Асноўныя структурныя кампаненты вясельнай абраднасці Нараўлянскага раёна – гэта сватанне, запоіны, змовіны (заручыны), ёлка (зборная субота), пасад, каравай, вянчанне, вяселле ў хаце маладой, вяселле ў хаце маладога, паслявясельная частка.
Як і ў некаторых іншых раёнах Гомельскай вобласці, вяселле ў вёсках Нараўлянскага раёна пачыналася са сватання: «У сваты ішлі бацька родны, хросны, жанатыя браты – усяго 3-5-7-9 чалавек. Раней ішлі, звычайна ў суботу, толькі мужчыны, зараз гэтага не прытрымліваюцца. Сваты бяруць з сабой гарэлку і пірог. Калі дзяўчыну высваталі, маладыя ідуць запрашаць родных на заручыны, або “чарку”» [1, с. 410]. У вёсцы Чэхі сватацца хадзілі ў асноўным мужчыны: «Сватацца прыходзілі вечарам. Бярэ мужчыну, бацьку чэ шчэ одного бяруць, да і сватанне было» (зап. ад Вікторыі Францаўны Гаўрылюк, 1930 г. н.). Падчас сватання адбываўся іншасказальны дыялог паміж бацькамі маладой і сватамі. Звычайна сваты прадстаўлялі сябе ў якасці купцоў, якія ставілі на мэце купіць цялушку: «Ці продасьце нам свою цёлку? Мы хочам купіць цёлачку, а матка яе ж знае, што не цёлку хочуць, а дачку» (зап. у в. Гажын ад Любові Пракоф’еўны Лаворанкі, 1938 г. н.).
Устойліва захоўваюцца ў памяці інфармантаў звесткі пра тое, што рабілі, калі нявеста не давала згоды на шлюб. У гэтых адносінах характэрнай дэталлю ў сістэме нараўлянскага вяселля з’яўляліся сімвалічныя дзеянні з гарбузом. Калі нявеста адмаўляла жаніху, то «давалі гарбуз у плечы» (зап. у г. Нароўля ад Кацярыны Францаўны Цандзер, 1946 г. н.); «А як прыйдзе ў сваты, а нявеста ня хоча, дык гарбузу схваціў і дадому пайшоў» (зап. у в. Антонаў ад Ніны Сямёнаўны Маргулец, 1946 г. н.); «Было, што нявеста адказвала жаніху, тады гарбуза давала» (зап. у г. Нароўля ад Любові Аляксандраўны Чыжэўскай, 1950 г. н., перасяленкі з в. Гажын); «Гарбузу покаціць – нявеста адмаўлялася» (зап. у в. Будкі ад Ульяны Арсенцьеўны Майковай, 1949 г. н.); «Калі нявеста отказала, дык “гарбузу схваціў”, дражніліся» (зап. у в. Чэхі ад Вікторыі Францаўны Гаўрылюк, 1930 г. н.).
Калі маладыя былі згодны на шлюб, то, напрыклад, у вёсцы Галоўчыцы падчас сватання ім трэба было выпіць крыху гарэлкі: «Першую чарку давалі выпіць маладым, калі яны вып’юць, то, значыць, згодныя. Неабавязкова было выпіваць усю чарку, можна было выпіць толькі чуцечку, або толькі прыгубіць, гэта ўсё роўна значыло згоду» (зап. у г. Гомель ад Л. Я. Шыкун, 1934 г. н., перасяленкі з в. Галоўчыцы). Сімвалам згоды на шлюб, паводле ўспамінаў жыхароў горада Нароўля, з’яўлялася перавязванне сватоў ручнікамі, падрыхтаванымі нявестай. Калі вяселле разладжвалася, то дзяўчына забірала свае ручнікі: «Ну, а маладая, еслі сагласна, яна сватоў завязвае рушнікамі. Ана можа пахадзіць пасля сватоў, можа ёй не панравіцца, тады яна свае рушнікі забірае» (зап. у г. Нароўля ад Ульяны Іванаўны Скуратоўскай, 1942 г. н.); «Калі дзеўка згодна, то абвязвалі сватоў ручнікамі» (в. Будкі).
Запоіны як наступны этап вясельнай абраднасці адзначаліся не ва ўсіх вёсках Нараўлянскага раёна. Напрыклад, у вёсцы Галоўчыцы абрадавыя моманты «сватанне» і «запоіны» ўспрымаліся як адзін этап; у вёсках Гажын, Грыдні запоіны адбываліся пасля сватання і вылучаліся ў структуры вясельнай абраднасці як самастойны этап. На запоінах, як правіла, дамаўляліся аб тэрмінах правядзення заручын. Калі сваты ішлі, то абавязкова неслі з сабою, як і на сватанне, хлеб, гарэлку, ручнік: «Гарэлку сваты няслі, пірага ў ручнік заматвалі» (зап. ад Яўгеніі Яўгенаўны Лаворанкі, 1940 г. н.).
Падчас сватання і запоін пытанне аб шлюбе яшчэ не лічылася вырашаным: «Калі дзеўка адмаўлялася, то за ўшчэрб заплацілі ды ўсё» (зап. у в. Будкі ад Ульяны Арсенцьеўны Майковай, 1949 г. н., перасяленкі з в. Гажын); «Пасля запоін могуць яшчэ маладыя і аставіць адзін аднаго» (зап. у г. Гомель ад Л. Я. Шыкун, 1934 г. н., перасяленкі з в. Галоўчыцы). Пасля таго як дзяўчыну засваталі, прызначалі заручыны, якія ў вёсках Нараўлянскага раёна называлі змовінамі. Паводле ўспамінаў М. П. Прахарэнкі, 1917 г. н., з вёскі Белая Сарока, на заручыны «да маладой прыходзяць бацькі, сваты, жаніх і яшчэ некалькі чалавек. Багато не прыходзяць. Бацькі маладой запрашаюць тых, хто будзе з іх боку на вяселлі.
Садзяць за стол, п’юць, ядзяць. Тады ўжо дагаварываюцца, калі свадзьбу рабіць, дзе маладыя будуць жыць. Падаркі тут ужо не даюць».
Зборная субота як асобны этап вясельнай абраднасці ў вёсках Нараўлянскага раёна была вядома пад назвамі «ёлка» (в. Гажын), «ёлачка» (в. Галоўчыцы), зборная субота (в. Канатоп): «Елка займае значнае месца ў вясельным комплексе беларусаў. Упрыгожаная ў зборную суботу “ёлачка” сімвалізавала дзявоцкасць маладой, яе хараство. Атрыбут уяўляў сабой невялікае дрэўца, нават яго вершаліну або галінку, прычым толькі зімой – яловую, летам жа ў якаці “ёлачкі” выступалі галінкі пладовых дрэў» [2, с. 159]. Напрыклад, паводле сведчанняў інфармантаў, «збіраліся дружкі ў маладой, плялі ёй вянок з бярвінка, упрыгожвалі яго лентачкамі, надзявалі на галаву маладой. Як завіваюць маладую, то спявалі: Ой, што мы хоцелі, Тое і зробілі: З хлеба – поленіцу, З дзеўкі – молодзіцу» (зап. у в. Сяменча Жыткавіцкага р-на ад Варвары Паўлаўны Кавальчук, 1920 г. н., перасяленкі з в. Канатоп Нараўлянскага р-на).
Падчас зборнай суботы сяброўкі маладой упрыгожвалі неад’емны атрыбут вясельнага абраду – «ёлачку», якую павінен быў выкупіць малады, калі прыязджаў са сваёй дружынай па нявесту. Невыпадкова ў вясельнай абраднасці в. Галоўчыцы вылучаецца такі абрадавы момант, як «продаж ёлкі», які суправаджаўся адпаведнай песняй-ілюстрацыяй: Мы па ёлку хадзілі, Мы па ёлку хадзілі, Свае ногі тапталі, Пока ёлку спадабалі, Пока ёлку спадабалі, Чаравікі патапталі.
Ой, хвоя, хвоя баравая, У бару стаяла, шумела, У бару стаяла, шумела, А як падала, звінела, А як падала, звінела.
А на стол стала, заззяла, А на стол стала, заззяла, Сваю маладу пазнала [3, с. 333].
Як адзначылі жыхары вёскі Гажын, у іх паселішчы таксама выконвалі рытуалы, звязаныя з падрыхтоўкай «ёлкі»: «Ёлка была ў кажной молодое, яна брала тры дружкі, подругі свое, а оны хвою ў лесе таку шукалі, шоб было 5 галінак унізу і ўверху меншых, пяць шоб было. Куплялі стружку спецыяльну да рабілі цветкі, на каждую галінку – свечачку, шоб свечкі гарэлі.
Да ўжэ на стале паставяць эту ёлку, молоду пасадзяць і спяваюць песні, а патом молоды прыйдзе са сваімі людзьмі, са сватамі, да выкупаюць ёлку» (зап. ад Любові Пракоф’еўны Лаворанкі, 1938 г. н.).
Каравайная абраднасць – важны этап у структуры вяселля Нараўлянскага раёна – вылучаецца шматлікімі прыкметамі і павер’ямі. Як пацвердзілі жыхары, «у нявесты свой каравай, а ў хлопца – свой» (зап. у в. Антонаў ад Яўгеніі Іванаўны Максіменкі, 1949 г. н.). Паводле народных вераванняў, пазбягалі запрашаць жанчын-удоў для падрыхтоўкі каравая: «Каравай бабы пяклі, но штоб не ўдовы» (зап. у в. Антонаў ад Яўгеніі Іванаўны Максіменкі, 1949 г. н.); «Каравай выпякаюць спецыяльныя жанчыны (каравайніцы), гэтыя жанчыны былі замужнія, не бяздзетныя (тыя жанчыны, якія былі бяздзетныя, каравай ніколі не выпякалі), хто добра жыве ў браке» (зап. у г. Нароўля ад Святланы Васільеўны Бамбізы, 1959 г. н.). Калі рыхтавалі цеста для каравая, то «мясілі так, каб цеста не сціскалася ў кулак, каб маладыя жылі дружна, не біліся» (зап. у г. Нароўля ад Святланы Васільеўны Бамбізы, 1959 г. н.). Асцерагаліся, каб падчас выпечкі каравай захаваў сваю форму, бо, верылі, што «калі каравай расколваўся, то будучая жонка ці муж вельмі хутка памрэ» (зап. у г. Нароўля ад Святланы Васільеўны Бамбізы, 1959 г. н.); «А калі каравай, бывае, расколецца, то ўжо прыкмета, што маладыя не будуць разам, разыдуцца, або каторае памрэ з іх» (зап. у г. Гомель ад Л. Я. Шыкун, 1934 г. н., перасяленкі з в. Галоўчыцы). Каб вызначыць, хто з маладых будзе лідарам у сям’і, «пасля благаслаўлення маладым даюць адкусіць каравай.
Хто большы кусок адкусіць, той і будзе ў сям’і галоўны» (зап. у г. Нароўля ад Аксаны Міхайлаўны Валетавай, 1978 г. н.); «Хто больш укусіць (малады ці маладая), той хазяінам стане» (зап. у в. Галоўчыцы ад Н. В. Шмат, 1939 г. н.). Паралельна з падрыхтоўкай і выпечкай каравая адбываўся, напрыклад, у вёсцы Галоўчыцы рытуал «суканне свечак»: «Бяруць воск, акунаюць у цёплую ваду і яго мякка-мякка размінаюць. Раскатваюць, і на раскатаны блін ложаць скручаную з лёну нітку, скатваюць так, каб нітка была ў сярэдзіне. Гэту свечку ўпрыгожваюць кветкамі, і атрымліваецца маленькі букецік, а ў сярэдзіне – свечка (потым гэтыя свечкі будуць запальваць маладыя на парозе хаты ў нявесты, калі прыязджае малады)» [3, с. 337]. Падчас выканання гэтых абрадавых дзеянняў прытрымліваліся тых жа павер’яў, што былі звязаны з каравайнай абраднасцю: «Каравай і свечку павінны рабіць жанчыны, у якіх па першаму чалавеку, а не ўдовы ці тыя, у каго другі чалавек. Гэта каб маладыя жылі ў пары да старасці» [3, с. 337].
Паводле сведчанняў Марыі Мікалаеўны Сізянок, 1953 г. н., з горада Нароўля (перасяленкі з в. Ломыш Хойніцкага р-на), свечкі, якія папярэдне былі падрыхтаваны, «звязвалі разам і спявалі: Прыступі, свахо, да мяне, У цябе свяча і ў мяне, У цябе свяча і ў мяне, У цябе дзіця і ў мяне.
Мір з мірам міраваліся, Пры свахачкі цалаваліся Ды на лютым марозе, Ды на сенечным парозе».
Як адзначыла інфармант далей, «свечкі абпявалі тры разы. Затым шлі ў хату, садзяцца за стол. Калі ідуць сваты ў хату, то іх абвязвалі ручніком» (зап. у г Нароўля ад Марыі Мікалаеўны Сізянок, 1953 г. н.). «Як звядуць, “знясуць” свечкі, тады ўжо запрашаюць гасцей у хату. Тут побач з маладой сядзіць яе брат, і трэба выкупіць гэта месца маладому. Калі выкупілі елку і месца каля маладой, спяваюць: Татару, братка, татару, Аддай сястру задарам.
За русу косу грошы ўзяў, Бела лічыка дарам даў» (в. Смалегаў) [1, с. 410].
Пасад – абрадавы этап, з рытуаламі якога было звязана благаславенне маладых на шлюб, а таксама іх пераход у іншы стан. Паводле сведчанняў жыхаркі вёскі Вербавічы, «садзілі маладую на пасад, звычайна на кажух, каб мякка сядзець было, ну і каб добра замуж вышла … Еслі сядзіць маладая на пасадзе, то яе завіваюць хустачкай, і яна ўжо становіцца маладзічкай» (зап. ад Валянціны Антонаўны Зязёткі, 1941 г. н.). Падчас сумеснага пасаду маладых у в. Галоўчыцы адбываўся рытуал завівання маладой, пры гэтым мелі месца спецыфічныя дзеянні, напрыклад, «маханне хусткамі над галовамі маладых, стуканне іх ілбамі» (зап. ад Н. В. Шмат, 1939 г. н.).
Абрадавыя сімвалічныя дзеянні, якія выконвалі спецыяльна выбраныя жанчыны на гэтую ролю («жанчыны павінны быць не ўдовы, не пакідухі, тыя, што ў першым шлюбе, каб не перадаць маладым горкую долю»), суправаджаліся адпаведнымі песеннымі радкамі: Мы цябе, Машачка, завіваем, Шчасцем, доляй абсыпаем.
Будзь здарова, як вада, Будзь багата, як зямля, Будзь прыгожа, як ружа, Каб да яго радні была добра.
Ой, што мы хацелі, Тое мы зрабілі: З цеста пеленіцу, З дзеўкі маладзіцу (зап. у г. Гомель ад Л. Я. Шыкун, 1934 г. н., перасяленкі з в. Галоўчыцы).
Заўважым, што звычайна рытуал завівання нявесты выконвалі дзве жанчыны – прадстаўніцы ад дружыны маладой і маладога («обычно з одной рукі і з другой, шоб былі по пары людзі. Напрыклад, без чалавека ўжо не бралі нявесту завіваць» – зап. у в. Будкі ад Ульяны Арсенцьеўны Майковай, 1949 г. н., раней пражывала ў в. Гажын). У абрадавых дзеяннях жанчын-«завівальніц» невыпадкова мае месца тэатралізаваны элемент суперніцтва, што, паводле народных вераванняў, звязана са ступенню актыўнасцю маладых у працы і побыце: «Гэтыя жанчыны стараліся, штоб потом як завіць … штобы быстрей кто-то побег, і прігнув першы. Штоб ужэ мол: ад молодой рукі, значыць, молодая быстрей бегаць будзе, а як от молодого, дык молоды быстрей. Быстрей цераз стул прігаеш» (зап. у в. Будкі ад Ульяны Арсенцьеўны Майковай).
Дзяльба каравая адбывалася і ў хаце маладога, і ў хаце маладой: «У першы дзень быў каравай. Эты каравай быў у маладой, а на другі – у маладога» (зап. у в. Вербавічы ад Надзеі Пятроўны Несцярчук, 1932 г. н.).
Перад тым, як пачаць дзяліць каравай, абавязкова прасілі благаславення ў бацькоў маладых: «Благаславі, маці, свайму дзіцяці каравай пачаці раздаваці» (зап. у в. Ніжні Млынок ад Марыі Фамінічны Гафальскай, 1923 г. н., раней пражывала ў в. Нічыпараўка). Звычайна каравай упрыгожвалі спецыяльным печывам – «шышкамі», якія «обязацельно молодым зразаюць. Первэ шышкі давалі молодой і молодому» (зап. у в. Гажын ад Яўгеніі Яўгенаўны Лаворанкі, 1940 г. н.). Абдорванне маладых падарункамі падчас дзяльбы каравая суправаджалася спецыяльнымі пажаданнямі, у якіх знайшлі адлюстраванне вывераныя жыццёвай філасофіяй народныя маральна-этычныя нормы і парады, звязаныя з ідэяй працягу роду («Колькі ў хаце дошчэк, каб было столькі дочэк, / Колькі ў хаце сярпоў, каб было столькі сыноў»); наладжваннем добрых узаемаадносін паміж нявесткай і свякроўю («Дару куру-квактуху, каб нявеста пацалавала свякруху»); захаваннем міру і спакою ў сям’і («Дару зялёнага дуба, каб жылі люба») (зап. у в. Ніжні Млынок ад Марыі Фамінічны Гафальскай, 1923 г. н., раней пражывала ў в. Нічыпараўка).
Калі дзялілі каравай у вёсцы Вербавічы, то спявалі песню, змест якой быў звязаны з меркаваным пасагам маладой: Сядзь, мамко, павячэраймо, Сядзь, мамко, павячэраймо, За вячэрай падзялімось.
Табе, мамко, хата, камора, Табе, мамко, хата, камора, А мне, мамко, хлеў і карова (зап. ад Надзеі Пятроўны Несцярчук, 1932 г. н.).
У вёсцы Смалегаў блізкі песенны варыянт да вышэйпрыведзенага выконвалі падчас ад’езду маладой да маладога: Сядзьма, мамко, паабедайма са мною.
Паабедаўшы, падзелім дабро з табою.
Табе, мамко, сені, хата, камора.
А мне, мамко, ніці, бердзечко, панажы.
А мне, мамко, палаценечко палажы [1, с. 411].
Паслявясельная частка ў вёсках Нараўлянскага раёна мела наступныя назвы: «лавіць (гуляць) куру» (в. Галоўчыцы), «на куру», «на куру хадзіць» (в. Вербавічы), «есці куру», «хвост свадзьбы», «цыганы», «пярэзвы» (в. Гажын), «пярэзвы», «на куру», «цыгане» (в. Антонаў), «куру драць» (в. Грыдні), «на кашу» (в. Смалегаў, Канатоп). Паводле ўспамінаў Любові Пракоф’еўны Лаворанкі, 1938 г. н., з вёскі Гажын, апошні дзень вяселля меў назву «есці куру»: «У канцы ўсяго ўсякаго, на паследні вечар, дак это кажуць, што нада іці есці куру, “хвост свадзьбы” называлі. Проста сабіралісь людзі і ішлі на вячэру. Бояры, як прыдуць по невесту, то ловаюць у дварэ куру, могуць і пеўня, але ж нічога не скажэш, это ж свадзьба. Былі на этым хвасце падстаўныя маладыя, ім такую ругань даравалі, такія словы драмалі, што папала казалі». Зыходзячы з этнаграфічных апісанняў, зробленых ў вёсцы Антонаў, у гэтай мясцовасці вясельны абрад працягваўся тры дні: «Вяселле гулялі 3 дні: от суботы до оўторка» (зап. ад Яўгеніі Іванаўны Максіменкі, 1949 г. н.). «Пярэзвы», «на куру», «цыгане» – такія назвы здаўна былі замацаваны за пэўнымі днямі вясельнай абраднасці: «Другі дзень “пярэзвы” называецца. А ў понедзелок увечары “на куру” ідуць. Куру везлі от дзеўкі. І на трэці дзень ужэ жэняць старых – цыгане» (зап. ад Яўгеніі Іванаўны Максіменкі, 1949 г. н.). Жартаўліва-насмешлівы характар дзеянняў, якія мелі месца падчас паслявясельнай цырымоніі («Сабіраліся, пачэпяць банта на куру, і танцавала кура тая» – зап. у в. Вербавічы ад Аляксея Мікалаевіча Сцяпанчанкі, 1939 г. н., перасяленца з в. Грыдні Нараўлянскага р-на); пераапрананне некаторых удзельнікаў вяселля («Цыганка з цыганам ходзілі, дзіця робілі. Жонку робілі на цыгана, а мужчыну робілі на жонку. Яны біліся, як цыганы, і сварыліся. Цыганка як улупіць тым дзіця кому» – зап. у в. Гажын ад Яўгеніі Яўгенаўны Лаворанкі, 1940 г. н.); камічна-іранічны характар узнаўлення ўласна вясельных абрадавых этапаў мелі на мэце паспрыяць шчасліваму жыццю маладых.
Вясельны абрадавы комплекс Нараўлянскага раёна, які захоўвае структурныя кампаненты беларускай вясельнай абраднасці, вылучаецца адметнымі мясцовымі асаблівасцямі рытуалаў і звязаных з імі прыкмет і павер’яў.
Літаратура
- Кабашнікаў, К. П. Вусная народная творчасць Нараўляншчыны / К. П. Кабашнікаў // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Нараўлянскага раёна. – Мінск, 1998. – 448 c.
- Беларуская міфалогія: энцыклапедычны слоўнік / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. – 2-е выд., дап. – Мінск: Беларусь, 2006. – 599 с.
- Вяселле на Гомельшчыне: фальклорна-этнаграфічны зборнік. – Мінск: Нёман, 2003. – 472 с.
Аўтар: В.С. Новак
Крыніца: Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Вып. 20 / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А.І. Лакотка. – Мінск: Права і эканоміка, 2016. – С. 385-391.