комплексу Веткаўшчыны ўключаюць у сябе падрыхтоўку абрадавай стравы («На Масленіцу абязацельна пяклі бліны, бальшыя, укусныя, румяныя.

Угашчалі ўсіх, хто прыходзіў» – зап. у в. Залаты Рог ад Клаўдзіі Цярэнцьеўны Чайковай, 1930 г. н.); катанне на санках («… на санках каталіся, ды не толькі з гары. Ставілі дзеравянны кол, прывязвалі да яго санкі і каталіся» – зап. у в. Залаты Рог ад Вольгі Цімафееўны Лук’яненкі, 1935 г. н.); наведванне цешчы («…зяці абавязкова ездзілі цёшчам загаўляць» – зап. у в. Янова ад Еўдакіі Іванаўны Таўсцянковай, 1929 г. н.); прывязванне да нагі нежанатага маладога чалавека ступы («На Масленіцу нежанатаму ступу прывязвалі да нагі і ён адкупліваўся салам або хлебам» – зап. у г. Ветка ад Праскоўі Еўдакімаўны Дзюньдзікавай, 1929 г. н.); ушанаванне бабкі-павітухі («Таксама ў нас было такое: маладыя хлопцы пасадзяць бабку-павітуху ў сані, а самі запрагуцца замест коней і катаюць яе па сяле, а потым частуюць яе» – зап. у в. Янова ад Еўдакіі Іванаўны Таўсцянковай, 1929 г. н.); звычай хадзіць у госці («На Масленіцу банкет вадзілі. Сабіралася двароў пяць, хадзілі старыя, пажылыя, дзевачкі не хадзілі» – зап. у в. Неглюбка ад Анастасіі Афанасьеўны Барсуковай, 1925 г. н.).

Абрад гукання вясны, асноўныя структурныя кампаненты якога – выхад на высокае месца, падрыхтоўка абрадавага печыва, гушканне на арэлях, выкананне песень-вяснянак, адбываўся на тэрыторыі Веткаўскага раёна і на Стрэчанне, і на 1 сакавіка, і на Саракі, і на Дабравешчанне.

Напрыклад, у вёсцы Янова «на Аўдакію сабіраліся дзяўчаты, выходзілі за сяло, на горку станавіліся і пелі песні – гукалі вясну: Памажы, Божа, вясну гу-у, Вясну гукаць, цёплага лета дажыць до-у.

Дажыць, да сей цёплае лета ў чаўну, У чаўночку, зіма халодная ў вазо-у, У вазочку, ты, вясна, наша вясёла» (зап. ад Еўдакіі Іванаўны Таўсцянковай, 1929 г. н.).

Гушканне на арэлях падчас гукання вясны ў вёсцы Янова павінна было спрыяць, паводле народных вераванняў, добрай ураджайнасці лёну: «На Соракі пяклі жаваранкаў, як птушачак. Лажылі іх на ўлонні, а самі на качэлях калыхаліся, гушкаліся, каб доўгі быў лён» (зап. ад Еўдакіі Іванаўны Таўсцянковай, 1929 г. н.). У вёсцы Стаўбун семантыка гушкання на арэлях была звязана з прылётам птушак: «Яшчэ качаліся на арэлях: выбіралі тоўсты сук на дрэве, вешалі вяроўкі, лажылі дошкі і садзіліся. Так адзначалі прылёт птушак, верылі, што будзе ўжо цёпла» (зап. ад Тамары Фёдараўны Ерафеевай, 1952 г. н.). Паводле сведчанняў жыхароў вёскі Прысно, падчас гукання вясны, калі гушкаліся на арэлях, выконвалі наступную песню: А мы на Соракі калыхаліся, Нашы вожачкі абарваліся, Нашы дзевачкі напужаліся.

Адна дзевачка не спужалася, Духавым мылцам ўмывалася, Шаўковым плачочкам уціралася (зап. ад Ніны Ермалаеўны Голубевай, 1926 г. н.).

Велікодныя абрады і звычаі захоўваюцьу вёсках Веткаўскага раёна ўстойлівасць бытавання і сёння. Найбольшую распаўсюджанасць атрымалі рытуалы падрыхтоўкі абрадавага печыва («паскі»), фарбавання яек, асвячэння ў царкве вады, «паскі», яек і іншыя, а таксама качанне яек у латках з горкі і гульня «У біткі», наведванне могілак і качанне там яек. Адметным момантам святкавання Вялікадня ў вёсцы Старое Сяло было выкананне абраду пахавання стралы, які меў назву «Вадзіць сена»: «На другі дзень Пасхі водзяць сена. Мужчыны бяруць вілкі, касу, граблі, гармошку. Вось і спяваюць:

Ты ляці, страла,

Да ўдоль сяла.

Мы на сена йдом,

Мы на новае.

Мы на ганачкі

Ды на вуліцы.

А потым сходзяцца і б’юцца.

Хто больш людзей сабе збярэ, у таго лепш сена будзе» (зап. ад Таісы Андрэеўны Малажэўскай, 1934 г. н.).

З каляндарнымі абрадамі і звычаямі звязаны шматлікія прыкметы і павер’і, што даволі арганічна існуюць у межах каляндарнай абраднасці Веткаўскага раёна і адрозніваюцца тэматычнай і функцыянальна-семантычнай разнастайнасцю тэкстаў.

Адлюстраваныя ў гэтых малых фальклорных жанрах міфалагічныя ўяўленні, памножаныя на штодзённы рацыянальны вопыт, даволі поўна выяўляюць карціну свету мясцовых жыхароў, а паколькі прыкметы і павер’і – жанры прагнастычныя ва ўсіх народаў, то асобныя тлумачэннi з’яў з жыцця прыроды i чалавека можна суаднесцi яшчэ і з агульнай мiфапаэтычнай карцiнай свету. Калі класіфікаваць тэксты па прымеркаванасці іх да свят народнага календара, варта вылучыць наступныя групы прыкмет і павер’яў і звязаных з імі магічных дзеянняў:

– піліпаўскія («Еслі ў Піліпаўку снегу нет, то зімы нет» – зап. у в. Шарсцін ад Аляксандры Аляксандраўны Ганчаровай, 1929 г. н., Валянціны Агееўны Трусавай, 1923 г. н.);

– калядныя («На стол куццю ставяць паследняй. Перад етым куццю на лаўку ставяць, там, дзе сядзяць, у сена, а сена гэта потым даюць карове, каб не глядзеў злы хто» – зап. у в. Новы Мір ад Ганны Трафімаўны Хадуньковай, 1914 г. н.; «Кашу з куцці нада скарміць курам – добра несцісь будуць» – зап. у в. Прысно ад Ніны Іванаўны Шкляровай, 1930 г. н.; «У святыя вечары ад Ражаства і да Крашчэння нічога дзелаць няльзя, а то грэшна бяда будзе» – зап. у в. Свяцілавічы ад Матроны Піліпаўны Шалюта, 1906 г. н.);

– грамнічныя («Каб куры не бегалі несціся к суседу, іх на Грамніцы кармілі ў вобручу, знятым з дзежкі» – зап. у в. Сівенка ад Ніны Лук’янаўны Сіняк);

– соракавыя («На Соракі дзелаюць цеста, пякуць храсты, галачкі дзелаюць. Тады ўжо перакідалі этыя галачкі чэраз забор (чэраз сарай). Хто вышэй перакіня, то больш яечак найдзя» – зап. у п. Станкі ад Ганны Пахомаўны Воінавай, 1921 г. н.);

– «благавешчанскія» («Яшчэ на Благавешчанне ўсягда вадзілі карагоды, штоб не было ветру» – зап. у в. Казацкія Балсуны ад Г. І. Суднека, 1937 г. н., Т. Ц. Хамяковай, 1935 г. н., Н. М. Давыдзенкі, 1942 г. н., В. А. Каралёвай, 1929 г. н.);

– велікодныя («Шкарлупінне закапвалі ў зямлю, штоб ураджай быў (на граду, дзе гуркі сеюць)» – зап. у п. Брылёва Гомельскага р-на ад Марыі Яўсееўны Гарбузавай, 1929 г. н., перасяленкі з в. Казацкія Балсуны); – юраўскія («Да сонца трэба было выгнаць кароў, каб здаровыя былі» – зап. у в. Залаты Рог ад Вольгі Цімафееўны Лук’яненкі, 1935 г. н.);

– «вазнясенскія» («На Ушэсце звязваюць па тры разы дзевяць каласкоў… перавязваюцца імі некаторыя, штоб спіна не балела, а тады шчэ рвуць тры каласкі, нясуць дамоў, пад крышу торкаюць, штоб вецер крышу не рваў» – зап. у в. Казацкія Балсуны ад Г. І. Суднека, 1937 г. н., Т. Ц. Хамяковай, 1935 г. н., Н. М. Давыдзенкі, 1942 г. н., В. А. Каралёвай, 1929 г. н.);

– траецкія («Еслі ветачка клёну завяла за суткі, значыцца, лета будзе сухое, а еслі не завяла – будзе дажджлівае» – зап. ў в. Шарсцін ад Аляксандры Аляксандраўны Ганчаровай, 1929 г. н., В. А. Трусавай, 1923 г. н.);

– купальскія («На Івана Купалу клалі крапіву ўсюды ад ведзьмаў» – зап. у в. Стаўбун ад Галіны Фёдараўны Чуяшовай, 1930 г. н.; «На Купалу, ета сядзьмога ліпеня, нада абязацельна купацца і чэраз агонь прыгаць – тады ўсё ліхое сыходзіць з цябе» – зап. у в. Свяцілавічы ад Марыі Якаўлеўны Карніеўскай, 1931 г. н.);

– жніўныя («Дзяректар гаворя, што нада ўдовушкам зажаць жніво, а то аагібне жыта» – зап. у в. Неглюбка ад Ульяны Мікалаеўны Саломеннай, 1932 г. н.);

– спасаўскія («Пахараніўшыя дзяцей яблыкі не ядуць да Спаса. А хто есць, то на тым свеце іхнім дзецям не дадуць яблыка» – зап. у п. Брылёва Гомельскага р-на ад Марыі Яўсееўны Гарбузавай, 1929 г. н., перасяленкі з в. Казацкія Балсуны).

Аналіз зафіксаваных на тэрыторыі Веткаўшчыны тэкстаў прыкмет і павер’яў дазваляе казаць пра іх функцыянальна-семантычную разнастайнасць і дае магчымасць вылучыць у іх межах наступныя групы:

– ачышчальна-засцерагальная: ад грахоў і нячыстай сілы («Гаршчок з куццёй абізацельна заварачвалі ў сена, а затым у рушнік і ставілі яго на покуць пад віконы. Счыталі, што гэту рушнік сціраў усе грахі» – зап. у в. Прысно ад Ніны Іванаўны Шкляровай, 1930 г. н.; «… потым гэтай [хрышчэнскай] вадой хату пасвяцаюць, скаціну такжа, каб сатана сышоў ці абмінуў яе» – зап. у в. Янова ад Еўдакіі Іванаўны Таўсцянковай, 1929 г. н.; «На Юр’я пад парог хлява закапывалі абыкнавенныя яйкі, штоб аніякая нячыстая сіла не павадзілася к кароўкі нашай» – зап. у в. Старое Сяло ад Матроны Сяргееўны Васільцовай, 1925 г. н.); заняпаду ў гаспадарцы («На Раждзяство хазяін не доўжан выходзіць з хаты, штоб не падохлі яго авечкі» – зап. у в. Прысно ад Ніны Іванаўны Шкляровай, 1930 г. н., і да т. п.);

– лекава-прафілактычная: для здароўя чалавека («Трэцяя куцця на Хряшчэнне. Уранні бегаюць усе за вадой пасвяцонай у царкву. Прынясуць з царквы, адап’юць, каб не балець, а тую, што астанецца, хаваюць. Як хто забалее, так ваду тую піць даюць» – зап. у в. Новы Мір ад Ганны Трафімаўны Хадуньковай, 1914 г. н.); «Набіралі святую ваду… Бралі ёлачкі дамоў і тыркалі ў сараі, у хаце і вадой пырскалі ў хаце, і ў сарае, штоб былі самі здаровы і скаціна. Усе пап’юць у сям’е ваду, каб здаровы былі, не балелі» – зап. у в. Залаты Рог ад Марыі Карпаўны Сакуновай, 1917 г. н.); жывёлы («Куццю варылі… Стаяла яна на сене. Сена была, каб каровы добрае малако давалі і не захворвалі» – зап. у в. Залаты Рог ад Вольгі Цімафееўны Лук’яненкі, 1935 г. н.);

– прадуцыравальная: для дабрабыту ў гаспадарцы («Куццю, якая на куце стаіць, курам сыпалі, каб куры неслісь, каб квахталі. Сена з-пад куцці аддавалі карове, каб не блудзіла, каб малако давала» – зап. у в. Неглюбка ад Надзеі Нікіфараўны Салодкінай, 1926 г. н.; «Гаршчок з куццёй абізацельна заварачвалі ў сена, а затым у рушнік і ставілі яго на покуць пад віконы.

Счыталі, што сена з покуці прынясе скаціне павялічэнне пагалоўя» – зап. у в. Прысно ад Ніны Іванаўны Шкляровай, 1930 г. н. і інш.);

– прадказальная: аб надвор’і, змене сезонаў («Еслі на Новы год сільны мароз, то летам сільна сонца будзе пекці» – зап. у в. Старое Сяло ад Ніны Данілаўны Мацюковай, 1930 г. н.; «Нада ўзяць адну [птушачку, спечаную на Соракі], кінуць яе за парог. Як далёка ўпала, вясна шчэ далёка, і птушкі тожа. А як блізка, то вясна ўжо блізка падыходзіць» – зап. у в. Свяцілавічы ад Ганны Фёдараўны Палтарацкай, 1930 г. н.); непрыемнасцях і неспрыяльных сітуацыях («Счыталася, што еслі дажа случайна разаб’ецца первае [велікоднае] яечка, то эта к няшчасцю» – зап. у в. Старое Сяло ад Матроны Сяргееўны Васільцовай, 1925 г. н.); ураджаі («Гаварылі, што еслі на Новы год на небе многа звёзд, то многа грыбоў будзет і ягад» – зап. у в. Старое Сяло ад Ніны Данілаўны Мацюковай, 1930 г. н.; «Калі днём пагода добрая на Ражаство – гэта будзе неўражайны год, галодны, а калі снег падае, то летам будзе багаты ўражай» – зап. у в. Шарсцін ад Еўдакіі Яфрэмаўны Ганчаровай, 1918 г. н., Веры Цімафееўны Лосевай, 1919 г. н.; «Еслі на Юр’еў дзень варона схаваецца ў жыце, значыць, ета будзе ўраджай, а еслі варона сядзе, а яно і відна, значыць будзе бедны год, галодны» – зап. у в. Старое Сяло ад Вольгі Фёдараўны Раманьковай, 1917 г. н.).

Вытокі ўзнікнення народных вераванняў – рэальныя ўмовы жыцця і побыту і найперш гаспадарчая дзейнасць: чым больш значнае месца ў жыцці чалавека займала гаспадарка (земляробства, жывёлагадоўля), тым больш захавалася прыкмет, павер’яў, магічных дзеянняў, накіраваных на павелічэнне ўраджаю і дабрабыту. Дарэчы, так званых «ураджайных» прыкмет, павер’яў і звязаных з імі магічных дзеянняў зафіксавана на тэрыторыі Веткаўшчыны нямала. Да кожнага каляндарнага свята меліся такія формулы-парады, формулы-прадказанні, формулы-рэгламентацыі, якія, своечасова атрыманыя ад суб’ектаў і аб’ектаў навакольнага асяроддзя, правільна расшыфраваныя чалавекам-гаспадаром або прымененыя ім на практыцы, маглі паспрыяць добраму ўраджаю ў гаспадарцы. Так, на пачатку года, калі закладваліся асновы будучага ўраджаю, і гарбузы разбівалі падчас прыходу шчадроўшчыкаў мэтаскіравана, каб павялічыць колькасць ураджаю («А штоб радзілі гарбузы, то той гарбуз, што на семяно аставілі, надо разбіць, і як толькі первыя шчадравікі зайдуць у хату, выбраць семкі» – зап. у в. Прысно ад Ніны Іванаўны Шкляровай, 1930 г. н.); парадак у жыллі наводзілі наўмысна, таму што чысціня ў хаце падчас Каляд абяцала чысціню агарода летам («…васямнаццатага ўранні вымяталі печ, патом хату, каб усё было чыстым. Лічылі, калі ў хаце чыста будзя, то і летам агарод будзе чыстым, без бур’янаў» – зап. у в. Перавессе ад Ганны Фёдараўны Барсуковай, 1933 г. н.). Вясной, пасля правядзення першых сельскагаспадарчых работ, не забывалі і пра «магічныя прыёмы» забеспячэння росту і вегетацыі раслін: так, у вёсцы Старое Сяло, па ўспамінах Вольгі Фёдараўны Раманьковай, на Юр’я бацюшка свяціў жыта на полі, а «людзі ўсе сцяной ішлі, штоб ураджай быў харошы». Увосень, калі ўраджай ужо быў сабраны і заставалася толькі захаваць яго, каб хапіла запасаў да наступнай вясны, зноў-такі звярталіся да традыцыйнай народнай мудрасці, праверанай часам.

Факт, што Веткаўшчына – раён даволі самабытны, цікавы, з пункту гледжання фалькларыста, не выклікае пярэчанняў. Вялікая колькасць фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў, зафіксаваных на тэрыторыі раёна ў апошнія дзесяцігоддзі, таксама дазваляе гаварыць і пра добрую захаванасць традыцыйнай духоўнай спадчыны беларусаў. Каляндарныя абрады, звычаі і вылучаныя ў межах звязаных з імі прыкмет і павер’яў тэматычныя і функцыянальна-семантычныя групы дэманструюць асаблівасці светапогляду жыхароў Веткаўшчыны, стэрэатыпы паводзін у той ці іншай гаспадарчай сітуацыі, ілюструюць спосабы ўздзеяння чалавека на навакольны свет.

Літаратура

  1. Виноградова, Л. Н. Зимняя календарная поэзия западных и восточных славян. Генезис и типология колядования / Л. Н. Виноградова. – М.: Наука, 1982. – 256 с.

1 У артыкуле выкарыстаны матэрыялы фальклорнага архіва кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі УА «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны».

Аўтары: В.С. Новак, А.А. Кастрыца
Крыніца: Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Вып. 20 / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А.І. Лакотка. – Мінск: Права і эканоміка, 2016. – С. 392-401.