Традыцыі велікоднай абраднасці Гомельшчыны

0
1352
Традыцыі велікоднай абраднасці Гомельшчыны

У народным календары ўсходнеславянскіх народаў важнае месца адводзілася велікодным абрадам і звычаям, у якіх захаваліся старажытныя язычніцкія вераванні. Хоць велікодная абраднасць у беларусаў як сістэма не склалася, але ўсё ж назіраецца тэндэнцыя ўстойлівага бытавання асобных абрадавых момантаў і звязаных з імі рытуалаў. Сярод найбольш распаўсюджаных народных звычаяў святкавання Вялікадня ў беларусаў варта прыгадаць наступныя: падрыхтоўка рытуальнай абрадавай ежы, назіранні за гульнёй сонца і адпаведная варажба пра будучы ўраджай, наладжванне арэляў і гушканне моладзі, гульня ў біткі і качанне яек з горкі, наведванне блізкіх родзічаў і суседзяў, ваджэнне карагодаў, абход двароў гуртамі валачобнікаў (абрад валачобніцтва характэрны для паўночна-заходніх рэгіёнаў Беларусі), наведванне могілак і памінанне памерлых. Запісаныя ў палявых экспедыцыях матэрыялы па святкаванні Вялікадня ў розных раёнах Гомельшчыны дазваляюць зрабіць высновы адносна захаванасці ў традыцыйнай культуры жыхароў Гомельшчыны тых ці іншых велікодных рытуалаў. Засяродзім увагу на мясцовых асаблівасцях велікоднай абраднасці ў Лоеўскім, Жлобінскім, Хойніцкім, Чачэрскім і Мазырскім раёнах Г омельскай вобласці.

Вялікдзень як значнае хрысціянскае свята займаў важнае месца ў абрадавым фальклоры Лоеўшчыны. Велікодная абраднасць і паэзія, а таксама звязаныя з імі валачобныя абрады і песні дэманструюць арганічны сінтэз язычніцкіх і хрысціянскіх элементаў. З самага пачатку ўзнікнення Вялікдзень быў звязаны са святкаваннем «вялікіх дзён» палявых работ: «Мяркуючы па вераваннях і звычаях Вялікадня, прататыпам яго была абрадавая ўрачыстасць сакральнага статуса, што ўзнікла на родава-племянной стадыі развіцця грамадства і была заклікана стымуляваць урадлівасць збажыны на час веснавой сяўбы, пачатак прадуктыўнага года земляроба» [1, с. 235].

Калі звярнуцца да розных лакальных запісаў звестак пра велікодныя абрады і звычаі, то можна вылучыць наступныя традыцыйныя кампаненты абрадавага комплексу свята Вялікадня на Лоеўшчыне: рытуалы падрыхтоўкі да свята, звязаныя з навядзеннем парадку і чысціні ў хаце, на двары («усё на двары і хаці моем, усё перачысцім» — г. п. Лоеў; «Полоценце развешівалі на образы, на портреты, белілі паталкі» — в. Рудня Каменева), фарбаванне яек, выпяканне «паскі», яе асвячэнне ў царкве, гульня з яйкамі «ў біткі», качанне яек з горкі і варажба, хаджэнне валачобнікаў («дзеці, крэснікі хадзілі» — в. Вулкан), выкананне велікодных і валачобных песень, прыкметы і павер’і, выпальванне пасвечанай свечкай крыжыкаў, рытуальная трапеза, ваджэнне карагодаў. Яйка (сёння вяскоўцы на Вялікдзень выкарыстоўваюць розныя колеры фарбы) сімвалізуе найперш «першакрыніцу жыцця і пладароддзя» [2, с. 578]. Пацвярджэннем агульнапрынятага ў этналогіі прыведзенага тэзіса з’яўляюцца тлумачэнні саміх інфарматараў: «Яйцо — сімвал жызні» (г. п. Лоеў). Пафарбаванае ў чырвоны колер яйка з’яўляецца сімвалам крыві, пралітай Ісусам Хрыстом дзеля таго, каб адкупіць увесь свет ад граху.

У шматлікіх лакальных запісах мы сустракаемся не толькі з язычніцкімі, але і з устойлівымі хрысціянскімі матывамі, у прыватнасці, з народнымі вераваннямі, якія звязаны з чырвоным колерам велікодных яек: «Распіналі Ісуса Хрыста, кроў красная цякла, таму і яйца красныя» (в. Удалёўка); «Кажуць, што не верыў адзін чалавек у Бога і кажа: “Еслі ёсць Бог, то хай маё яйцо ў руцэ стане красным ”. І яно стала красным»; «Яйкі красілі ў красны колер, таму што, калі к цару прыйшла жанчына і яму нешта даказвала, яна гаварыла, што Ісус Хрыстос уваскрэс, а ён кажа: “А паверу тады, калі гэтае яйка стане красным ”. І яно ў яго на глазах раз — і стала красным» (г. п. Лоеў).

Звернем увагу на семантыку рытуальных дзеянняў, звязаных з велікодным яйкам, у розных лакальных традыцыях Лоеўшчыны: закопвалі пасвечаныя яечныя шкарлупкі ў зямлю, каб «асот не рос на агародзе» (п. Пабядзіцель), клалі іх на падаконнік, каб засцерагчы хату «ад нячыстай сілы ды ад гразы» (в. Сінск), захоўвалі ў мяшочку, каб вясной падчас сяўбы закапаць у зямлю, каб «ураджай добры быў, каб вароны не нападалі разныя» (в. Гарадок), яечным шкарлупіннем пасыпалі зямлю, каб “ураджай быў добры” (в. Мохаў), клалі яго ў зерне, якое было прызначана для пасеву, і верылі, што гэта паспрыяе ўрадлівасці (в. Карпаўка). Прыведзеныя матэрыялы пацвярджаюць яскрава выражаную аграрную семантыку велікоднай абраднасці.

Важнае месца ў велікодных святкаваннях належыць падрыхтоўцы абрадавага хлеба — «паскі», з выпечкай якой вяскоўцы звязвалі свае надзеі на добры ўраджай, дастатак у гаспадарцы, сямейны дабрабыт («Еслі пасха падымецца добра, красіва, выпечацца харашэ… то і ўраджай у гэтым годзе Бог пашле добры, і ў гаспадарцы будзе поўна, у доме будзе ладна» (п. Пабядзіцель). Выпечаныя паскі невыпадкова ўпрыгожваліся крыжыкамі, бо, як адзначылі інфарматары, «пеклі булкі і ўпрыгожвалі хрэстом, бо Хрыста ж на крысце распялі» (г. п. Лоеў).

Важны хрысціянскі атрыбут — пасвечаная ў царкве свечка — валодала, паводле вераванняў, магічнай сілай уздзеяння, таму і імкнуліся, каб «не патухла яна», бо «абладала тады магіяй, ёй можна было акурваць хату, вокны, рысавалі крэсцікі ў апошнюю нядзелю» (в. Мохаў).

Вялікдзень займае важнае месца і ў народным календары Жлобіншчыны, і да яго святкавання ў народзе адносяцца з вялікай павагай. Свята ўваскрэсення Хрыста, як слушна адзначыў У. П. Анікін, «знаходзіць паралель у свяце ўваскрэсення егіпецкага Азірыса. Тыя ж воклічы “Азірыс уваскрэс!”, тое ж велічанне і тыя ж велікодныя пацалункі. Само забойства Хрыста ўключаецца ў язычніцкі рытуал аддання боства смерці дзеля новага жыцця на зямлі» [3, с. 115].

Сур’ёзна рыхтуюцца жыхары Жлобіншчыны да святкавання Вялікадня на працягу ўсяго тыдня. Асабліва значнымі рытуаламі вылучаецца чацвер, які называюць «Вялікім», або «Чыстым». Як адзначае Марыя Андрэеўна Грынкевіч, 1930 г.н., з вёскі Дзяніскавічы, «к Пасхе пачыналі гатовіцца з Вялікага ці Чыстага чацверга. У гэты дзень красілі яйца, гатовілі пасху, пеклі кулічы. У гэты дзень стол рабілі багатым. Таксама ўкрашалі стол і нават увесь дом цветамі. Абавязковым было, каб на стале быў куліч. Кулічы ўкрашалі крэсцікамі, цукеркамі, макам звычайна ўкрашалі». Прыярытэтнымі ў сістэме велікодных святкаванняў з’яўляліся наведванне царквы, удзел «у начной службе», асвячэнне паскі і яек: «Усе не кладуцца спаць, а ідуць у царкву. Ставяць свечкі, моляцца. А ў поўнач ідуць за плашчаніцамі. Послі этага зноў ідзе служба, а пад ранак пачынае бацюшка свяціць пасхальныя яйкі, пасхі і іншае» (зап. у в. Пірэвічы ад Сафіі Васільеўны Калядзенкі, 1935 г.н.). Фарбаваныя яйкі як важны атрыбут велікоднага застолля, пасвечаныя ў царкве, клалі ў ваду і потым умываліся. Верылі, што такім чынам можна забяспечыць здароўе: «На заўтра, калі праснешся, нада мыцца вадой, у якой ляжала свяцонае яйка, каб быць здаровым» (зап. ад Сафіі Васільеўны Калядзенкі, 1935 г.н.). У в. Верхняя Алба «ўранні такім крашаным яйкам умывалі твар, каб быў прыгожы» (зап. ад Наталлі Ануфрыеўны Канаваленкі, 1939 г.н.). На пытанне, чаму яйкі фарбавалі ў чырвоны колер, быў атрыманы адказ: «Гэты колер азначаў цвет крыві Іісуса Хрыста» (зап. у в. Дзяніскавічы ад Марыі Андрэеўны Грышкевіч).

Жыхары гэтых вёсак пацвердзілі, што на Вялікдзень даніну павагі аддавалі памерлым, хадзілі на могілкі: «А на Пасху каталі красным яйцом на могілках, можна было і закапываць каля крыста яйцо» (зап. у г. Жлобін ад Веры Якаўлеўны Ганчаровай, 1931 г.н.); «Кагда паелі, значыцца, усе ідуць на кладбішча, нясуць яйкі, бублікі і выпіць. Памінаем сваіх памёршых. Убіраем на магілках» (зап. у в. Гарбачоўка ад Валянціны Лявонцьеўны Маразевіч, 1932 г.н.). Аналагічны рытуал памінання памерлых на Вялікдзень вядомы ў рускай традыцыі: «Крашеные яйца святили в церкви вместе с паской и ходили с ними на кладбище поминать умерших родственников. Принесённые яйца оставляли на могиле, предварительно раскрошив. Когда разбрасывали крошки по могиле, обращались к птицам с просьбой поклевать — помянуть мёртвых» [4, с. 251].

Інфарманты з вёскі Гарбачоўка далі іншыя, супярэчлівыя ў адносінах да вышэйпрыведзеных, звесткі адносна наведвання могілак на Вялікдзень: «На кладбішча не хадзілі, а хадзілі ўжэ на Радаўніцу. Астаўлялі толькі яйкі з Пасхі, каб занесці на могілкі» (зап. ад Івана Мяфодзьевіча Чайдакова, 1926 г.н.). Заўважым, што традыцыя абходу валачобнікамі хат аднавяскоўцаў на Вялікдзень характэрна для паўночна-заходніх рэгіёнаў Беларусі, аднак, паводле ўспамінаў мясцовых жыхароў, «калі на дварэ цямнела, хадзіць пачыналі валачобнікі» (зап. у в. Дзяніскавічы ад Марыі Ануфрыеўны Грынкевіч, 1930 г.н.). Факт хаджэння валачобнікаў на Вялікдзень пацвердзілі і жыхары вёскі Верхняя Алба, падкрэсліўшы пры гэтым, што ў іх ролі выступалі маладыя людзі, якія «славілі Хрыста», выконвалі песню, адрасаваную гаспадару:

Добры вечар, пане гаспадару!
Добры вечар, пане гаспадару!
Вясна красна на ўвесь свет.
Прыйшлі мы да пана, як да багача,
Хочам пана да й павітаць,

Яго панскае здароўе спытаць:

— Ці здароў пан, ці вясёл пан?
— Ці здарова
панская жонка?
— Ці
здаровы панскія дзеткі? (зап. ад Сцяпана Васільевіча Байдакова, 1929 г.н., Наталлі Ануфрыеўны Канаваленкі, 1933 г.н.).

Асноўныя рытуалы традыцыйных велікодных святкаванняў: гульня (з яйкамі) у біткі, качанне яек з горкі або асвечаных яек на магілцы, выпальванне крыжыкаў на вушаках дзвярэй прынесенымі з царквы свечкамі («аганькамі») з мэтай адагнаць усё дрэннае з хаты, засцерагчыся, ваджэнне карагодаў, гушканне на арэлях — добра вядомы на Жлобіншчыне, некаторыя з іх выконваюцца і сёння. Спецыфічна адметным элементам мясцовай велікоднай абраднасці з’яўляецца абліванне людзей вадой.

Калі характарызаваць велікодную абраднасць і паэзію Хойнікшчыны, то найперш адзначаецца факт актыўнага бытавання такіх структурных элементаў, як наведванне могілак з мэтай памінання памёрлых родзічаў, фарбаванне і асвячэнне яек, гульня ў біткі, хаджэнне валачобнікаў (гэта былі дзеці, якія на Пасху па дамах хадзілі, спявалі — в. Навасёлкі, а таксама «ў склад валачобнікаў уваходзілі хросны бацька і хросная маці» — в. Веляцін), абменьванне «паскамі». У вёсцы Вялікі Бор «з пасхай хадзілі па суседзях, абменьваліся кускамі хлеба, каб у дзярэўні была ўсё добра». Пры гэтым гучалі наступныя славесныя прыгаворы:

Хрыстос васкрэс!
Ва ісціну васкрэс.
Валачобныя — людзі добрыя,
Валачыліся, памачыліся.
рыстос васкрэс, сам Гасподзь!
Пачынальніку — чырвон залаты,
Механошу — хоць тры грошы,
А пяўцам — канец пірага
(зап. ад Барыса Іванавіча Смірнова, 1930 г.н., Марыі Сцяпанаўны Смірновай, 1933 г.н.).

Велікоднаму яйку надавалі магічнае значэнне, і фарбавалі яйкі, як падкрэслілі жыхары вёскі Слабажанка, «таму што Хрыстос уваскрэс». Калі хто-небудзь у сям’і памёр, то не фарбавалі яек, а проста так варылі (в. Навасёлкі). З чырвоным колерам велікоднага яйка жыхары Хойнікшчыны, як і іншых раёнаў Г омельшчыны, звязвалі пакуты Ісуса Хрыста: «Краснае яйка лічыцца сімвалам пралітай крові Іісуса Хрыста, і пагэтаму ў красны цвет красілі яйкі» (в. Стралічава). Заслугоўваюць увагі мясцовыя тлумачэнні прысутнасці на велікодным стале такіх рытуальных страў, як «булак» (гэта «сімвал сонца і цяпла, а мяска, як гавораць, свініна на стале — гэта каб зарадзіла ніўка, ураджай быў харошы» — в. Стралічава). Сустракаюцца сведчанні пра тое, што яйкі маглі фарбаваць у іншы колер: «Можна красіць у зялёны колер» (в. Веляцін); «А хто красіў краскаюразнаю… галубенькаю» (в. Навасёлкі).

У вёсцы Веляцін шкарлупінне ад яек кідалі на агарод, каб паспрыяць добраму ўраджаю, у вёсцы Судкова пасвечанае велікоднае яйка захоўвалі да пачатку ворыва і клалі ў першую баразну («на ўраджай ілі ад чаго»). У вёсцы Стралічава шкарлупінне ад яйка закопвалі «ў землю ў градах, штоб харошы быў ураджай і не пабіла яго градам». У вёсцы Слабажанка верылі, што здароўе і прыгажосць кожнага члена сям’і залежаць ад рытуалу ўмывання вадой, у якую клалі велікоднае яйка.

Велікоднае свята жыхары Чачэрскага раёна звязвалі з абуджэннем прыроды і пачаткам веснавых работ. Цэласны велікодны абрад узнавіць сёння не ўяўляецца магчымым, аднак актыўнасцю бытавання адрозніваюцца асобныя рытуалы і дзеянні, сярод якіх магчыма адзначыць фарбаванне яек, прыгатаванне «багатых скаромных страў», выпяканне пірагоў, «паскі», звычай «прабачаць адзін аднаму крыўды, цалавацца (хрыстосавацца)», асвячэнне ў царкве яек і «паскі», ваджэнне карагодаў, качанне яек па дошках з гары, начное богаслужэнне, разгаўленне за велікодным сталом. Паводле ўспамінаў Алены Максімаўны Янкоўскай, 1947 г. н., з вёскі Бабічы, «сабіраліся на вуліцы на высокім месцы, пелі велікодныя песні “Ой, на Вялікадне, на Вялікдзень ”, вадзілі карагоды “Карагод вялік, вуліца мала ”, качалі яйкі, булкі і яйкі пасвяцалі ў царкве, давалі скату, ігралі гарманісты, ладзіліся танцы». Асаблівай увагі заслугоўваюць рытуалы, якія адбываліся ў Чысты чацвер і былі звязаны з падрыхтоўкай да Вялікадня.

Вялікдзень (Паска, Пасха) — гэта свята, у цырымоніі якога на Мазыршчыне важнае месца адводзіцца як кананічным хрысціянскім абрадам, так і язычніцкім звычаям. Велікодны абрадавы комплекс Мазыра і Мазыршчыны вылучаецца ўстойлівасцю захавання асноўных структурных элементаў і багаццем мясцовай спецыфікі святкавання.

Сярод традыцыйных велікодных рытуалаў можна назваць такія, як абавязковае наведванне жыхарамі царквы з мэтай асвяціць ежу: «Свяшчэннік усё прынесенае людзьмі павінен быў асвяціць. Усё асвечанае лічылася “святым ”» (зап у г. Мазыр ад Вікторыі Паўлаўны Чырыч, 1921 г.н.), фарбаванне яек («Яйца красілі ў красны цвет. Кажуць, што “кроў красная ў Хрыста ”», зап. у г. Мазыр ад Валянціны Сяргееўны Бондаравай, 1923 г.н.; Валянціны Станіславаўны Станкевіч, 1927 г.н.), выпечка «паскі», звычай гуляць у біткі («Мужчыны бралі яйца, выбіралі, якія пакрапчэй і ў біткі гулялі. Бывае, адзін паб ‘е — забірае. Бывае, цэлую кашолку назбіралі», зап. у г. Мазыр ад Фёдара Іванавіча Барысенкі, 1927 г.н.).

Было прынята наведваць начную «царкоўную службу»: «У Чарнобыль нашы хадзілі — кіламетраў трыццаць. Там стаялі ўжо ўсю ноч. Тады прыходзілі, хрыстосаліся, за стол садзіцца начыналі» (зап. у г. Мазыр ад Рыгора Фядосавіча Герасіменкі, 1925 г.н., перасяленца з Ельскага р-на). Паводле ўспамінаў Вольгі Мікалаеўны Міткевіч, 1932 г.н., «нас бацька павядзе пяшком у Мазыр, ён пеў, лезе наверх, дзе спяваюць, а мы ўсю ноч стаім. Патом пачынаюць ужо свяціць паску, на вуліцы, на двор выходзілі ўсе, выкладваюць кожны сваі клуночкі, і бацюшка ўжэ ідзе і свеціць» (в. Козенкі).

Сярод страў, прынесеных у храм для асвячэння, важнае магічнае значэнне надавалася абрадаваму хлебу пад назвай «паска», сімволіку якой добра вызначыла жыхарка вёскі Козенкі Вера Рыгораўна Савіч, 1930 г.н.: «Патом у суботу стараемся, штоб да абеда всё было здзелано, паску пеком — ета сімвал жызні, зарождзенія».

Невыпадкова для асвячэння ў царкве бралі паску абавязкова, прычым матывавалі, з якой мэтай гэта рабілі: «В суботу вечером ідом на свешченіе, бяром з сабой хлеб, соль, паску — то значыць, для дастатку в сем’е, ізобілья» (зап. у в. Козенкі ад Веры Рыгораўны Савіч, 1930 г.н.).

Велікоднаму пасвечанаму яйку надавалі магічнае значэнне, лічылі, што «трэба яйцом па шчоках павадзіць, пакатаць яго па ліцу» (зап. у г. Мазыр (Бабры) ад Марыі Аляксандраўны Селязнёвай, 1934 г.н.; Серафімы Пятроўны Кандрашонак, 1926 г.н.). Растлумачыла магічны сэнс гэтага звычаю Марыя Раманаўна Лабунец, 1944 г.н., з вёскі Іванкаўшчына Мазырскага раёна: «Свяцонае яечко ў ваду клалі, і той вадой умываліся, каб ліцо красівае было». Катэгорыя прыгажосці ў мясцовай традыцыі іншы раз асэнсоўвалася даволі спецыфічна, напрыклад, у вёсцы Надаткі меркавалі, што «калі ўсталі ўтрам, то трэба памыцца красным пасвяцоным яйцом, пакачаць па ліцу, каб чырвоным быць» (зап. ад Наталлі Кузьмінічны Дубавец, 1923 г.н.; Ульяны Іванаўны Пазняк, 1940 г.н.). Верагодна, «чырвонае» ў разуменні вяскоўцаў і суадносілася з уяўленнямі аб знешняй прыгажосці чалавека.

Здаўна ў народнай свядомасці велікоднае яйка выкарыстоўвалі ў магічных рытуалах «стымулявання» нівы, скіраваных на павышэнне яе ўрадлівасці: «Яшчэ бралі красное яйцо, качалі яго па полю, каб жыто ўрадзіла» (зап. у в. Іванкаўшчына ад Кацярыны Іванаўны Кадол, 1932 г.н.). Звычайна яйкі фарбавалі ў чырвоны колер, але калі хтосьці з членаў сям’і памёр у год святкавання Вялікадня, то выкарыстоўвалі іншыя колеры фарбы: «Вот перад Пасхай у гэтым гаду памёр наш брат, дык нам нада было красіць у чорны цвет, дак мы ў зялёны красілі» (зап. у г. Мазыр (Навікі) ад Марыі Адамаўны Галяк, 1928 г.н.); «Яйкі красілі ў красны цвет, а кагда ўмер хто-та, то ў сіні, зялёны» (зап. у в. Козенкі ад Надзеі Міхайлаўны Тарасюк, 1944 г.н.).

З выпечкай «паскі» звязвалі трываласць сямейных адносін: «Калі выпякалі пасху, то баяліся: калі расколецца булка, то расколецца сям ’я» (зап. у г. Мазыр (Целепуны) ад Таццяны Аляксандраўны Целяпун, 1916 г.н.). Мазыранін Фёдар Іванавіч Барысенка, 1927 г.н., узгадвае, што Вялікдзень святкавалі два дні: «Первы дзень гулялі, а другі ўжо хадзілі, называлася “валачобныя хадзілі ”. Дзеці малыя к родственнікам хадзілі, там ім падаркі давалі, давалі ім яйца крашаныя».

Такім чынам, прааналізаваны намі фактычны матэрыял сведчыць пра захаванне агульнаэтнічнай асновы каляндарна-абрадавай паэзіі, а таксама пацвярджае факт разнастайнасці і багацця мясцовых асаблівасцей бытавання велікодных абрадаў і звычаяў.

Літаратура

  1. Каляндарна-абрадавая паэзія / А. С. Ліс [і інш.]; навук. рэд. А. С. Фядосік. — Мінск: Беларуская навука, 2001. — 515 с.
  2. Беларуская міфалогія: энцыкл. слоўнік / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. — 2-е выд; дап. — Мінск: Беларусь, 2006. — 599 с.
  3. Аникин, В. П. Русское устное народное творчество / В. П. Аникин. — М.: Высшая школа, 2001. — 726 с.
  4. Морозов, И. А. Духовная культура Северного Белозерья: этнодиалектный словарь / И. А. Морозов, И. С. Слепцова. — М.: Ин-т этнологии и антропологии РАН, 1997. — 432 с.


Аўтар:
В.С. Новак
Крыніца: Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Вып. 16 / навук. рэд. А.І. Лакотка; Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. — Мінск: Права і эканоміка, 2014. — С. 218-224.